змяненне клетачных абалонак раслін пад уздзеяннем лігніну, які запаўняе прамежкі паміж мікрафібрыламі цэлюлозы. Абалонка клеткі пры гэтым страчвае эластычнасць, робіцца цвёрдая, павялічваецца агульная трываласць расліны, устойлівасць абалонкі клеткі супраць мікраарганізмаў і грыбоў. Адраўненне клетачных абалонак характэрна для ўсіх вышэйшых раслін, акрамя імхоў. Адраўнелыя клеткі ўтвараюць драўніну і склеранхіму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДРА (лац. Hydra),
экватарыяльнае сузор’е. Самае вялікае па займанай плошчы. Няяркія зоркі (толькі 14 са 130, бачных простым вокам, ярчэй 5-й зорнай велічыні), акрамя Альфарда — αГідра, 2-й візуальнай зорнай велічыні, утвараюць доўгі вузкі ланцуг. На тэр. Беларусі відаць у канцы зімы — пач. вясны. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К’ЁГА, Кіёга (Kyoga, Kioda),
возера ў Афрыцы, на тэр. Уганды, на выш. 1029 м. Пл. каля 2,6 тыс.км², даўж. да 120 км, глыб. 3—5 м. Берагавая лінія звілістая, часта губляецца сярод зараснікаў трыснягу і папірусу, якія займаюць усё возера, акрамя суднаходнай пратокі. Праз К. працякае р. Вікторыя-Ніл. Рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕРАСТРАХО́ВАЧНЫ ДАГАВО́Р» 1887,
тайны дагавор паміж Расіяй і Германіяй (18.6.1887, Берлін), паводле якога абодва бакі абавязваліся захоўваць дружалюбны нейтралітэт у выпадку вайны адной з дзяржаў з трэцяй дзяржавай (акрамя Францыі і Аўстра-Венгрыі) і не дапускаць тэр. змен на Балканах без узаемнай дамоўленасці. У 1890 ўрад Германіі адмовіўся аднавіць дагавор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕ́РТНЫЯ ГА́ЗЫ, высакародныя газы,
хімічныя элементы VIII групы перыяд. сістэмы: гелій He, неон Ne, аргон Ar, крыптон Kr, ксенон Xe, радон Rn. У прыродзе ўтвараюцца ў выніку ядз. працэсаў. Знаходзяцца ў нязначнай колькасці ў паветры (найб. аргону — 0,934%, найменш радону — 6 10−20% па аб’ёме), у прыродных газах і некат. мінералах.
Аднаатамныя газы без колеру і паху. Атамы маюць устойлівую вонкавую электронную абалонку (у He з 2, у астатніх з 8 электронаў), чым абумоўлена іх нізкая рэакцыйная здольнасць. І.г. (акрамя гелію) утвараюць з вадой і арган. растваральнікамі няўстойлівыя клатраты. Здольнасць да ўтварэння хім. злучэнняў павялічваецца ад аргону да ксенону, для якога вядомы ўсе асн. класы хім. злучэнняў. Атрымліваюць (акрамя He) з паветра як пабочны прадукт пры вытв-сці азоту і кіслароду. Выкарыстоўваюць у якасці інертнага асяроддзя ў металургіі, атамнай і ракетнай тэхніцы, у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў і інш., як напаўняльнікі ў электроніцы. электратэхніцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙКІ (Meloë),
род жукоў сям. шпанак. Каля 130 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Аўстраліі і Паўд. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў, найб. трапляюцца М. звычайная, або чорная (M. proscarabaeus), М. фіялетавая, або сіняя (M. violaceus), М. зменлівая, або стракатая (M. variegatus), занесеная ў Чырв. кнігу Беларусі. Жывуць на палях, лугах, узлесках.
Даўж. да 50 мм. Самцы меншыя за самак, самкі з шырокім брушкам. Афарбоўка звычайна чорная або цёмна-сіняя, з метал. бляскам. Крылы неразвітыя. Лічынкі (трыунгуліны) маюць 3 стадыі, кормяцца мёдам, паразітуюць у гнёздах пчол, знішчаюць іх патомства, часам выклікаюць гібель свойскіх пчол. Жукі шкодзяць усходам палявых культур. Яйцы адкладваюць на зямлю. Развіццё з гіперметамарфозам. Характэрная асаблівасць М. — наяўнасць у целе (асабліва ў крыві) ядавітага рэчыва кантарыдзіну, якое надае жукам непрыемны пах і едкі смак, таму большасць насякомаедных (акрамя курэй, ластавак, вожыкаў) іх не паядаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні металаў з мыш’яком. Вядомыя для ўсіх металаў (і паўметалаў), акрамя сурмы, вісмуту, свінцу і талію. Крышт. рэчывы з метал. бляскам, маюць высокія т-ры плаўлення (напр., для арсенідаў серабра tпл 1740 °C). Арсеніды галію (GaAs) і індыю (InAs) — паўправадніковыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў лазерах, выпрамніках і інш.Гл. таксама Мыш’яку злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХИ́ВНОЕ ДЕ́ЛО»,
часопіс цэнтральных архіўных устаноў СССР і РСФСР. Выдаваўся ў 1923—41 (акрамя 1934) у Маскве на рус. мове. У ім друкаваліся пастановы і інструкцыі па архіўнай справе, дакумент. матэрыялы, водгукі на сав. і замежныя кнігі па архіўнай справе, інфармацыя пра выданні цэнтр. архіваў, стан замежных архіваў, абмяркоўваліся метадычныя пытанні. Выйшла 58 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХА́Я, Ахея (грэч. Achaia),
вобласць у Стараж. Грэцыі, населеная ахейцамі на Пн Пелапанеса. Пасля 146 да нашай эры назва Ахая пашырана на Сярэднюю і Паўд. Грэцыю. На пачатку нашай эры Ахаяй наз.рым. правінцыя з тэр. усёй заваяванай рымлянамі Грэцыі (акрамя Фесаліі, Акарнаніі і Этоліі). У перыяд элінізму на Пелапанесе існаваў Ахейскі саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДЫ,
у сярэдневяковых сканд. краінах назва ўсіх вольных людзей (земляробы, жывёлаводы, паляўнічыя, рыбакі), якія не належалі да знаці; вольныя сяляне. Мелі сваю гаспадарку, жылі на адасобленых хутарах (у Нарвегіі, Ісландыі і некаторых раёнах Швецыі) ці ў невялікіх вёсках (у Даніі і б.ч. Швецыі) і, акрамя дацкіх бондаў, захоўвалі асабістую свабоду на працягу ўсяго сярэдневякоўя.