ВАРАЖБА́,

магічныя спосабы і дзеянні, што нібыта прадказвалі будучыню і расказвалі пра былое. Узнікла ў першабытным грамадстве разам з раннімі формамі рэлігіі — верай у звышнатуральныя сілы, добрых і злых духаў, у лёс. Яшчэ стараж. земляробы прадказвалі надвор’е па зорках і сонцы; вавіланяне, этрускі, рымляне варажылі па печані ахвярнай жывёлы. У многіх народаў вядома варажба на касцях, бобе, арэхах, кававай гушчы, а таксама па лініях далоні, па картах і інш. Калі ў варажбе па прыкметах ёсць пэўнае рацыянальнае зерне (прыродныя назіранні), дык іншыя яе віды грунтуюцца на ўяўным знешнім падабенстве або процілегласці (напр., бачыць у сне ягады — слёзы, чыстую ваду — радасць, мутную ваду — смутак). Беларусы найчасцей варажылі на Каляды, на багатую куццю перад Новым годам. Варажба павінна была прадвызначыць надыходзячы год: з-пад каляднага абруса сена паказвала на даўжыню будучага лёну; перавага пэўнага віду зерня ў трыбуху заколатага парсюка — якое збожжа найбольш уродзіць. Дзяўчаты варажылі пра замужжа (упоцемку ў хляве зловіць баранчыка — выйдзе замуж; з якога боку пачуе брэх сабакі — там яе нарачоны і інш.). Гл. таксама Магія.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ЙНЫЯ ЗО́РКІ,

зорная сістэма з 2 зорак, звязаных фізічна (фізічныя П.з.) ці размешчаных амаль на адным прамені назірання (аптычныя П.з.). Фіз. П.з. з прычыны ўзаемнага прыцяжэння рухаюцца па эліптычных арбітах вакол агульнага цэнтра мас.

Паводле ўмоў назірання фіз. П.з. падзяляюць на 4 групы. Візуальна-П.з. можна бачыць паасобна простым вокам ці ў тэлескоп, напр. зоркі Міцар і Алькор. Адлегласць паміж кампанентамі можа быць настолькі вялікая, што прыцяжэнне інш. зорак разбурае падвойную сістэму. Спектральна-П.з. выяўляюцца па зменах спектральных ліній (зрушэнне ці раздваенне) у іх спектрах. Зацьменна-П.з. (разнавіднасць спектральна-падвойных) бачныя як пераменныя: перыядычна трапляючы на адну лінію з праменем назірання, яны зацямняюць адна адну. Астраметрычныя П.з. — адна з кампанент вельмі малая і нябачная ў тэлескоп; выяўляецца па анамаліях у руху гал. кампаненты. Існуюць кратныя зорныя сістэмы (складаюцца з некалькіх зорак), напр. Кастар. Прыблізна 70% усіх зорак уваходзяць у склад падвойных ці кратных сістэм. Іх даследаванне мае важнае значэнне для высвятлення прыроды і эвалюцыі зорак.

Літ.:

Бэттен А. Двойные и кратные звезды: Пер. с англ. М., 1976;

Тесные двойные звездные системы и их эволюция. М., 1976.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕАНА́ЗМ (ад грэч. pleonasmos лішак),

спалучэнне тоесных або блізкіх паводле значэння слоў, з якіх адно ці некалькі лагічна лішнія. Напр., «свая аўтабіяграфія» (паняцце «свая» ўваходзіць у слова «аўтабіяграфія»), «свабодная вакансія» (слова «вакансія» абазначае «незамешчаная пасада, свабоднае месца ў штаце якой-н. установы»). Такія словазлучэнні не адпавядаюць літ. норме бел. мовы. Выкарыстанне П. апраўдана, калі спалучэнне аднолькавых ці блізкіх па сэнсе слоў служыць стылістычным сродкам і надае мове большую выразнасць ці пераканаўчасць («бачыць на свае ўласныя вочы»), а таксама калі ён выступае як стылістычная фігура, што надае мове маст. вобразнасць («Паляці, мая мысль, лёгкім сокалам і прагледзь гэты свет кругом-вокалам». Я.​Купала). У фразеалагічных словазлучэннях П. не лічыцца стылістычнай памылкай. Падобны П. — частая з’ява ў нар. паэт. творчасці («ні роду, ні племені»). Да П. адносяцца і эпітэты, што не пашыраюць уяўлення пра пэўную з’яву, прадмет («чорная сажа»). Словазлучэнні, у якіх азначэнне ўдакладняе паняцце, не лічацца інфарматыўна лішнімі і не супярэчаць нормам сучаснага словаўжывання («практычны вопыт», «рэальная рэчаіснасць»). Крайнім выражэннем П. з’яўляецца таўталогія.

Т.​П.​Бандарэнка.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НСТВА І РАЗНАСТА́ЙНАСЦЬ СВЕ́ТУ,

адна з асноватворных светапоглядных праблем, якая вырашаецца з пазіцый манізму, дуалізму і плюралізму. Манізм прымае за аснову ўсяго існага адзін пачатак. Матэрыялістычны манізм бачыць пачатак свету ў яго матэрыяльнасці (усе прадметы і з’явы — розныя віды ці ўласцівасці матэрыі, якая рухаецца). Наяўнасць структурных узроўняў матэрыі, на кожным з якіх яна валодае рознай будовай і падпарадкоўваецца спецыфічным законам руху, лічыцца крыніцай разнастайнасці свету. Ідэалістычны манізм звязвае адзінства свету з агульнасцю яго духоўнага пачатку. У Гегеля пачатак, які складае аснову ўсіх з’яў прыроды і гісторыі, прадстаўлены абсалютнай ідэяй. Дуалізм у поглядах на свет заключаецца ў прызнанні яго першапачаткам дзвюх раўнапраўных субстанцый: матэрыяльнай і духоўнай. Дэкартаўская (картэзіянская) карціна свету выцякае з паралельнага існавання цялеснай (працяглай) і мыслячай субстанцый (дуалізм цела і душы). Адзінкавыя прадметы — гэта модусы (часовы стан) працягласці і мыслення. Плюралізм грунтуецца на тым, што свет складаецца з мноства незалежных, раўнапраўных утварэнняў, якія не зводзяцца да адзінага пачатку. Паводле Лейбніца, субстанцыяльнымі адзінкамі прыроды з’яўляюцца манады — непадзельныя, замкнутыя духоўныя істоты; вышэйшай манадай ён лічыў Бога.

Літ.:

Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. Наука логики. М., 1974;

Декарт Р. Первоначала философии // Соч. М., 1989. Т. 1;

Лейбниц Г.В. Монадология // Соч. М., 1982. Т. 1;

Кучевский В.Б. Философские проблемы естествознания. М., 1985.

А.​В.​Рубанаў.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУ́МНАГА ЭГАІ́ЗМУ ТЭО́РЫЯ,

этычная канцэпцыя, якая абгрунтоўвае ідэю, што асновай дабрачыннасці чалавека з’яўляецца «разумнае сябелюбства» (П.​Гольбах) або правільна зразуметы прынцып асабістай выгоды (не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай — ганарыстасць і да т.п.). Зыходзіць з неабходнасці навучыць чалавека разумець свае інтарэсы «разумна», кіравацца запатрабаваннямі сапраўднай «прыроды»; а не адмаўляцца ад эгаізму. Калі грамадства будзе ўладкавана таксама «разумна», то інтарэсы і асобных індывідаў не будуць сутыкацца з інтарэсамі інш. людзей і грамадства. Элементы такога вучэння ўзніклі яшчэ ў старажытнасці (Дэмакрыт, Эпікур, некат. сафісты), атрымалі развіццё ў эпоху Адраджэння. Найб. поўна ідэі «разумнага эгаізму» сфармуляваны ў 18 ст. франц. асветнікамі, напр., у працах К.​Гельвецыя. Яны скіраваны супраць хрысціянска-рэліг. маралі з уласцівым ёй заклікам да адмаўлення ад свецкіх даброт і безумоўнага падпарадкавання індывіда царк.-феад. іерархіі. Аналагічныя ідэі развіваў ням. філосаф 19 ст. Л.​Феербах. Радыкалізаваны варыянт Р.э.т. абгрунтоўваў М.​Г.​Чарнышэўскі: неабходнасць свядомага падпарадкавання асабістай выгоды агульнай справе, ад поспеху якога ў рэшце выйграе і асабісты інтарэс індывіда. Уплыў Р.э.т. адбіўся на ідэйным змесце бел. Асветніцтва, у прыватнасці на этычных поглядах І.Я.Быкоўскага. Канцэпцыі «разумнага эгаізму» вынікаюць з прынцыпаў антрапал. філасофіі, якая бачыць крыніцы маральнасці ў самім чалавеку, незалежна ад яго ўключэння ў сістэму пэўных грамадскіх адносін. Р.э.т. не знаходзіць свайго прызнання ў грамадствах, дзе безумоўны прыярытэт аддаецца грамадскім інтарэсам, але культывуецца на пажыўнай глебе. сац. умоў там, дзе актывізуецца прыватны інтарэс.

А.​Б.​Савеня.

т. 13, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМІ́ЙЦАВА (Таццяна Міхайлаўна) (2.8.1914, С.-Пецярбург — 28.3.1994),

бел. дырыжор. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1936). У 1937—39 дырыжор-асістэнт Дзярж. сімф. аркестра СССР. У 1944—46 і 1952—93 дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1946—52 — сімф. аркестра Бел. філармоніі. Творчасць К.-дырыжора адметная высокім прафесіяналізмам, тэмпераментам і артыстызмам, спалучэннем яснай закончанай формы з найтанчэйшай нюансіроўкай, глыбока прадуманай канцэпцыяй з эмацыянальнай раскаванасцю. Муз. кіраўнік пастановак опер і балетаў бел. кампазітараў: «Аповесць пра каханне» (1953) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.​Залатарова, «Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера (1958), «Алеся» Я Цікоцкага (1967), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969) і «Тыль Уленшпігель» (1974) Я.​Глебава; класічных і сучасных твораў рус. і замежных аўтараў — «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1944), «Арлекінада» Р.​Дрыга (1945), «Фауст» Ш.​Гуно (1950), «Жызэль» А.​Адана (1953), «Фра-Д’ябала» Ф.​Абера (1955), «Пікавая дама» (1960, 1972), «Шчаўкунок» (1956) і «Лебядзінае возера» (1967) П.​Чайкоўскага, «Сцежкаю грому» К.​Караева (1960), «Кето і Катэ» В.​Далідзе (1962), «Заручыны ў манастыры» (1962) і «Папялушка» (1965) С.​Пракоф’ева, «Арэстэя» С.​Танеева (першая паст. на сав. сцэне) і «Рафаэль* А.​Арэнскага (абедзве 1963), «Трубадур» Дж.​Вердзі (1964), «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці (1965), «Багема» Дж.​Пучыні (1968), «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1973), «Лаэнгрын» Р.​Вагнера (1977), «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха (1983) і інш.

Літ.:

Нісневіч І. Таццяна Каламійцава // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Глушакоў І. Бачыць музыку // Мастацтва Беларусі. 1984. № 8.

Г.​Р.​Куляшова.

Т.М.Каламійцава.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫШЧЫ́НСКІ (Казімір) (4.3.1634, маёнтак Лышчыцы Брэсцкага р-на — 30.3.1689),

бел. мысліцель, грамадскі дзеяч і педагог. Скончыў Брэсцкі езуіцкі калегіум (1648), працягваў адукацыю ў Кракаве, Калішы. Працаваў выкладчыкам у Львове, памочнікам рэктара Брэсцкага езуіцкага калегіума, настаўнічаў у школе, якую заснаваў у родным маёнтку Лышчыцы. У 1682 прызначаны падсудкам брэсцкага земскага суда. Выбіраўся паслом на сейм (1669—74). 30.8.1686 Л. быў адлучаны ад царквы, а ў 1688 частка яго рукапіснага трактата «Аб неіснаванні Бога» была выкрадзена і перададзена ў суд, што паслужыла падставай для прызнання Л. атэістам і яго зняволення. Паводле прыгавору сеймавага суда ён быў абезгалоўлены і спалены на кастры на пл. Старога Рынку ў Варшаве. Светапогляд Л. сфарміраваўся пад уплывам гуманіст. традыцый мысліцеляў антычнасці, Адраджэння і рацыяналізму радыкальнай плыні ідэолагаў Рэфармацыі. Атэістычныя погляды Л. ўтвараюць цэласную сістэму, якая пабудавана на строгіх лагічных доказах. Адмаўляючы Бога як стваральніка свету, лічыў, што прырода развіваецца па ўласных законах. Усе вучэнні пра Бога разглядаў як ілжывыя, а Стары і Новы запаветы як выдумкі Майсея і Хрыста. Лічыў Бога стварэннем чалавечага розуму, адмаўляў тройцу, бессмяротнасць душы, замагільны свет, уваскрэсенне з мёртвых. Упершыню ў айч. філас. думцы ўказаў на гнасеалагічныя, псіхал. і сац. прычыны ўзнікнення рэліг. вераванняў. Падзяляў некаторыя ідэі утапічнага сацыялізму, у т. л. аб сац. роўнасці, жадаў бачыць «свет без улады, гарады без начальнікаў, народы без гаспадароў», адстойваў вяршэнства грамадзянскага шлюбу перад царкоўным.

Літ.:

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Прокошина Е.С., Шалькевич В.Ф. Казимир Лыщинский. Мн., 1986;

Nowicki A. Kazimierz Luszczyński, 1634—1689. Lódź, 1989.

С.​А.​Яцкевіч.

К.Лышчынскі. Мастак С.​Свістуновіч.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,

рэальны рух і змяненне пэўнага аб’екта ў часе і прасторы, што ахопліваюць усе стадыі яго развіцця: узнікненне, станаўленне, сцвярджэнне, распад і гібель. Як працэс развіцця чалавечага грамадства гістарычны працэс характарызуецца ўласцівай яму ўнутр. неабходнасцю, г.зн. наяўнасцю пэўнай заканамернасці этапаў, фаз, перыядаў і г.д., а таксама аб’ектыўнай накіраванасцю, пад якой разумеецца асн. тэндэнцыя змяненняў у грамадстве на ўсім працягу яго існавання. Такая накіраванасць адкрывае магчымасць падвядзення на кожнай ступені гістарычнага працэсу некаторых вынікаў яго ўздзеяння на ўмовы жыцця людзей у матэрыяльным, духоўным, паліт. і інш. аспектах. Існуюць розныя падыходы да разумення крыніцы гістарычнага працэсу. Прадстаўнікі ідэалізму звязваюць яго з асобай творцы або ўяўляюць гісторыю як самаразвіццё духу. Пашыраны канцэпцыі, паводле якіх гістарычны працэс азначае аб’ектыўны рух і змену розных формаў грамадскага жыцця пад уплывам прычын, якія знаходзяцца не за яго межамі, а ў ім самім. Напр., дыялектычны матэрыялізм бачыць крыніцу гістарычнага працэсу ў супярэчнасцях спосабу вытв-сці матэрыяльных даброт, якія вырашаюцца праз барацьбу грамадскіх класаў з антаганістычнымі (непрымірымымі) інтарэсамі; аднак ход гісторыі не спыняецца ні са змяненнем сац.-класавай структуры грамадства, ні з дасягненнем ім розных мэт (рэалізацыяй ідэалаў сац. справядлівасці, сац. роўнасці, стварэннем іншых умоў для гарманічнага развіцця асобы). Існуюць і такія інтэрпрэтацыі гістарычнага працэсу, у якіх ён уяўляецца як вынік складанага ўзаемадзеяння шматлікіх па сваёй прыродзе фактараў, найперш сучаснай навукі, тэхналогіі, інфарм. сістэм і г.д.

Літ.:

Кареев Н.И. Основные вопросы философии истории. Ч. 2. 3 изд. СПб., 1897;

Ракитов А.И. Историческое познание: Систем.-гносеол. подход. М., 1982;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;

Barraclough G. Main trends in history. New York, 1979.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ІНФАРМА́ТЫКА,

кірунак у гістарычнай навуцы, у аснове якога ляжаць фармалізацыя і камп’ютэрная апрацоўка гіст. крыніц, распрацоўка і выкананне новых інфарм. тэхналогій гіст. даследавання, стварэнне камп’ютэрных праграм навучання па гісторыі. З’яўленне гістарычнай інфарматыкі ў 2-й пал. 20 ст. звязана з інтэнсіфікацыяй і ўзаемапранікненнем навук. дысцыплін, у выніку чаго ў іх сумежных галінах узнікаюць новыя навук. кірункі. Найважнейшае ў гэтым працэсе — выкарыстанне колькасных ці матэм. метадаў (шматмернага статыстычнага аналізу, кантэнт-аналізу, мадэліравання і інш.) у розных галінах навук. ведаў, у т. л. ў гісторыі. У сав. квантытатыўнай гісторыі (кліяметрыі) быў выпрацаваны збалансаваны падыход да гэтых метадаў — іх выкарыстанне ў спалучэнні з традыц. метадамі. Патрэбы гіст. крыніцазнаўства і развіццё кліяметрыі абумовілі істотнае пранікненне камп’ютэрных тэхналогій у гіст. навуку. З аднаго боку, з’явілася неабходнасць у т.зв. «камп’ютэрным крыніцазнаўстве» і падрыхтоўцы спецыялістаў-гісторыкаў, здольных працаваць у гэтай галіне без пасрэднікаў, а з другога боку, у кліяметрыі акрэсліліся новыя тэндэнцыі, якія вызначылі яе выхад за ўласныя рамкі (камп’ютэрная апрацоўка ўсёй гіст. інфармацыі, закладзенай у пісьмовых і вобразных крыніцах). У выніку на стыку «камп’ютэрнага крыніцазнаўства», інфарматыкі і квантытатыўнай гісторыі ўзнікла новая міждысцыплінарная галіна, якая ў Асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютэр» краін СНД атрымала назву «гістарычная інфарматыка» (з 1990 выдаецца інфарм. бюлетэнь). Гістарычная інфарматыка мае свой тэарэт. кампанент, уласны апарат паняццяў, базу крыніц і мадэль структуры таго прафесійнага калектыву, які бачыць у гістарычнай інфарматыцы асн. сферу сваёй дзейнасці. Практычныя задачы гістарычнай інфарматыкі: распрацоўка агульных падыходаў да выкарыстання інфарм. тэхналогій, стварэнне спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў гіст. даследаваннях і гіст. адукацыі, у т. л. гіст. баз і банкаў даных (ведаў), камп’ютэрных тэхналогій падачы і аналізу інфармацыі гіст. крыніц рознага характару, інфарм. сетак, мультымедыя праграм і інш. інструментальных сродкаў вывучэння і навучання гісторыі.

Літ.:

Методология истории: Учебное пособие для студентов вузов. Мн., 1996;

Историческая информатика: Уч. пособие. М., 1996.

У.​Н.​Сідарцоў.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭО́РЫ (ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы),

з’явы, што ўзнікаюць у зямной атмасферы пры пранікненні ў яе часцінак касм. рэчыва — метэорных цел. Бел. народная назва М. — знічкі.

Метэорныя целы ўваходзяць у атмасферу Зямлі з адноснымі скорасцямі ад 11 да 73 км/с. Пры ўзаемадзеянні з паветрам кінетычная энергія метэорных цел ідзе на награванне і выпарэнне цел, узбуджэнне і іанізацыю малекул паветра і пары метэорнага рэчыва. Некалькі працэнтаў энергіі пераходзіць у светлавую. Даўжыня шляху М. у атмасферы — каля 100 км, большасць метэорных цел згарае ў атмасферы на вышыні больш за 80 км. Вельмі яркія М. наз. балідамі, часам яны заканчваюцца выпадзеннем на паверхню Зямлі метэарытаў. Маса М. — ад 0,001 г да некалькіх грамаў. На ясным начным небе простым вокам можна бачыць звычайна каля 10 М. за гадзіну. За суткі ў атмасферу Зямлі пранікае некалькі мільярдаў метэорных цел, агульнай масай каля 100 т. Большасць метэорных цел — камяністыя прадукты распаду каметных ядраў, зрэдку — астэроідаў. У міжпланетнай прасторы метэорныя целы каметнага паходжання рухаюцца раямі, расцягнутымі ўздоўж арбіты каметы. Трапляючы ў зямную атмасферу, яны ўтвараюць метэорныя патокі.

Літ.:

Кащеев Б.Л., Лебединец В.Н., Лагутин М.Ф. Метеорные явления в атмосфере Земли. М., 1967;

Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Галоўныя метэорныя патокі
Назва патоку Сузор’е, у якім знаходзіцца радыянт Дата максімуму Макс. колькасць метэораў за гадз
Квадрантыды На мяжы Валапаса і Дракона 3 студз. 35
Лірыды Ліра 21 крас. 10
γ-Акварыды Вадаліў 4 мая 12
δ-Акварыды (паўд.) Вадаліў 28 ліп. 12
Касіяпеіды Касіяпея 28 ліп. 18
Персеіды Персей 11 жн. 60
Арыяніды Арыён 22 кастр. 45
Андрамедыды Андрамеда 12 ліст. ?
Леаніды Леў 17 ліст. 15
Гемініды Блізняты 13 снеж. 90
Метэор з метэорнага патоку Леаніды. 1966.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)