КАМЕ́НСКІ (Фёдар Фёдаравіч) (2.9.1836, с. Лясное каля С.-Пецярбурга — 26.8.1913),
рускі скульптар, майстар станковай жанравай скульптуры і партрэта. Скончыў Пецярбургскую АМ (1860), вучыўся ў І.П.Віталі і М.С.Піменава. Пенсіянер АМ у Італіі (1863—69). У 1870—72 жыў у Фларэнцыі, з 1873 у ЗША. Творчасці ўласцівы бытавізм трактоўкі сюжэтаў, часам сентыментальнасць, імкненне да пераадолення адасобленасці акад. пластыкі («Хлопчык-скульптар», «Удава з дзіцем», абодва 1866; «Першы крок», 1872; партрэты Т.Шаўчэнкі, Ф.Бруні, абодва 1862).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСАРО́ ((Pissarro) Каміль Жакоб) (10.7.1831, в-аў Сент-Томас, ЗША — 13.11.1903),
французскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. Вучыўся ў майстэрні А.Мельбі, Школе прыгожых мастацтваў і акадэміі Сюіса ў Парыжы (1855—61). Зазнаў уплывы Дж.Констэбла, К.Каро, Ж.Ф.Міле, у 2-й пал. 1880-х г. — неаімпрэсіянізму і пуантылізму. Майстар пейзажа, у якім праз сціплыя вясковыя ландшафты выяўляў паэзію і прыгажосць прыроды Францыі: «Дарога ў Раканкур», «Сена ў Марлі» (абодва 1871), «Уезд у вёску Вуазен» (1872), «Дарога з Жызора ў Пантуаз, снягі» (1873), «Узараная зямля», «Пейзаж у Пантуазё» (абодва 1874) і інш. З 1890-х г. звяртаўся і да адлюстравання жыцця гар. вуліц: «Вялікі мост, Руан», «Мост Буальдэ ў Руане, захад сонца» (абодва 1896), «Бульвар Манмартр у Парыжы» (1897), «Оперны праезд, эфект снегу», «Плошча Французскага тэатра, эфект дажджу» (абодва 1898), «Сад Цюільры, туман» (1900), «Царква Сен-Жак у Дзьепе» (1901) і інш. Творы вызначаюцца мяккасцю і багаццем колеравай гамы, тонкай перадачай святлаценю, эфектам празрыстасці і вільготнасці паветра. Працаваў таксама ў тэхніках акварэлі, малюнка, афорта і літаграфіі. Іл.гл. да арт.Імпрэсіянізм.
Літ.:
Юденич И.В. Пейзажи Писсарро в Эрмитаже. Л., 1963;
Герман М. Писсарро: [Альбом]. Л., 1973;
Камиль Писсарро: Письма. Критика. Воспоминания современников: Пер. с фр.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЛАБРЫ́ДЖЫДА ((Lollobrigida) Джына) (н. 4.7.1927, г. Субіяка, Італія),
італьянская кінаактрыса, рэжысёр, фатограф. Вучылася на курсах спеваў, у тэатр. вучылішчы. У кіно з 1946. Першая значная работа ў антыфаш. фільме «Небяспечна: бандыты!» (1951). Актрыса адметная яркай знешнасцю, тэмпераментам, прыродным артыстызмам. Знялася ў фільмах: «Фанфан-Цюльпан» (1951), «Начныя прыгажуні» (1952), «Хлеб, каханне і фантазія», «Правінцыялка» (абодва 1953), «Рымлянка», «Хлеб, каханне і рэўнасць» (абодва 1954), «Сабор Парыжскай Божай маці» (1956), «Саламон і царыца Саўская» (1959) і інш. Зняла дакумент. фільм пра Кубу (1976). Аўтар шматлікіх фотаальбомаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКАТА́ШКІН (Валянцін Пятровіч) (н. 1.11.1940, г. Гомель),
бел. мастак, педагог. Брат Я.П.Пакаташкіна. Засл. настаўнік Беларусі (1980). Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1974). З 1968 выкладчык нар. студыі выяўл. мастацтва Палаца піянераў г. Гомель, з 1997 нам. дырэктара Гомельскага маст. вучылішча. Творы адметныя стрыманасцю каларыту, лірызмам: «На поўначы далёкай» (1974), «Паўночная бухта» (1978), «Пасля вучэнняў», «Лазенькі дымяць» (абодва 1980), «Нарач», «Браслаўшчына», «Зямля Палеская» (усе 1986), «Новае Палессе» (1993), «Жыццё прадаўжаецца» (1996), «Ранняя вясна» (1997), «Музыка мора», «Царква святога Міхаіла ў Мазыры» (абодва 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЦУБ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 13.7.1949, в. Колкі Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. жывапісец.
Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). З 1971 выкладае ў Бабруйскім маст. прафесійна-тэхн. вучылішчы. Працуе ў кераміцы і жывапісе. Тонкім адчуваннем, выкарыстаннем выразных магчымасцей матэрыялу, арыгінальнасцю кампазіцый вызначаюцца дэкар. пласты «Максім Багдановіч» і «Каляды» (1976), «У гасцях у Вівальдзі» (1982), «Тэмы аднаго вечара» (1985), дэкар. скульптуры «Вясна і восень» (1980), «Папараць-кветка» (1985), «Дыяген» (1988), кампазіцыя «Куфэркі і скрыначкі» (1981), вазы «Спадчына» (1978), «Горад» (1980), «Зімовыя» (1990) і інш. Жывапісным творам уласцівы выразнасць малюнка і колеру, філас. асэнсаванне быцця: «Вершы, вершы дарагія...» (1981), «Шчодрасць» і «Азірніся!» (абодва 1982), «Вясельнае падарожжа» (1987), «Дыяген. Зона» (1988), «Францыск Скарына» (1989), «Вясновыя клопаты» (1992), «Сляды цывілізацыі» (1995), «Наведванні» і «Пілігрымы» (абодва 1997), «Стары млын» і «Пабудова піраміды» (абодва 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮШФІ́К, Мушфік (сапр.Ісмаілзадэ Мікаіл Кадыр аглы; 5.6.1908, Баку — 12.3.1939),
азербайджанскі паэт; адзін з пачынальнікаў азерб.сав. паэзіі. Скончыў пед.ін-т (Баку, 1931). У 1939 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1926. У зб-ках паэзіі «Вятры» (1930), «Галасы дня», «Сярод буравых» (абодва 1932), «Вершы», «Шэнгюль, Шунгюль і Менгюль» (абодва 1934), «Скала» (1935) і інш. рамантыка рэвалюцыі, героіка барацьбы за сацыяліст. абнаўленне жыцця. Лірыка М. эмацыянальна вобразная, музычная. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў М.Чарняўскі.
Тв.:
Рус.пер. — Разбитый саз: Стихи и поэма. Баку, 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРЭ́ЖКА (Віктар Іванавіч) (н. 28.7.1937, с. Кольгенфельд Растоўскай вобл., Расія),
расійскі кінасцэнарыст. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Укр.паліграф.ін-т (1961), Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1968). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Добры дзень і бывай!» (1973), «Вас чакае грамадзянка Ніканорава», «Багна» (абодва 1978, апошні з Р.Чухраем), «Радня», «Палёты ў сне і наяве» (абодва 1982, за апошні Дзярж. прэмія СССР 1987), «Курачка Раба» (1994) і інш., у якіх узнімаюцца маральныя праблемы сучаснасці, узаемадзеяння грамадства і асобы. Яны адметныя спалучэннем драм., эксцэнтрычных і лірыка-камічных элементаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЖУРА́ (Юрый Васілевіч) (19.1.1931, г.п. Арцёмаўка Чутаўскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 13.8.1985),
бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1965). У творчасці пераважалі адлюстраванне велічы і прыгажосці бел. прыроды, ваен. тэматыка, лірычныя матывы. Сярод твораў: «Партызанскі бор» (1974), «На безыменнай вышыні» (1975), «Станькава. Радзіма Марата Казея» (1976), «Станцыя Мядзел», «Зялёны луг», «Восень» (усе 1978), «Вясна на Палессі», «Пагранічны атрад» (абодва 1979), «Нарачанскі край», «Лагойшчына — край партызанскі» (абодва 1980), «Зямля, на якой жыў М.Багдановіч» (1981), «Капыльскія дудары» (1983), «Вілейшчына» (1984), «Нарачанскія рыбакі» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСАЛЫ́ГА (Міхаіл Самуілавіч) (н. 1.5.1942, г. Слуцк),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Аформіў альбом «Гравюры Францыска Скарыны» (1972), кнігі М.Танка «Хай будзе святло» і «Ключ жураўліны» (1972, усе з У.С.Басалыгам), «Ave Maria» (1980), Я.Купалы «Вершы і паэмы» (1982) і «Курган» (1987), «Дзень міру» (зборнік, 1986), «Веча славянскіх балад» Я.Сіпакова (2-е выд., 1988) і інш. Ілюстрацыі выкананы ў тэхніцы лінарыту, афорта, змешанай тэхніцы. У творах станковай графікі звяртаецца ў асноўным да гіст. тэмы. У серыю каляровых аўталітаграфій «Айчыну сваю баронячы» ўваходзяць: трыптых «Грунвальдская бітва», «Бітва з татарамі» (абодва 1989), трыптых «Бітва пад Оршай» (1992), «Давыд Гарадзенскі», «Леў Сапега» (абодва 1994); каляровыя літаграфіі «Рагнеда» (1990), «Мінскі замак» (1991); партрэты «Юрый Алелька», «Аляксандр Алелька» (абодва 1989), «Сафія Юр’еўна Алелька» (1995) і інш. Творы з дасканалым маст. веданнем гіст. побыту і касцюма на Беларусі адлюстроўваюць падзеі, якія адбываліся ў мінулыя стагоддзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЖЫ́НСКІ (Рыгор Іванавіч) (1838—1910?),
бел. этнограф і фалькларыст. Скончыў Нежынскі ліцэй. З 1861 настаўнік гімназій у Свянцянах, Мазыры, Гродне, інспектар нар. вучылішчаў Гродзенскай, з 1869 Мінскай губ. З 1875 дырэктар нар. вучылішчаў Варонежскай губ. Друкаваўся ў газ. «Минские губернские ведомости» («Пра духоўныя простанародныя песні Паўночна-Заходняга краю», 1868; «Мінск губернскі», 1877), «Гродненские губернские ведомости» («Пра зборнік заходнярускіх прыказак і прымавак», 1866; «Нататка пра гісторыю народнай паэзіі» і «Пра этнаграфічныя звесткі, што датычацца Заходняй Расіі», абодва 1867) і інш., аўтар артыкулаў «Сцэны з беларускага быту», «Батлейка» (абодва 1873). Пісаў для «Вестника Западной России» («Гродзенскія пісьмы: [Беларускія паданні і песні пра святога Юр’я]», «Сяло Казанскае, былое Куродзічы, Рэчыцкага павета Мінскай губерні», абодва 1865—66). З 1883 выдаваў у Харкаве час. «Благовест», дзе ў 1885—86 апублікаваў «Успаміны пра Паўночна-Заходні край (1861—1874 г.)». Склаў рукапісныя зб-кі «Песні, казкі і прыказкі Паўночна-Заходняга краю» (больш за 500 твораў) з Гродзенскай, Мінскай і Віленскай губ.; (не збярогся), «Простанародныя беларускія песні, запісаныя ў Мінскай губерні» (16 тэкстаў з нотамі).