першы летапісны князь Тураўскага княства. «Аповесць мінулых гадоў» пад 980 паведамляе, што «...бе бо Рогволод пришел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же и Туровци прозвашася...». Адны вучоныя (В.М.Тацішчаў, В.В.Ключэўскі, У.З.Завітневіч, М.М.Ціхаміраў) лічаць Т. гіст. асобай на той падставе, што яго імя змешчана ў летапісе побач з гістарычна сапраўдным Рагвалодам. Другія вучоныя (А.А.Шахматаў, М.В.Доўнар-Запольскі, А.С.Грушэўскі, Дз.С.Ліхачоў) лічаць паведамленне летапісу этымалагічнай легендай для тлумачэння паходжання назвы г. Тураў, а Т. асобай легендарнай. На думку гісторыка П.В.Галубоўскага, Т. — мясцовы язычніцкі бог, раўназначны Ярылу. Канчаткова пытанне пра гістарычнасць Т. не вырашана. Магчыма, гэта прозвішча мясц. князя, бо ў слав. мовах пашыраны тапонімы з коранем «тур», а горад, несумненна, мае назву, звязаную з імем асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫСПЕ́РМ (ад перы... + сперма),
назапашаная пажыўная тканка насення раслін, якая ўжываецца зародкам пры прарастанні. У адрозненне ад эндасперму развіваецца з нуцэлуса і мае клеткі з падвоеным (дыплоідным) наборам храмасом. Характэрны для шэрагу кветкавых раслін (напр., гваздзіковыя, лебядовыя, марэнавыя). Наяўнасць П., як і эндасперму, лічыцца прымітыўнай адзнакай, бо зародак у большай ступені залежыць ад навакольных тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКЛА́ДНІКІ,
цяглыя сяляне, якія пераходзілі ў залежнасць да феадалаў, каб пазбавіцца ад цяжкіх падаткаў і павіннасцей на карысць дзяржавы або злоўжыванняў ураднікаў. Яны трацілі асабістую свабоду, вымушаны былі плаціць феадалу натуральныя і грашовыя падаткі. Велікакняжацкія ўлады змагаліся супраць закладніцтва, бо яно змяншала колькасць дзярж. сялян і скарачала дзярж. даходы. У 15—16 ст. закладніцтва было пашырана у Полацкай зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯРО́ВЫЯ ГРО́ШЫ,
грашовыя знакі, якім дзяржава надае ролю і сілу афіцыйных грошай. Па сутнасці з’яўляюцца дэкрэтнымі (умоўнымі) грашамі, бо іх сапраўдны кошт, які вымяраецца затратамі на выраб папяровых знакаў ці банкнот, значна ніжэйшы за паказаны на знаках наміналаў. Выкарыстоўваюцца з-за іх таннасці і зручнасці карыстання. Друкуюцца на спец. паперы, маюць некалькі ступеней аховы ад падробкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУ́ТАС,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог багацця. Лічыўся сынам багіні Дэметры і крыцкага бога земляробства Іасіёна. Яго ўяўлялі або сляпым старым, які надзяляе людзей багаццем незалежна ад іх маральных якасцей, або малым хлопчыкам з рогам багацця, якога трымае на руках багіня міру Эйрэна. У глыбокай старажытнасці П. часам атаясамлівалі з богам падземнага царства Плутонам (Аідам), бо той лічыўся ўладальнікам незлічоных багаццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НАІ́С,
старажытнагрэчаская назва р.Дон, у вусці якога знаходзіўся аднайм.грэч. горад Баспорскай дзяржавы. З 7 ст. да н.э. Т. — гандл. шлях паміж аддаленымі раёнамі Скіфіі і грэч. гарадамі Прычарнамор’я. У старажытнасці Т. лічыўся мяжой паміж Еўропай і Азіяй, падзяляў тэрыторыі скіфаў і сарматаў. Паводле Плутарха больш стараж. назва Т. — «Амазонская рака», бо лічылася, што на яе берагах жылі амазонкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДРА,
у грэчаскай міфалогіі пачварная 9-галовая змяя, якая жыла ў Лернейскім балоце на п-ве Пелапанес, параджэнне пачвар Тыфона і Яхідны. Ядавітае дыханне гідры знішчала ўсё жывое. Лічылася непераможнай, бо на месцы адсечанай галавы ў яе вырасталі 2 новыя. Паводле міфа, Геракл з дапамогай пляменніка Іалая стаў прыпальваць абрубкі шыі і забіў гідру, а яе жоўць і кроў выкарыстоўваў як смяротны яд для стрэл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГАРЫ́ЗМ (ад лац. vulgaris просты, звычайны),
слова, што мае адценне грубаватасці і знаходзіцца па-за межамі літаратурнай лексікі. Вульгарызмы звычайна маюць адмоўнае значэнне, стылістычна зніжаныя, надзвычай экспрэсіўныя і сэнсава ёмістыя (напр., «абармот», «смаркач», «паскудны», «жэрці», «здохнуць»). Выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры як сродак моўнай характарыстыкі персанажаў, для надання паведамленню гумарыст. або іранічнай афарбоўкі. Карыстацца вульгарызмамі трэба ўмела, бо захапленне імі засмечвае мову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў СВЯТАПО́ЛЧЫЧ (? — 12.6.1099),
князь уладзіміра-валынскі. Сын вял.кн. кіеўскага Святаполка Ізяславіча. У «Аповесці мінулых гадоў» яго гібель датавана 1097 і 12.6.1099, калі кн. Давыд Ігаравіч аблажыў Уладзімір-Валынскі і М.С. быў смяротна паранены стралою на сценах горада (паводле В.М.Тацішчава, гэта падзея адбылася 12.7.1099). М.С., верагодна, валодаў Брэстам, Пінскам і Вышгарадам, бо дружыны з гэтых гарадоў таксама ўдзельнічалі ў абароне Уладзіміра-Валынскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТРА́ЛАЎ Мікалай Васілевіч (псеўд.П.Сурмін; 1890—1938),
расійскі паліт. дзеяч, публіцыст; адзін з ідэолагаў «зменавехаўства». Юрыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). З 1916 прыват-дацэнт у Маскоўскім і Пермскім (з 1919 праф.) ун-тах. У грамадз. вайну ў 1918—20 старшыня Усх. аддзела ЦК партыі кадэтаў і «Рускага бюро друку», адначасова з 1919 кіраўнік прапагандысцкага апарата ва ўрадзе А.В.Калчака. З 1920 у эміграцыі. У 1920—34 праф. Харбінскага ун-та (Кітай). У 1935 вярнуўся ў СССР; праф. Маскоўскага ін-та інжынераў транспарту. У 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Японіі і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1989. У 1920-я г. выступіў у друку з праграмай т.зв. змены вех. Лічыў неабходным прымірэнне рас. эміграцыі з сав. уладай, бо, на яго думку, новая эканамічная палітыка непазбежна вяла да рэстаўрацыі капіталізму ў СССР; спадзяваўся, што з крахам надзей на сусв. рэвалюцыю маладое пакаленне камуністаў «загіне ад мікробаў уласнай спустошанасці», а на змену «утапічнаму камунізму прыйдзе буржуазна-індывідуалістычны эмпірызм». Увёў у навук. зварот тэрмін «нацыянал-бальшавізм», бо бальшавікоў лічыў прыхільнікамі рус.нац. інтарэсаў (спалучалі, на яго думку, марксізм са славянафільствам). Лічыў Пятра I і І.В.Сталіна гіст. постацямі, праз якія выяўлялася дзярж. веліч Расіі.