ЗАГО́СКІН (Лаўрэнцій Аляксеевіч) (2.6.1808—3.2.1890),

рускі даследчык Аляскі, марскі афіцэр. Скончыў Марскі кадэцкі корпус, служыў у Пецярбургу і г. Астрахань. У 1842—44 па заданні Расійска-амерыканскай кампаніі апісаў ч. заліва Нортан, адкрыў горны хрыбет у бас. р. Юкан, даследаваў рэкі Куікпак і Кускакуім. Вынікі экспедыцыі апублікаваны ў творы: «Пешаходны вопіс часткі рускіх уладанняў у Амерыцы, зроблены ў 1842, 1843 і 1844 гг.» (ч. 1—2, 1847—1848), перавыданне — «Падарожжы і даследаванні лейтэнанта Лаўрэнція Загоскіна ў Рускай Амерыцы ў 1842—1844 гг.» (1956).

Літ.:

Адамов А. Первые русские исследователи Аляски. М., 1950.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ТЧЭЛ (Mitchell),

горная вяршыня ў Блакітным хр. (масіў Чорныя горы); самая высокая вяршыня Апалачаў у Паўн. Амерыцы. Выш. 2037. Складзена з кварцытаў. На схілах — хваёвы лес, на вяршыні — лугі.

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі. Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў. Да вобласці альпійскай складкаватасці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія, Таўр, Туркмена-Харасанскія, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх а-воў; у Паўн. Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўд. Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з У, у т. л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкаватасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Зах. Еўропе, паўд. ч. гор Атлас у Паўн. Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўд.-зах. адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усх. ч. Скалістых гор у Паўн. Амерыцы, Антарктычны п-аў у Антарктыдзе і інш. На тэр. Альпійскай складкаватасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАНКА́ГУА (Aconcagua),

найбольшая вяршыня ў Андах і Паўд. Амерыцы, у Аргенціне, каля граніцы з Чылі. Выш. 6960 м. Складзена з андэзітаў, укрыта вечнымі снягамі, 7 ледавікоў. Агульная пл. абледзянення 80 км².

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-КІ́НЛІ (McKinley),

вяршыня ў Аляскінскім хрыбце ў ЗША, найвыш. ў Паўн. Амерыцы. Выш. 6193 м. Складзена з гранітаў. Каля падножжа — хваёвыя лясы, вышэй 1300—1500 м — вечныя снягі і ледавікі. Нац. парк Дэналі.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭН, Пейн (Paine) Томас (29.1.1737, г. Тэтфард, Вялікабрытанія —8.6.1809), грамадскі і паліт. дзеяч ЗША і Вялікабрытаніі; асветнік радыкальнага кірунку.

З 1774 у Паўн. Амерыцы. У памфлеце «Здаровы сэнс» (1776) заклікаў англ. калоніі абвясціць сваю незалежнасць. Разам з Т.Джэферсанам выступаў за адмену рабства. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У 1777—79 П. — сакратар К-та кангрэса па замежных справах. Аўтар трактата «Правы чалавека» (1791—92), скіраванага ў абарону франц. рэвалюцыі, пасля яго забароны эмігрыраваў у Францыю; абраны чл. Канвента. У 1792—94 зняволены якабінцамі. У працы «Век розуму» (1794) выступіў як прыхільнік радыкальнага дэізму. У 1802 вярнуўся ў ЗША. Погляды П. зрабілі ўплыў на чартысцкі рух (гл. Чартызм) у Вялікабрытаніі.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЗЛІ,

млекакормячыя жывёлы сям. мядзведжых атр. драпежных. 2 падвіды бурага мядзведзя. Грызлі мексіканскі (Ursus arctos nelsoni) і грызлі канадскі (U. a. richardsoni). Жывуць у Паўн. Амерыцы. Па памерах драбнейшыя за бурага мядзведзя. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Грызлі.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́СУМЫ (Didelphidae),

сямейства млекакормячых атр. сумчатых. 12 родаў, 84 віды. Пашыраны ў Амерыцы і на М. Антыльскіх а-вах. Самая стараж. група сумчатых. У Паўн. Амерыцы вядомы з ніжняга мелу, у Еўропе — з эацэну да міяцэну. Жывуць на зямлі і дрэвах у лясах, стэпах, пустынях, гарах да 4 тыс. м, зрэдку паўводныя — вадзяны апосум. Звычайныя апосумы — лабараторныя жывёлы. Паўночны апосум акліматызаваны ў Каліфорніі.

Даўж. цела 7—50 см. Хвост (4—55 см) звычайна хапальны, голы на канцы. Морда выцягнутая і завостраная. Канечнасці ўкарочаныя, пяціпальцыя; заднія крыху даўжэйшыя за пярэднія. Вялікі палец на задніх лапах вял. памераў, проціпастаўлены іншым. Ёсць сумка. Саскоў ад 5 да 27. За год 1—3 прыплоды па 4—11 (зрэдку да 25) дзіцянят. Усёедныя. Аб’екты промыслу.

Апосум паўночны.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВА ВО́СТРАЎ, Сітка,

востраў у архіпелагу Аляксандра (ЗША, штат Аляска). Пл. 4,2 тыс. км². Выш. да 1432 м. Вільготныя хваёвыя лясы. Рыбалоўства, лесанарыхтоўкі. Асн. населены пункт і порт — Сітка. Названы ў гонар А.​А.​Баранава — першага гал. правіцеля рус. паселішчаў у Амерыцы.

т. 2, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГАН (Logan),

вяршыня ў гарах Св. Ільі, на ПнЗ Канады. Выш. 6050 м (другая па вышыні ў Паўн. Амерыцы). Складзена з гранітаў. Укрыта вял. ледавікамі амаль да падножжа, дае пачатак многім далінным ледавікам даўж. да 80 км (ледавік Логан). Уваходзіць у склад нац. парку Клуэйн.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)