спецыфічныя біяхім. структуры клетак, якія ўзаемадзейнічаюць з медыятарамі — адрэналінам, норадрэналінам і некаторымі лек. рэчывамі. Вынікам узаемадзеяння з’яўляецца актывацыя або тармажэнне адпаведнай функцыі клеткі, потым органа і фізіял. сістэмы. Канчатковая будова адрэнарэцэптараў не вызначана. Яны падзяляюцца на α- і β-адрэнарэцэптары. α-адрэнарэцэптары найб. адчувальныя да норадрэналіну; пры іх актывацыі звужаюцца сасуды, скарачаецца матка, селязёнка, расшыраюцца зрэнкі. β-адрэнарэцэптары найб. адчувальныя да ізадрыну, пры іх узбуджэнні сасуды расшыраюцца, бронхі расслабляюцца, затарможваецца скарачэнне маткі, пачашчаецца рытм сардэчных скарачэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАТРО́ФЫ [ад аліга... + ...троф(ы)],
расліны і мікраарганізмы, здольныя развівацца ў асяроддзі з нізкай канцэнтрацыяй пажыўных рэчываў. Да алігатрофных раслін Беларусі, якія растуць на глебах, бедных элементамі мінер. харчавання, належаць сфагнавыя імхі, верас звычайны, сівец стаячы, цмен пясчаны, агаткі двухдомныя, падвей похвенны, багун балотны, журавіны і інш. расліны вярховых балотаў, сухадолаў і пяскоў. Алігатрофныя мікраарганізмы жывяцца простымі арган. злучэннямі — арган. к-тамі, спіртамі. Многія з іх маюць прыстасаванні для павелічэння паверхні клеткі (спіральная будова клетак у спірылы, прастэкі ў прастэкабактэрый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ,
часткі расліны, якія служаць для жыўлення і росту, для падтрымання жыцця арганізма, таксама для вегетатыўнага размнажэння. Да іх належаць у вышэйшых раслін корань, сцябло, ліст і іх відазмяненні — карэнішчы, цыбуліны, клубні, вусікі, калючкі і інш., у ніжэйшых раслін — усё іх цела, якое наз. таломам або слаявінай (грыбніца, ці міцэлій грыба, ніжэйшыя водарасці). Марфал. і анат.будова вегетатыўных органаў залежыць ад навакольнага асяроддзя і функцый, якія яны выконваюць. Пры змене функцый адбываюцца і адпаведныя відазмяненні (Гл.Метамарфоз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРНО́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,
нераздымнае злучэнне двух ці болей дэталей, частак канструкцыі, выкананае зваркай. Паводле ўзаемнага размяшчэння элементаў, якія злучаюцца, адрозніваюць З.з. стыкавыя, накладачныя, вуглавыя, таўровыя і інш. Кожнае з іх у залежнасці ад спосабу зваркі (дугавой, кантактавай, электрашлакавай і інш.) мае спецыфічныя адзнакі. Участак З.з., які непасрэдна звязвае элементы, што зварваюцца, наз. зварным швом.
Будовазварнога злучэння пры зварцы плаўленнем (a) і ціскам (б): 1 — зварное шво; 2 — зона сплаўлення; 3 — зона тэрмічнага ўплыву; 4 — прылеглы асноўны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁР-ТРАГАНТЭ́РЫЙ (Trogontherium cuvieri),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. бабровых атр. грызуноў. 5 відаў. Жылі ў Еўразіі ў канцы пліяцэну, раннім і сярэднім плейстацэне. Вядома 20 месцазнаходжанняў яго рэшткаў, у т. л. на Беларусі ў Баранавіцкім раёне ў адкладах ранняга плейстацэну.
Вонкава нагадваў сучаснага бабра, але амаль удвая большы за яго. Будова і пастаноўка разцоў сведчаць, што гэта рыючы грызун. Верагодна, жыццё яго не было цесна звязана з каляводнымі біятопамі, мог жыць і ў засушлівых раёнах. Рэшткі маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦБЕРГ ((Herzberg) Герхард) (н. 25.12.1904, г. Гамбург, Германія),
канадскі фізік і фізікахімік. Чл. Канадскага каралеўскага т-ва (з 1939). Скончыў Тэхн.ін-т у г. Дармштат (1927), дзе працаваў у 1930—35. У 1935 эмігрыраваў у Канаду. З 1949 у Нац. даследчым цэнтры ў г. Атава. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі. Вызначыў энергію дысацыяцыі малекулы кіслароду (1930), знайшоў малекулярны вадарод у атмасферы планет. Ідэнтыфікаваў спектры малекул аксіду і дыаксіду вугляроду, аксіду азоту (II), ацэтылену, метану (1946—48), даследаваў спектры больш як 30 свабодных радыкалаў. Аўтар кнігі «Спектры і будова простых свабодных радыкалаў» (1974). Нобелеўская прэмія 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭНСА́ТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
прылада для назапашвання электрычных зарадаў. Мае 2 ці больш электродаў (абкладкі), раздзеленых дыэлектрыкам, таўшчыня якога значна меншая за памеры абкладак. Асн. характарыстыкі — электраёмістасць і тангенс вугла страт (гл.Дыэлектрычныя страты). Адрозніваюць К.э. папяровыя, керамічныя, паўправадніковыя, слюдзяныя, электралітычныя (дыэлектрык — вокіс алюмінію ці танталу), з вадкім ці газападобным дыэлектрыкам і інш.; пастаяннай, паўпераменнай (настроечныя — трымеры) і пераменнай ёмістасці. К.э. і іх батарэі выкарыстоўваюць у электра- і радыётэхніцы, тэлебачанні, электроніцы, выліч. тэхніцы і інш.Гл. таксама Варыкап, Варыконд.
Будовакандэнсатараў электрычных: а — папяровых; б — слюдзяных; в — паветраных; 1 — абкладка (фольга); 2 — дыэлектрык; 3 — ротарныя пласціны; 4 — статарныя пласціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТЭ́ЛА, Вітэлій (Witelo, Vittelio) Эразм (каля 1230, каля г. Вроцлаў, Польшча — каля 1280), польскі прыродазнавец і філосаф. Вучыўся ў Парыжы і Падуі. Філасофію трактаваў як своеасаблівую навуку аб прыродзе, яго навук. дзейнасць звязана з развіццём эмпірычнага прыродазнаўства, пачатак якому дала оксфардская школа. Аўтар вядомага ў сярэднія вякі трактата па оптыцы «Перспектыва» (1270—73), тройчы выдадзенага ў Нюрнбергу (1535, 1551, 1572). У гэтым творы выкладаюцца элементы геам. оптыкі, вядомыя Эўкліду, Пталамею і Альхазену, а таксама прыводзіцца закон абарачальнасці прамянёў пры пераламленні святла, даказваецца, што парабалічныя люстэркі маюць адзін фокус, разглядаюцца будова вока і ўласцівасці зроку, тлумачыцца прырода вясёлкі на аснове пераламлення святла ў вадзяных кроплях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯНО́Е ПАЛАТНО́,
грунтавая аснова аўтамабільных дарог і чыг. пуцей у выглядзе насыпу, выемкі, паўнасыпу-паўвыемкі або спрафіляванай на мясцовасці паласы ў нулявых адзнаках. На аўтамаб. З.п. ўкладваецца дарожнае адзенне, на чыг. — верхняя будова пуці. Да З.п. адносяцца кюветы, канавы, рэзервы, дрэнажныя і інш. непасрэдна звязаныя з палатном водаадводныя збудаванні. Выкарыстоўваецца для ўстаноўкі пуцявых і дарожных знакаў, агароджы, водапрапускных труб, падтрымных або ахоўных прыстасаванняў і канструкцый і інш. З.п. ўмацоўваюць дзёрнам, бетоннымі плітамі, поліэтыленавымі плёнкамі, вяжучымі матэрыяламі, пасевам траў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗЕ́МА (Nosema),
род прасцейшых групы мікраспарыдый. Каля 120 відаў. Пашыраны ўсюды. Спецыфічныя ўнутрыклетачныя паразіты жывёл (пераважна членістаногіх) і чалавека. Напр., Н. шаўкапрадавая (N. bombycis), пчаліная (N. apis), трусіная (N. cuniculi, або Encephalitozoon cuniculi), шчэлепная (N. branchialis), N. chagasi (у чалавека) і інш. выклікаюць назематозы.
Споры даўж. 3—7 мкм, прадаўгаватыя, з моцнай абалонкай, змяшчаюць двух’ядзерны амёбападобны зародак і жыгучую капсулу са спіральнай трубчастай ніццю. Пасля заглынання споры гаспадаром зародак трапляе ў клетку кішэчнага эпітэлію і шматразова дзеліцца з утварэннем ланцужкоў аднаядзерных клетак (могуць разносіцца па арганізме з крывёю), потым двух’ядзерных клетак і спор, якія выводзяцца з экскрэментамі.