КРУ́ПНІК,

у беларусаў рэдкая страва з ячных або прасяных круп (крупеня). Забельваюць малаком або вараць з мясам, бульбай. Часам вараць на сыроватцы, са свіной крыві і круп. К. таксама называлі хмельны мядовы напітак або гарэлку, перавараную з мёдам, журавінамі і духмянымі прыправамі.

т. 8, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙЗЕРЫ́Т,

мінерал, белы або шараваты апал. Агрэгаты порыстыя, шчыльныя або слаістыя, сталактыты. Адкладваецца з вод гейзераў. Гейзерытам таксама наз. белую або светлаафарбаваную лёгкую туфападобную апалавую пароду, што ўтвараецца ў выніку выпадзення крэменязёму з вод гарачых крыніц і гейзераў; складаецца пераважна з апалу з прымессю гліназёму.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́НКА,

шчыльна сабраныя разам і размешчаныя на адной галінцы кветкі або плады. Бывае рознай марфалагічнай будовы. Гронкай называюць суквецці бэзу, складаныя суплоддзі і суквецці вінаграду, рабіны, глогу і інш. сукупнасці пладоў або кветак аднаго суквецця, якія больш або менш адасобленыя ад вегетатыўнай часткі парастка.

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТАНА́ТАР (ад франц. détoner узрывацца),

зарад брызантнага выбуховага рэчыва (БВР), прызначаны ўзбуджаць (ініцыіраваць) дэтанацыю ў асн. зарадзе прамысл. (падрыўнога) выбуховага рэчыва або ў боепрыпасах (артыл. снарадах, мінах, бомбах, баявых частках ракет і інш.). Робіцца ў выглядзе метал. або папяровай гільзы, начыненай БВР. Капсуль-Д. — тонкі метал. або пластмасавы каўпачок з БВР, які стварае пачатковы выбуховы імпульс. Выкарыстоўваецца для ўзбуджэння дэтанацыі ў разрыўных або падрыўных зарадах. Існуюць таксама электрадэтанатары, якія ўзбуджаюць дэтанацыю эл. токам.

т. 6, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЭ́ГА (Odontites),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, пазатрапічнай Азіі. Паўн. Афрыцы. На Беларусі 2 віш: усюды — Дз. звычайная, або позняя (O. vulgaris), рэдка — веснавая (O. verna). Растуць на лугах, папарах, як пустазелле, каля дарог.

Аднагадовыя паўпаразітныя травяністыя расліны з прамастойнымі простымі або разгалінаванымі сцёбламі, са слаба развітымі каранямі і гаўсторыямі на іх. Лісце супраціўнае, ланцэтнас або ланцэтна-яйцаладобнае, суцэльнае, па краі каротказубчастае, рэдка (верхняе) суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, двухполыя, двухгубыя, ружовыя або чырванаватыя, размешчаны ў пазухах прыкветных лістоў і сабраны ў верхавінкавыя гронка- або коласападобныя суквецці. Плод — каробачка. Лек. і меданосныя расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзярэга звычайная.

т. 6, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБО́ЙСТВА,

наўмыснае або неасцярожнае пазбаўленне жыцця чалавека. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь адказнасць за З. настае з 14 гадоў. За наўмыснае З. пры абцяжваючых акалічнасцях (з карыслівымі матывамі, пры выкананні пацярпелым службовага або грамадскага абавязку, цяжарнай жанчыны, учыненае асабліва небяспечным рэцыдывістам ці асобай, якая раней была асуджана за наўмыснае З., і інш.) закон прадугледжвае доўгатэрміновае або пажыццёвае пазбаўленне волі або пакаранне смерцю. Законам прадугледжана крымін. адказнасць за З., учыненае ў стане моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі паводзінамі пацярпелага, пры перавышэнні межаў неабходнай абароны і па неасцярожнасці, пазбаўленнем волі да 5 гадоў або папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТЭРМІНО́ЎКА,

1) спосаб аплаты тавараў або паслуг, пры якім плацяжы ажыццяўляюцца не ў поўнай суме іх кошту, а па частках. Пры Р. плацяжу паміж контрагентамі ўзнікаюць крэдытныя абавязацельствы. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. найб. пашырана пры продажы рознічных тавараў у крэдыт.

2) У цывільным працэсуальным заканадаўстве суд, які пастанавіў рашэнне, правамоцны па заяве асоб, што ўдзельнічаюць у справе, зыходзячы з матэрыяльнага становішча бакоў або інш. акалічнасцей, растэрмінаваць або адтэрмінаваць выкананне рашэння. Такія заявы разглядаюцца ў суд. пасяджэнні. Пры наяўнасці акалічнасцей, якія ўскладняюць выкананне рашэння або робяць яго немагчымым, суд. выканаўца можа паставіць перад судом пытанне аб адтэрміноўцы або Р. выканання.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАЁМ,

натуральнае (возера) або штучнае (вадасховішча, сажалка, копанка) паглыбленне зямной паверхні, запоўненае бяссцёкавымі або з запаволеным сцёкам водамі. Бываюць пастаянныя або часовыя. Паводле хім. саставу і колькасці раствораных у вадзе соляў падзяляюцца на прэсныя і салёныя. У шырокім сэнсе пад вадаёмам разумеюць мора, акіян. Вывучае вадаёмы гідралогія.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВО́РУМ (лац. quorum),

устаноўленая законам або статутам грамадскай арг-цыі колькасць прысутных на сходзе або на пасяджэнні якога-н. органа, пры якой іх рашэнні з’яўляюцца правамоцнымі. Вызначаецца пэўнай лічбай або працэнтнымі адносінамі да агульнай колькасці ўдзельнікаў. У некат. выпадках пры вырашэнні асабліва важных пытанняў звычайны К. павышаецца.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДГО́Р’І,

паніжаныя ўскраінныя ўчасткі горных краін, сістэм або хрыбтоў, якія характарызуюцца ўзгоркавым або нізкагорным рэльефам. Уяўляюць сабой пераход ад горнай краіны да прылеглай раўніны. Адносныя перавышэнні складаюць дзесяткі і першыя сотні метраў. Звычайна ўтвораны з больш маладых парод, чым уласна горы, або з прадуктаў іх разбурэння.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)