суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс.км³атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс.км³), мінус сцёк (47 тыс.км³), расход — выпарэнне (63 тыс.км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс.км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс.км³атм. ападкаў і 47 тыс.км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс.км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.
Літ.:
Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.
В.В.Дрозд.
Схема воднага балансу рачнога басейна: 1 — снегавое покрыва; 2 — глеба; 3 — горныя пароды; P — ападкі; S — паверхневы сцёк; U — падземны сцёк; R — рачны сцёк; W — валавое ўвільгатненне глебы; N — выпарэнне з глебы; T — транспірацыя; E — сумарнае выпарэнне; V — водаабмен з падземнымі водамі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень дрэнажу ракі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ, атмасферная радыяцыя,
цеплавое электрамагнітнае выпрамяненне атмасферы (інфрачырвоныя прамяні з даўж. хваляў 4—120 мкм); частка радыяцыйнага балансу атмасферы. Каля 70% яго падае на зямную паверхню (процівыпрамяненне атмасферы), каля 30% ідзе ў космас. Інтэнсіўнасць атмасфернага выпрамянення павялічваецца з павышэннем т-ры паветра, воблачнасці і забруджанасці атмасферы. Сярэднія значэнні процівыпрамянення атмасферы ў Мінску ад 627 ў лютым да 971 Мдж на 1 м² у ліп., інтэнсіўнасць — адпаведна ад 0,26 да 0,34 кВт на 1 м².
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫ ПО́ЯС,
самы паўднёвы геагр. пояс Зямлі. Уключае Антарктыду з прылеглымі астравамі і воды акіянаў, якія яе абмываюць. Займае 5% плошчы зямнога шара (амаль палавіна прыпадае на антарктычных пустыняў зону). Мяжу антарктычнага пояса звычайна праводзяць па ізатэрме 5 °C, самага цёплага месяца (студз. ці лютага). Характарызуецца адмоўнымі ці нізкімі дадатнымі значэннямі радыяцыйнага балансу, панаваннем антарктычных паветраных масаў, антарктычным кліматам, доўгай палярнай ноччу, халоднымі паверхневымі водамі, перавагай на сушы ландшафтаў зоны арктычных пустыняў, значнай ледавітасцю акіяна. Гл.Антарктыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ (ад аўта... + грэч. morphē форма),
глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах «аўтаномнага» балансу вільгаці (толькі атм. ўвільгатненне) і рэчыва (адсутнасць прыносу). Такімі глебамі з’яўляюцца чарназёмы, шэразёмы, падзолістыя. Марфалагічны профіль аўтаморфных глебаў не мае каляровых прыкметаў агляення, часам у ім трапляюцца жалезістыя канкрэцыі і пунктацыі марганцу, што сведчыць аб кароткатэрміновым лішкавым увільгатненні. С.-г. расліны на такіх глебах не пашкоджваюцца вымаканнем. На Беларусі да аўтаморфных глебаў належаць дзярнова-карбанатныя глебы, бурыя лясныя глебы, падзолістыя глебы і дзярнова-падзолістыя глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНАМЕ́ТРЫЯ (ад актына... + ...метрыя),
раздзел метэаралогіі, які вывучае перанос і ператварэнне сонечнага, зямнога і атмасфернага выпрамянення ў атмасферы Зямлі. Гал. задачы актынаметрыі — вымярэнне прамой, рассеянай, сумарнай і адбітай радыяцыі і радыяцыйнага балансу зямной паверхні, вывучэнне заканамернасцяў паглынання і рассейвання радыяцыі ў атмасферы і геагр. размеркавання яе. Актынаметрычныя назіранні пачаліся ў 17 ст., на Беларусі з 1936. У 1994 праводзіліся на 10 станцыях: у Мінскім гідраметэацэнтры, на аграметэастанцыі Васілевічы, Палескай балотнай станцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГІГІЕ́НА (ад геа... + гігіена),
навуковая дысцыпліна, якая вывучае мед. аспекты глабальных вынікаў дзейнасці чалавека: прамыя ўздзеянні на яго здароўе і апасродкаваныя праз змены балансу экалагічных кампанентаў і экасістэм. Стварае аснову для распрацоўкі мерапрыемстваў па захаванні і паляпшэнні сан. стану навакольнага асяроддзя, прадухіленні негатыўных антрапагенных змен у прыродзе, якія адмоўна ўплываюць на здароўе чалавека (напр., дзеянне забруджвальных рэчываў). Цесна звязана з комплексам экалагічных, мед., геагр і інш.навук. Зрэдку (у вузкім сэнсе) разумеюць як сінонім аховы прыроды (навакольнага асяроддзя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛО́ГІЯ СУ́ШЫ,
навука аб паверхневых водах сушы; раздзел гідралогіі. Падзяляецца на гідралогію рэк, азёразнаўства і балотазнаўства. Асн. раздзелы гідралогіі сушы: гідраметрыя, гідралагічныя разлікі, гідралагічныя прагнозы, гідрафізіка, гідрахімія, гідраграфія, дынаміка вод сушы, рэчышчавыя працэсы; да сярэдзіны 20 ст. ўключала і гляцыялогію. Гідралогія сушы даследуе працэсы фарміравання воднага балансу і сцёку, структуру рачной плыні, водаабмен у азёрах і вадасховішчах, рэчышчавыя і берагавыя працэсы, тэрмічныя і лядовыя з’явы, хімізм вод, распрацоўвае гідралагічныя прылады і інш. Звесткі гідралогіі сушы выкарыстоўваюць у воднай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ БАЛА́НС,
суадносіны прыходу і расходу газаў у атмасферы, глебе, водным і інш. асяроддзі. Прыродная дынаміка газавага балансу абумоўлена сезоннымі і спарадычнымі зменамі ў прыродзе, гарыз. і верт. перамяшчэннямі паветра і інш. фактарамі. Суадносіны паміж асобнымі газамі ў прыродзе даволі пастаянныя, аднак пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння яны могуць значна парушацца: пры інтэнсіўным забруджванні атмасферным у індустрыяльных развітых раёнах, масавай высечцы лесу і памяншэнні плошчы пад расліннасцю, забруджванні вод, парушэнні воднага рэжыму глеб і інш. Пра газавы баланс у жывых арганізмах гл. ў арт.Газаабмен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ ((Leontief) Васіль Васілевіч) (5.8.1906, С.-Пецярбург —9.2.1999),
амерыканскі эканаміст. Чл.Нац. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Брытанскай акадэміі. Замежны чл. Расійскай АН. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). З 1931 праф. эканомікі Гарвардскага, з 1975 — Нью-Йоркскага ун-таў. Распрацаваў метад эканоміка-матэм. аналізу «затраты-выпуск» для вывучэння міжгаліновых сувязей, структуры эканомікі і складання міжгаліновага балансу («Даследаванне структуры амерыканскай эканомікі», 1953); выкарыстоўваецца больш як у 50 краінах для прагназавання і праграмавання эканомікі. Значны ўклад зрабіў у прагноз развіцця сусв. эканомікі («Будучае сусветнай эканомікі», 1977). Нобелеўская прэмія 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі мацерыка, краіны, рэгіёна або іх частак на раёны, аднародныя па характары воднага балансу і гідралагічнага рэжыму паверхневых і грунтавых вод. Выконваецца на аснове вывучэння заканамернасцей фарміравання і велічыні сцёку, асаблівасцей рэжыму рэк і вадаёмаў, вызначэння іх агульных рыс і адрозненняў на пэўных прасторах. Тэр. Беларусі паводле асаблівасцей фарміравання сцёку падзяляюць на 6 гідралагічных раёнаў адпаведна асн. рачным басейнам: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі. Усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны. Гідралагічнае раянаванне мае значэнне пры вывучэнні рэжыму рэк, на якіх не вядуцца гідралагічныя назіранні, для рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў.