КУРЭ́ННЕ тытуню,

адна з найбольш распаўсюджаных шкодных прывычак чалавека — удыханне дыму тлеючага тытуню; від бытавой наркаманіі. Тытунь завезены Х.​Калумбам у Іспанію і Партугалію з Амерыкі ў канцы 15 ст.; выкарыстоўваўся як дэкар. расліна, пазней — для К. У 16 ст. распаўсюдзіўся ў Францыі (падараваны каралеве як лек. сродак паслом у Партугаліі Ж.​Ніко — адсюль «нікацін»); у Расію завезены ў пач. 17 ст. К. праследавалася ўладамі ў Англіі, Італіі, Расіі і інш. краінах. Пётр I дазволіў продаж тытуню і наклаў пошліну на карысць дзяржавы. Да сярэдзіны 19 ст. К. стала бытавой заганай.

Цвёрдая ч. тытунёвага дыму складаецца з дзёгцю і інш. пухлінагенных рэчываў, газавая мае ў сабе аксіды вугляроду, нікацін, альдэгіды, эфіры, фенолы, сінільную к-ту і інш. Вуглевадароды ў тытунёвым дыме могуць правакаваць развіццё ракавых пухлін, радыеактыўны палоній-210 садзейнічае з’яўленню хранічных бранхітаў, злаякасных пухлін лёгкіх, мачавога пузыра, страўніка, нырак і інш. Таксічнасць тытунёвых вырабаў вызначаецца колькасцю нікаціну (0,7—2,5%). Паступовае атручэнне арганізма пры К. вядзе да заўчаснага развіцця захворванняў, скарачае працягласць жыцця у сярэднім на 5—7 гадоў, зніжае фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека; тытунёвы дым шкодны для навакольных; найб. небяспечнае К. для дзяцей і падлеткаў, пры цяжарнасці. Лячэнне: псіхатэрапія і псіхапрафілактыка, медыкаментознае.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЫ раслін і жывёл,

арганічныя рэчывы, якія пры дзеянні на жывыя арганізмы выклікаюць у іх атручэнне або смерць. Выпрацоўваюцца спецыялізаванымі клеткамі ці тканкамі (залозамі) расліны або жывёлы. Вядома больш за 10 тыс. відаў ядавітых раслін і каля 5 тыс. відаў ядавітых жывёл. Дзейнасць Я. на арганізм даследуе таксікалогія.

Я. раслін адносяцца пераважна да алкалоідаў, гліказідаў, расл. мылаў (сапанінаў), арган. кіслот (сінільная, шчаўевая), смол. У большасці выпадкаў атручэнні Я. праяўляюцца млоснасцю, ірвотай. болямі ў жываце, дыярэяй. Выбіральная таксічнасць расл. Я. праяўляецца ва ўздзеянні на нерв., мышачную і дыхальную сістэмы, сэрца, страўнікава-кішачны тракт, печань або скуру. Найб. цяжкія атручэнні могуць выклікаць вял. дозы практычна кожнага расл. Я. Я. жывёл (зоатаксіны) адносяцца да розных кл. хім. злучэнняў. Змяшчаюцца ў спец. залозах ці выпрацоўваюцца ў тканках (напр., нейратаксіны бялковай прыроды і розныя ферменты ў змей, панцырных жгуціканосцаў; нейрапептыды і тэтрадаксін у рыб; таксальбуміны ў скарпіёнаў; амінакіслоты, гіялуранідаза, пептыды ў павукоў і інш.). Аснова дзеяння Я. — хім. рэакцыі з тканкавымі і клетачнымі біяхім. кампанентамі. Дзеянне Я. залежыць ад іх фізіка-хім. уласцівасцей, ад колькасці і шляхоў паступлення, відавых асаблівасцей арганізма і яго ўзросту, выбіральнай дзейнасці на пэўныя расліны і жывёлы ці сістэмы і органы. Выкарыстоўваюць для барацьбы са шкоднікамі сельскай гаспадаркі, у невял. дозах у медыцыне. Гл. таксама Атрутныя рэчывы, Курарэ, Пчаліны яд, Таксікоз, Таксіны.

т. 18, кн. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТУЛІ́ЗМ (ад лац. botulus каўбаса),

вострая атручальна-інфекцыйная хвароба з пераважным пашкоджаннем нерв. сістэмы. У чалавека выклікаецца таксінамі бактэрыі Clostridium batulinum, якія трапляюць у арганізм з няякаснымі харч. прадуктамі (мяса, рыба, кансервы і інш.). Большасць выпадкаў батулізму звязана з дамашнім кансерваваннем. Мікробы батулізму распаўсюджаны ў глебе ў выглядзе спораў, вадзе, кішэчніку рыб, у хворых жывёл і чалавека. У працэсе вегетацыі і размнажэння (пры адсутнасці кіслароду) яны ўтвараюць таксін.

Прыкметы хваробы: агульная слабасць, моцны галаўны боль, параліч мышцаў. У некаторых хворых моташнасць, ірвота, панос, сухасць слізістых рота, смага. Адначасова ці пазней назіраюцца спецыфічныя сімптомы батулізму: парушэнне зроку («туман», «мушкі», «сетка» перад вачамі), дваенне прадметаў, хворы не можа чытаць, расшырэнне зрэнкаў, апушчэнне павекаў, нерухомасць вочных яблыкаў; замінка глытання («камяк» у горле, боль пры глытанні); невыразная мова, слабы, гугнявы голас або поўная яго адсутнасць (афанія). Пры цяжкай форме батулізму — расстройства дыхання (цяжкасць і ціск у грудзях, не хапае паветра, парушэнне рытму дыхання), што можа выклікаць запаленне лёгкіх. Тэмпература цела нармальная або крыху павышаецца, свядомасць захоўваецца. Лячэнне: спецыфічная антытаксічная сываратка і антыбіётыкі, салявыя растворы з аскарбінавай кіслатой, какарбаксілазай, прамыванне страўніка і кішак. Прафілактыка: выкананне асн. санітарна-гігіенічных правілаў апрацоўкі, транспарціроўкі, захавання і прыгатавання харч. прадуктаў. У жывёл атручэнне бывае ад няякаснага корму, у якім ёсць таксін палачкі батулінусу. Крыніца інфекцыі — глеба, а таксама трупы звяркоў (кратоў, мышэй, пацукоў). Асн. сімптомы — параліч мускулатуры, пераважна жавальнага і глытальнага апаратаў. Часцей атручваюцца коні, птушкі, радзей буйн. раг. жывёла і свінні, з пушных звяроў — норкі. Інкубацыйны перыяд 24 гадз — 10—12 дзён. Хвароба цягнецца 1—5, радзей 5—10 дзён. Лек. сродкі: слабіцельныя і полівалентныя сывараткі, прамыванне страўніка растворам марганцавакіслага калію, содай.

П.​Л.​Новікаў.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)