БЕНКА́РТ, банкарт (ням. Bankart),

назва пазашлюбнага дзіцяці на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 19 ст. Прававое становішча банкарта рэгулявалася Статутамі ВКЛ. Банкарты не мелі права быць спадкаемцамі бацькі, атрымліваць у спадчыну шляхецкія правы, аднак маглі быць спадкаемцамі маці, што адпавядала норме рымскага права. Пры ўмове, калі бацька банкарта возьме законны шлюб з яго маці, правы банкарта падлягалі легітымацыі (узаконенню). Гэта норма была анулявана ў час праўлення Стафана Баторыя [1575—86], аднак на практыцы ажыццяўлялася праз набілітацыю.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАНДО́ЛЬ ((de Candolle) Агюстэн Пірам) (4.2.1778, г. Жэнева, Швейцарыя — 9.9.1841),

швейцарскі батанік; заснавальнік параўнальнай марфалогіі раслін. Замежны ганаровы чл. (1835) Пецярб. АН. Бацька А.Дэкандоля. Вучань Ж.Кюўе і Ж.Б.Ламарка. Праф. ун-таў у Парыжы (з 1802), Манпелье (з 1808), Жэневе (з 1816), дзе заснаваў бат. сад і «Гербарый Д.». Распрацаваў адну з першых натуральных сістэм раслін (1835); аўтар працы «Увядзенне ў натуральную сістэму царства раслін» (т. 1—17, 1824—39), якую завяршыў яго сын.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛХІ́ДА (грэч. Kolchis),

старажытнагрэчаская назва зах. ч. Грузіі (мясц. Эгрысі), якую ў пач. 1-га тыс. да н.э. насялялі колхі. Паводле падання ант. аўтараў, тут правіў Ээт, бацька Медэі, ён валодаў залатым руном, якое выкралі арганаўты. У 6 ст. да н.э. тут узніклі грэч. калоніі Фасіс і Дыяскурыяда. У 6—2 ст. да н.э. на тэр. К. існавала Калхідскае царства, заваяванае Пантыйскім царствам. Пазней К. ўваходзіла ў склад розных дзярж. утварэнняў Грузіі.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЕЙДО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з гал. багоў-алімпійцаў, бог мораў, крыніц і землетрасенняў, якімі ён кіруе з дапамогай трызубца. Сын Кронаса і Рэі, брат Зеўса і Аіда, з якімі падзяляе панаванне над светам, бацька Тэсея, Мінатаўра і інш. міфалагічных персанажаў. Лічылася, што ён жыве ў раскошным палацы на дне мора. У стараж. Афінах П. шанавалі як апекуна марской магутнасці горада, у яго гонар наладжваліся Істмійскія гульні. У рым. міфалогіі П. адпавядаў Нептун.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАСЦЬ у праве,

кроўная сувязь паміж людзьмі, з наяўнасцю якой закон звязвае пэўныя правы і абавязкі. Родныя, або сваякі, гэта асобы, якія звязаны Р. і паходзяць адзін ад аднаго або ад агульнага продка. Р. — асн. элемент большасці сямейных праваадносін. Роднымі з’яўляюцца прадзед (прабабка), дзед (бабка), бацька (маці), сын (дачка), унук (унучка), праўнук (праўнучка), браты і сёстры, дзядзькі (цёткі), пляменнікі (пляменніцы) і г.д. Класіфікацыя роднасных адносін мае важнае юрыд. значэнне, асабліва ў сямейным і спадчынным праве.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́П (франц. galop),

бальны танец 19 ст. Выконваецца ў імклівым скачкападобным руху. Муз. памер 24. Узнік, верагодна, у Германіі, у 1820-я г. з’явіўся ў Францыі, адтуль пашырыўся па ўсёй Еўропе, у т. л. на Беларусі. Муз. форму галопу выкарыстоўвалі І.​Ланер, К.​Чэрні, бацька і сын Штраусы, Ф.​Абер, Ж.​Афенбах (аперэта «Арфей у пекле»), Ф.​Шуберт, Ф.​Ліст, М.​Глінка, П.​Чайкоўскі (опера «Спячая прыгажуня»), з бел. кампазітараў — Ю.​Семяняка (опера «Калючая ружа») і інш.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШНА ((Mošna) Йіндржых) (1.8.1837, Прага — 6.5.1911),

чэшскі акцёр; адзін з заснавальнікаў нац. рэаліст. акцёрскай школы. З 1856 выступаў як прафес. акцёр, гастраліраваў па Аўстрыі з перасоўнай трупай. З 1860 іграў у чэш. правінцыяльных гарадах, з 1864 — у Часовым т-ры ў Празе. Выступаў у драме, оперы, аперэце. З 1883 працаваў у пражскім Нац. т-ры, дзе прапагандаваў рэаліст. рэпертуар. Сярод роляў: Лізал («Марыша» B. і А.​Мрштыкаў), Дзівішак, Грушка («Бацька», «Вайнарка» А.​Ірасека), Цецераў («Мяшчане» М.​Горкага) і інш.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛО́ПС, Пелоп,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, сын лідыйскага цара Тантала, унук Зеўса. Бацька забіў П. і падаў яго мяса багам, якіх запрасіў да сябе на баляванне. Разгневаныя багі жорстка пакаралі Тантала, а П. ажывілі і зрабілі прыгажуном. П. ажаніўся з дачкой цара Эліды (на п-ве Пелапанес у Грэцыі) Энамая, якога вераломна загубіў, каб захапіць яго прастол. Атрымаўшы ў спадчыну Эліду, П. пашырыў сваю ўладу на ўсю Паўд. Грэцыю, назву якой Пелапанес стараж. грэкі выводзілі ад імя П.

т. 12, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НКА ((Benka) Марцін) (21.9.1888, г. Малацкі, Славакія — 28.6.1971),

славацкі жывапісец і графік. Нар. мастак ЧССР (1953). Адзін са стваральнікаў славацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў школе А.​Кальводы ў Празе. Аўтар манум. паэтычных сцэн сял. жыцця, выкананых у свабоднай постімпрэсіяністычнай манеры, мяккіх і стрыманых па каларыце: «Ля люлькі» (1929), «Лесарубы пад Салацінам» (1931), «Па дарозе на горную пашу» (1933), «Дзве жанчыны», «Бацька з сынам» (абедзве 1934), «Жанчыны-гаранкі з Ліптова» (1936) і інш.

М.Бенка. Па дарозе на горную пашу. 1933.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАМЕ́ДА,

у грэчаскай міфалогіі дачка эфіопскага цара Кефея і Касіяпеі. Калі Пасейдон з нерэідамі наслалі на Эфіопію пачвару і навадненне, бацька прынёс Андрамеду ў ахвяру. Персей забіў пачвару, выратаваў Андрамеду і ажаніўся з ёю. Пасля яны ператварыліся ў сузор’і. Тэма выратавання Андрамеды адлюстравана ў л-ры (Лопэ дэ Вэга, Г.​Сакс, П.​Кальдэрон) і выяўл. мастацтве (малюнкі на ант. вазах, фрэскі ў Пампеі, палотны Тыцыяна, Рубенса, Рэмбранта і інш.).

Персей і Андрамеда. Фрэска з дома Дыяскураў у Пампеях. 65—70 н. э.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)