вёска ў Маласавінскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Расасенка. Цэнтр калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Дуброўна, 109 км ад Віцебска, 25 км ад чыг. ст.Асінаўка. 287 ж., 106 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Вядома з 16 ст. як уладанне Глябовічаў у Аршанскім пав.ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскага, потым Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897 у мястэчку 1023 ж., 167 двароў, царк.-прыходская школа, 2 драўляныя царквы, яўр. малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, млын, 3 кузні, 7 крам, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Дубровенскага р-на Аршанскай акр., 1071 ж., 184 двары. У 1940 вёска, 1800 ж., 345 двароў. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ў кастр. 1943 спалілі вёску, загубілі 343 яе жыхары. З 1960 у Маласавінскім с/с. У 1962—65 у Аршанскім р-не. У 1963—290 ж., 102 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНА,
горад, цэнтр Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Дняпро, пры ўпадзенні ў яго рэк Дубровенка і Свінка. За 107 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст.Асінаўка на лініі Орша—Смаленск; аўтадарогамі злучаны з Оршай і Горкамі. 9,7 тыс.ж. (1997).
Ў пач. 16 ст. Д. — цэнтр буйной воласці на мяжы Віцебскага і Смаленскага ваяв. Ў розны час належала Глябовічам, Сапегам, А.Д.Меншыкаву, Р.А.Пацёмкіну, Любамірскім. У 16—18 ст. у Д. існаваў Дубровенскі замак. З 1772 Д. ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — у Аршанскім пав. Магілёўскага намесніцтва. Дзейнічалі 4 правасл. царквы, бернардзінскі кляштар з касцёлам, сінагога, паштовы дом. У 1784 пабудавана 1-я ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка. У 1785—97 тут існаваў Дубровенскі піярскі калегіум. З 1861 цэнтр воласці Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897—7974 ж. З 1924 раённы цэнтр, з 3.7.1925 горад. 9,9 тыс.ж. (1939). З 16.7.1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Д. і раёне 14 110 чалавек. 4,9 тыс.ж. (1959). У 1962—65 Д. ў Аршанскім р-не.
Прадпрыемствы харч., лёгкай, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы супрацоўнікаў міліцыі, сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, Г.А.Нікандравай. Помнікі архітэктуры: кляштар бернардзінцаў (пач. 19 ст.), Пакроўская царква (1-я пал. 19 ст.). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Дубровенская кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Палесся. Займае ПдЗтэр. Брэсцкай вобл. Мяжуе на Пн з Прыбугскай раўнінай, на Пд — з Валынскім узв.; працягнулася з З ад даліны р.Зах. Буг на У да Загароддзя на 110 км. З Пн на Пд прасціраецца на 60—70 км. Абс. вышыні рэльефу вагаюцца ад 130 м у даліне Зах. Буга да 189 каля г. Маларыта. Пл. 5,9 тыс.км².
Брэсцкае Палессе прымеркавана да ўсх. часткі Падляска-Брэсцкай упадзіны і прылеглых да яе з Пд Лукаўска-Ратнаўскага горста і Дзівінскай ступені. У тоўшчы антрапагену развіты ледавіковыя адклады нараўскага, бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, брэсцкага перадледавікоўя, міжледавіковыя белавежскія, александрыйскія і муравінскія, а таксама галацэнавыя. Сярэдняя магутнасць іх 10—50 м, у ледавіковых лагчынах да 110 м. Асн. рысы паверхні аформіліся ў час дняпроўскага зледзянення. Пераважае плоскі і спадзіста-хвалісты рэльеф водна-ледавіковых нізін і раўнін з забалочанымі ўчасткамі азёрна-алювіяльнай нізіны на адзнаках 140—150 м з адноснымі перавышэннямі 2—10 м. Паверхня нахілена на З, да месца зліцця Мухаўца і Зах. Буга. Невысокія насыпныя і напорныя грады і ўзгоркі цягнуцца на Пд Брэсцкага Палесся — ад Зах. Буга да в. Олтуш Маларыцкага р-на і г. Маларыта. Абс. адзнакі тут 175—189 м, адносныя дасягаюць 25 м. На павышаных водападзелах развіты эолавы рэльеф (дзюны, грады, масівы), у лагчынах, арыентаваных пераважна з ПнЗ на ПдУ, забалочаныя стараж. і сучасныя азёрныя катлавіны, у т. л. карставыя. Трапляюцца ўчасткі марэннага рэльефу. Шмат скразных далін. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны, жвір, пясок, мел, сапрапель. Гал. рэкі: Зах. Буг з прытокамі справа Мухавец, Спанаўка, Капаёўка, Серадовая Рэчка, левыя прытокі Мухаўца Рыта і Асінаўка. У Брэсцкім Палессі зах.ч. Дняпроўска-Бугскага канала, шматлікія меліярац. каналы. Значныя азёры: Арэхаўскае, Олтушскае, Белае, Любань, Рагазнянскае, Чорнае, вадасх. Лукаўскае. Сярэдняя т-растудз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C, ападкаў 548 мм за год. Глебы тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і дзярнова-карбанатныя. Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Лясы займаюць 10—20%, на Пд да 40% тэрыторыі. У межах Брэсцкага Палесся заказнікі бат.Радастаўскі і біял. Селяхі.