горад, сталіца Дамініканскай Рэспублікі, на паўд. узбярэжжы в-ва Гаіці. 3599 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Вузел аўтадарог, порт на Карыбскім м.Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр, дае больш за палавіну прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: харчасмакавая (цукр., ромавая, алейная, мылаварная, тытунёвая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, цэм., лесапільная, мэблевая. Акадэміі: мовы, гісторыі, музычная. 2 ун-ты. Горад перыядычна церпіць ад ураганаў. Цэнтр турызму.
Засн. ў 1496 Б.Калумбам (братам Х.Калумба) пад назвай Новая Ізабела, потым названы С.-Д. У 1538 у горадзе засн.ун-т. У 16 ст. тут знаходзілася рэзідэнцыя віцэ-караля ісп. калоній у Амерыцы. З 1844 сталіца Дамініканскай Рэспублікі. У 1916—24 акупіраваны амер. войскамі. У 1930 горад знішчаны ўраганам. Пасля адбудовы ў 1936 атрымаў назву Сьюдад-Трухільё (з 1962 зноў С.-Д.). У 1965 горад — арэна баёў паміж урадавымі войскамі і сіламі хунты.
У 1-й пал. 16 ст. горад набыў рэгулярную планіроўку. Забудоўваўся магутнымі каменнымі збудаваннямі ў стылі, пераходным ад готыкі да рэнесансу: манум. вежа Торэ дэль Аменахе (1503—07), замак-палац Каса дэль Альмірантэ (1510—14), сабор (1512—40) з грабніцай Х.Калумба, палац Каса дэ Энгомбе (1535), шпіталі, кляштары, 2-павярховыя жылыя дамы з унутр. дворыкамі. У 1543—1702 узведзены гар. сцены (захаваліся часткова). Пасля ўрагану 1930 узводзяцца жалезабетонныя будынкі. Сярод значных пабудоў 20 ст. — т-р (1913), атэль «Ярагуа» (1943) і інш. Музеі: нац., Нац.маст. галерэя і інш.Калан. цэнтр С.-Д. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРН (ням. Bern; франц. Berne),
горад, сталіца Швейцарыі. Адм. ц. кантона Берн, на р. Аарэ. 135 тыс.ж. (1990), з прыгарадамі 299 тыс.ж. (1989). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., радыёэлектронная, эл.-тэхн., прыладабуд., хім.-фармацэўтычная, швейная, паліграф., харчасмакавая, у т. л. шакаладная. Турызм. Ун-т. Музеі: Швейцарскі, Альпійскі, Паштовы, Гістарычны, Натуральнай гісторыі і інш. Абсерваторыя. Батанічны сад. У Берне штаб-кватэра Сусветнага паштовага саюза, Міжнар. саюза тэлесувязі, некаторых устаноў ААН.
Засн. ў 1191, у 1218 абвешчаны вольным імперскім горадам. У 1353 увайшоў у Швейц. канфедэрацыю. У 1415 да Берна далучаны Ааргау, у 1536 — Во (Ваат). У 1528 праведзена рэліг. Рэфармацыя. У 17 ст. алігархічная форма кіравання выклікала шматлікія хваляванні ў Берне і яго ваколіцах. У 1798 заняты франц. войскамі, Ааргау і Во атрымалі незалежнасць. З 1848 сталіца Швейцарыі. На пач. 20 ст. адзін з цэнтраў расійскай рэв. эміграцыі.
У старой частцы Берна часткова захаваліся крапасныя сцены і Гадзіннікавая вежа (15 ст.), рэгулярная сярэдневяковая планіроўка, барочная забудова 17—18 ст. Каларыт гораду надаюць аркады ніжніх паверхаў дамоў, рэнесансавыя скульпт. фантаны на плошчах і скрыжаваннях вуліц. Помнікі архітэктуры: царква дамініканцаў (каля 1290), ратуша (1406—17) з рэнесансавай вежай (16 ст.), сабор Санкт-Вінцэнц (1421—1588, арх. М.Энзінгер, С.Гурдэр, Д.Гайнц, вітражы 15 ст.), барочная царква св. Духа (1726—29, арх. Г.Шыльдкнехт), багадзельня (1735—41), Корнгаўз (1711—16, арх. Г.Дзюнц), палац Эрлагергоф (1752), атэль дэ Мюзік і старая гаўптвахта (1767, абодва арх. Н.Шпрунглінг), парламент (1852—1901; неакласіцызм, арх. Г.Аўэр).
Да арт.Берн. Набярэжная Аарэ.Да арт.Берн. Будынкі ў старой частцы горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙТ ((Wright) Франк Лойд) (8.6.1869, г. Рычленд-Сентэр, ЗША — 9.4.1959),
амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік арганічнай архітэктуры. У 1886 наведваў ун-т Вісконсіна. У 1887—93 Працаваў у Чыкага ў Л.Г.Салівена, у 1916—20 у Японіі. Пабудаваў серыю загарадных дамоў-асабнякоў — т.зв. дамоў прэрый (дамы Уілітса ў Хайленд-Парку, штат Ілінойс, 1902, Робі ў Чыкага, 1909), у якіх пад уплывам яп. архітэктуры здзейсніў ідэю адзінай сістэмы «перацякаючых» унутр. прастор. Гэта ідэя ўвасобілася і ў буйных пабудовах Р. (будынак фірмы «Ларкін» у г. Буфала, 1904—05; атэль «Імперыял» у Токіо, 1916—22; не захаваліся). У 1930-я г. тэарэтычна абгрунтаваў ролю архітэктуры як звяна, што знаходзіцца паміж прыродай і чалавекам. Праграмным творам стаў дом Э.Каўфмана («Дом над вадаспадам» у Бер-Ране,1936), дзе смела вынесеныя кансолі працягваюць уступы скал над ручаём. У шэрагу збудаванняў імкнуўся адысці ад прынцыпу прамавугольнасці і арганізаваць арх. прастору на аснове вуглоў у 60 і 120 градусаў, круга і спіралі («дом-соты» — дом П.Р.Ханы ў г. Пала-Альта, 1937). Абапіраючыся на аналогіі з прыроднымі формамі, стварыў «дрэвападобныя» структуры вышынных будынкаў з бетоннымі «стваламі» і адыходзячымі ад іх «галінамі» — кансольнымі перакрыццямі: адм. будынак (1937—39) і вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін (1949—50), «Вежа Прайса» ў г. Бартлсвіл (1956). У будынку Музея Саламона Р.Гугенгайма ў Нью-Йорку (1956—59) гал. аб’ём утвораны спіральным пандусам, які ахоплівае светлавы дворык, перакрыты празрыстым купалам. Творчасць Р. ўтварае прамую сувязь паміж арх. ідэямі канца 19 ст. і дасягненнямі архітэктуры 20 ст. Як тэарэтык дэзурбанізму і заснавальнік сучаснага рацыяналізму Р. імкнуўся выкарыстаць прынцыпы арган. архітэктуры для гуманізацыі чалавечага існавання. Іл.гл. таксама да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі.
Тв.:
Рус.пер. — Будущее архитектуры. М., 1960.
Літ.:
Гольдштейн А.Ф. Ф.Л.Райт. М., 1973.
С.А.Сергачоў.
Ф.Л.Райт.Ф.Л.Райт. Вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін. 1949—50.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́,
горад, сталіца Йемена; на З краіны ў міжгорнай даліне на выш. 2400 м. Больш за 1 млн.ж. з прыгарадамі (2000). Вузел аўтадарог, у т. л. да порта Хадэйда на Чырвоным моры. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., металаапр., мэблевая, тытунёвая, кансервавая, цэм., абутковая. Буйны цэнтр саматужнай вытв-сці залатых, сярэбраных, медных вырабаў, тканін і інш.Ун-т. Горад моцна пацярпеў ад землетрасення 1982.
Вядома з 1 ст. Ролю паліт. цэнтра пачала адыгрываць у 6 ст. У сярэднія вякі праз С. праходзілі гандл. шляхі з Эфіопіі і Індыі ў Міжземнамор’е. З сярэдзіны 7 ст. С. — рэзідэнцыя намеснікаў араб. халіфаў, з сярэдзіны 9 ст. сталіца самаст. дзяржавы Яфурыдаў. У 11—15 ст. у складзе розных дзярж. утварэнняў Паўд. Аравіі. У 1546—1628 пад уладай туркаў. З сярэдзіны 17 ст. рэзідэнцыя зейдзіцкіх імамаў Йемена. У 1871 зноў занята туркамі. У 1911 горад захапіў імам Ях’я, які ў 1918 зрабіў С. сталіцай Йеменскага каралеўства. У 1962—90 сталіца Йеменскай Арабскай рэспублікі, з 1990 — Йемена.
Стараж. горад складаецца з 2 частак, якія ў плане ўтвараюць васьмёрку. Ён абнесены сцяной выш. 9 м з паўкруглымі вежамі і шматлікімі брамамі. На стыку 2 гар. тэрыторый — 7-павярховы палацавы комплекс (б. палац імама). У найб.стараж. частцы — Старым горадзе знаходзяцца цытадэль, караван-сарай, медрэсэ, рынкі, сярэдневяковыя лазні, мячэці аль-Джама аль-Кебір, ці Вял. мячэць (7—12 ст.), Бакіліджэ (17 ст.) і інш. Разнастайнасцю вылучаецца жылая забудова: 3—7-павярховыя вежападобныя дамы з каменю і цэглы, пастаўленыя блізка адзін да аднаго. Іх фасады з пабеленымі вапнай фрызамі аздоблены разнымі аркадамі, ажурнымі драўлянымі панэлямі, аконныя праёмы з каляровымі вітражамі. У зах. частцы С. (Садовы горад), пабудаванай у 17—20 ст., пераважаюць асабнякі з садамі, абнесеныя сценамі. Сучасныя будынкі спалучаюць традыц. элементы з новымі тэхналогіямі і буд. матэрыяламі: Цэнтр. банк, Рэсп. палац, Акадэмія паліцыі, Клуб афіцэраў, атэль «Таж Саба», офіс авіякампаніі Эль-Йеманія і інш. Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Халед Сайф Мухамед Табет (архітэктура).
Сана. Старая частка горада.Сана. Аздабленне фасада жылога дома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОС-А́НДЖЭЛЕС (Los Angeles),
горад на ПдЗ ЗША, у штаце Каліфорнія. 3448,6 тыс.ж., з прыгарадамі каля 7,8 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Канцавы пункт транскантынентальнай чыг. Нью-Йорк—Чыкага—Л.-А. Адзін з найб. партоў краіны. 7 аэрапортаў, у т. л. міжнародны. Важны прамысл. цэнтр краіны, вядучы эканам. і навук. цэнтр Захаду ЗША. Буйнейшы цэнтр авіяракетнай прам-сці (канцэрны Локхід і Дуглас). Прам-сць: радыёэлектронная (у т. л.вытв-сцьЭВМ і інш. абсталявання), прыладабуд., металаапр., аўтамаб., суднабуд., нафтаперапр., хім., паліграф., швейная, харч., гумавая, мэблевая. Здабыча нафты (на тэр. горада і шэльфа). Гал. цэнтр кінапрамысловасці і відэабізнесу (Галівуд). 3 ун-ты. Кліматычны марскі курорт. Турызм. Ваенна-марская база. Месца правядзення X і XXIII Алімп. гульняў (1932, 1984).
Засн. ў 1781 іспанцамі як францысканская місія, вакол якой разбудоўваўся горад. З 1821 у складзе віцэ-каралеўства Новая Іспанія, потым Мексікі, з 1845 сталіца мекс. штата Каліфорнія. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты амер. войскамі, пасля вайны ўключаны ў склад ЗША Развіццё горада паскорылася пасля буд-ва транскантынент. чыгункі (1876—85), адкрыцця радовішча нафты (1892). У 1911 тут засн. першая кінастудыя, у 1930-я г. пачаўся росквіт кінавытворчасці.
У 19 ст. горад меў прамавугольную планіроўку з плошчай (пласа) у цэнтры. Захаваліся царква Нуэстра Сеньёра ла Рэйна дэ Лос Анхелес (1818, пасля перабудовы ў 1861 — Пласа-чорч) і 2-павярховы дом з адобы (сырцовай цэглы і рэзанай саломы) Луга-хаўс (1840-я г.). Сучасны Л.-А. мае строга рэгулярную планіроўку з малой шчыльнасцю забудовы, пранізаны шматлікімі аўтадарогамі са складанымі развязкамі. У забудове пераважаюць прыватныя вілы. Найб. значныя пабудовы 20 ст.: грамадскія цэнтры Бэнінг-хаўс (1911), Додж-хаўс (1915—16, абодва арх. І.Джыл), Барнсдэл-хаўс (Холіхак-хаўс, цяпер Муніцыпальная маст. галерэя, 1920), Сцёрджэс-хаўс (1939—40, абодва арх. Ф.Л.Райт), Ловел-хаўс («Дом здароўя», 1929, арх. Р.Нёйтра), царква Бетлем-чорч (1944, Р.Шындлер), комплексы Музея мастацтва графства Лос-Анджэлес (1965, арх. У.Перэйра) і Муз. цэнтра (1967, арх. У.Бекет), атэль «Сентрум» (1970-я г., арх. Р.Афлек, Р.Хосла).
Цэнтр Лос-Анджэлеса з высокаскараснымі дарогамі.Прыгарад Лос-Анджэлеса Беверлі-Хілс.Будынак ратушы ў Лос-Анджэлесе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНРЭА́ЛЬ (Montreal),
горад на У Канады, у прав. Квебек. Размешчаны на р.Св. Лаўрэнція, каля ўпадзення ў яе р. Атава. 3,3 млн.ж. з прыгарадамі (1996). Марскі і рачны порт (грузаабарот больш за 20 млн.т за год), даступны для акіянскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтадарог. 2 міжнар. аэрапорты. Найбольшы гандл.-фін. і прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. судна-, самалёта- і лакаматывабудаванне), нафтаперапр., хім., харч., тэкст., каляровая металургія, дрэваапр. (у т. л. папяровая, мэблевая), паліграф., гарбарна-абутковая, буд. матэрыялаў. Метрапалітэн.
У 16 ст. ўмацаванае паселішча іракезаў. У 1642 франц. місіянеры заснавалі тут гандл. калонію, якая да 1700 наз. Віль-Мары-дэ-Манрэаль. У 1-й пал. 18 ст. цэнтр гандлю футрам. У 1760 заваяваны брыг. войскамі, паводле мірнага дагавора 1763 разам з калоніяй Новая Францыя перададзены Вялікабрытаніі. У 1775—76 акупіраваны войскамі ЗША. З 1826 акіянскі порт. У 1832 атрымаў гар. правы. У 1844—49 адм. цэнтр брыг. калоніі (правінцыі) Канада, якая ўключала сучасныя кан. правінцыі Квебек і Антарыо. У 1976 у М. адбыліся XXI летнія Алімп. гульні.
У аснове плана М. (складзены ў 1672) прамавугольная сетка вуліц. Сярод ранніх арх. помнікаў: царква Бансекур (1657, перабудавана ў 1771), семінарыя Сен-Сюльпіс (1680), палац Рамзе (1705—24). Эклектычныя пабудовы 19 ст.: цэрквы Нотр-Дам (1824—29, арх. Дж.О’Донел) і Крайст-чэрч (1857, абедзве неаготыка); універмагі «Янг» і «Уотсан», царква Сен-Жорж (усе сярэдзіна 19 ст., Хопкінс, Лофард, Нелсан), сабор Сен-Жак (1875—85, арх. Ж.Мішо, В.Буржо). Найб. значныя збудаванні 20 ст.: Манрэальскі банк (1904, амер.арх. Ч.Ф.Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт), вышынны дом фірмы «Сан Лайф» (1915, арх. Ф.Дарлінг, Дж.Пірсан), Манрэальскі ун-т (1925—42, арх. Э.Карм’е), цэнтр. вакзал (1958) з комплексам вышынных дамоў («Атэль каралевы Лізаветы», арх. Уэб, Кнап), б-ка Хіксана (1960, арх. А.Дзёрнфард, Болтан, Чэдуік. Элвуд), комплексы Сусв. выстаўкі 1967 і Алімпійскі (1976, франц.арх. Р.Танбер, у сааўт. з кан. архітэктарамі). У 1960-я г. пабудаваны горад-спадарожнік М. — Грэнбі. 5 ун-таў, у т. л. Мак-Гіла, Манрэальскі, Дж.Уільямса. Б-кі: Публічная і Манрэальскага ун-та. Музеі: мастацтва (найстарэйшы ў Паўн. Амерыцы), сучаснага мастацтва, Д.Роса Мак-Корда (гісторыя Канады), замка Рамзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНСІ́ (Nancy),
горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мёрт і Мазель. Каля 110 тыс.ж., з прыгарадамі каля 300 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Мёрт і канале Марна—Рэйн. Эканам. цэнтр Латарынгскага індустр. раёна. Прам-сць: эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванне, вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла і фаянсу, абутковая, швейная, харчовая. 2 ун-ты.
Вядомы з 10 ст., у 11 ст. тут пабудаваны замак. У 1-й пал. 12 ст. горад стаў рэзідэнцыяй латарынгскіх герцагаў. У 1477 каля Н. адбылася бітва паміж войскамі герцага Рэнэ II Латарынгскага і бургундскага герцага Карла Смелага. У 16—18 ст. горад шмат разоў захоплівалі франц. войскі У 1736—66 у Н. знаходзілася рэзідэнцыя б. караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1766 канчаткова далучаны да Францыі.
Стары горад з нерэгулярнай планіроўкай размешчаны каля падножжа часткова захаванай цытадэлі. На Пд ад яго — Новы горад, забудаваны паводле рэгулярнага плана ў 17—18 ст. Абодва абнесены кальцом умацаванняў (захаваліся часткова, у т. л.гар. вароты Краф з 2 вежамі, каля 1360). Ансамбль цэнтра Н., які сфарміраваўся ў час праўлення ў Латарынгіі Станіслава Ляшчынскага, з’яўляецца прыкладам франц. горадабудаўніцтва эпохі барока (1751—66, арх. Э.Эрэ дэ Карні). У яго ўваходзяць: плошчы Станіслава I (б. Каралеўская, 1751—55, арх. Эрэ дэ Карні) з ратушай (пач. 18 ст., арх. Ж.Ламур), фантанам (арх. Б.Гібаль) і статуяй Станіслава I (1831), Альянс (1756) з фантанам у стылі ракако (арх. Р.А.Сіфле), Кар’ер з трыумфальнай аркай (1757, арх. Ламур) і Палацам урада (1715, арх. Ж.Бафран, усе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Герцагскі палац (16 ст., цяпер музей). У Новым горадзе — сабор Сен-Жульен (1703—42, арх. Ж.Бето, Ж.Ардоуэн-Мансар, Бафран), касцёл Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур (1738—41, Эрэ дэ Карні; пахавальні Станіслава Ляшчынскага і яго жонкі). Сярод інш. збудаванняў жылыя дамы 18 і пач. 20 ст. (стыль мадэрн; яго цэнтрам у Францыі быў Н.), атэль Матыньён (18 ст.), будынак т-ра (1755, арх. Эрэ дэ Карні), парк Пепіньер (1767, помнік К.Ларэну, скульпт, А.Радэн), ун-т (пач. 1960-х г., арх. П.Нане), вышынны будынак канторы «Жофр» (1962, арх. А.Пруве). У Н. музеі прыгожых мастацтваў, школы Нансі, гісторыі герцагства Латарынгскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НЫ (Athēnai),
горад, сталіца, паліт., эканам. і культ. цэнтр Грэцыі. Адм. ц. нома Атыка. Размешчаны на п-ве Атыка, непадалёку ад Эгейскага м., на раўніне, якую арашаюць Кіфісос і яе прыток Ілісос. Раўніну перасякае ланцуг вапняковых узгоркаў, асн. вяршыні якіх — Акропаль (каля 125 м) і Лікавіт (каля 275 м) — пануюць над горадам; з трох бакоў раўніна абмежавана гарамі, з чацвёртага — заліў Саранікос. Разам з прыгарадамі і г. Пірэй (аванпорт Афін на Эгейскім м.) утварае агламерацыю Вял. Афіны. 748 тыс.ж., у агламерацыі (пл. 433 км²) больш за 3,5 млн.ж. (1991). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт Элінікон. У Вял. Афінах сканцэнтравана каля 2/3прамысл. вытв-сці краіны. Асн. галіны: металургія, машынабудаванне (у т. л. суднабудаванне, аўтамабільнае), нафтаперапр., хім., цэлюлозна-папяровая, тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харч.прам-сць, турызм. Праз Аыіны праходзіць каля 70% імпарту і 40% экспарту Грэцыі. Метрапалітэн. Ун-т. Акадэмія навук.Нац.б-ка. Музеі.
Афіны — стараж. горад Грэцыі; горад-дзяржава (гл.Афіны Старажытныя). Паводле паданняў, першыя паселішчы на месцы сучасных Афін з’явіліся ў 16—13 ст. да нашай эры. З 146 (паводле інш. звестак 86) да нашай эры Афіны знаходзіліся пад уладай Рыма. З 4 ст. ўваходзілі ў склад Візант. імперыі. З 1204 сталіца Афінскага герцагства. У 1458 захоплены туркамі. З 1834 сталіца Грэцыі.
Спалучэнне выдатных помнікаў антычнасці (гал.ч. на Афінскім акропалі) з помнікамі візант. дойлідства і буйнымі раёнамі новабудоўляў надае Афінам непаўторную своеасаблівасць. Стыхійная планіроўка ант. Горада склалася да 7 ст. да нашай эры. Гіст. ядро Афін — скала Акропаля. Сярод інш. помнікаў стараж.-грэч. і рым. дойлідства: плошча Агары з храмам Гефеста, Дыпілон — гал. гарадскія вароты стараж. Афін, Дыпілонскі некропаль са скульпт. надмагіллямі 5—4 ст. да н.э, храм Зеўса Алімпійскага, тэатр Дыяніса, б-ка і арка Адрыяна, стадыён, т.зв. «Вежа вятроў», помнік Лісікрата. Да візант. эпохі належаць цэрквы 11—12 ст. Малая Мітраполія, св. Апосталаў на Агары, Капнікарэя і інш.Найб. значныя грамадскія будынкі 19 ст. ўзведзены ў стылі неакласіцызму: парламент, Нац.б-ка, ун-т, Акадэмія навук, Нац. музей і інш. Сучасныя Афіны будуюцца паводле рэгулярнага плана ва ўсіх напрамках ад цэнтр. вуліц. Сярод збудавання 20 ст.: тэатр «Алімпія», Хілтан-атэль і інш. Музеі: Нац. археалагічны, Акропаля, Агары, Візантыйскі, Нац. галерэя жывапісу, керамікі.
Літ.:
Сидорова Н.А. Афины. 2 изд. М., 1984.
Афіны.Да арт.Афіны. Царква Капнікарэя. 12 ст.Афіны. Агульны выгляд (на пярэднім плане музей Агары).Да арт.Афіны. Тэатр Дыяніса. 6—4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭВІДЭ́О (Montevideo),
горад, сталіца Уругвая, на левым беразе эстуарыя Ла-Плата. Адм. ц. дэпартамента Мантэвідэо. Засн. ў 1726 іспанцамі. 1,3 млн.ж. (1997). Гал. порт краіны ў заліве Ла-Плата. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Караска. Прам-сць: нафтаперапр., металаапр., эл.-тэхн., эм., хім., харч. (мясахаладабойная, кансервавая, мукамольная), гарбарна-абутковая, тэкст., паліграфічная. Кліматычны марскі курорт.
Да порта М. прымыкае Стары горад, пабудаваны паводле рэгулярнага плана 1724 (арх. П.Мільян, Д.Петрарка). У ім размешчана гал.пл. Канстытуцыі з саборам (1790—1804, арх. К. дэ Са-і-Фарыя, Х. дэль Поса-і-Маркі; рысы класіцызму і барока; фасад 1859—61, арх. Б.Панчыні; 1941, арх. Р.Руана) і старой ратушай (1804—08. арх. Т.Тарыб’ё; класіцызм; завершана ў 1867—69), дамы калан. перыяду з унутр. дварамі. На З ад порта — прамысл. і рабочы раён Вілья-дэль-Сера (18—19 ст.) з прамавугольнай сеткай вуліц, абмежаваных з боку заліва ўзгоркам з крэпасцю (1801—09, інж. дэль Поса-і-Маркі). Паўн.-ўсх. ўзбярэжжа заліва забудавана фешэнебельнымі дамамі, курортнымі будынкамі і атэлямі. На Пн — жылыя раёны (Уньян і інш.) Новы горад склаўся ў 19—20 ст., мае свабодную планіроўку. Найб. значныя збудаванні: т-р «Саліс» (1841—74, арх. К.Цукі, Ф.Х.Гармендыя, В.Рабю; класіцызм), будынак парламента (1908—20, арх. Я.Васкес Варэла, А.Бачыні. Г.Марэці; эклектыка), палац Сальва (1923—28, арх. М.А.Горы), у сучасных стылях — новая ратуша (1930), «Рамбла-атэль» (1931, абодва арх. М.Кравота), інж.-геад.ф-тРэсп. ун-та (1937—38, арх. Х.Віламахо), комплекс Рамбла-і-Гуаякі (1952) і будынак «Панамерыкана» ў Бусеа (1957, абодва арх. Р.Січэра Бурэ), мікрараён Касавалье (1960, арх. А.Р.Страта). Манументы: калона «Свабода» (1865—67, арх. І.Гапрагоры, скульпт. Дж.Ліві), «Праметэй прыкаваны» (1893, Х.М.Ферары), 2 помнікі Х.Х.Артыгасу (1913—23. італьян.скульпт. А.Дзанелі; 1957, арх. Х.Л.Сарылья дэ Сан-Марцін), каланістам-перасяленцам «Фургон» (1929—34) і «Дыліжанс» (1953, абодва арх. Х.Бельёні) і інш. У М. ун-ты, Нац. акадэмія. Ін-т геаграфіі і гісторыі. Нац.б-ка. Нац. кансерваторыя (з 1849), Ін-т Вердзі (з 1890), Муз. акадэмія Ф.Ліста. Музеі: Нац. пластычных мастацтваў, гістарычны, муніцыпальны прыгожых мастацтваў. Т-ры «Вікторыя», «Саліс» і інш.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Палац Сальва (злева) на плошчы Незалежнасці ў Мантэвідэо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЛЯ́НА (Ljubljana),
горад, сталіца Славеніі. Знаходзіцца ў міжгорнай Люблянскай катлавіне абапал р. Любляніца каля яе ўпадзення ў р. Сава. 276 тыс.ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (гідратурбіны, эл.-тэхніка, прыладабудаванне і інш.), тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая, дрэваапр., папяровая, фармацэўтычная, паліграфічная. Славенская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Турызм, міжнар. кірмашы, фестывалі.
У 1 ст.н.э. на месцы Л. знаходзіўся рым. лагер, потым г. Эмона (разбураны ў 5 ст.). Як славенскае паселішча вядома з 1144. У 2-й пал. 13 ст. Л. (ням. назва Лайбах) атрымала гар. правы, адм. ц. Крайны. З 1335 уладанне Габсбургаў, з 1460-х г. рэзідэнцыя епіскапа. У 15—16 ст. найбуйнейшы гандл. цэнтр на славенскіх землях. У 16 ст. тут пашырылася Рэфармацыя (П.Трубар), у 1595 засн.ун-т. З 1809 гал. горад Ілірыйскіх правінцый Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 Л. перададзена Аўстрыі. У 1821 тут праходзіў кангрэс Свяшчэннага саюза (Лайбахскі кангрэс). У 19 — пач. 20 ст. цэнтр славенскага нац.-вызв. руху. З 1918 сталіца Славеніі ў складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У крас. 1941 акупіравана войскамі Італіі, у вер. 1943 — Германіі. У маі 1945 вызвалена Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. З 1945 сталіца Славеніі.
Ад ант. часоў захаваліся рэшткі ўмацаванняў, акведука, некропаля. Гіст. ядро горада — замак Град на ўзгорку каля р. Любляніца (засн. ў 9 ст.; перабудаваны ў стылі барока ў 16—17 ст., вежа — сярэдзіна 19 ст.) і размешчаныя каля яго падножжа раёны плошчаў Старой, Гарадской і Новай. Барочная забудова моцна пашкоджана землетрасеннем 1895 (горад адноўлены і рэканструяваны ў 1-й трэці 20 ст.). Найб. значныя пабудовы: палац епіскапа (1512—1733, арх. А.Тыфернус; готыка), у стылі барока — цэрквы св. Якаба (1613—15, перабудавана ў 1701) і урсулінак (1718—26; 1744), сабор св. Мікалая (1700—07, праспект А.Поца, купал сярэдзіны 19 ст.), ратуша з аркадным унутр. дваром (1717—18, арх. Г.Мачак), палацы Швейгера (каля 1755) і Грубера (1782, арх. Д.Грубер). Пабудовы канца 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі (Оперны т-р, будынак Выканаўчага веча) і стылю мадэрн (атэль «Уньён»), У духу нац. рамантыкі пабудаваны стадыён (1930), б-ка ун-та (1936—40, абодва арх. І.Плечнік). Паводле плана рэканструкцыі 1950 узведзены будынак Нар. скупшчыны (1959, арх. В.Гланц), спарт. зала «Цівалі» (1965, арх. М.Божыч), дом друку (1960-я г.арх. Б.Коцмут), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (1963—75, арх. Э.Раўнікар). Сярод помнікаў «Фантан славенскіх рэк» (1751, скульпт. Ф.Роба), змагарам Супраціўлення (1952) і інш. У Л. музеі Нацыянальны, Нац. галерэя, Славенскі этнаграфічны, Сучасная галерэя і інш.