Моцнае ўздзеянне на сучасную архітэктуру зрабіў постмадэрнізм, у якім знайшло ўвасабленне спалучэнне рэалістычнага і авангарднага кірункаў. Першы звязаны з развіццём нац. традыцый, аснова другога — рэтраспектывізм. Новыя аб’екты набылі больш выразныя сілуэтныя кампазіцыі. Як сродак маст. выразнасці важную ролю адыгрываюць колер і святло. Паскоранымі тэмпамі ішло фарміраванне агульнагарадскіх цэнтраў. Поліцэнтрычную структуру набылі Пінск, Полацк і Наваполацк. Іх развіццё прадугледжвае выхад іх да водна-зялёных зон і лясных масіваў. У вялікіх гарадах большая ўвага аддаецца захаванню гіст. забудовы. У шэрагу выпадкаў гіст. цэнтры ператвораны ў пешаходныя зоны (Пінск, Ліда). Пры гэтым новыя транспартныя лініі фарміруюцца ў абыход гар. ядра. У 1990-я г. пачала мяняцца горадабудаўнічая канцэпцыя. Калі папярэднія генпланы гарадоў арыентаваліся на высакашчыльную шматпавярховую забудову жылых раёнаў, то новая стратэгія прадугледжвае і індывідуальнае малапавярховае буд-ва (Мінск). Атрымала развіццё ідэя захавання прыродна-ландшафтных зон, асабліва каля водных зон ці сістэм (Лошыцкая і Сляпянская сістэмы, зялёныя зоны вакол рэк Свіслач, Вяча, Волма, Пціч і інш.). Далейшае развіццё гарадоў патрабавала стварэння новых транспартна-камунікацыйных восей і вузлоў, якія мелі на мэце аб’яднанне цэнтральных і перыферыйных раёнаў горада планіровачным каркасам. Змяніўся характар забудовы жылых раёнаў. Калі ў 1970—80-я г. будынкі былі дакладна скаардынаваны з магістральнымі вуліцамі (размяшчаліся ўздоўж іх ці тарцовым бокам), то ў 1990-я г. іх узводзяць пад розным вуглом адносна вуліц. Пашырэнне атрымалі спартыўныя збудаванні, банкаўскія комплексы, маст. выразнасць якіх дасягаецца і канструкцыяй, і выкарыстаннем сучасных матэрыялаў. У такіх пабудовах падкрэсліваецца структура нясучых элементаў, вонкавыя сцены маюць частковае і суцэльнае шкленне: аўтавакзал «Маскоўскі» (арх. М.Навумаў, інж. Л.Валчэцкі), новы чыгуначны вакзал (В.Крамарэнка, М.Вінаградаў, І.Вінаградаў) у Мінску; лядовыя палацы ў Мінску (арх. Ю.Патапаў, І.Боўт, А.Шафрановіч), Віцебску (арх. І.Боўт, А.Шафрановіч), Гродне (арх. М.Жучко, У.Еўдакімаў, А.Пархута, А.Тараненка), Гомелі (арх. І.Боўт, С.Міцько з удзелам Л.Смольскай, Н.Шамелавай, А.Грачова); будынкі Мінсккомплексбанка, Масбізнесбанка ў Мінску (абодва арх. А.Вараб’ёў), банкі па вул. Міцкевіча ў Гродне (арх. Н.Чуйко, М.Жучко, А.Тараненка), у г. Шчучын (арх. А.Штэн, Э.Марцінчык, С.Мужэйка, Т.Чорная) і інш. Тэндэнцыі постмадэрнізму яскрава адбіліся на грамадскай і жыллёвай архітэктуры. Ускладнілася аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, якая найчасцей грунтуецца на прынцыпе блакіроўкі аб’ёмаў розных маштабаў і форм: паліклініка па праспекце Машэрава (арх. В.Крусь), рэканструяваны будынак ЦУМа (арх. С.Неўмывакін, В.Счыслёнак, І.Бялешчанка), жылыя дамы на скрыжаванні вуліц М.Багдановіча і Някрасава (арх. Э.Левіна), па вул. Грыбаедава (арх. Д.Сакалоў, А.Чадовіч) у Мінску; па вул. Кірава ў Брэсце (арх. У.Чайкоўскі, А.Чайкоўская) і інш. Атрымалі распаўсюджанне вежавыя формы: ЗАГС Кастрычніцкага раёна (арх. А.Цэйтлін, А.Трусаў), жылыя дамы на скрыжаванні вуліц Л.Бяды і Някрасава (арх. Л.Маскалевіч), па вул. Варвашэні (арх. В.Галкоўскі, Т.Лабінская) у Мінску; дзіцячы парк па вул. З.Касмадзям’янскай у Пінску (арх. А.Васіленка), катэджы ў Бараўлянах, Гарадзішчы пад Мінскам. Для ўзмацнення маст.-эстэтычнай выразнасці ў новых пабудовах выкарыстоўваюцца гіст.-арх. элементы, разлічаныя на дэкар. эфект: зубчастыя ці крывалінейныя завяршэнні сцен (замежны гандлёвы дом «Кантыненталь» у Брэсце, арх. В.Кескевіч, Ю.Прудзялюк), паўцыркульныя нішы і аконныя праёмы, трохвугольныя ці фігурныя франтоны з матывамі барока, арачныя галерэі, дэкар. калоны, рызаліты і інш. У сучаснай архітэктуры маюць месца матывы мадэрна (крывалінейныя формы ў спалучэнні з двухсхільнымі дахамі, мансардныя надбудовы): праект карчмы для музейна-вытворчага комплексу «Дудуткі» (у Пухавіцкім р-не; арх. А.Базевіч, С.Сергачоў), індывідуальны чатырохпакаёвы жылы дом (арх. В.Кескевіч), жылыя дамы па вул. Леваноўскага (арх. А.Янушка) у Брэсце, на Лагойскім тракце ў Мінску (арх. П.Кракалёў, Л.Карначык).
Найб. яскрава рэтраспектыўная тэндэнцыя ў сучаснай архітэктуры выявілася ў культавым дойлідстве. Пра распаўсюджанне ў сакральным дойлідстве гатычных матываў сведчаць буйнамаштабныя формы базілікальных храмаў са сціплым выкарыстаннем дэкар. элементаў, шчытавыя дахі, вузкія выцягнутыя вокны стральчатых абрысаў, контрфорсы (касцёл і праваслаўная царква ў Мастах, касцёл Узвіжання Святога Крыжа ў Светлагорску). У праваслаўнай царкоўнай архітэктуры знайшлі адлюстраванне візантыйскія і руска-візантыйскія матывы. Кампактныя крыжова-купальныя ў плане пабудовы маюць характэрнае закамарнае перакрыццё; сферычны, шлемападобны ці цыбулепадобны купал на высокім цыліндрычным барабане з шэрагам вузкіх аконных праёмаў (храмы Успення Прасвятой Багародзіцы ў Маладзечне, у імя Прападобнай Ефрасінні княжны Полацкай у Мінску; цэрквы Серафіма-Сароўская ў г. Белаазерск, Святога Пакутніка Валянціна ў в. Наваспаск Смаргонскага раёна і інш.). Часам для аздаблення выкарыстоўваліся какошнікі (капліца па вул. Карастаянавай у Мінску). На аснове пераасэнсавання традыцый дойлідства ў новых пабудовах знайшло адлюстраванне ўзаемадзеянне гіст. і сучаснага (аднаўленне будынка ратушы ў Мінску, 2002). Адной з істотных заканамернасцей архітэктуры стала рэтраспектыўная тэндэнцыя, што была вынікам постмадэрнізму. Аднак пэўнай стылістычнай накіраванасці 1990-я — пач. 2000-х г. не прынеслі. Для архітэктуры гэтага перыяду характэрна адраджэнне гіст. і нац. традыцый. Вынікам пошукаў выразнасці стала своеасаблівая шматстылёвасць архітэктуры.
Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо ў Мінску. Фрагмент.Замежны гандлёвы дом «Кантыненталь» у Брэсце. 1995—97.Ратуша ў Мінску. Фота 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 1960 — пач. 1990-х гадоў.
У архітэктуры найбольшае развіццё атрымала тыпавое праектаванне, якое ажыццяўлялася ў межах пануючага кірунку функцыяналізму. Другім шляхам стаў зварот да нац. спадчыны, дасягненняў сусветнага дойлідства. Замацаванню наватарскіх рыс садзейнічала тэхніка, з дапамогай якой выпрацоўваліся новыя архітэктурна-будаўнічыя прыёмы. Адной з характэрных рыс архітэктуры 1960—70-х г. стаў яе кірунак на комплекснае ансамблевае буд-ва. Мастацкая выразнасць новых арх. кампазіцый забяспечвалася адпаведным размяшчэннем грамадскіх будынкаў, якія акцэнтавалі горадабудаўнічае значэнне пэўнага раёна, стылістычным адзінствам і аб’ёмна-прасторавым вырашэннем ансамбляў, добраўпарадкаваннем галоўных плошчаў, магістралей і іншых гарадскіх вузлоў. Пачаўся адыход ад традыцыйных горадабудаўнічых вырашэнняў, у аснове якіх ляжала супрацьпастаўленне цэнтраў ускраінам. Пры праектаванні і буд-ве архітэктары пачалі звяртацца да нац. традыцый, што ўзбагаціла вобразную выразнасць пабудоў. Нар. традыцыі з найбольшай паўнатой захаваліся ў сельскай архітэктуры. Невялікія памеры сельскіх населеных месцаў, аддаленасць ад гарадоў сталі ўмовай захавання і развіцця нар. асаблівасцей дойлідства. Гэтаму спрыялі культурна-быт. традыцыі і спецыфіка жыццядзейнасці насельніцтва. Блізкасць да прыроды як спецыфічная асаблівасць бел. вёскі паўплывала на вырашэнне аб’ёмна-прасторавых кампазіцый пабудоў, больш арганічнай стала сувязь з наваколлем. Узнімаліся праблемы сувязі арх. і прыродна-ландшафтнага асяроддзя, добраўпарадкавання і азелянення тэрыторый. У выніку асноўным падыходам да арганізацыі горадабудаўнічых комплексаў стала ансамблевае буд-ва, якое ажыццяўлялася разнастайнымі арх. метадамі: гібкасцю і дынамічнасцю кампазіцый, сінтэзам арх. і прыроднага асяроддзя, сувяззю пабудоў з гіст. асяродкам, кантрастам форм і кампазіцый пабудоў, разнастайнасцю тыпаў будынкаў і інш. Адным з фактараў фарміравання арх.-маст. вобраза стаў колер і звязаны з ім маст. сінтэз, а ў якасці сродкаў арганізацыі арх.-маст. кампазіцый — маштаб, прапорцыі і рытм. У шэрагу выпадкаў ролю структурных адзінак, якія фарміруюць арх.-маст. аблічча, узялі на сабе функцыянальныя і канструкцыйныя элементы — балконы, лоджыі, галерэі, эркеры і інш. Усё адзначанае ва ўзаемадзеянні спрыяла станаўленню спецыфічнага маст. аблічча архітэктуры 1960 — пач. 1990-х г. У горадабудаўніцтве 1960—70-х г. асаблівая ўвага звярталася на сістэму развіцця грамадскіх цэнтраў. У вялікіх гарадах фарміравалася поліцэнтрычная лінейна-восевая кампазіцыя з зорчатай структурай, якая складвалася на аснове планіроўкі радыяльна-кальцавой (Мінск, Віцебск, Гомель), ці веернай, што развівалася на базе існуючай асіметрычнай кампазіцыі цэнтра (Брэст, Пінск). У 1980-я г. ў буйных гарадах складвалася разгалінаваная шматвузлавая поліцэнтрычная структура грамадскіх цэнтраў. Напр., у Віцебску цэнтр развіваўся за кошт асваення пешаходных прыбярэжных тэр.р.Зах. Дзвіна, цэнтр Магілёва фарміраваўся ўздоўж другога кампазіцыйнага дыяметра — праспекта Міру. Грамадскі цэнтр з’яўляўся ядром у фарміраванні кампазіцый бел. пасёлкаў і ў канцэнтраваным выглядзе адлюстроўваў арх. спецыфіку населенага месца. Аблічча сельскага грамадскага цэнтра заснавана на творчым развіцці традыцый нар. дойлідства ў спалучэнні з наватарскімі пошукамі. Кампазіцыя грамадскага цэнтра, што звычайна складалася з некалькіх элементаў, размяшчалася на азялененай тэрыторыі ці каля вадаёма, вырашалася шматфасадна і стылістычна працягвалася ў забудове прылеглых тэрыторый грамадскімі і жылымі будынкамі (вёскі Акцябрская Віцебскага, Верцялішкі Гродзенскага, Зашыр’е Ельскага, Новы Двор Шчучынскага р-наў і інш.).
У гіст. раёнах гарадоў фарміраваліся пешаходныя зоны. Упершыню пешаходная зона створана ў г. Ліда, пазней — у Гродне і Брэсце; у Мінску такая зона сфарміравана ўздоўж праспекта Машэрава. Увага пры арганізацыі такіх зон аддавалася пры развіцці агульнагарадскіх цэнтраў у Баранавічах, Барысаве, Бабруйску, Маладзечне, Мазыры, Оршы. Маст. выразнасць дасягалася ў выніку добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі з уключэннем архітэктуры малых форм і дэкар. скульптурных кампазіцый. Планіровачная структура гарадоў узбуйнялася шляхам фарміравання новых раёнаў, працягвалася забудова і мікрараёнамі. Новыя раёны фарміраваліся каля водна-зялёных зон ці буйных гар. магістралей. Кампазіцыйным дыяметрам сталі водна-зялёныя зоны ў асобных раёнах Мінска (Серабранка, Чыжоўка), Гомеля (Валатава), Магілёва, Віцебска, Гродна, Брэста. У межах буйных гарадскіх магістралей ствараліся раёны Усход, Серабранка, Чыжоўка, Захад у Мінску і інш. Забудова новых раёнаў вялася з максімальным выкарыстаннем рэльефу і навакольных лясных масіваў. Іх маст. і дэкар. выразнасць дасягаецца пры дапамозе будынкаў рознага тыпу (прамавугольных і крывалінейных у плане, вышынных вежавага тыпу і інш.), якія кантрастуюць паміж сабой і ўтвараюць рытмічнае чаргаванне, дынамічныя ансамблевыя кампазіцыі. Рознае канструкцыйнае вырашэнне набылі жылыя дамы. Забудова вялася з выкарыстаннем маналітных, буйнапанэльных, цагляных і аб’ёмна-блочных дамоў. У 1980 — пач. 90-х г. гарады развіваліся за кошт асваення прылеглых тэрыторый (Кунцаўшчына, Зялёны Луг 6, 7, Уручча, Ангарская 3, 4, Серабранка ў Мінску, Перасёлка 3, Фарты 2, Румлёва ў Гродне; Поўдзень 5, 6, 7 у Віцебску, мікрараёны №11 і 12 у Гомелі і інш.). На прынцыпах будаўніцтва адбіўся ўлік прыродна-ландшафтнага фактару. Узгорысты рэльеф з перападамі адводзілі пад вышыннае будаўніцтва, тэрыторыі з раўнінным рэльефам забудоўвалі гарызантальна выцягнутымі дамамі. Новыя раёны гар. забудовы нярэдка фарміраваліся ўздоўж буйных магістральных вуліц з улікам трансп. сувязей. Паступова ўзбуйняўся маштаб забудовы. У розных раёнах Мінска ўзводзілі жылыя дамы на 9—20 паверхаў: у жылых раёнах Усход 1 (арх. Г.Сысоеў, І.Жураўлёў, І.Папова), Усход 2 (арх.
Г.Сысоеў, А.Белаконь, Н.Грачова), інтэрнат ΡΤ1 па вул. Першамайскай (арх. А.Беразоўскі, Ю.Грыгор’еў), дамы з магазінамі «Трыкатаж» па вул. Першамайскай (арх. Э.Святлова), «Несцерка» па вул. М.Багдановіча (арх. Л.Маскалевіч, Г.Ласкавая), у мікрараёне Сярова 1 (арх. К.Сакалова, Л.Мартынаў, У.Крывашэеў, А.Сабалеўскі і інш.) і інш. Часам яны ўяўляюць сабой каскады аб’ёмаў розных вышынь: комплекс жылых будынкаў у мікрараёне Усход 3 у Брэсце (арх. В.Арсеньеў, В.Гапіенка, А.Ляшук). Жылыя дамы з убудаванай выставачнай залай па праспекце Леніна ў Гомелі (арх. С.Пеўны), па вул. Першамайскай у Магілёве (арх. Я.Бранцаў, Ю.Іўжанка), 300-кватэрны ў Барысаве (арх. А.Нікіцін, А.Федарэнкаў) і інш. Значнае пашырэнне атрымалі класічная прамавугольная ў плане кампазіцыя, строгасць, сіметрыя ў аб’ёмна-прасторавым вырашэнні (будынкі абкомаў КПБ у Магілёве, Брэсце, Гомелі; гаркома КПБ, Палаца культуры чыгуначнікаў у Мінску, тэатра драмы і камедыі ў Бабруйску, жылыя дамы па вул. Леніна ў Віцебску, па вул. Першамайскай у Магілёве). У асобных выпадках выкарыстоўваецца пірамідальная ці складаная асіметрычная кампазіцыя: корпус №15 БПІ (арх. І.Есьман, В.Анікін), ін-т меліярацыі і воднай гаспадаркі па вул. М.Багдановіча (арх. П.Кракалёў) у Мінску; жылыя дамы па бульвары Касманаўтаў у Брэсце (арх. А.Казюкоў, Г.Будзько, І.Карват, Р.Шылай); комплекс жылых дамоў на набярэжнай р.Зах. Дзвіна ў Наваполацку (арх. Л.Краўчыня).
Буд-ва культурна-асветных устаноў вялося пераважна паводле тыпавых праектаў. Маст. выразнасць будынкаў дасягалася сістэмай аздаблення фасадаў. Пры ўзвядзенні грамадскіх пабудоў часта выкарыстоўваліся класіцыстычныя парталы: Палацы культуры Мінпрамбуда Беларусі (арх. А.Тэн, С.Неўмывакін, С.Кожар), Рэспублікі (кіраўнік праекта М.Пірагоў, арх. В.Данілаў, Л.Зданевіч, А.Шабалін, канструктары Я.Уласаў, А.Яршова) у Мінску. Выкарыстоўваліся таксама скульптурныя кампазіцыі (абл.драм. тэатр у Гродне, арх. Г.Мачульскі), дэкар. нішы (інфармацыйна-вылічальны цэнтр Мінжылкамгаса ў Магілёве, арх. М.Янчык), арнаментальныя дэкар. паясы (сталовая завода «Калібр» у Мінску, арх. А.Крутава), розныя віды аздаблення шкла з рэльефнай і гладкай паверхняй (школа па навучанні замежных спецыялістаў у Мінску, арх. А.Зензін). Аднак у большасці выпадкаў маст.-эстэтычны акцэнт робіцца на аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і канструкцыйныя асаблівасці. Блакіроўка аб’ёмаў розных вышынь, адсутнасць чыста дэкар. элементаў у аздабленні, правільныя геаметрычныя формы сведчаць пра наяўнасць рыс канструктывізму ў грамадзянскім дойлідстве: будынкі канцэртнай залы «Мінск» (арх. Л.Патапаў, Ю.Кустоў, Л.Кустова, А.Чадовіч), рэсп. Дома тэхнічнай творчасці (арх. У.Даніленка, А.Зензін, М.Навумаў) у Мінску, гасцініц «Гродна» ў Гродне (арх. Ю.Патапаў, В.Папоў, У.Еўдакімаў, Ю.Раманаў) і «Маладзечна» ў Маладзечне (арх. У.Крывашэеў) і інш. У гандлёвых, гасцінічных і спартыўных збудаваннях маст. выразнасць дасягалася канструкцыйным вырашэннем: у Мінску — Палац тэніса (арх. С.Баткоўскі, Л.Гельфанд), крыты каток у дзіцячым парку імя М.Горкага (арх. Ю.Грыгор’еў, В.Бабашкін, В.Гразноў), гасцініца «Турыст» (арх. Л.Пагарэлаў), выставачны цэнтр «БелЭкспа» на праспекце Машэрава (арх. Л.Маскалевіч, Г.Ласкавая, Г.Федасенка, В.Капылоў), крыты рынак «Камароўскі» (арх. В.Аладаў, А.Жалдакоў, М.Ткачук, У.Крывашэеў), універсамы «Рыга» (арх. Я.Дзятлаў, А.Жалдакоў), «Талін» (арх. А.Жалдакоў, Р.Яўменаў, Ф.Пархімовіч), комплекс аўтавакзала «Усходні» (арх. Л.Пагарэлаў, Л.Кустова, В.Ягадніцкі); комплекс міжнар. маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» на Заслаўскім вадасх. (арх. Ю.Шпіт, Э.Вішнеўская), аэравакзалы ў Гродне (арх. У.Еўдакімаў, Л.Маскалевіч, М.Куняўскі, В.Васілюк, В.Чубіч) і Брэсце (арх. В.Арсеньеў, А.Ляшук, В.Кескевіч, Р.Шылай, В.Гапіенка). У жыллёвым будаўніцтве індывідуальнае вырашэнне набылі асобныя арх. элементы — балконы, лоджыі, парапеты, а таксама аздабленне панэлей (комплекс Дома быту і ін-та «Белбыттэхпраект» у Мінску, жылыя дамы па вул. Мічурына ў Брэсце, Першамайскай у Магілёве і інш.). Архітэктурная выразнасць дасягалася за кошт уключэння твораў манум.-выяўл. і дэкар. характару (мазаічныя кампазіцыі ў тарцовых частках вышынных будынкаў у жылым раёне Усход 1 у Мінску, дэкар. кампазіцыі манум. жывапісу жылых дамоў на набярэжнай р.Зах. Дзвіна ў Наваполацку). У аздабленні выкарыстоўваліся таксама вітражы (тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску). У жыллёвым буд-ве пашырэнне набыў колер у афармленні тарцоў, элементаў балконаў, лоджый (інтэрнат РТІ па вул. Я.Коласа, жылыя дамы ў мікрараёне Сярова 1 у Мінску, на бульвары Касманаўтаў у Брэсце). На працэс форма- і стылеўтварэння паўплываў гіст. фактар. Пераасэнсаванне гіст. і нар. традыцый выявілася ў забудове новых гар. раёнаў. Сучасную інтэрпрэтацыю атрымалі формы і прынцыпы функцыяналізму і канструктывізму. У пач. 1990-х г.архітэктура знаходзілася пад уплывам постмадэрнізму; пашыраны пірамідальная ці асіметрычная планіроўка аб’ёмаў, выкарыстанне ў канструкцыях пабудоў грамадскага і жыллёвага прызначэння вежавых форм, адсутнасць чыста дэкар. аздаблення фасадаў. Нацыянальныя рысы ўвасобіліся пераважна ў сельскай архітэктуры. Аблічча сельскіх пабудоў у многім вызначылі традыцыйныя мясц. матэрыялы (дрэва, прыродны камень, цэгла): комплекс прадпрыемства быт. абслугоўвання ў в. Блонь Пухавіцкага, аднакватэрныя жылыя дамы ў пас. Жамчужны Баранавіцкага, в. Сухары Магілёўскага р-наў. Разнастайнасць тыпаў і канструкцый пабудоў дазволіла стварыць індывідуальны маст. вобраз архітэктуры пасёлкаў. Падтрыманню адзінай стылістычнай лініі пры захаванні нац. каларыту спрыяла дэкар. аздабленне фасадаў з выкарыстаннем традыцыйнага арнаменту (жылыя дамы па вул. Юбілейнай у в. Верцялішкі Гродзенскага, блакіраваныя з кватэрамі ў двух узроўнях у в. Сноў Нясвіжскага, сядзібны мансарднага тыпу ў в. Нявелічы Дзяржынскага р-наў і інш.). Перавага нар. і нац. традыцый над наватарскімі пошукамі стала характэрнай асаблівасцю сельскага буд-ва.
Выгляд Мінска ў раёне праспекта Машэрава.Корпус № 15 Беларускага політэхнічнага інстытута. 1976—83.Кастрычніцкая плошча ў Мінску. Фота 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА КАНЦА 16 — СЯРЭДЗІНЫ 18 ст.
У гэты перыяд на Беларусі, як і ў многіх краінах Еўропы, быў пашыраны стыль барока. У храмавым дойлідстве ён звязаны з эпохай контррэфармацыі і новым часам. На Беларусі барока бярэ пачатак ад касцёла езуітаў у Нясвіжы (1587—93, арх. Дж.М.Бернардоні, купал — Дж.Брызіо). Узорам для яго паслужыў касцёл Іль Джэзу (Ісуса) у Рыме, толькі ў нясвіжскім касцёле бакавыя нефы не падзелены на асобныя капліцы, што, магчыма, тлумачыцца яго прыходскімі функцыямі і густам М.К.Радзівіла. Касцёл — першы ў Рэчы Паспалітай 3-нефавы крыжова-купальны храм з трансептам. Пазней у стылі барока пабудаваны касцёл св. Казіміра (1604—18, арх. Дж.М.Бернардоні і Я.Франкевіч), Святадухаўская царква (каля 1638) у Вільні, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на (сярэдзіна 17 ст.), касцёлы езуітаў у Брэсце (сярэдзіна 17 ст.), Гродне (1678—1705) і Полацку (закончаны ў 1745). На працягу 17—18 ст.найб. пашыранай была 3-нефавая базіліка: касцёлы бернардзінцаў у Нясвіжы (1598), Гродне (1602—18); францысканцаў у Гродне (апошняя чвэрць 17 ст.); Петрапаўлаўская царква ў Мінску (1620-я г.), касцёлы езуітаў у Магілёве, Мінску (абодва пач. 18 ст.), в. Юравічы Калінкавіцкага р-на (1755), бернардзінак у Мінску (1642) і інш. Каталіцкія ордэны арыентаваліся пераважна на ўзоры рымскіх храмаў, пры якіх знаходзіліся рэзідэнцыі генералаў іх ордэнаў. У адрозненне ад вышынных касцёлаў Польшчы прапорцыі езуіцкіх касцёлаў Беларусі набліжаны да рымскіх. Структура бакавых нефаў касцёла Іль Джэзу паўторана ў касцёлах дамініканцаў у Стоўбцах (1621—42, арх. К.Тэнкала) і францысканцаў у Пінску (1705—21). У перыяд станаўлення барока (1-я пал. 17 ст.) многія храмы адзначаны спалучэннем рэнесансавых рыс з гатычнымі. Дж.М.Бернардоні адначасова з езуіцкім касцёлам у Нясвіжы ў традыцыйных гатычна-рэнесансных формах пабудаваў касцёлы фарны ў Гродне (1584—87), у в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на (пасля 1588), бенедыкцінак у Нясвіжы (1590—96), г.п. Мір Карэліцкага р-на (1599—1605), в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, Клецку (абодва да 1607). У гэтых храмах гал. нефы часта перакрываліся паўцыркульнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі, з’явіліся падпружныя аркі. Пераходную шматстылёвасць увасабляе група аднанефавых касцёлаў з контрфорсамі, шчытавымі фасадамі і часам са своеасаблівым дэкорам цыліндрычнага скляпення: св. Міхаіла ў Вільні (1596—1627), у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на (1617—20), Слоніме (1635—50), у в. Вішнева Валожынскага р-на (1637—41), г.п. Друя Браслаўскага р-на (1646), г.п. Свір Мядзельскага р-на (1653), Брэсце (2-я пал. 17 ст.). Да познарэнесансавай плыні адносяцца нешматлікія храмы з адной вежай на фасадзе: касцёлы бернардзінцаў у Слоніме (1639—70), в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на (пач. 17 ст. ці 1630), царква ў в. Чарэя Чашніцкага р-на (17 ст.). Сярод раннебарочных тыповымі былі аднанефавыя касцёлы з 2-вежавым фасадам і паўцыркульнай або гранёнай апсідай: у г. Дзятлава (1624—46), брыгітак у Гродне (1642—51), в. Міхалішкі Астравецкага р-на (1653), дамініканцаў у Клецку (1680-я г.). Прыкладам сціплага ранняга барока можа служыць езуіцкі касцёл св. Ігнація ў Вільні (1622—47; 3-нефавы, са шчытавым фасадам, падзеленым пілястрамі і плоскай апсідай) і касцёл св. Тэрэзы (1633—54, арх. К.Тэнкала). Сярод іншых ранніх узораў барока касцёл кармелітаў у г. Глыбокае (сярэдзіна 17 ст.), ансамбль кляштара картузаў у Бярозе (1648—66, 1689, арх. Дж.Гіслені). Для перыяду сталага барока характэрны рэгіянальныя архітэктурныя школы, з якіх найбольшай самабытнасцю вылучаецца Магілёўская школа дойлідства. Да яе належаць правасл. храмы Падняпроўя: саборы Успенскі Куцеінскага манастыра (каля Оршы, 1630-я г.), Богаяўленскі (1633—36), цэрквы Мікалаеўская (1665—72) і Пакроўская (1670; усе ў Магілёве). Гэта крыжова-купальныя храмы з кароткімі бакавымі нефамі, 3 апсідамі і фасаднымі шчытамі, дэкарыраванымі радамі арачных нішаў накшталт іканастасных.
Адметнасць і самастойнасць царкоўнай архітэктуры відавочная пры параўнанні іх з магілёўскімі барочнымі касцёламі езуітаў (1699—1725) і кармелітаў (1740). Сінтэз архітэктуры і пластыкі сталага барока рэалізаваны італьянскімі і мясц. майстрамі-штука́тарамі ў віленскіх касцёлах Пятра і Паўла (1668—82) і трынітарыяў (1694—1717), капліцах св. Казіміра ў Вільні і латэранскай у Гродне.
У 1-й пал. 18 ст. сінтэз закрануў і разьбяную скульптуру (касцёл францысканцаў у Пінску, езуітаў у Гродне). У 2-й пал. 18 ст. паліхромны стука становіцца асн. дэкаратыўным матэрыялам манументальных алтароў. Укладам у еўрапейскую архітэктуру з’яўляюцца помнікі т.зв. віленскага барока 1740—70-х г. Для іх характэрны дынамічныя формы фасадаў: хвалістыя ў плане, з ажурнымі стромымі вежамі і фігурнымі шчытамі. Вызначальны ўклад у фарміраванне гэтага стылю зрабіў архітэктар Я.К.Глаўбіц. Яму належаць: у Вільні — рэканструкцыя касцёла бенедыкцінак (1741), касцёлы св. Казіміра (пасля 1749, з Т.Жаброўскім), св. Яна (1760-я г.), брама базыльянскага кляштара св. Тройцы (1761); дамініканскі касцёл у Забелах каля в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на (1760-я г.), архірэйскі палац у Магілёве (1762—85); відаць, касцёл францысканцаў у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1740-я г.). Ён перабудаваў Сафійскі сабор у Полацку (1738—50), пабудаваў царкву манастыра базыльян у в. Беразвечча Глыбоцкага р-на (1756—63), Спаскую царкву ў Магілёве (1756—62). Для храмаў позняга барока характэрна пластычная распрацоўка інтэр’ера з выкарыстаннем архітэктуры малых форм (напр., царква ў Беразвеччы). Да храмаў позняга барока належаць касцёл св. Андрэя ў Слоніме, базыльянскія цэрквы ў вёсках Баруны Ашмянскага (1747—57) і Вольна Баранавіцкага (1768) р-наў. Апошнім выдатным помнікам стылю лічыцца манументальны касцёл у в. Будслаў Мядзельскага р-на (1767—83); яго архітэктар, відаць, Дж.Фантана, які зрабіў значны ўклад у познабарочную архітэктуру на Пн Беларусі. Недастаткова вывучана барока ў драўляных храмах з прычыны слабай захаванасці помнікаў; яго рысы праглядаюцца ў пластыцы 2-вежавых фасадаў 2-й пал. 18 ст. Касцёлы 17—18 ст. (пераважная большасць разабрана ў пач. 20 ст.) адметныя манументальнымі памерамі і простым 2-зрубным планам. Такую ж структуру з мураванага дойлідства перанялі уніяцкія цэрквы 18 ст., хоць майстэрства мясц. цесляроў надало ім своеасаблівыя рысы. Больш выразны сілуэт маюць 3-зрубныя цэрквы. Шэдэўрамі лічацца правасл. храмы на У Беларусі: цэрквы Ільінская і Троіцкая ў Віцебску, Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра. У іх спалучыліся традыцыйны крыжовы 4-зрубны план з манументалізмам і маляўнічасцю барока. На Палессі такі тып, а таксама 3-зрубны з барочнымі купаламі, выкарыстоўваўся аж да пач. 19 ст. (вёскі Кажан-Гарадок Лунінецкага, Старая Беліца Гомельскага р-наў). Барочны стыль больш выразна выявіўся ў маст. афармленні інтэр’ераў (жывапіс, разьба, скульптура). Да дасягненняў барока належаць і драўляныя сінагогі 18 ст. на З Беларусі. Яны адметныя надзвычай складаным шматслойным купальным перакрыццём інтэр’ера (в. Воўпа Ваўкавыскага р-на, Гродна). У канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. магнацкая рэзідэнцыя фарміруецца як палацава-замкавы комплекс рэнесансавага тыпу (Нясвіжскі замак Радзівілаў, Гальшанскі і Быхаўскі замкі Сапегаў, Смалянскі замак Сангушкаў, палац Януша Радзівіла ў Вільні). У 2-й пал. 17 ст. інтэр’еры набываюць багатае жывапісна-скульпт. аздабленне ў стылі барока (палацы Слушкаў і Сапегаў у Вільні). Сядзібы, што складаліся з палаца і 2 афіцын, набылі сіметрычны П-падобны план. У найб. развітых кампазіцыях яны злучаюцца каланадамі (Ружаны). Характэрнымі становяцца высокія ламаныя дахі, вежы з гадзіннікамі і флюгерамі, рызаліты, алькежы з купаламі (Ганута каля в. Ручыца Вілейскага р-на; Дзятлава). У 2-й пал. 18 ст. значны ўклад у палацавае буд-ва зрабілі архітэктары саксонскай (М.Д.Пёпельман, І.Яўх, Я.С.Бекер) і італьянскай (А.Гену) школ.
Петрапаўлаўская царква ў Мінску.Касцёл і кляштар бернардзінак у Мінску. Сучасны Святадухаўскі кафедральны сабор.Касцёл і кляштар бернардзінцаў у Гродне.Мікалаеўская царква ў Магілёве. 1665—72.Ратуша ў Віцебску. 1775.Архірэйскі палац у Магілёве. 1762—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 2-й ПАЛ. 19 — ПАЧ 20 ст..
Новыя арх.-маст. погляды, што ахапілі Зах. Еўропу, на Беларусі набылі сваю спецыфіку. Пераход ад класіцызму да новых кірункаў у архітэктуры быў працяглы і складаны. Для 1860—90-х г. характэрна эклектыка з шырокім выкарыстаннем гістарызму — перайманнем гіст. стыляў мінулага (арх. І.Бельтрашы, А.Рандзівід, М.Чаховіч, К.Хршчановіч і інш.). Гатычныя формы, а часам і канструкцыі ўвасобіліся ў праектах загарадных сядзіб, культавых пабудоў: палац у Косаве (арх. Ф.Яшчалд, У.Марконі), касцёлы Троіцкі Залатагорскі (св. Роха) у Мінску, у вёсках Раўбічы Мінскага, Сар’я Верхнядзвінскага р-наў і інш. Эклектыка найбольшае развіццё атрымала ў малых гарадах і перыферыйных раёнах сярэдніх і буйных гарадоў. Яе прадстаўнікі арыентаваліся пераважна на стараж.-рус. архітэктуру (магілёўскія архітэктары У.Мільяноўскі, І.Вошчын, П.Камбураў, М.Міроненка, В.Сазонаў, Я.Торлін). Стылізатарства на тэмы рус. класіцызму характэрна для творчасці віцебскіх архітэктараў А.Палонскага, А.Ракава, А.Кляменцьева. З сярэдзіны 19 ст. пашырыўся т.зв. руска-візантыйскі стыль, які быў сац. заказам рас. улад, асвячоны аўтарытэтам правасл. царквы. Сярод яго ўзораў: цэрквы Казанскай Божай Маці (чыгуначная) у Мінску, Аляксандра Неўскага ў Гродне, Мікалаеўская ў Петрыкаве, Ільінская ў Бешанковічах, Крыжаўзвіжанскі сабор у Полацку, царква ў в.Мількаўшчына Гродзенскага р-на. Стыль найб. выявіўся ў работах арх. Д.Грыма, У.Коршыкава, М.Прозарава. На мяжы 19 і 20 ст. развіваліся неаготыка, неакласіцызм, неарускі стыль і інш. Пераважная большасць касцёлаў з 1890-х г. будавалася ў неаготыцы (у вёсках Гервяты Астравецкага, г.п. Відзы Браслаўскага р-наў, г.п. Лагішын Пінскага р-на, гарадах Міёры, Паставы і інш.). Пабудовы ў неакласіцызме адметныя высокімі эстэт. вартасцямі: шэраг банкаўскіх устаноў у Гомелі, Баранавічах, Брэсце, даходных дамоў у Мінску (арх. С.Гейдукевіч, Г.Гай). У духу неабарока палац у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на (1908), Андрэеўскі касцёл у г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на (1908—14). У 1910-я г. ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пашырыўся стыль мадэрн, які закранаў пераважна вонкавыя атрыбуты пэўнага стылю, што не вынікалі з агульнай аб’ёмна-прасторавай структуры пабудовы (творчасць В.Вукалава, С.Гейдукевіча, У.Коршыкава, Ц.Кібардзіна, М.Прозарава і інш.). Прыхільнікі мадэрну адмаўлялі эклектызм і стылізатарства. Вядучая роля ў развіцці стылю належала О.Краснапольскаму. Яго праграмай стала ўстанаўленне выразнай сувязі паміж формай і функцыяй (дом Кастравіцкай, на 1-м паверсе — упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі). У творчасці некаторых архітэктараў пераважаў чыста дэкар. пачатак (банк у Магілёве, арх. А.Друкер, П.Кальнін; гасцініца «Савой» у Гомелі, арх. С.Шабунеўскі). Вылучаліся 2 шляхі канструктыўнасці мадэрну: праз засваенне арх. спадчыны готыкі (сядзіба ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на, арх. К.Шрэтэр) і ранняга рус. сярэдневякоўя (пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, інж. К.Тарасаў; мемар. капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на, арх. А.Гаген). Ранні мадэрн (1890—1907) адметны дэманстратыўным адмаўленнем ад механічнага капіравання гіст.арх. форм. У гэты перыяд значныя зрухі адбыліся ў галіне сінтэзу архітэктуры і інш. відаў пластычных мастацтваў (капліцы-пахавальні Паскевічаў у Гомелі, Святаполк-Мірскіх у Міры), які спрыяў узнікненню творчых тандэмаў архітэктараў і скульптараў С.Шабунеўскага і П.Яцыны, Г.Гая і Я.Тышынскага і інш. На гэтым этапе адчувальны ўплыў эклектыкі з яе схільнасцю да дэкар. дэталей, самавызначаліся формы, плоскасці, лініі (пазямельна-сялянскі банк і дамы купца Касоўскага ў Гродне, Грошыкава ў Гомелі). Дэкор быў цесна звязаны з канструкцыяй (дзвярныя і аконныя абрамленні, металічныя рашоткі балконаў, лесвічных клетак, казыркоў уваходаў і інш.), у выглядзе рэльефнага арнаменту, мазаічнага ці жывапіснага пано (жылы дом Чалакаева ў Гродне, даходны дом у Магілёве, камерцыйны банк у Слоніме). На 2-м этапе (1907—17) адбывалася далейшае развіццё мадэрну. У 1910-я г. пад уплывам зах.-еўрап. (польскай) маст. культуры пашырыліся тэндэнцыі рацыяналістычнага кірунку. У паўн.-ўсх. раёнах (напр., у гарадах Віцебскай губ.) арх. традыцыі захоўвалі прыхільнасць да класіцызму, з прычыны таго, што большасць губ., гар. і епархіяльных архітэктараў былі выпускнікамі Пецярбургскай АМ (В.Вукалаў, К.Макер, Ц.Кібардзін, Ф.Фурман). Засваенне нац. архітэктуры адбывалася менш рэльефна. Ідэйна-маст. і светапоглядная канцэпцыя мінулага ў развіцці архітэктуры была прапанавана В.Струевым, які ў 1898—1914 быў гал. архітэктарам Мінскай епархіі. Сярод яго работ: цэрквы Троіцкая ў в. Белавуша Столінскага (1905), у в. Хатава Стаўбцоўскага (1908) р-наў, Петрапаўлаўская ў г. Узда, на чыг. станцыі Гарадзея (абедзве 1910), Раства Багародзіцы ў в. Парэчча Пінскага р-на (1912), Нар. дом у Мінску (1912). Адной з рэгіянальных праяў у архітэктуры было выкарыстанне каменя-валуна (касцёлы ў вёсках Слабодка, 1903; Ліпнішкі, 1908, Браслаўскага р-на). Пазней цэлыя камяні ў буд. практыцы замянялі колатымі, прамежкі-швы паміж камянямі запаўнялі дробным друзам ці галькай. Такую тэхніку часта спалучалі з цаглянай муроўкай, гладкай ці фактурнай тынкоўкай, дасягаючы гэтым фактурнай разнастайнасці. Этапы маст. павеваў у бел. дойлідстве ад эклектыкі (гіст. рамантызму) праз мадэрн да рацыяналізму і канструктывізму прасочваюцца ў творчасці С.Шабунеўскага (будынкі Т-вас.-г. страхавання ў Мінску, жаночай гінекалагічнай бальніцы ў Гомелі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 2-й ПАЛ. 18 — СЯРЭДЗІНЫ 19 ст.
Гэты перыяд адметны з’яўленнем на Беларусі стылю класіцызму, які ўзнік і развіваўся пад уплывам ідэй Асветніцтва, а з 19 ст. — і пад уплывам рамантызму. Ён пашыраны практычна ва ўсіх сферах архітэктуры і горадабудаўніцтва і характарызуецца выкарыстаннем дасягненняў антычнай класікі Грэцыі і Рыма. Асноўны ўклад у архітэктуру класіцызму зрабілі дойліды-прафесіяналы, выпускнікі вышэйшых навуч. устаноў мастацтваў Вільні, Варшавы, Полацка, Пецярбурга, Рыма, Парыжа. Заказчыкамі былі пераважна імператарскія і каралеўскія двары, а таксама дзяржава, дваранства і шляхта. Вылучаюць некалькі кірункаў класіцызму: барочны, строгі стыль, паладыянства, ампір, рацыянальны і неарэнесансавы. Асобныя элементы гэтага стылю выявіліся ўжо ў познабарочным дойлідстве пач. 18 ст. пад уплывам ідэалогіі асветнага сарматызму, калі ў архітэктуру палацаў Радзівілаў у Нясвіжы і Сапегаў у Высокім уключаліся антычныя порцікі як знак рымскага паходжання іх уладальнікаў. Станаўленне класіцызму адносіцца да 1760—90-х г., калі яго стылістыка развівалася ад барочнага класіцызму да строгага стылю. На бел. землях, што ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, пабудовы барочнага класіцызму звязаны з заказамі каралеўскага двара і магнатаў, уплывам Берліна і Варшавы, дзейнасцю архітэктараў Дж.Сакі, Я.С.Бекера і К.Шыльдгаўза. Да іх належаць комплексы мануфактур у Ласосне (каля Гродна), каралеўскія палацы ў Станіславове, Аўгустове і Панямуні (у наваколлі Гродна); перабудова А.Сапегам свайго палаца, буд-ва уніяцкай царквы, манастыра і карчмы ў Ружанах; «Акадэмія» ў Дзярэчыне, палац І.Храптовіча і касцёл у Шчорсах, палац Ю.Валовіча ў Свяцку, ратуша ў Віцебску (1775). З 1780-х г. пад уплывам віленскай архітэктуры дзякуючы творчасці К.Спампані і Я.Падчашынскага з’яўляюцца пабудовы строгага стылю: сядзібныя дамы ў Сёмкаве, Беніцы, Кухцічах, Радзівілімонтах, Гародні, касцёл у Жырмунах. На ўсх. землях Беларусі, што ўваходзілі ў склад Рас. імперыі, асновай развіцця класіцызму стала перабудова бел. гарадоў паводле планаў, зацверджаных у Пецярбургу ў 1778. Гарады набывалі пераважна прамавугольную сетку кварталаў, прамыя вуліцы, плошчы набылі выразныя геаметрычныя абрысы. Многія павятовыя гарады (Клімавічы, Беліца, Бабінавічы, Гарадок, Веліж і інш.) ствараліся з выкарыстаннем «ідэальных» сіметрычных планіровачных схем прамавугольнага ці квадратнага абрысу. У іх цэнтр. частцы паводле праектаў архітэктараў І.Зігфрыдана і І.Зэйдэля ў стылі барочнага класіцызму ўзводзілі будынкі новай адміністрацыі — губернскія і павятовыя дзярж. ўстановы, дамы губернатараў і віцэ-губернатараў, урачэбных упраў, судоў. Пабудовы строгага стылю ствараліся з 1780-х г. па ўказах Кацярыны II (Іосіфаўскі сабор і будынак семінарыі ў Магілёве, арх. М.Львоў; корпус келляў і царквы Богаяўленскага манастыра ў Полацку, арх. Дж.Кварэнгі) і для рас. вяльмож (касцёл і 3 царквы ў Чачэрску, царква ў Прапойску, палацы П.А.Румянцава ў Гомелі, Р.А.Пацёмкіна ў Крычаве, абодва арх.
І.Староў) у іх новых бел. маёнтках. Перыяд вышэйшага ўзроўню класіцызму ахоплівае 1800—20-я г., характарызуецца пранікненнем стылю ва ўсе сферы дойлідства і стылістычным развіццём ад строгага стылю да ампіру. Гарады цэнтр. і зах. зямель Беларусі набылі рэгулярную планіроўку, у большай ступені падпарадкоўваліся ўмовам мясцовасці (планы Мінска, Слуцка, Барысава, Пінска, Навагрудка і інш.). У цэнтры ставілі будынак ратушы (Мінск, Гродна, Гомель).
Паводле праекта К.Падчашынскага ўзведзены гімназія ў Свіслачы, павятовае вучылішча ў Брэсце. Архітэктар ваен. ведамства А.Штаўберт стварыў ансамбль Бабруйскай крэпасці. Строгі стыль у палацава-сядзібнай архітэктуры характарызаваўся простымі прамавугольнымі абрысамі планаў будынкаў з порцікамі дарычнага ордэра на гал. фасадзе (палацы І.Тышкевіча ў Валожыне, І.Грабніцкага ў г.п. Обаль Шумілінскага, М.К.Агінскага ў в. Залессе Смаргонскага р-наў. Культавае буд-ва арыентавалася пераважна на паўтор аб’ёмнай кампазіцыі знакамітых помнікаў мінулага (Пантэона ў Рыме, Парфенона ў Афінах і інш.). Развіццё строгага стылю звязана з творчасцю дойлідаў віленскай школы (касцёлы ў г. Свіслач, 1802, арх. М.Шульц; Валожыне, 1816, арх. А.Касакоўскі; капліца ў Залессі, арх. М.Шульц), а таксама пецярбургскай і маскоўскай школ — ампір (праект царквы ў Мсціславе, 1811, арх. В.Стасаў; цэрквы ў Бабруйскай крэпасці, 1823, арх. А.Штаўберт; Троіцкая ў Гомелі, 1824). Перыяд згасання стылю прыпадае на 1830—50-я г. і адметны пашырэннем т.зв. узорных праектаў у сферы дзярж.буд-ва і яго поўнай рэгламентацыяй, развіццём стылістыкі ад ампіру да рацыянальнага кірунку. Практычна ўсе праекты ў сферы дзярж.буд-ва разглядаліся, карэкціраваліся ці выконваліся ў Камісіі праектаў і каштарысаў у Пецярбургу. У забудову гарадоў уключалі буйныя комплексы адм., лячэбных і гандлёвых будынкаў. Асноўная ўвага звярталася на функцыянальнае ўладкаванне і тэхн. пытанні, а не на дэкарыраванне фасадаў (губернскія дзярж. ўстановы ў Мінску, 1839—40-я г., арх. К.Хршчановіч; бальніца, 1848, арх. В.Морган, і шпіталь, 1849, арх. Бернштэйн, у Магілёве; гасціны двор у Полацку, 1836). У сувязі з развіццём дарожнага буд-ва паводле «ўзорных праектаў» 1831 і 1843 узводзіліся паштовыя станцыі па дарогах Пецярбург—Кіеў, Масква—Варшава, Магілёў—Бабруйск. У кампазіцыі праваслаўных храмаў выкарыстоўвалася пераважна выпрацаваная ў рус. дойлідстве 17 ст. схема з паслядоўным размяшчэннем на падоўжнай восі званіцы, трапезнай, асноўнага аб’ёму і апсіды (цэрквы ў Мазалаве каля Віцебска, 1827, і Рэчыцы, 1835, арх. А.Мельнікаў; Горках, 1839, арх. А.Порта). Уніяцкія і каталіцкія храмы перабудоўваліся ў праваслаўныя; у іх ліквідаваліся высокія вежы на фасадзе, франтоны, з’яўляліся купалы, у інтэр’ерах — іканастасы. Для перабудовы выбіраўся рацыянальны варыянт класіцызму (Успенскі сабор у Жыровічах, касцёл кляштара бернардзінцаў у Мазыры, Васкрасенская уніяцкая царква ў Віцебску). У буд-ве палацаў і сядзіб развівалася шырокая тыпалогія будынкаў ад раскошных палацавых комплексаў да невялікіх дамоў з порцікам на фасадзе і разнастайная стылістыка — строгі стыль, ампір, паладыянства, рацыянальны кірунак, пошукі мясц. каларыту і неарэнесанс. Іх стваральнікі — дойліды віленскай і варшаўскай архітэктурных школ А.Ідзкоўскі, А.Галонскі, К.Падчашынскі, Ф.Яшчалд і інш. Ампірная стылістыка ўжывалася для дэманстрацыі амбіцый і багацця родавага дваранства (палацы Булгакаў у в. Жылічы Кіраўскага р-на, Паскевічаў у Гомелі, Абуховічаў у Сваятычах). Уплыў неарэнесансу выяўляецца ў стварэнні новага тыпу палацаў-віл (П.Янчына ў в. Вістычы Брэсцкага р-на, 1840, арх. Ф.Яшчалд; В.Пуслоўскага ў Альбярціне пад Слонімам, 1833). Рацыянальны кірунак развіваўся пад уплывам берлінскай школы і творчасці К.Падчашынскага, ён выяўляўся ў адмаўленні ад порцікаў і каланад, выкарыстанні плоскіх элементаў дэкарыроўкі фасадаў, аконных праёмаў з паўцыркульным завяршэннем (палац О.Вагнера ў Вялікіх Салечніках, сядзібны дом Тарасевіча ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 1840-я г., арх. А.Градзецкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
сацыяльна-геаграфічная дысцыпліна, якая вывучае гал. фактары развіцця і заканамернасці тэр. арганізацыі рэкрэацыйнай дзейнасці (лячэбна-курортнай, аздараўленчай, турысцкай, экскурсійнай) і турысцкай гаспадаркі. Задачы Р.г.: даследаванне і ацэнка прыродных і культ.-гіст.рэкрэацыйных рэсурсаў, турысцкага попыту і выбіральнасці рэкрэацыйных тэрыторый рознымі сац.-дэмаграфічнымі групамі насельніцтва, структуры і геагр. накіраванасці турысцкіх патокаў, абгрунтавання комплекснага развіцця і спецыялізацыі рэкрэацыйных раёнаў, курортаў і інш. Выкарыстоўвае сістэмна-структурны ландшафтна-экалагічны, балансавы, ацэначны і інш. метады. Цесна звязана з фіз., сац., эканам. і мед. геаграфіямі, курарталогіяй, эканомікай турызму і інш. На Беларусі даследаванні па Р.г. праводзяцца з 1960-х г. у БДУ, БПА, БелНДІ праектавання горадабудаўніцтва, Бел.тэхнал. ун-це і інш.Гл. таксама Рэкрэацыя.
І.І.Пірожнік.
Рэкрэацыйная архітэктура. Дзіцячы аздараўленчы комплекс «Брыганціна» ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобл.Рэкрэацыйная архітэктура. Гасцініца спартыўнага комплексу «Раўбічы» (Мінскі раён).
бел. гісторык архітэктуры. Дачка І.Ц.Дуброўскага. Канд. архітэктуры (1967). Скончыла БПІ (1959). У 1960—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН, адначасова ў 1963—71 выкладчык БПІ. Даследуе гіст. планіроўку і забудову Віцебска, Магілёва, Мінска, помнікі архітэктуры Беларусі: раздзелы па горадабудаўніцтве 14, 17 і 18 ст. у «Гісторыі беларускага мастацтва» ( т. 1—6, 1987—94), «Помнікі архітэктуры і мастацтва» ў серыі кніг «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі» (Камянецкі р-н, 1997; Мядзельскі р-н, 1998; Нясвіжскі р-н, 2001, і інш.). Адзін з аўтараў і чл. рэдкалегіі «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984—88) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Тв.:
Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;
Архітэктура Віцебска. Мн., 1980;
Памятники архитектуры Минска XVII — начала XX в. Мн., 1984 (разам з А.Ю.Пятросавай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ БУДАЎНІ́ЧЫ КАЛЕ́ДЖЗасн. ў 1945 у Магілёве як тэхнікум. З 1991 каледж. Спецыяльнасці (1998/99 навуч.г.): архітэктура, прамысл. і грамадзянскае буд-ва, сан.-тэхн. абсталяванне будынкаў, бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.