на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасоўваўся ў 1931, 1959, зноў утвораны ў сучасных межах 29.12.1989 для перасялення жыхароў Краснапольскага р-на, якія найб. пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. Пл. 0,8 тыс.км². Нас. 16,9 тыс.чал. (1997). Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Дрыбін, 104 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 6 сельсаветаў: Кароўчынскі, Міхееўскі, Першамайскі, Расненскі, Цемналескі, Чэрнеўскі.
Тэрыторыя раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, месцамі хвалістая, з агульным нахілам на Пд. Найвыш. пункт 226 м (на ПдЗ ад в. Еськаўка). Пераважаюць выш. 170—190 м. Карысныя выкапні: пясок, гравій, торф, гліна для грубай керамікі. Сярэдняя т-растудз. -8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм. Вегетац. перыяд 184 сут. З Пн на Пд працякае р. Проня з прытокамі Рэста, Бася, Быстрая, Вербаўка і інш. На некат. малых рэках вадасховішчы і сажалкі. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя глебы. Пад лесам 27,4% тэр. раёна; пераважаюць шыракаліста-яловыя лясы. Балоты і забалочаныя землі займаюць каля 1,5 тыс.га у асноўным на Пн. На тэр. раёна гідралагічныя заказнікі: Брацтва (73,1 га), Галамукскае (153), Жэваньскае (144), Жэваньскі Мох (123); паляўнічыя заказнікі: Расненскае (2650), Даманоўскі (1364 га).
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 49,1 тыс.га, з іх асушана 5 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 7 калгасаў, 4 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, кормапрадпрыемства «Высакаборскае». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля; вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Орша—Крычаў, аўтадарога Магілёў—Мсціслаў, нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 8 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пачатковыя школы; Расненская дапаможная школа-інтэрнат, муз. школа, 9 дашкольных устаноў, 14 б-к, 14 клубаў, 3 клубы-бібліятэкі, раённы цэнтр культуры, 4 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1845), помнік у памяць аб выступленні ў 1905 сялян супраць памешчыка ў в. Кішчыцы; рэшткі касцёла Казіміра эпохі класіцызму (1818) і сядзіба (канец 19 ст.) у в. Расна. Гісторыка-этнаграфічны музей. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях» (сумесна з Горацкім р-нам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ВУСКІ РАЁН.
Размешчаны ў цэнтр. частцы Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 16.9.1959). Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 24,1 тыс.чал. (2003), гарадскога 46,1%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Чавусы. Раён уключае 168 сельскіх нас. пунктаў, 10 сельсаветаў: Антонаўскі, Благавіцкі, Вайнілаўскі, Ваўкавіцкі, Гарбавіцкі, Дужаўскі, Жаліўскі, Прудкоўскі, Пуцькаўскі, Цемравіцкі. Большая ч.тэр. раёна забруджана радыенуклідамі (1—5 Ku/км², месцамі да 15 Ku/км²).
Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая з комплексам западзінных мікраформ. Пераважаюць выш. 150—190 м (87%). Найвыш. пункт 203 м (на ПдУ ад в. Новааляксандраўка). Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7,7 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 642 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. Найб.р. Проня з прытокамі Бася і Раста (з Рудзеяй, Беліцай і Плясной). Вадасховішча на р. Рудзея. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (63,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,4%), тарфяна-балотныя (11,7%) і інш. Пад лесам 31,5% тэр.Найб. лясныя масівы на Пн (у міжрэччы Басі і Проні) і У (левабярэжжа Проні). У складзе лясоў хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, чорна- і шэраальховыя. Штучныя лесанасаджэнні каля 4%, пераважна хвойныя. Пад балотамі 2,2% тэр. У межах раёна біял. заказнік мясц. значэння (бабры) каля в. Брады; ахоўныя тарфянікі Азярышча, Барадзілаўскае-Крамянец, Бярозавае, Каралеўшчына, Рабяткі. Помнікі прыроды мясц. значэння: парк у г. Чавусы, валуны каля в. Брады і Новааляксандраўка, участак лесу «Ялова» ў Мокрадскім лясніцтве.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 88,2 тыс.га, з іх асушаных 11,8 тыс.га. На 1.1.2003 у раёне 22 калгасы, 1 саўгас, 5 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых, зернебабовых, рапсу, лёну, бульбы, агародніны. Прадпрыемствы прам-сці: буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла), харч. (масла, сыры, цэльнамалочныя прадукты, сушаная агародніна), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно, траста), кааператыўнай. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Магілёў—Чавусы—Крычаў, аўтадарогі: Магілёў—Слаўгарад, Магілёў—Чавусы—Мсціслаў, Магілёў—Чавусы—Чэрыкаў. У раёне 16 сярэдніх, 2 базавыя, 3 пачатковыя школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў, дзіцячая спарт. школа, раённы Дом культуры, 25 клубаў, 26 б-к, 2 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 26 фельч.-ак. пунктаў. Санаторыі «Зара», «Раста». Раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Благавічы. Выдаецца газ. «Іскра».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ВУСЫ,
горад, цэнтр Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р.Бася. За 41 км ад г. Магілёў, 5 км ад чыг. ст. Чавусы на лініі Магілёў—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Крычаў, Мсціслаў, Чэрыкаў. 10,9 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч. (Чавускі масласырзавод), пач. апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі археал.: стаянка (неаліт), 2 селішчы (2—10—16 ст.), курганныя могільнікі (9—12 ст.).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з сярэдзіны 16 ст. як в. Чавусавічы. З 1589 у складзе Магілёўскай эканоміі. З 1604 горад Ч., у 1634 атрымаў магдэбургскае права і герб — выява св. Марціна, узброенага мячом, на кані. У 1648 у Ч. 176 дамоў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ч. заняты рус. войскамі і падараваны царом Аляксеем Міхайлавічам палкоўніку Бел. палка К.Паклонскаму. З вясны 1656 рэзідэнцыя казацкага палкоўніка І.Нячая. Увосень 1660 вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 горад разрабаваны ў 1708 шведскімі войскамі; паступова адбудаваны. У пач. 1770-х г. у Ч. каля 2530 ж., больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета Магілёўскай (у 1796—1802 Беларускай) губ. У 1778 зацверджаны план забудовы горада. У 1781 Ч. нададзены новы герб — на чырв. полі перакрыжаваныя шабля і меч, аб’яднаныя лаўровым вянком. З 1789 у Ч. працавала 2-класнае нар. вучылішча. У 1825 каля 4 тыс.ж., 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крам, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897 у Ч. 4690 ж., з іх 41,1% пісьменных; з 1901 працавалі 3-класнае гар. вучылішча, царкоўнапрыходская школа; у 1904—6,1 тыс.ж., праводзіліся 4 кірмашы на год, дзейнічала 41 прамысловае (97 рабочых) і 41 рамеснае (239 рамеснікаў) прадпрыемствы, працавалі бальніца на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня. З 25.5.1919 Ч. ў складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 — цэнтр воласці Магілёўскага пав. З 1924 у складзе БССР, цэнтр раёна. У 1939—7,2 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 1786 чал. Вызвалены 25.6.1944 часцямі 50-й арміі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944 ва ўзаемадзеянні з партыз. палком «Трынаццаць» (камандзір С.У.Грышын). У 1959 у Ч. 7,8 тыс. ж.