БУРУ́НЫ,
хвалі, якія разбураюцца з пенай на некаторай адлегласці ад берага (у адрозненне ад прыбою). Утвараюцца звычайна над падводнымі валамі, рыфамі, водмелямі. Адрозніваюць «ныральныя» буруны, што ўзнікаюць пры поўным разбурэнні хвалі, і «слізгальныя» буруны — пры частковым, неаднаразовым разбурэнні.
т. 3, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХТА (ням. Bucht),
невялікі заліў, адасоблены ад адкрытага акіяна, мора ці возера часткай берага або астравамі. Зацішная ад ветру, часта прыдатная для стаянкі суднаў і буд-ва партоў (напр., Новарасійская на Чорным м., Залаты Рог у прал. Басфор).
т. 3, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БЕ́С, Малы Сірт,
заліў Міжземнага м. каля паўн. берага Афрыкі. Абмывае ўзбярэжжа Туніса. Даўж. каля 41 км, шыр. да 68 км, глыб. каля 50 м. Вялікі в-аў Джэрба. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Асн. парты — Габес, Сехіра.
т. 4, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІНТ (эст. glint),
працяглы стромкі абрыў структурнага плато, які ўзнік у выніку дэнудацыі ці абразіі (напр., Балтыйска-Ладажскі ўступ уздоўж паўд. берага Фінскага зал. да Ладажскага воз., выш. да 56 м). Складзены з глін і пясчанікаў, перакрытых вапнякамі.
т. 5, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЛА-ФІЁРД (Oslofjord),
заліў каля паўд. берага Нарвегіі, паўн. частка зал. Бохус. Даўж. 102 км, шыр. каля ўвахода 15—30 км, глыб. да 354 м. У паўн. ч. шмат астравоў. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Асн. порт — Осла.
т. 11, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБО́Й,
з’ява разбурэння марскіх або азёрных хваль непасрэдна каля берага. П., як і буруны, суправаджаецца рэзкім павелічэннем стромкасці схілу хваль, грабяні якіх перакульваюцца на беразе і пеняцца. Выклікае разбурэнне абразійных берагоў і садзейнічае ўтварэнню пляжаў на водмельных берагах.
т. 13, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙ-ПЕ́ТРЫ,
вяршыня Галоўнай грады Крымскіх гор, у масіве Ай-Петрынская Яйла Украіны. Стромка абрываецца да ўзбярэжжа Чорнага м. ў раёне Алупкі. Выш. да 1233 м. Складзена пераважна з вапнякоў. З А.-П. адкрываецца панарама б. ч. Паўд. берага Крыма.
т. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЙСКІ ЛІМА́Н,
мелкаводны заліў каля паўн.-ўсх. берага Азоўскага м. Утвораны вусцем р. Ея, адгароджаным ад мора Ейскай і Глафіраўскай пясчанымі косамі. Даўж. каля 24 км, шыр. да 13 км, глыб. да 3,2 м. На зах. беразе лімана — г. Ейск.
т. 6, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІФ (ад англ. cliff стромкі абрыў, скала, уцёс),
берагавы ўступ, стромы абразійны абрыў, што ўтварыўся ў выніку разбурэння высокага карэннага берага пад уздзеяннем прыбою. Паступова адступае ў бок сушы і павялічвае шырыню абразійнай берагавой тэрасы, што ляжыць каля яго падножжа.
т. 8, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНО́ЦКІ ЗАЛІ́Ў,
заліў Ціхага ак. каля ўсх. берага п-ва Камчатка, паміж п-вамі Шыпунскім і Краноцкім. Даўж. 68,5 км, шыр. каля ўвахода 231 км, глыб. да 1500 м. Берагі нізінныя, месцамі абрывістыя. Прылівы мяшаныя (да 2 м). Зімой замярзае.
т. 8, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)