НАГАСА́КІ,

горад у Японіі, на З в-ва Кюсю. Адм. ц. прэфектуры Нагасакі. Каля 450 тыс. ж. (1997). Порт у зал. Нагасакі (Усходне-Кітайскае м.). Буйны суднабуд. цэнтр. Прам-сць: агульнае машынабудаванне, металургія, харчасмакавая, нафтахім., дрэваапрацоўчая. Рыбалоўная база. Ун-т. Музеі: гандл.-прамысл., стараж. мастацтва, прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 16—19 ст., у т. л. т. зв. Галандскі квартал (Дэдзіма), Кітайскі квартал, Нац. парк Маруяма, будыйскія, сінтаісцкія, хрысціянскія храмы. Парк Міру і манумент Міру (1955). Ваенна-марскі арсенал.

Горад узнік на месцы рыбацкага пасёлка, вядомага з 12 ст. Росквіт Н. прыпадае на 16—17 ст., калі горад (тут існавала партуг. факторыя) стаў цэнтрам хрысціянства ў Японіі і адзіным яп. портам (з 1640), праз які вёўся абмежаваны гандаль з галандцамі і кітайцамі. З канца 19 ст. цэнтр ваен. суднабудавання. У канцы 2-й сусв. вайны 1939—45 на Н. 9.8.1945 была скінута амер. атамная бомба, якая разбурыла ​1/3 горада; забіта і паранена каля 75 тыс. чал. З 1956 у Н. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.

Панарама горада Нагасакі.

Літ.:

Навлицкая Г.Б. Нагасаки. М., 1979.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЕНГЕЙМЕР ((Oppenheimer) Роберт) (22.4.1904, Нью-Йорк — 18.2.1967),

амерыканскі фізік-тэарэтык, заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Чл. Нац. А́Н ЗША (1941), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1940). Скончыў Гарвардскі ун-т (1925). З 1929 у Каліфарнійскім ун-це, адначасова ў Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1936 праф.). У 1943—45 кіраваў стварэннем амер. атамнай бомбы. З 1947 у Ін-це перспектыўных даследаванняў у Прынстане (у 1947—66. дырэктар). У 1947—52 старшыня ген. кансультатыўнага к-та Камісіі па атамнай энергіі ЗША. За выступленне супраць стварэння вадароднай бомбы ў 1954 адхілены ад сакрэтных работ. Навук. працы па ядз. фізіцы, квантавай механіцы, тэорыі адноснасці, фізіцы касм. прамянёў і тэарэт. астрафізіцы, тэорыі элементарных часціц. Распрацаваў квантавую тэорыю будовы двухатамных малекул (разам з М.Борнам; 1927), тэорыю ядз. рэакцыі зрыву (працэс О.—Філіпса; 1935), каскадную тэорыю касм. ліўняў (1937), першую мадэль нейтроннай зоркі (1938). Прэмія імя Э.Фермі 1963.

Тв.:

Рус. пер. — Летающая трапеция. Три кризиса в физике. М., 1967.

Літ.:

Рузе М. Роберт Оппенгеймер и атомная бомба: Пер. с фр 2 изд. М., 1965.

М.М.Касцюковіч.

Р.Опенгеймер.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-МЕ́КСІКА (New Mexico),

штат на ПдЗ ЗША Пл. 315 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1998). Адм. цэнтр — г. Санта-Фе, гал. эканам. цэнтр — г. Альбукерке. Большая частка тэр. занята паўд. адгор’ямі Скалістых гор (выш. да 4011 м), плато Лана-Эстакада (на У) і Каларада (на З). Клімат субтрапічны, засушлівы. Т-ра паветра ад 8 °C у студз. да 28 °C у ліпені. Ападкаў 250—500 мм за год. У гарах халадней і вільготней. На плато саванная і стэпавая расліннасць, горы ўкрыты хваёвым лесам. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па здабычы карысных выкапняў: уранавай руды (каля ​2/з разведаных запасаў урану ў ЗША), калійных солей (каля 80% здабычы ў краіне), нафты, прыроднага газу, руд цынку і поліметалаў. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр. і нафтахім., электронная, каляровая металургія, харч., атамная. Цэнтр атамнай прам-сці — г. Лос-Аламас. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1999): буйн. раг. жывёлы 1,6 млн. галоў, авечак 0,3 млн. галоў. Птушкагадоўля. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бавоўну, сорга, кукурузу, пшаніцу, агародніну. Турызм. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.

На тэр. Н.-М., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны, еўрапейцы з’явіліся ў 1539. У 1598 першыя паселішчы заснавалі іспанцы, якія здабывалі тут серабро. У 1771 у складзе ісп. калоніі Новая Іспанія. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 увайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША, у 1850 занятая імі тэрыторыя названа Н.-М. (уваходзілі сучасныя штаты Юга, Арызона, частка тэр. Тэхаса і Каларада). У 19 ст. індзейцы Н.-М. неаднаразова паўставалі (1863, 1882, 1886). З 1912 Н.-М. — 47-ы штат ЗША. У 1943 на яго тэр. (г. Лос-Аламас) створана і ў 1945 выпрабавана (г. Аламагорда) першая атамная бомба.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)