ВЕРХНЕАНГА́РСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

у Прыбайкаллі, паміж Верхнеангарскім і Паўночна-Муйскім хрыбтамі, у Расіі. Працягласць больш як 100 км, шыр. 40 км, выш. ад 470 да 800 м. Дрэніруецца р. Верхняя Ангара, рэчышча якой тут падзяляецца на рукавы і пратокі. Лугава-балотная расліннасць, участкі лістоўнічных, хваёвых і бярозавых лясоў.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сушаніца 10/139

- » - балотная 6/296—297 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

установа, якая вядзе метэаралагічныя і гідралагічныя назіранні за станам надвор’я, рэжымам водных аб’ектаў. Падзяляюцца на мацерыковыя, марскія, рачныя, азёрныя і балотныя. Назіранні праводзяць па адзінай праграме ў дакладна вызначаныя тэрміны. На Беларусі гідраметэаралагічныя станцыі дзейнічаюць у гарадах Вілейка, Полацк, курортным пас. Нарач (азёрная), пас. Палескі Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. (балотная). Гл. таксама Гідралагічная станцыя.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗІРА́НГА,

нацыянальны парк у Індыі (штат Асам), у джунглях на левым беразе р. Брахмапутра. Засн. ў 1908, да 1968 рэзерват. Пл. каля 43 тыс. га. Балотная расліннасць, рэдкалессе, зараснікі т. зв. слановай травы. Больш за палавіну сусв. папуляцыі інд. панцырнага насарога (больш як 400 жывёлін). Жывуць сланы, дзікія буйвалы, бенгальскі тыгр, леапард, мядзведзі, алені і інш. Турызм.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНЕ́Ц,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1996. Пл. 10 460 га. Створаны з мэтай захавання эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. Расліннасць з бярозавага драбналесся з невял. лугамі; трыснягова-асакова-гіпнавае балота з бярозай пушыстай, вярбой попельнай і размарыналістай. На пагорках дрэвастоі з дуба, асіны, вольхі чорнай, граба, клёна, ліпы, ясеня, а таксама кустовыя віды: арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая, свідзіна і інш. Фауна прадстаўлена млекакормячымі: андатра, бабёр, барсук, воўк, выдра, заяц-русак, дзік, казуля. ліс, лось, норка амер. сабака янотападобны, арнітафауна — відамі адкрытых прастораў, ляснымі, каляводнымі, балотнымі, сінантропнымі: крыжанкі, кулікі, луні лугавыя і камышовыя, пастушковыя, цецерукі, чыркі; з паўзуноў — чарапаха балотная; у энтамакомплексе 40 відаў матылёў. Занесеныя ў Чырв. кнігу: расліны — венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, жывёлы — аўсянка садовая, варакушка, журавель шэры, кулон вялікі, пустальга звычайная, сава балотная, саракуш шэры.

П.​Д.​Лабанок.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

1) установа па вывучэнні гідралагічнага рэжыму водных аб’ектаў на пэўнай тэрыторыі. Абагульняе і апрацоўвае матэрыялы назіранняў на гідралагічных пастах. На Беларусі з 1928 дзейнічаюць рачныя гідралагічныя станцыі (Паўд.-Бел., у гарадах Вілейка, Магілёў, Мінск і інш.), азёрная (у курортным пас. Нарач Мядзельскага р-на), балотнаяпас. Палескі Лунінецкага р-на) і інш., а таксама ў цэнтрах па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах.

2) Пункт з вызначанымі геагр. каардынатамі на вадаёме, дзе вядуцца гідралагічныя назіранні.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА, сетка гідралагічных назіранняў,

сукупнасць гідралагічных станцый і пастоў, размешчаных у межах пэўнай тэрыторыі (рачнога басейна, адм. раёна, краіны). Ствараецца з мэтай сістэм. атрымання інфармацыі для вывучэння гідралагічнага рэжыму (у т. л. забруджвання радыенуклідамі) і катастрафічных з’яў на рэках, азёрах і вадасховішчах. На Беларусі дзейнічае з сярэдзіны 19 ст. Гідралагічныя назіранні і іх апрацоўку ў 1996 ажыццяўлялі цэнтры па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах (у Гомелі і Магілёве і радыяцыйны кантроль), 7 станцый (балотная, азёрная і 5 рачных) і 135 пастоў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАРО́ДКІ, лужанкі (Viviparidae),

сямейства бруханогіх малюскаў падкл. пярэдняшчэлепных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Паўд. Амерыкі) у прэсных вадаёмах. На Беларусі 2 віды Ж.: рачная, або звычайная (Viviparus viviparus), і азёрная (V. contectus). Жывуць на пясчаных або заглееных грунтах у прыбярэжнай зоне рэк і азёр.

Цела ўкрыта ракавінай (выш. да 6 см) з 5—7 спіральнымі завіткамі, з цёмна-карычневымі палосамі, складаецца з галавы, тулава і нагі. Вусце ракавіны авальнае, зачыняецца рагавой накрыўкай. Раздзельнаполыя. Аплодненыя яйцы развіваюцца ў матцы, моладзь выходзіць цалкам сфарміраваная (адсюль назва). Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Ж. — пажыва для многіх бентасаедных рыб. Біял. ачышчальнікі вадаёмаў.

Жывародка балотная.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1960 у цэнтр. ч. Бел. Палесся паміж р. Случ і Лань. Пл. 42 тыс. га. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты ў спалучэнні з сухадольнымі, верасовымі, чарнічнымі і імшыстымі хвойнікамі. На нізінных балотах чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Невял. колькасць дуброў з прымессю ясеню і грабу. Водзяцца лось, казуля, дзік, ліс, янотападобны сабака, заяц-русак; баравая дзічына, вадаплаўныя і балотныя птушкі. Рэакліматызаваны рачны бабёр, рассялілася андатра. Шмат жывёл, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі (чарапаха балотная, зімародак звычайны, пугач, бугай вялікі, бусел чорны і інш.).

т. 9, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУ́НА, павіліца (Galium),

род кветкавых раслін сям. марэнавых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 14 відаў. Найб. вядомыя М.: пахучая, або дзярачка (G. odoratum), багнавая (G. uliginosum), балотная (G. palustre), барэальная (G. boreale), мяккая (G. mollugo), прыручайная (G. rivale), сапраўдная (G. verum), учэпістая (G. aparine). Трапляюцца на лугах, узлесках, сярод хмызняку, па берагах рэк.

Адна- і шматгадовыя травы, рэдка паўкусцікі. Сцёблы 4-гранныя або круглыя, шурпатыя ці гладкія. Лісце ў несапраўдных кальчаках (па 4—15), суцэльнае, з лісцепадобнымі прылісткамі. Кветкі дробныя, белыя, Жоўтыя, ружовыя ў канцавых мяцёлках або пазушных паўпарасоніках. Плод — арэшак. Лек., фарбавальныя, меданосныя расліны.

Маруна звычайная.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)