жалезны метэарыт класа гексаэдрытаў, знойдзены ў 1954 каля в. Пукава Грэскага р-на (цяпер в. Камсамольская Капыльскага р-на) Мінскай вобл. Маса 300 кг, даўжыня 92 см. У момант знаходкі быў пакрыты тоўстай карой акіслення, што сведчыць аб працяглым знаходжанні ў глебе. Асн. частка метэарыта (270 кг) знаходзіцца ў музеі Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі, узоры агульнай масай каля 30 кг — у музеях розных краін.
Літ.:
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНІЕРЫ́Т (ад прозвішча Франц, геолага Ж.Гарнье),
мінерал класа сілікатаў, нікелевая разнавіднасць серпенціну (Ni, Mg)6 [Si4O10](OH)8. Мае нікелю да 2—5%. Прымесі жалеза, хрому, алюмінію, марганцу. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны канкрэцыі, нацёчныя агрэгаты, шчыльныя, порыстыя і зямлістыя масы. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск матавы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,3—2,8 г/см³. На паветры траціць ваду і рассыпаецца ў парашок. Трапляецца ў корах выветрывання ультраасноўных парод і серпенцінітаў. Састаўная ч. сілікатных нікелевых руд. Радовішчы ў Расіі, Казахстане, на в-ве Новая Каледонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́ІД (ад геа... + грэч. eidos выгляд),
сапраўдная фігура Зямлі, абмежаваная ўзроўневай паверхняй (сярэдні ўзровень вады Сусветнага ак., мысленна прадоўжаны пад мацерыкамі). Форма геоіда ў выніку сутачнага абарачэння Зямлі блізкая да эліпсоіда вярчэння, але яго паверхня ўскладнена з-за нераўнамернасці размеркавання мас унутры Зямлі. Паверхня геоіда перпендыкулярная да напрамку сілы цяжару ва ўсіх кропках, больш згладжаная, чым фіз. паверхня Зямлі, на якой рэзка выражаны горы і акіянскія ўпадзіны. Яна выпуклая, сярэдняя велічыня адхілення геоіда ад найб. удала падабранага зямнога сфероіда складае ±50 м, а максімальнае адхіленне ±100 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ТА-ГНЕЙС,
поўнакрышталічная сланцаватая ці палоскавая горная парода паводле саставу аналагічная граніту. Структура прамежкавая паміж гнейсам і гранітам. Складзены пераважна з мінералаў плагіяклазу, мікракліну, кварцу і слюды (пераважна біятыту). Тэкстура вызначаецца субпаралельным размяшчэннем таблітчастых і прызматычных крышталёў (палявога шпату, слюды, рагавой падманкі і інш.) і падоўжных уключэнняў, а таксама скопішчам мінералаў у палосы ці праслойкі, якія чаргуюцца. Граніта-гнейс ўтвараюцца ў зонах высокага метамарфізму і цесна асацыіруюць з гнейсамі рознага саставу. На Беларусі пашыраны ў дакембрыйскіх утварэннях Беларускай антэклізы. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААЛІНІ́Т,
гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксілсілікат алюмінію, Al4[Si4O10](OH)8. Мае гліназёму Al3O3 41,2%, крэменязёму SiO2 48% і 10,8% H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Зямлістыя масы рыхлыя, лускаватыя або шчыльныя тонказярністыя агрэгаты, радзей — тонкія пласцінкі, канкрэцыі, ааліты, жаўлакі. Бляск перламутравы да зямлістага. Паўпразрысты. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 2,5—2,7 г/см3. Вельмі гіграскапічны. Утвараецца пры выветрыванні вывергнутых і метамарфічных парод, радзей — ва ўмовах нізкатэмпературных гідратэрмальных працэсаў. Выкарыстоўваецца ў керамічнай, буд., папяровай, гумавай прам-сці і інш.Гл. таксама Каалін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛІ́ЧНЫЯ СЛА́НЦЫ,
рэгіянальна метамарфізаваныя поўнакрышт. горныя пароды рознага мінералагічнага саставу, з арыентаваным размяшчэннем пародаўтваральных мінералаў. Колер пераважна шэры. Структура зярністая. Тэкстура палосчатая. Адрозніваюць орта- і парасланцы, якія адпаведна ўтвораны з магматычных і асадкавых парод. У залежнасці ад мінер. саставу вылучаюць К.с. кварцзмяшчальныя (слюдзяныя, гранат-біятытавыя, андалузіт-біятытавыя, кардыерыт-біятытавыя і інш.) і бяскварцавыя (дыяпсід-скапалітавыя, дыяпсід-плагіяклазавыя, дыяпсід-карбанатныя і інш.). К.с. высокагліназёмістыя (кіянітавыя, сіліманітавыя і інш.) выкарыстоўваюцца як вогнетрывалая сыравіна і руда на алюміній. На Беларусі К.с. пашыраны сярод дакембрыйскіх парод крышт. фундаменту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКАЯ АСТРАБЛЕ́МА,
старажытны метэарытны кратэр паблізу г. Лагойск у вярхоўі р. Гайна. Пахаваны пад антрапагенавымі адкладамі. Адкрыты ў 1975 пры бурэнні свідравіны ў раёне в. Кузевічы як структура з анамальнай геал. будовай. Дыяметр Л.а. каля 15 км, глыбіня каля 500 м. Складзена з т. зв. брэкчыі — абломкаў, глыб, друзу парод рознага ўзросту; частка іх дэфармаваная, сплаўленая; уся маса кавалкаў сцэментаваная ў больш позні час. Метэарытнае паходжанне Л.а. абгрунтавалі бел. вучоныя А.С.Махнач, М.В.Вераценнікаў, Г.І.Ількевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўтварыліся пры асаджэнні мінер. прадуктаў вулканічных вывяржэнняў на дне стараж. мораў і акіянаў, на астравах, уздоўж берагоў. Вулканагенны матэрыял на плошчы асадканамнажэння можа паступаць у растворах газу і гарачых вод вулканічнага паходжання, у адсарбіраваным выглядзе на паверхні часцінак попелу, як кампанент вышчалочвання лаў і попелаў. Формы пакладаў — пліты, пласты, жаўлакі. Вядомы вулканагенна-асадкавыя радовішчы жалеза, марганцу, медзі, цынку, свінцу, баксітаў, фасфарытаў і інш. Мяркуюць, што намнажэнні жаўлаковых руд жалеза і марганцу на дне Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў (жалезамарганцавыя канкрэцыі) таксама ўтварыліся з прадуктаў падводных вывяржэнняў маладых вулканаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛЬНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя метасаматычныя горныя пароды, якія залягаюць у выглядзе жыл, даек і інш. дробных цел, цесна звязаных з інтрузіўнымі масівамі. Утвараюцца пры застыванні магмы ў шчылінах зямной кары. Іх склад можа адпавядаць пародам буйных інтрузій (гл.Інтрузіўныя горныя пароды) або значна адрознівацца ў выніку працэсаў дыферэнцыяцыі магмы і ўзаемадзеяння яе з прылеглымі горнымі пародамі. Сярод Ж.г.п. вылучаюць меланакратавыя, абагачаныя цемнаколернымі мінераламі (керсантыт, спесартыт і інш.), і лейкакратавыя, складзеныя пераважна з светлаколерных мінералаў (апліт, пегматыт, плагіяклазіт і інш.). З Ж.г.п. звязаны радовішчы золата, свінцова-цынкавых руд, вальфраму, ртуці і інш. Трапляюцца ў крышт. фундаменце Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НАВАР (ад грэч. kinnabari),
мінерал класа сульфідаў, сульфід ртуці, HgS. Мае 86,2% ртуці. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя або ромбаэдрычныя.
Агрэгаты тонказярністыя, шчыльныя ці зямлістыя. Колер чырвоны да карычнева-чырвонага. Бляск алмазны ў чыстым мінерале або зямлісты, цьмяны (з прымесямі). Паўпразрысты. Цв. 2,5. Шчыльн. 8—8,2 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Пашыраны ў выглядзе ўкрапін і жыл паблізу маладых вулканічных парод і гарачых крыніц. Трапляецца ў асацыяцыі з пірытам, марказітам, стыбнітам, сульфідам медзі ў жыльных пародах. Буйныя радовішчы на Украіне, у Іспаніі. Асноўная руда ртуці, таксама сыравіна для вырабу маст. фарбаў.