Атручэнне 1/564—565; 2/183; 4/50; 5/441; 8/580; 10/207; 11/524

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУЧЭ́ННЕ,

захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).

Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві

Г.​Г.​Шанько.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Атручэнне рэактара 1/554, 565

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Атручэнне кармавое 1/565; 2/34; 8/630

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДДТ, дыхлордыфенілтрыхлорэтан,

хімічны прэпарат для барацьбы са шкоднымі насякомымі (інсектыцыд). Шырока выкарыстоўваўся ў 1940—60-я г. ў многіх краінах свету. Устойлівае злучэнне, якое здольна назапашвацца ў навакольным асяроддзі, забруджваць яго і парушаць біял. раўнавагу ў прыродзе; небяспечнае для чалавека і жывёл (выклікае хранічнае атручэнне). Забаронены (на Беларусі — з 1970).

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Таксікоз 10/207, гл. Атручэнне, Таксікозы цяжарнасці

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРКІНСАНІ́ЗМ,

сіндром, які характарызуецца спалучэннем гіпакінезіі (парушэнне рухаў), рыгіднасці і дрыжання ў спакоі. Назва ад імя англ. ўрача Дж.​Паркінсана. Абумоўлены пашкоджаннем падкоркавых вузлоў галаўнога мозга (базальных ядраў, чорнага рэчыва). Асн. праява самаст. захворвання — Паркінсона хваробы. Бывае вынікам атэрасклерозу сасудаў галаўнога мозга, эпідэмічнага энцэфаліту, пухлін ц. н. с.; зрэдку ад таксічных пашкоджанняў галаўнога мозга (напр., атручэнне ртуццю, марганцам). Пры П. назіраецца зніжэнне агульнай рухальнай актыўнасці, твар хворага маскападобны, дрыжанне пераважна ў спакоі, трафічныя змены скуры, павышанае сліна- і потавыдзяленне. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМАКА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,

гібель азімых культур ад парушэння дыхання пры застоі вады на паверхні глебы. У кліматычных умовах Беларусі найчасцей бывае ўвосень і вясной, радзей пры працяглых адлігах зімой, на слабаводапранікальных глебах у паніжаных месцах, летам пры вял. колькасці ападкаў і выхадзе рэк з берагоў. Залітыя вадой расліны жаўцеюць, назапашваюць у клетках этылавы спірт і інш. рэчывы, якія выклікаюць іх атручэнне і гібель. З азімых культур найчасцей вымакае жыта. Меры барацьбы: вырошчванне ўстойлівых да вымакання сартоў, добрая апрацоўка глебы, ранняя падкормка раслін мінер. ўгнаеннямі і інш. агратэхн. мерапрыемствы.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎЦЕВЫ ГРЫБ, воўчы грыб (Tylopilus felleus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі расце ў лясах. Вельмі падобны да баравіка, адрозніваецца ружовым колерам гіменафора і горкім смакам мякаці. Неядомы. можа выклікаць атручэнне. Выкарыстоўваецца як жаўцягонны сродак (адсюль назва).

Шапка дыям. 3—8 см, пукатая, сухая, бураватая або бурая. Мякаць мяккая, белая, на зломе ружовая, без асаблівага паху. Гіменафор прырослы або выемчаты, трубачкі белыя, потым брудна-шаравата-ружовыя. Ножка падоўжана-клубнепадобная або цыліндрычная, суцэльная, уверсе з яўна бачным чорна-бурым сеткавым малюнкам. Споры верацёнападобнападоўжаныя, гладкія, светла-ружавата-бураватыя.

Жоўцевы грыб.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́Я АТРУЧЭ́ННІ,

захворванні жывёл, што ўзнікаюць у выніку прыёму няправільна падрыхтаваных або недабраякасных кармоў ці парушэння норм кармлення жывёл. Выклікаюцца хім. ядамі, што ўтвараюцца ў кармах пры іх няправільным прыгатаванні або захоўванні. К.а. выклікаюць кармы, пашкоджаныя таксікаінфекцыяй, напр. батулізмам або таксічнымі грыбамі (фузарыятаксікоз, стахібатрыятаксікоз і інш.), ядамі сінт. паходжання (карбамід або вял. доза бялкова-вітамінна-мінер. дабавак, рэшткі пестыцыдаў і нітратаў пры захоўванні іх у кармах звыш дапушчальных нарматываў). К.а. выклікае таксама парушэнне рэжыму кармлення, напр. рэзкі пераход на інш. кармы, на пашавае або стойлавае ўтрыманне жывёл, залішняе кармленне галодных жывёл. Гл. таксама Атручэнне.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)