АЛАНІ́М (ад ала... + грэч. onyma імя),
чыё-небудзь сапраўднае імя, выкарыстанае іншай асобай як псеўданім. Напр., чылійскі паэт Пабла Нэруда сваё сапраўднае імя Рэес Басуальта Нефталі Рыкарда замяніў імем чэшскага пісьменніка Яна Нэруды.
т. 1, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАХТО́Н (ад ала... + грэч. chthōn зямля),
часткі складкавых структур горных парод, якія насунуты на нязрушаныя аўтахтонныя структуры (гл. Аўтахтон) і ўтвараюць тэктанічнае покрыва. Адрозніваецца ад перакрытых утварэнняў складам, генезісам, магутнасцю, узроўнем метамарфізму і інш.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРА́НКА,
рака ў Кіраўскім і Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Ала (бас. Дняпра). Даўж. 20,5 км. Пачынаецца за 800 м на ПнУ ад в. Падрэчча Кіраўскага р-на. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.
т. 6, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАТА́У, Ала-Тоа (цюрк. літар. стракатыя горы),
назва горных хрыбтоў у гарах Сярэдняй Азіі, Паўд. Сібіры, Урала (напр., Джунгарскі Алатау, Заілійскі Алатау, Кіргізскі Алатау, Кузнецкі Алатау) з добра выяўленай вышыннай пояснасцю, на схілах якіх участкі, укрытыя расліннасцю, чаргуюцца са снежнікамі і ледавікамі, камяністымі россыпамі.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАТЫ́НЬ,
вёска ў Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Ала. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на ПдУ ад г. Бабруйск, 146 км ад Магілёва, 2 км ад чыг. ст. Амельня. 702 ж., 220 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 4, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУ́ЛЬСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
горная катлавіна на Пн Цянь-Шаня, у Кыргызстане. Абмежавана з Пн хр. Кюнгёй-Ала-Тоо, з Пд хр. Тэрскей-Ала-Тоо. Дно занята воз. Ісык-Куль. Даўж. 240 км, шыр. да 90 км. Уяўляе сабой сінклінальны праг ш, ускладнены разломамі. Вял. сейсмічнасць. На У радовішчы каменнага вугалю (Джэргалан), на ПдУ — тэрмальны мінер. крыніцы (Джэты-Агуз, Ак-Суу). У рэльефе перадгорнай раўніны вылучаюцца азёрныя тэрасы, перадгорныя і ўнутрыкатлавінныя ўзвышшы. Схілы гор з цяснінамі. Да возера з гор цякуць шматлікія рэкі (больш за 50). У зах. ч. катлавіны клімат засушлівы (менш за 200 мм ападкаў за год), ландшафты пустынныя і паўпустынныя; ва ўсх. ч. ападкаў да 500 мм (у гарах да 800 мм), пераважаюць стэпы, на схілах гор — лясы з цяньшанскай елкі, вышэй — субальпійскія і альпійскія горныя лугі, вышэй 3500 м — ледавікі і снежнікі. Важны збожжавы і жывёлагадоўчы раён. У прыбярэжнай паласе група бальнеакліматычных курортаў. У межах катлавіны Ісык-Кульскі запаведнік.
т. 7, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ БО́РТНІКІ,
вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Ала, на аўтадарозе Бабруйск—Рагачоў. Цэнтр Бортнікаўскага с/с і калгаса. За 25 км на У ад г. Бабруйск, 135 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Цялуша. 880 ж., 392 двары (1996). Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, лазнева-пральны камбінат, гасцініца, аддз. сувязі.
т. 4, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАМЕТРЫ́Я (ад ала... + ...метрыя),
гетэрагонія, нераўнамерны рост асобных частак цела ў працэсе развіцця жывёльнага арганізма. Бывае адмоўнай (напр., запаволены рост галавы ў адносінах да ўсяго цела ў дзіцяці) і станоўчай (напр., паскораны рост рагоў у жвачных жывёл). Парушэнне ўзаемадзеяння паміж развіццём асобных частак арганізма жывёлы адбываецца пры хуткім павелічэнні агульных памераў цела за кошт простага прадаўжэння перыяду росту, без адначасовай перабудовы карэляцый.
т. 1, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАТРО́ПІЯ (ад ала... + грэч. tropos паварот, уласцівасць),
існаванне аднаго і таго хім. элемента ў выглядзе двух або некалькіх простых рэчываў (алатропных мадыфікацый), якія адрозніваюцца па сваіх фіз. і хім. уласцівасцях. Можа быць вынікам утварэння малекул з рознай колькасцю атамаў, напр., азон (O3) і кісларод (O2) або крышталёў розных мадыфікацый, напр., алмаз і графіт. Прыватны выпадак полімарфізму. Вядома каля 400 алатропных мадыфікацый хім. элементаў.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ГМУТ (Ала Іосіфаўна) (н. 12.5.1929, г. Харкаў),
украінскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1980). Працуе ў галіне ўсх.-слав. і эксперыментальнай фанетыкі, культуры мовы; даследуе інтанацыю спантаннага маўлення, пытанні інтанацыйнай і групавой выразнасці мовы сродкаў масавай інфармацыі. Пад яе кіраўніцтвам зроблена параўнальнае даследаванне інтанацыі бел., рус. і ўкр. моў — «Тыпалогія інтанацыі маўлення» (у сааўт., 1977), апісала бел. прасодыю, разгледзела асаблівасці пабуджальнай інтанацыі і інтанацыі паведамлення ў бел. мове.
Л.Ц.Выгонная.
т. 2, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)