ІНА́НА, Інін,

Нінана («уладарка нябёс»),

у шумерскай міфалогіі гал. жаночае бажаство, багіня ўрадлівасці, цялеснага кахання і разладу. Пад імем Нінсіяны шанавалася таксама як астральнае бажаство — «зорка ранішняга ўсходу» (планета Венера). У акадскай міфалогіі вядома як Іштар.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРО́РА,

у рымскай міфалогіі багіня світання, якая прыносіла дзённае святло багам і людзям. Яе ўяўлялі юнай крылатай жанчынай, якая ўзнімалася з акіяна на калясніцы, запрэжанай светлымі коньмі. У вобразнай і паэт. мове Аўрора — сінонім ранішняй зары, золаку. Адпавядае грэч. багіні Эас.

т. 2, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІШТА́Р,

багіня ўрадлівасці і цялеснага кахання, вайны і разладу ў міфалогіі стараж. вавіланян і асірыйцаў, гал. жан. бажаство вавілонскага пантэона. Астральнае бажаство, увасабленне планеты Венера. У заходнесеміцкай міфалогіі наз. Астарта, у шумерскай — Інана. Звесткі пра культ І. ёсць у эпасе пра Гільгамеша.

т. 7, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭМІ́ДА,

у грэчаскай міфалогіі багіня, дачка Зеўса і Леты, сястра-блізніца Апалона. Спачатку Артэміда — апякунка жывёл і палявання, багіня месяца, пазней — заступніца шлюбу і дзетанараджэння. Яе ўяўлялі прыгажуняй у доўгім адзенні з паўмесяцам на галаве, з факелам ці з лукам і стрэламі ў руках. Лічылі, што нарадзілася Артэміда на в-ве Дэлас. Найб. вядомыя свяцілішчы Артэміды на п-ве Атыка і ў г. Эфес. У Эфесе быў храм Артэміды, прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету (спалены ў 356 да н.э. Герастратам). У рым. міфалогіі вядома як Дыяна. Міф пра Артэміду натхніў ант. скульптараў Праксіцеля, Леахара, грэч. вазапісцаў, пазней — Тыцыяна, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта, пісьменнікаў Дж.​Бакачыо, Г.​Гейнэ і інш.

Да арт. Артэміда. Артэміда Версальская. Скульпт. Леахар. Канец 4 ст. да н.э. Рымская копія.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СТЫЯ,

у грэчаскай міфалогіі багіня агню і хатняга ачага, дачка Кронаса і Геі. Апякунка непагаснага агню — асновы, якая аб’ядноўвала багоў, чалавечае грамадства і кожную сям’ю. На Алімпе сімвалізавала непарушны космас. У рым. міфалогіі Гестыі адпавядае Веста.

Гестыя. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 2-я чвэрць 5 ст. да н.э.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня свяшчэннага ачага рым. абшчыны, курыі, дома. Уяўлялі Весту з тварам, закрытым пакрывалам, з чашай, факелам, скіпетрам і паладыем. Круглы храм Весты стаяў на Рым. форуме, унутры яго знаходзіўся ачаг Весты, у якім вясталкі падтрымлівалі вечны агонь. Да аднаго культу з Вестай належалі Пенаты. У стараж.-грэч. міфалогіі Весце адпавядае Гестыя.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА,

у рэлігійных уяўленнях стараж. народаў Малой Азіі багіня зямлі і ўрадлівасці, маці багоў. Яе культ, блізкі да культу Кібелы, у 1 ст. да н.э. быў уведзены ў Стараж. Рыме дыктатарам Сулам. У рымлян вобраз М. злучыўся з вобразам рым. багіні вайны Белоны, і М. шанавалася імі пад двайным імем (Ма-Белона).

т. 9, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБІТЫ́НА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня пахавання. У яе храме, які знаходзіўся ў прысвечаным ёй гаі, захоўваліся пахавальныя прыналежнасці. За кожнае пахаванне ў храм Л. плацілі манету і такім чынам вёўся ўлік памерлых. Пазней Л. атаясамлівалі таксама з Венерай і багіняй падземнага царства Празерпінай. Л. былі прысвечаны сады і вінаграднікі. У стараж.-рым. паэтаў Л. — сінонім смерці.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РА, маруха, мора, кікімара,

у славянскай міфалогіі злы дух, першапачаткова, як і слав. багіня Марэна, увасабленне смерці, мору. Пазней М. часткова страціла сувязь са смерцю, але захавала шкодны для чалавека характар. У беларусаў М. — назва нечысці і чучала (называюць таксама Купалай і Марэнай), якое ў ноч на Івана Купалу спальваюць на вогнішчы або топяць у вадзе (гл. Купалле).

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ,

у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.

Вікторыя. Рэльеф аркі імператара Дыяклетыяна. Канец 3 ст.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)