«ГАРЭ́ЛІК»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (колькасць не абмежаваная, але не менш за 11—13 чал.) дзеляцца на пары. Хто застаўся без пары, становіцца «гарэлікам». Пары перабягаюць ад дрэва да дрэва (ад аднаго драўлянага прадмета да другога). «Гарэлік» іх ловіць. Калі каго зловіць, забірае сабе ў пару, хто застаўся без пары, становіцца «гарэлікам», і гульня працягваецца.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБОКАРЫХЛІ́ЦЕЛЬ-ПЛАСКАРЭ́З,

прылада для глыбокага рыхлення глебы без яе перамешвання. Гл. Пласкарэзглыбокарыхліцель.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ ТРЫВА́ЛАСЦЬ матэрыялаў і канструкцый, здольнасць матэрыялаў або канструкцый супраціўляцца ўздзеянню дынамічных нагрузак без разбурэння ці без істотнай змены формы. Пры паўторнапераменных нагрузках Д.т. характарызуецца мяжой трываласці матэрыялу, пры ўдары — значэннем макс. неразбуральнага напружання, якое ўзнікае ў саўдарных целах, ударнай вязкасцю. Д.т. канструкцый значна зніжаюць канструкцыйна-тэхнал. канцэнтратары напружанняў (адтуліны, месцы з неаднароднай структурай матэрыялу, рэзкія пераходы форм і інш.).

т. 6, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁЎНЯ,

традыцыйная гаспадарчая пабудова для прасушкі збожжавых культур, канапель і лёну. Звычайна квадратная зрубная пабудова з імшанымі сценамі, насыпной столлю і шчыльна падагнанымі дзвярамі. Мае печ (без коміна), прыстасаванні для прасушкі снапоў — жэрдкі, якія перамяшчаюцца па дзвюх бэльках, умацаваных на выш. каля 1 м ад падлогі. Ё. часцей будавалі каля гумна або ўнутры яго (без страхі). Пашырана на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і часткова Гомельшчыне.

т. 6, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́МФА (ад грэч. nymphē кукалка, лічынка, літар. нявеста, дзяўчына),

фаза (стадыя) паслязародкавага развіцця членістаногіх, якія развіваюцца без яўна выражанага метамарфозу (без стадыі кукалкі).

Уласціва кляшчам, усім першаснабяскрылым і некат. крылатым насякомым. У аўсянікаў, вяснянак і стракоз Н. наз. наядай. Выглядам Н. падобная на дарослы арганізм; адрозніваецца недаразвітым палавым апаратам, а ў крылатых насякомых — і крыламі. Ліняе шмат разоў і паступова ператвараецца ў імага.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁСЛАВАЕ СУ́ДНА,

судна, якое рухаецца пры дапамозе вёслаў. Бывае з уключынамі (упорамі для вёслаў) і без іх. Уключыны знаходзяцца на бартах (шлюпкі, лодкі розных тыпаў), на кранштэйнах за бортам (акадэмічнае вёславае судна), у карме (гандола); Вёславыя судны без уключын — байдаркі, каноэ. Вёславыя судны могуць мець ветразі ці падвесны матор. Сучасныя марскія і рачныя вёславыя судны — у асноўным спартыўныя, невял. прамысловыя, транспартныя, выратавальныя і інш.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕНА́РЫУС ((Avenarius) Рыхард) (19.11.1843, Парыж — 18.8.1896),

швейцарскі філосаф-ідэаліст, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму. Праф. Цюрыхскага ун-та. У цэнтры філасофіі паняцце вопыту, ачышчанага ад аб’ектыўнай рэальнасці, у выніку чаго здымаецца процілегласць свядомасці і матэрыі, псіхічнага і фізічнага. Выступаў з суб’ектыўна-ідэаліст. тэорыяй «прынцыповай каардынацыі» (без суб’екта няма аб’екта, без свядомасці — матэрыі). Прынцып «найменшай траты сіл» на чалавечае пазнанне прывёў Авенарыуса да біялагізму, суб’ектывізму, агнастыцызму.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФІЛАКТО́РЫЙ,

лячэбна-прафілактычная ўстанова санаторнага тыпу для лячэння без адрыву ад вытворчасці. Адрозніваюць П. агульнатэрапеўтычныя і спецыялізаваныя.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНСАЛІ́ЗМ (ад а... + лац. mensa стол, трапеза),

форма ўзаемадзеяння паміж папуляцыямі (арганізмамі), калі адна з іх адмоўна ўздзейнічае на другую без карысці для сябе і без адмоўнага ўплыву з боку той, на якую ўздзейнічае. Назіраецца, напр., паміж плесневымі грыбамі, што прадуцыруюць антыбіётыкі, і бактэрыямі, жыццядзейнасць якіх пры гэтым прыгнечваецца або істотна абмяжоўваецца; паміж драпежнікамі і птушкамі, якія іх суправаджаюць і здольныя наклікаць на іх ворага або ўскладніць паляванне. Гл. таксама Каменсалізм, Паразітызм.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРЭ́ЛКА»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (колькасць не абмежаваная, але патрэбны няцотны лік) становяцца парамі ў адну калону. Хто застаўся без пары — вядучы. Ён ідзе ўперадзе калоны і прыгаворвае: «Гары, гары масла, каб не згасла. Званы звіняць, птушкі ляцяць. Апошнія ўздагон!». Пры слове «ўздагон» апошняя пара павінна выбегчы ўперад і ўзяцца за рукі. Вядучы стараецца іх апярэдзіць і схапіць каго-н. за руку. Хто застаецца адзін (без пары), становіцца вядучым, і гульня працягваецца.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)