ГУДЗЕ́ВІЦКІ ЛІТАРАТУ́РНА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1965 на грамадскіх пачатках пры сярэдняй школе ў в. Гудзевічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., з 1990 — дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 729 м², больш за 12 тыс. экспанатаў (1997). У экспазіцыі этнагр. помнік краю — сял. хата 18 ст. з прадметамі сял. побыту 17—19 ст. Сярод экспанатаў вырабы з косці і каменю часоў неаліту, кераміка сярэднявечча, вырабы мясц. кавалёў 18—20 ст., калекцыя падвойных дываноў, кафля 17—20 ст., вырабы з лёну, саломкі, дрэва, калекцыя нар. адзення, рукапісы і кнігі з аўтографамі вядомых бел. пісьменнікаў, дзеячаў медыцыны, мастакоў, артыстаў, кампазітараў, творы жывапісу, графікі і скульптуры.

А.​М.​Белакоз.

Гудзевіцкі краязнаўчы музей. Сялянская хата 18 ст.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСАЛІ́Н ((Dessalines) Жан Жак) (20.9.1758, Гана — 17.10.1806),

дзеяч нац.-вызв. руху на в-ве Гаіці. Пажыццёвы ген.-губернатар (з 1804). Негр, да 1790 раб (узяў прозвішча свайго б. ўладальніка). Удзельнік нац.-вызв. паўстання пад кіраўніцтвам Ф.Д.Тусэн-Луверцюра, пасля паланення якога французамі (1802) на чале арміі паўстанцаў (з мая 1803) дамогся вызвалення в-ва ад франц. каланізатараў (канец 1803). З кастр. 1804 імператар Гаіці (правіў як Жак I). Цяжкае эканам. становішча краіны (у т. л. з-за блакады вострава Францыяй, а з 1806 і ЗША), агр. палітыка (перадача дзярж. зямель пераважна ва ўладанне неграм) і жорсткія метады праўлення Д. выклікалі ў кастр. 1806 паўстанне землеўладальнікаў-мулатаў, у час якога Д. загінуў.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛЫ,

дзярж. дзеячы, шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Родапачынальнік — баярын Татвойш, які ў 2-й пал. 15 ст. атрымаў ад вял. кн. Казіміра зямлю ў Мядэкшах на Ковеншчыне. Унука Татвойша звалі Забела, ад яго і пайшоў род З. З 17 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя: Ян (? — крас. 1761), кашталян мсціслаўскі з 1752. Антоній (? — 18.8.1776), генерал-паручнік войска ВКЛ (1761), маршалак ковенскі ў 1744—61, вял. лоўчы ВКЛ у 1761—75. Юзаф (?—9.5.1794), сын Антонія, вял. лоўчы ВКЛ у 1775—93, гетман польны ВКЛ з 1793. Маршалак Таргавіцкай канфедэрацыі, за што пакараны смерцю ў час паўстання 1794. Шыман (?—1793), кашталян мінскі з 1787.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТО́Н (лац. Krypton),

Kr, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 36, ат. м. 83,8, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб. колькасць ​84Kr (56,9% па аб’ёме). У атмасферы 1,1410​−4% па аб’ёме. Англ. вучоныя У.​Рамзай і М.​Траверс адкрылі К. разам з ксенонам і неонам у 1898, з-за цяжкасці атрымання названы ад грэч. kryptos — схаваны.

Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -153,36 °C, шчыльн. 3,745 кг/м³ (0 °C). З хім. злучэнняў атрыманы толькі К. дыфтарыд KrF2 — бясколерныя крышталі з рэзкім пахам, наймацнейшы акісляльнік. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, газаразрадных трубак; радыеактыўны ізатоп ​85Кг — як крыніцу β-выпрамянення ў медыцыне.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЬНІК, арніка (Arnica),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — К. горны (A. montana, нар. назвы гарнік, касцян, лясны цітун, баравы гваздзік), занесены ў Чырв. кнігу. Расце курцінамі на палянах, узлесках, балоцістых лугах. Як лек. сродак вядомы з 11 ст. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны К. аблісцелы (A. foliosa) і К. Шамісо (A. chamissonis).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з апушанымі сцёбламі выш. 20—100 см. Лісце суцэльнае або рэдказубчастае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкавыя кошыкі буйныя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Абгортка з зялёных лісцікаў, двухрадковая. Плод — граністая сямянка з чубком з перыстых валаскоў. Меданосныя, лек., дэкар. расліны.

Купальнік горны.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ДАЧЖА́О (6.1.1888, прав. Хэбэй, Кітай — 28.4.1927),

кітайскі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Бэянскую паліт.-юрыд. школу ў г. Цяньцзінь (1913). З 1915 удзельнік руху за новую кіт. культуру, супрацоўнічаў з час. «Сінь цыннянь» («Новая моладзь»), дзе прапагандаваў ідэі марксізму. З 1918 заг. б-кі Пекінскага ун-та. Праф. У 1919 ідэйны кіраўнік, адзін з арганізатараў руху «Чацвёртага мая». У 1920 стварыў у Пекіне т-ва па вывучэнні марксізму. Адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Кітая (КПК, 1921). Кіраўнік паўн.-кіт. бюро КПК. У 1924 адыграў важную ролю ў аб’яднанні КПК і гаміньдана ў адзіны рэв. фронт. 3 крас. 1926 у падполлі. Арыштаваны і пакараны смерцю паўн.-кіт. мілітарыстамі.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІША́ЕВА (Ніна Паўлаўна) (н. 1.1.1937, г.п. Бобр Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне паразіталогіі і вірусалогіі. Д-р біял. н. (1986). Скончыла БДУ (1959). З 1959 у Бел, НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (з 1975 заг. лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні прыродных ачагоў трансмісійных вірусных інфекцый, распрацоўцы хіміятэрапеўт. прэпаратаў для прафілактыкі прыродна-ачаговых інфекцый, імуналогіі.

Тв.:

Явление регуляции гиперпаразитизма иммунитетом позвоночных (разам з В.​І.​Вацяковым, Т.​І.​Лабачовай) // Открытия, изобретения. 1987. № 31;

Достижения в этиотропном лечении вирусных гепатитов (разам з В.​І.​Вацяковым) // Мед. новости. 1996. № 10;

Проблема контроля за бешенством в различных регионах мира (разам з Л.​П.​Цітовым, А.​К.​Кажамякіным) // Постэкспозиционная профилактика бешенства в Республике Беларусь. Мн., 1998.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯРУ́ДНЫХ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, спецыялізаванай на здабычы, драбленні і абагачэнні буд. каменю, здабычы друзу, жвіру, буд. пяску. На Беларусі як прамысл. галіна пачала фарміравацца пасля Вял. Айч. вайны з буд-вам спецыялізаваных прадпрыемстваў. Аб’ядноўвае больш за 350 прадпрыемстваў, найбуйнейшыя з іх Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт», Заслаўскі і Аршанскі драбільна-сартавальныя з-ды, Смаргонскі драбільна-сартавальны гідрамеханізаваны ’з-д. Аснова сыравіннай базы — радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу і буд. каменю. Прадукцыя выкарыстоўваецца як напаўняльнік для вытв-сці бетону, жалезабетону, пры буд-ве і рамонце чыгункі, дарог з цвёрдым пакрыццём, меліярац. сістэм і інш. Гл. таксама Адкрытая распрацоўка радовішчаў, Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

Да арт. Нярудных будаўнічых матэрыялаў прамысловасць. Здабыча граніту на Мікашэвіцкім радовішчы.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ ПО́ЛЬСКАЯ ПЯХО́ТНАЯ ДЫВІ́ЗІЯ ІМЯ́ Т.КАСЦЮ́ШКІ, Першая Варшаўская пяхотная дывізія імя Т.​Касцюшкі. Сфарміравана па ініцыятыве Саюза польскіх патрыётаў у СССР у маі 1943 на тэр. Сав. Саюза (в. Сяльцы, каля г. Разань, Расія) і з яго дапамогай. Першы бой дывізія на чале з ген. З.Берлінгам правяла разам з сав. войскамі 12—13.10.1943 каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. З сак. 1944 у складзе 1-й Польскай арміі, якая 21.7.1944 аб’яднана з Арміяй Людовай у Войска Польскае. Назву «Варшаўская» атрымала за ўдзел у вызваленні сталіцы Польшчы. У гонар першага сумеснага бою часцей Чырв. Арміі і гэтай дывізіі ў в. Леніна адкрыты Музей савецка-польскай баявой садружнасці.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІРЫ́ДАЎ (Уладзімір Пятровіч) (7.12.1897, в. Казулічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 3.5.1963),

генерал-лейтэнант артылерыі (1943). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1930) і Генштаба (1938). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. З 1931 служыў у ваен. акругах. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн., Ленінградскім, 2-м і 3-м Прыбалт. франтах: нач. артылерыі фронту, нам. камандуючага фронтам, камандуючы арміямі; удзельнік абароны і прарыву блакады Ленінграда, баёў пад Ноўгарадам, Псковам, у Прыбалтыцы. Да 1957 на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—54. Адзін з аўтараў кн. «Бітва за Ленінград, 1941—1944» (1962).

т. 14, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)