навука пра прыродныя аб’екты і працэсы, якія адбываюцца ў крыясферы. Даследуе фіз., хім. і мінералагічныя змены вады пры т-ры ніжэй пункта яе замярзання, а таксама прыродныя целы, якія ўзнікаюць пры адмоўных т-рах (атм. льды, наземныя і марскія зледзяненні, шматгадовая мерзлата). Падзяляецца на гляцыялогію і геакрыялогію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫНДАЛІЗА́ЦЫЯ,
спосаб знішчэння мікробаў і іх спор у пэўным аб’ёме. Выкарыстоўваецца пераважна для стэрылізацыі вадкасцей і харч. прадуктаў. Ажыццяўляецца шматразовай апрацоўкай парай звычайна пры т-ры 55—56 °C. У прамежках паміж награваннямі аб’екты (рэчывы) вытрымліваюць ва ўмовах, якія садзейнічаюць прарошчванню спораў. Тэрмін ад імя англ. вучонага Дж.Тындаля, які распрацаваў гэты спосаб. Гл. таксама Пастэрызацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННАЯ МІКРАСКАПІ́Я,
сукупнасць метадаў даследавання з дапамогай электронных мікраскопаў мікраструктуры цел (у т. л. на атамна-малекулярным узроўні), іх лакальнага саставу і лакалізаваных на іх паверхні ці ў мікрааб’ёме эл. і магн. палёў («мікрапалёў»).
Уключае таксама ўдасканаленне і распрацоўку новых электронных і інш. карпускулярных (напр., пратонных) мікраскопаў і прыставак да іх, распрацоўку методык падрыхтоўкі ўзораў для даследаванняў у гэтых мікраскопах, вывучэнне механізмаў фарміравання электронна-аптычных відарысаў (гл.Электронная і іонная оптыка), распрацоўку спосабаў аналізу рознай інфармацыі, атрыманай з дапамогай электронных мікраскопаў. Асн.аб’екты даследаванняў — цвёрдыя целы; парашкі, мікракрышталі, аэразолі і інш. вывучаюць пры нанясенні іх на тонкую (для даследаванняў у прасвечвальных электронных мікраскопах) ці масіўную (у растравых, адбівальных і люстраных мікраскопах) падложку. Вадкія і газападобныя аб’екты даследуюцца з дапамогай спец. мікракамер — прыставак да прасвечвальных электронных мікраскопаў.
Літ.:
Стоянова И.Г., Анаскин И.Ф. Физические основы методов просвечивающей электронной микроскопии. М., 1972;
Утевский Л.М. Дифракционная электронная микроскопия в металловедении. М., 1973;
Хокс П. Электронная оптика и электронная микроскопия: Пер. с англ.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ,
усе аб’екты, якія непасрэдна адлюстроўваюць гіст. працэс і даюць магчымасць вывучаць гісторыю чалавечага грамадства. Да іх належаць помнікі пісьменнасці, архітэктуры, рэшткі прылад і сродкаў вытв-сці, прадметы побыту і дзейнасці чалавека, а таксама стараж. элементы, што зберагліся ў мове і інш. Умоўна падзяляюцца на рэчавыя, кінафотафонаматэрыялы, лінгвістычныя, пісьмовыя, вусныя, этнагр. і інш. Тэорыяй і методыкай вывучэння і выкарыстання К.г. займаецца крыніцазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯБІЯЛО́ГІЯ (ад крыя... + біялогія),
раздзел біялогіі, які вывучае дзеянне нізкіх і звышнізкіх т-р (ад 0 °C амаль да абс. нуля) на біял.аб’екты і працэсы. Навук. асновы закладзены ў канцы 19 ст. П.І.Бахмецьевым. Устанаўлівае ніжнія тэмпературныя межы жыцця, даследуе пашкоджвальнае дзеянне адмоўных т-р і распрацоўвае спосабы абароны клетак і тканак ад замярзання, высвятляе механізмы адаптацыі арганізмаў да холаду. Гл. таксама Крыятэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛЁТ,
раптоўнае нападзенне дыверсійна-разведвальных груп, партызан і інш., а таксама авіяцыі, артылерыі на аб’екты праціўніка. Шырока выкарыстоўваліся ў час 2-й сусв. вайны. У тактыцы дзеянняў бел. партызан у Вял.Айч. вайну пераважалі Н. на ням.-фаш. гарнізоны, чыг. станцыі, масты, эшалоны, абозы і інш. У сучасных умовах агнявыя Н. ажыццяўляе артылерыя, ваен.-паветр. авіяцыя, у т. л. з выкарыстаннем высокадакладнай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ КАДА́СТР,
сістэматызаваны збор звестак пра аб’екты, што складаюць прамысловыя рэсурсы краіны, рэгіёна. Змяшчае прамысл.-біял. характарыстыку аб’ектаў (класіфікацыя, дынаміка відаў і папуляцый, ступень іх даследаванасці, нормы здабычы, меры аховы і інш.), сац.-эканам. ацэнку, картаграфічныя і стат. звесткі, рэкамендацыі па рацыянальным выкарыстанні, напр., Дзярж. кадастр жывёльнага свету Рэспублікі Беларусь (уключае кадастравыя кнігі паляўнічых і прамысл. жывёл) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́СА (ад ням. Trasse напрамак лініі, шляху),
1) лінія, якая вызначае напрамак руху ці гранічную вось дарогі, канала, чыгункі, лініі электраперадач і сувязі, трубаправода і інш. 2) Устаноўлены маршрут рэгулярных палётаў самалётаў, руху воднага транспарту паміж вызначанымі пунктамі; таксама іншая дарога, якая злучае важныя аб’екты, населеныя пункты.
3) Вогненны ці дымавы след у паветры, які пакідае трасіруючая куля, снарад і пад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕМЕХАНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
комплекс сродкаў тэлемеханікі для перадачы на адлегласць каманд ад аператара (ці кіроўнай ЭВМ) да аб’ектаў кіравання, а таксама кантрольнай, вымяральнай і інш. інфармацыі — у адваротным напрамку. Складаецца з пункта кіравання (ПК), дзе знаходзіцца аператар (дыспетчар), пунктаў, дзе размяшчаюцца аб’екты кіравання (кантролю), і ліній сувязі паміж імі. Складаная Т.с. можа мець некалькі ПК, раўнапраўных ці падпарадкаваных адзін аднаму ў адпаведнасці з іерархічным прынцыпам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА ПРАГРАМАВА́ННЯ,
фармальная мова сувязі чалавека з ЭВМ, прызначаная для апісання інфармацыі (напр., даных) і алгарытмаў яе апрацоўкі. Задаецца наборам сімвалаў (алфавіт), правіламі пабудовы тэксту (сінтаксіс), пералікам дзеянняў і аб’ектаў, што апісваюцца сінтаксічна дапушчальнымі тэкстамі праграм (семантыка). Праграмы, напісаныя на М.п., пераводзяцца ў машынныя коды з дапамогай транслятара.
Адрозніваюць М.п. машынна-арыентаваныя, працэдурна-арыентаваныя і аб’ектна-арыентаваныя. Да машынна-арыентаваных адносяць мовы, што ўлічваюць асаблівасці канкрэтнай ЭВМ (структуру каманд, памяць, знешнія прылады і інш.) і дазваляюць ствараць праграмы, такія ж па эфектыўнасці, як праграмы. напісаныя ў кодах машыны (гл.Асемблер, Машынная мова). У працэдурна-арыентаваных М.п. (напр., Паскаль, Фартран, Алгол, Модула, ПЛ/1) вылучаюць 2 часткі: для апісання структуры аб’ектаў і для працэдуры іх апрацоўкі. На іх эфектыўна апісваюцца і рэалізуюцца алгарытмы апрацоўкі інфармацыі складанай іерархічнай структуры. Самастойнае падмноства такіх моў складаюць мовы мадэліравання. Аб’ектна-арыентаваныя М.п. (напр., Ада, Сі++) грунтуюцца на 4 гал. прынцыпах: магчымасць праграмісту апісваць уласныя аб’екты, вызначаць уласныя аперацыі над аб’ектамі, будаваць іерархіі аб’ектаў і дзеянняў над імі, перавызначаць аб’екты і аперацыі над імі. У выніку з’явіліся магчымасці развіваць і назапашваць праграмы з канкрэтнай прадметнай вобласці, павялічылася іх надзейнасць і скараціўся час іх распрацоўкі і наладкі.