У́ЛАФ V (Olaf V, Olav; 2.7.1903, каля Сандрынгхема, Вялікабрытанія — 17.1.1991),

кароль Нарвегіі ў 1957—91. Генерал і адмірал (1939). З дынастыі Глюксбургаў. Сын нарв. караля Хокана VII. Скончыў Нарв. ваен. акадэмію і Бейліёл-каледж Оксфардскага ун-та (Вялікабрытанія). У 2-ю сусв. вайну ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі (Лондан, 1940—45); у ліп. 1944 — ліп. 1945 вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі Нарвегіі. У 1955—57 рэгент пры хворым бацьку, пасля яго смерці кароль Нарвегіі (з 21.9.1957).

т. 16, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРА́КСІН Фёдар Мацвеевіч (1661—10.11.1728),

расійскі ген.-адмірал (1708), адзін са стваральнікаў рас. флоту. З 1682 стольнік Пятра I, у 1693—96 дзвінскі ваявода і губернатар Архангельска. З 1700 гал. начальнік Адміралцейскага прыказа і азоўскі губернатар. У час Паўн. вайны 1700—21 атрымаў на моры шэраг перамог над шведамі. У 1712—23 кіраваў Эстляндыяй, Інгерманландыяй і Карэліяй. З 1718 прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі. У час Перс. паходаў (1722—23) камандаваў Каспійскай флатыліяй, у 1723—26 — Балт. флотам.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛАД Валянцін Васілевіч (н. 25.8.1936, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1982), контр-адмірал (1988). Скончыў Першае вышэйшае ваенна-марское вучылішча падводнага плавання (1958), Ваенна-марскую акадэмію імя М.​Г.​Кузняцова (1988). У 1958—92 на падводных лодках Паўн. флоту: камандзір групы, старшы пам. камандзіра лодкі, камандзір атамнага падводнага крэйсера, нам. камандзіра злучэння падводных лодак. Капітан 1-га рангу Х. вызначыўся ў працяглым выпрабавальным пераходзе пад ільдамі Арктыкі.

Б.​Дз.​Далгатовіч.

В.В.Холад.

т. 17, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕЎ Дзмітрый Якаўлевіч (1701—1767),

расійскі даследчык Арктыкі. Віцэ-адмірал (1762). На флоце з 1718. З 1736 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1739—42 даследаваў узбярэжжа паміж вусцем р. Лена і мысам Вял. Баранаў, у 1741—42 правёў здымку рэк Вял. Анюй і Анадыр. Па заканчэнні экспедыцыі да 1762 служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы мыс у дэльце р. Лена, праліў (гл. Лапцева Дзмітрыя праліў); у гонар Дз.Я. і Х.​П.​Лапцевых названа Лапцевых мора.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЦРО́Й (Fitzroy) Роберт (5.7.1805, Амптан-Хол, Вялікабрытанія — 30.4.1865),

англійскі гідрограф і метэаролаг. Віцэ-адмірал. У 1828—30 праводзіў даследаванні каля паўд. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі. У 1831—36 кіраваў кругасветнай акіянаграфічнай экспедыцыяй на судне «Бігл», у якой прымаў удзел Ч.Р.Дарвін. У час экспедыцыі праведзена здымка берагоў Патагоніі, Вогненнай Зямлі і Магеланава праліва. У 1854 узначальваў метэаралагічны дэпартамент, арганізаваў рэгулярную метэаралаг. службу ў Вялікабрытаніі. Імем Ф. названа рака на ПнЗ Аўстраліі.

Літ.:

Магидович И.П. История открытия и исследования Центральной и Южной Америки. М., 1965.

т. 16, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛА́ГМАН (нідэрл. vlagman ад vlag флаг + man чалавек),

1) камандуючы флотам або камандзір злучэння ваен. караблёў. Ф. бываюць старшыя — камандуючыя (камандзіры) злучанымі сіламі флоту і малодшыя — камандзіры падначаленых злучэнняў.

2) Скарочаная назва флагманскага карабля, з якога камандуючы ажыццяўляе кіраўніцтва сіламі флоту і на якім узняты адпаведны службовы флаг.

3) Воінскае званне асоб вышэйшага начальніцкага саставу ВМФ СССР у 1935—40 (Ф. флоту 1-га і 2-га рангу, Ф. 1-га і 2-га рангу). У 1940 заменены адміральскімі званнямі (гл. Адмірал).

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАКО́Ў Аляксей Іванавіч (19.2.1816, г. Кранштат, Расія — 10.7.1869),

расійскі гідрограф. Контр-адмірал. Член Рус. геагр. т-ва (з 1848), ганаровы чл. Геагр. т-ва ў Берліне (1853). Скончыў Марскі корпус у Пецярбургу. Служыў на Балт. флоце. У 1840—42 удзельнічаў у кругасветным падарожжы на судне «АБА» (апісаў яго ў 1843—44). Выканаў гідраграфічныя даследаванні Аральскага м. (1848—49), адкрыў в-аў Адраджэння і інш. Па матэрыялах даследаванняў у 1850 надрукавана першая карта Аральскага м. Абследаваў нізоўі р. Сырдар’я (1855), дэльту р. Амудар’я (1859), у 1861—63 апісаў сярэднюю ч. Сырдар’і.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ Пётр Фёдаравіч (15.2.1796, Вышні Валачок, Расія — 12.10.1869),

даследчык Арктыкі, адмірал рус. флоту. У 1821—23 з памочнікамі апісаў паўн. берагі і а-вы паміж рэкамі Алянёк і Індыгірка, склаў карту Новасібірскіх а-воў. У 1825—26 удзельнічаў у апісанні паўн.-ўсх. берага Каспійскага м. і зах. берага Аральскага м. У 1827 вызначыўся ў Наварынскай бітве руска-англа-франц. флоту з тур.-егіп. флотам на лінейным караблі «Гангут». Займаў камандныя пасады ў марскім ведамстве. Імем Анжу названа паўн. група Новасібірскіх а-воў.

Літ.:

Пасецкий В.М. Петр Анжу. М., 1958.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРШКО́Ў Сяргей Георгіевіч (26.2.1910, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 1988),

савецкі ваенна-марскі дзеяч. Адмірал Флоту Сав. Саюза (1967), двойчы Герой Сав. Саюза (1965, 1982). Скончыў Ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1931), курсы пры Ваенна-марской акадэміі (1941). З 1932 на Ціхаакіянскім, з 1939 на Чарнаморскім флоце. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Адэсы, з ліст. 1942 каманд. 47-й арміяй, у 1943—48 — Азоўскай і Дунайскай ваен. флатыліямі, эскадрай Чарнаморскага флоту. У 1948—55 нач. штаба і каманд. Чарнаморскім флотам. У 1956—85 галоўнакаманд. ВМФ, нам. міністра абароны СССР. Дзярж. прэмія СССР 1980, Ленінская прэмія 1985.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРН (Horne, Hoorn, Hornes) Філіп II дэ Манмарансі (Montmorency; 1524, Невель, каля г. Гент, Бельгія — 5.6.1568), граф, адзін з лідэраў антыісп. дваранскай апазіцыі ў пач. Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Чл. нідэрландскага Дзярж. савета (1561—65), адмірал фландрскага флоту, штатгальтэр Гелдэрна і Зютфена. Разам з Вільгельмам I Аранскім і Л.Эгмантам выступаў супраць каралеўскага абсалютызму і інквізіцыі. У 1565, у знак пратэсту супраць закону аб ерэтыках, выйшаў з Дзярж. савета. Спадзеючыся на прымірэнне з Іспаніяй, прысягнуў у 1567 Філіпу II Іспанскаму, аднак пасля прыбыцця ў Нідэрланды герцага Ф.Альбы быў разам з Эгмантам арыштаваны, абвінавачаны ў змове і пакараны смерцю.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)