КРЭ́ЙЧА (Krejča) Атамар (н. 23.2.1921, Скрышаў, Чэхія),

чэшскі акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Чэхіі (1958). На сцэне з 1940. У 1960-я г. ўзначальваў чэш. тэатр. авангард. У 1956—61 гал. рэжысёр Нац. т-ра ў Празе, у 1965—72 арганізатар і кіраўнік «Тэатра за бранаў», з 1991 — «Тэатра за бранаў-2». Сярод роляў: Сірано дэ Бержарак (аднайм. п’еса Растана), Дон Жуан (аднайм. п’еса Мальера), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна) і інш. Паставіў п’есы А.​Чэхава («Вішнёвы сад», «Тры сястры»), у т. л. ў Германіі, Швейцарыі, Італіі. Рэжысёрскай творчасці К. ўласцівы лірызм, схільнасць да аналізу, дакладнасць думкі.

Літ.:

Солнцева Л.П. Чехословацкий театр сегодня. М., 1962.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫРА́КА (Ratsiraka) Дзідзье (н. 4.11.1936, Ватамандры, Мадагаскар),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Мадагаскара. Скончыў Ін-т інжынераў сувязі і вышэйшае ваен.-марское вучылішча ў Тулоне (Францыя, 1969). Адмірал. Служыў у ВМФ, быў ваен. аташэ пры мадагаскарскім пасольстве ў Францыі. У 1972—75 міністр замежных спраў Мадагаскара. У выніку дзярж. перавароту з чэрв. 1975 старшыня Вярх. Рэв. Савета, са снеж. 1975 прэзідэнт Мадагаскара. З 1976 ген. сакратар партыі Авангард малагасійскай рэвалюцыі. Абвясціў сваёй мэтай пабудову на Мадагаскары сацыяліст. грамадства. Праводзіў палітыку супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Пад націскам нар. выступленняў быў вымушаны правесці ў 1993 свабодныя прэзідэнцкія выбары, на якіх прайграў прадстаўніку апазіцыі. У лют. 1997 зноў абраны прэзідэнтам Мадагаскара.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАРЭНЦІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

адна з вядучых маст. школ Італіі эпохі Адраджэння. Заснавальнік — Джота ды Бандоне. У пач. 15 ст. — авангард гуманіст. мастацтва Адраджэння (Данатэла, Мазачыо, Л.Гіберці, Л. дэла Робія, А.​Раселіна і інш.). Творы адметныя матэматычна дакладнай пабудовай прасторы, імкненнем да пластычна выразнай, анатамічна правільнай будовы чалавечага цела, адточанасці малюнка. Пошукі майстроў Ф.ш.ж. завяршылі Леанарда да Вінчы і Мікеланджэла, якія ўзнялі маст. здабыткі школы на якасна новы ўзровень. У канцы 15 ст. з’явіліся рысы вытанчанага дэкаратывізму і стылізацыі (А. дэль Верок’ё, С.Батычэлі). У 1530-я г. школа — адзін з цэнтраў прыдворнага і элітарнага мастацтва маньерызму (Дж.Вазары, А.Бранзіна, Я.Панторма і інш.). У 17 ст. заняпала.

Фларэнційская школа жывапісу. С.​Батычэлі. Вясна. Каля 1477—78.

т. 16, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬЦ Георгій Паўлавіч (6.3.1893, Масква — 27.5.1946),

рускі і бел. архітэктар і тэатр. мастак. Правадз. чл. Акадэміі архітэктуры СССР (1939). Скончыў Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні (1922) у Маскве. Сярод ранніх работ у стылі канструктывізму — Дзярж. банк у Мінску (1927; у сааўт.; не захаваўся). У Віцебску ў БДТ-2 (т-р імя Я.​Коласа) аформіў спектаклі: «Разлом» Б.​Лаўранёва (1928), «Горад вятроў» У.​Кіршона, «Авангард» В.​Катаева (абодва 1930), «Качагары» І.​Гурскага (1931), «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1933) і інш. Сярод работ у Маскве: жылыя дамы на Ленінскім і Кутузаўскім праспектах, вул. М.​Горкага (1939—40). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Быков В.Е. Георгий Гольц. М., 1978.

Л.​А.​Воінаў.

Г.Гольц. Будынак дзяржаўнага банка па вуліцы Савецкай у Мінску. 1927.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́ЗМ, прамянізм,

кірунак у рус. авангардным жывапісе пач. 20 ст. Узнік у 1909 пасля экспазіцыі на выстаўцы Маскоўскага т-ва свабоднай эстэтыкі карціны М.Ларыёнава «Шкло». У 1910—14 да метаду Л. далучыліся Д.Бурлюк, У.​Бурлюк, Н.Ганчарова, К.​Зданевіч і інш. Сутнасць Л. выкладзена ў 1911 у аднайм. маніфесце Ларыёнава (апубл. ў 1913). Мастакі ставілі за мэту вывесці карціну па-за прастору і час у «чацвёртае вымярэнне» і сцерці межы паміж карціннай плоскасцю і натурай. У творах лучыстаў выяўляўся не сам прадмет, а адбітыя ад яго паверхні светлавыя промні, якія ўмоўна перадаваліся на плоскасці карціны каляровымі лініямі. Іх танальнасць і інтэнсіўнасць павінны былі надаваць сэнс новым формам.

Літ.:

Ларионов М. Лучизм. М., 1913;

Неизвестный русский авангард в музеях и частных собраниях. М., 1992.

М.​Каранеўская.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗАНАЎ Сяргей Рыгоравіч (29.9.1894, Масква — 9.1.1957),

рускі пісьменнік, рэжысёр, педагог. Займаўся тэорыяй і практыкай маст. выхавання дзяцей (кн. «Тэатр для дзяцей», 1925, з Н.​Сац, і інш.). Аўтар п’ес «Будзь гатоў» (паст. 1924), «Негрыцяня і малпа» (паст. 1927, з Сац), аповесцей «Прыгоды Траўкі» (1928), «Неспакойны характар» і «Ізумрудныя берагі» (1942) і інш. У 1928—30 маст. кіраўнік БДТ-2 і педагог студыі пры т-ры. Зрабіў значны ўплыў на развіццё т-ра ў перыяд яго станаўлення, паставіў спектаклі: «Разлом» Б.​Лаўранёва (1928), «Рэйкі гудуць» (1929, з Саннікавым), «Горад вятроў» (1930, з М.​Міцкевічам), «Цудоўны сплаў» (1934) У.​Кіршона, а таксама «Авангард» В.​Катаева (1930, з Саннікавым), «Гонар» А.​Траецкага і Р. (1934); у БДТ-3 — «Рыкашэт» У.​Галубка (1935).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРГІЕ́НКА Раіса Іванаўна (н. 10.7.1945, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. музыказнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1968). З 1967 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Навук. працы па тэарэт. праблемах музыкі 20 ст., у т. л. «Выканальніцкая інтэрпрэтацыя музычнага твора» (1992), «Гукавышынная аснова музычнай кампазіцыі XX ст.» (1998) і інш.

Тв.:

Новыя аспекты гукавышыннай арганізацыі ў беларускай музыцы 60-х гг. // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. 1993. № 12;

Беларускі музычны авангард на рубяжы апошніх дзесяцігоддзяў XX ст.: гукавышынная арганізацыя і сучасныя віды кампазіцыйнай тэхнікі // Музычная культура Беларусі: Дыялог часоў. Мн., 1997;

Кампазітары Беларусі. Мн., 1997 (разам з Т.​Г.​Мдзівані);

Тембр музыкального звука: новые измерения // Музыкальное искусство на рубеже столетий. Мн., 2000;

Высота и звуковой мир современной музыки // Теоретические проблемы музыки XX в. Мн., 2001. Вып. 6.

т. 14, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УДЗІНО́ (Oudinot) Нікала Шарль (25.4.1767, Бар-ле-Дзюк, Францыя — 13.9.1847),

французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1809), герцаг Рэджо (1809). У арміі з 1784, з 1794 генерал. З 1799 удзельнік большасці напалеонаўскіх войнаў. У час вайны 1812 камандаваў 2-м корпусам «Вялікай арміі», які быў пакінуты ў Полацку для прыкрыцця наступлення гал. сіл на Маскву. Удзельнічаў у Клясціцкіх баях 1812, у Чашніцкіх баях 1812. У час першай з Полацкіх бітваў 1812 17—18 жн. У. цяжка паранены. У час Бярэзінскай аперацыі 1812 узначальваў авангард франц. войск. Стрымліваючы рас. войскі ў час бітвы каля в. Студзёнка, У. забяспечыў пераправу франц. часцей цераз Бярэзіну. Удзельнік кампаній 1813—14. У 1814 перайшоў на бок Бурбонаў і падтрымліваў іх у час «Ста дзён Напалеона» ў 1816. Пэр Францыі (1814). У 1823 камандаваў корпусам пры падаўленні рэвалюцыі ў Іспаніі.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 16, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНЕ́ВІЧ Фелікс (1762, г. Вільня — 21.5.1848),

кампазітар, скрыпач-віртуоз, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Мяркуюць, што з 1777 працаваў у капэле караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Варшаве. З 1784 гастраліраваў па Еўропе, працаваў у капэле герцага Арлеанскага, адначасова ўдасканальваўся ў І.​Гайдна, П.​Нардзіні, Г.​Пуньяні. З 1792 у Вялікабрытаніі, выступаў як скрыпач-канцэртант і кіраўнік аркестра. У 1803 адкрыў краму нот і муз. інструментаў у Ліверпулі. З 1815 працаваў у Шатландыі. Прадстаўнік еўрап. муз. класіцызму. Выкананню ўласцівы эмацыянальнасць, спеўнасць, чысціня інтанацыі, дасканалая тэхніка. Аўтар канцэртаў, у т. л. 5 для скрыпкі, для фп. з аркестрам, смычковых дывертысментаў, трыо, дуэтаў, санат і інш. Адзін з заснавальнікаў (1813) і капельмайстар (1813—15) Лонданскага філарманічнага т-ва. В.​А.​Моцарт прысвяціў Я. «Andante» для скр. з аркестрам. На Беларусі творы Я. прапагандуюць «Беларуская капэла», ансамбль «Класік-Авангард».

А.​В.​Фралоў.

т. 18, кн. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЗНА́ Міхаіл Рыгоравіч (н. 20.11.1962, в. Ракушава Круглянскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1998). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1985). З 1986 маст. рэдактар выд-ва «Беларусь». З 1992 у Бел. АМ (з 1996 заг. кафедры, з 1999 прарэктар). Даследуе кніжную графіку, праблемы сучаснага выяўл. мастацтва і дызайну. Аўтар навук. прац: «Пластыка і авангард» (1991), «Традыцыі СНОМАСа (УНОВІСа) у графічным дызайне Беларусі» (1994), «Праз паслядоўнасць да рэальнага выбару» (1995), «Казка ў беларускай кніжнай графіцы 1960—80-х гадоў» (1996); «Беларускае выяўленчае мастацтва ў XX стагоддзі» (2002) і інш., навуч.-метадычных дапаможнікаў. Працуе таксама ў маст. фатаграфіі: серыі «Тэксты» (1997), «Ілюзія адлегласцей», «Белая шэрань» (абедзве 2000), «Мінск. Праспект» (2001), «Адроджаны свет муроў» (2002), «Promenade» (1996—2002), кніжнай графіцы.

Тв.:

Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гадоў. Мн., 2001.

М.Баразна. Ілюзія адлегласцей. 2000.

т. 18, кн. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)