ЛЕАНІ́ДАЎ (Іван Ільіч) (22.1.1902, с.Бабіна Цвярской вобл., Расія — 6.11.1959),
расійскі архітэктар. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Маскве (1927; вучыўся ў А.А.Весніна); выкладаў у ім (1928—30). Адзін з кіраўнікоў Аб’яднання сучасных архітэктараў. Зрабіў значны ўклад у архітэктуру канструктывізму. У работах (Ін-т бібліятэказнаўства, 1927; дом Цэнтрасаюза, 1928; абодва ў Маскве; пасёлак новага тыпу пры Магнітагорскім горнаметалургічным камбінаце, 1930) выкарыстоўваў маст. магчымасці простых геам. форм (шар, конус) і на іх аснове ствараў прасторавыя кампазіцыі з ужываннем новых канструкцый. Горадабудаўнічым праектам уласцівы макс. выкарыстанне прыродных умоў, аддзяленне вытв. зоны ад жылой, свабодная планіроўка, забудова гарадоў дамамі малапавярховымі аблегчанай канструкцыі і шматпавярховымі вежавымі.
Літ.:
Александров П.А., Хан-Магомедов С.О. Иван Леонидов. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́НІНА (Юлія Уладзіміраўна) (10.5.1924, Масква — 21.11.1991),
руская паэтэса. Скончыла Літ.ін-т імя М.Горкага (1952). У Айч. вайну санінструктар на фронце. Друкавалася з 1945. Вызначальнае ў вершах — памяць пра вайну, праблемы і клопаты сучасніка, яго духоўны свет (зб-кі «У салдацкім шынялі», 1948, «Размова з сэрцам», 1955, «Сучаснікі», 1960, «Ты вернешся», 1968, «Не бывае любві нешчаслівай...», 1973, Дзярж. прэмія Расіі 1975, «Акопная зорка», 1975, «Бабіна лета», 1980, «Сонца — на лета», 1983, і інш.). Аўтабіягр. аповесць «З тых вяршыняў» (1979), вершы «Зінка», «Памяці Клары Давыдзюк», «Песня вязня», «У пярэдадзень вайны» і інш. тэматычна звязаны з Беларуссю. Аўтар паэмы «Нуль тры» (1980). На бел. мову творы Д. перакладалі Э.Агняцвет, С.Басуматрава, Т.Бондар, С.Гаўрусёў, Х.Жычка, Ю.Свірка, І.Скурко і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЛІЯ (Леанід Пятровіч) (н. 27.3.1946, г. Брэст),
бел. мастак. Сын П.А.Данелія. Вучыўся ў Мінскім маст.-пед. вучылішчы (1963—65), скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працуе ў галіне маст. праектавання, у розных жанрах выяўл. мастацтва. Аўтар праектаў, кіраўнік і выканаўца маст. афармлення інтэр’ераў дома адпачынку «Белая Русь» на воз. Нарач (1987—90), дзіцячага сада ф-кі «Элема» ў Мінску (1993, дэкар. пано, вітраж), гасцінічнага комплексу саўгаса «Заказельскі» Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. (1995; дэкар.-манум. жывапіс, з Дз.Глівай; вітраж, люстры), кампазіцыі «Стары горад» (1996) і інш. Ускладненая кампазіцыя і насычанасць колеравай гамы надае яго пейзажам рамант.-філас. гучанне: «Бабіна лета на Прыпяці» (1980), «Ліпеньскія навальніцы» (1984), «Возера Нарач. Ружовы вечар», «Цішыня. Дзіва над Лотвай» (абедзве 1990-я г.). Сярод тэматычных карцін «Чаканне» (1983), «Пачатак. Дарогай волі» (1989), «Вераніка» (1990) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЧНІК (назва ад кастрыцы — адраўнелай часткі лёну),
10-ы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вегетацыі большасці раслін. 15 К. працягласць дня ў Мінску 10 гадз 38 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 27,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 154 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны 45 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 5,3—7,7 °C. У 1-й пал. К. амаль штогод назіраецца прыток цёплага паветра з Пд — «бабіна лета». Частыя замаразкі. У К. адносная вільготнасць складае 82—86%, ападкаў 42—54 мм. Колькасць дзён з ападкамі 12—16. На рэках бываюць паводкі. У К. заканчваецца ўборка садавіны і позніх гатункаў капусты, падрыхтоўка саду да зімы. З дрэў і кустоў ападае лісце. Адбываецца пералёт і адлёт птушак, канчаецца лінька пушных звяроў, у рэках і азёрах у глыбокія месцы збіраецца рыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦЁРСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,
мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах; рускі народна-маст. промысел. Склаўся ў пас. Мсцёра Уладзімірскай вобл. (Расія) на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1926 іканапісцы аб’яднаны ў арцель «Пралетарская тВорчасць», з 1931 «Пралетарскае мастацтва». У 1928 майстар М.Клыкаў пачаў пісаць мініяцюры тэмперай па лаку. Тэхналогія вытв-сці шкатулак і куфэркаў перанята ў майстроў з с. Фядоскіна Маскоўскай вобл. і пас. Палех Іванаўскай вобл. (гл.Фядоскінская мініяцюра, Палехская мініяцюра). М.м. характэрны маляўнічы фон, цэласнасць агульнага серабрыста-блакітнага ці вохрыстага тону, гучнасць колеру, спалучэнне аб’ёмнай трактоўкі формы з арнаментальным строем мініяцюры (работы А.Кацягіна, А.Брагіна); жывапісны прымітывізм (творчасць І.Марозава) побач з гіст. і казачнымі сюжэтамі, папулярныя пейзаж і нацюрморт. З канца 1960-х г. мастакі М.м. звяртаюцца да пошукаў дэкаратыўнасці (Л.Дзямідава, М.Шышакоў, Л.Фамічоў), у 1980—90-я г. — да творчага ўвасаблення старажытнарус. традыцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ША,
1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл.Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧА́Й, Лучайскае возера,
у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. ў бас.р. Мядзелка, правага прытока Дзісны. Пл. 2,51 км², даўж. 3,9 км, найб.шыр. 1,45 км, найб.глыб. 3,2 м. Даўж. берагавой лініі 12,1 км. Пл. вадазбору 19,1 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, лопасцевай формы, выцягнута з ПнЗ на Пд. Схілы катлавіны выш. да 13 м, разараныя або пад лугам, на Пд і ПдЗ нізкія, забалочаныя, парослыя лесам, на Пн, 3 і ПнЗ невысокія ўчасткі (3—5 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі. У паўн.-зах. і паўд. частках возера вял. залівы. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя, на Пн і Пд месцамі тарфяністыя, участкамі сплавінныя. Вакол возера забалочаная пойма шыр. да 70 м, пад хмызняком. Дно плоскае, 6 астравоў агульнай пл. 0,09 км². Літараль пясчаная, найбольш глыбокая ч. выслана сапрапелем, уздоўж берагоў нешырокая перарывістая паласа пясчаных адкладаў. Моцна зарастае. Эўтрофнае, слаба праточнае; упадаюць пратокі з азёр Лісіцкае і Бабіна, выцякае р. Лучайка (правы прыток Мядзелкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЦО́Ў (Віктар Віктаравіч) (н. 8.9.1941, с. Белая Гліна Краснадарскага краю, Расія),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). З 1972 выкладае ў Бел.АМ, з 1995 заг. кафедры. Сярод твораў; габелены «Музыка» ў Бел.дзярж. філармоніі (1974—76, у сааўт. з А.Яскіным, У.Ткачовым), «Беларусь — край мой родны» ў рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі (1983—84), вітражы «Песні Беларусі» і «Поры года» ў Т-ры юнага гледача Беларусі (1978, у сааўт. з Ткачовым), «Сонечныя кветкі. Флора і фауна» ў мед. ін-це (1992—93), «Старажытная геральдыка гарадоў Беларусі» ў тэхнал. ун-це (1993—94; усе ў Мінску), «Белавежская пушча» ў бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. (1981—82), дэкар. рэльефаў. Аўтар жывапісных палотнаў «Успаміны. Дзікі мёд» (1981), «Алегорыя трывогі» (1986), «Бабіна лета» (1990), «Стары млын» (1992), «Каля люстэрка» (1996), «А.Пушкін», «А.Міцкевіч» (абодва 1999), трыпціха «Поры года» (1995), серыі пейзажаў «Па Галандыі і Францыі» (1999). Творам уласцівы гарманічная пластычнасць з рэаліст. трактоўкай сюжэта, метафарычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕНЬ,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд. — сак., крас., май (гл.Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.
На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАСЕНЬ (назва ад расліны верас, якая цвіце ў гэтым месяцы),
бел. назва 9-га месяца каляндарнага года (30 дзён), пачатак восені на Беларусі. У Стараж. Рыме, у Расіі да канца 15 ст. — 7-ы месяц, у Расіі ў 16—17 ст. — 1-ы месяц года (гл.Каляндар). 22 або 23 верасня Сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзенства. 15 верасня працягласць дня ў Мінску 12 гадз 45 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 39,2°. Сярэднямесячная сума сонечнай радыяцыі за месяц 312 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (135 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра 10,5—13,5 °C, у канцы верасня на ПнУ бываюць першыя замаразкі ў паветры (на глебе на 1—2 тыдні раней). Прыкладна 3 разы за 10 гадоў замаразкі ў верасні адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Адносная вільготнасць паветра 78—84%, ападкаў 40—65 мм, у асобныя гады больш за 100 мм (180 мм, Жыткавічы, 1906, Слонім, 1952) або менш за 10 мм (2 мм, Брэст, 1902). У сярэднім з ападкамі бывае 12—15 дзён. У верасні капаюць бульбу, заканчваюць уборку збожжавых, аруць поле на зябліва, сцелюць лён, збіраюць садавіну і агародніну. З сярэдзіны верасня звычайна пачынаецца лістапад, у большасці раслін выспяваюць насенне і плады, ападаюць арэхі ляшчыны, жалуды дуба, арэшкі ліпы, насенне елкі звычайнай, крылатыя плодзікі клёна, граба і інш. У лясах і парках выспявае рабіна, каліна, абляпіха, на балотах — журавіны. Амаль кожны год назіраецца вяртанне цяпла — бабіна лета. Адлятаюць у вырай пералётныя птушкі, аселыя птушкі перабіраюцца бліжэй да жылля. Заканчваецца гон у капытных жывёл, ліняюць пушныя звяры, збіраюцца ў глыбокіх месцах рыбы. Зрэдку можа ўтварыцца няўстойлівае снегавое покрыва.