САЮ́З КАМУНІ́СТАЎ,

першая міжнар. камуніст. арг-цыя, якая нелегальна існавала ў сярэдзіне 19 ст.; папярэднік Інтэрнацыянала 1-га. Засн. ў Лондане 2—9.6.1847 Ф.​Энгельсам, В.​Вольфам і інш. на кангрэсе «Саюза справядлівых», рэарганізаванага ў С.к. Стаў цэнтрам прапаганды марксізму, барацьбы К.​Маркса і Энгельса супраць утапічнага сацыялізму і сектанцтва (выключаны прыхільнікі В.​Вейтлінга). Паводле статута (прыняты на 2-м кангрэсе ў Лондане 29.11—8.12.1847) гал. мэта саюза — звяржэнне панавання буржуазіі, усталяванне ўлады пралетарыяту, заснаванне грамадства без класаў і прыватнай уласнасці. Дэвіз арг-цыі — прапанаваны Марксам заклік «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» (замест б. дэвіза «Саюза справядлівых» «Усе людзі — браты!»), праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі», напісаны Марксам і Энгельсам у пач. 1848.

Будаваўся на прынцыпах выбарнасці кіраўнікоў у спалучэнні з цэнтралізмам. Пярвічныя арг-цыі (абшчыны) аб’ядноўваліся ў акругі на чале з акруговымі к-тамі. Вярх. орган — кангрэс, паміж кангрэсамі выканаўчую ўладу ажыццяўляў ЦК. Налічваў каля 400 чл., пераважна ням. рабочых-эмігрантаў. Апіраўся на легальныя рабочыя т-вы і асацыяцыі ў Бруселі, Лондане, Парыжы, Германіі і Швейцарыі. Кантактаваў з англ. чартыстамі (гл. Чартызм) і франц. бланкістамі (гл. ў арт. Бланкі Л.А.). Яго члены ўдзельнічалі ў агульнаеўрап. рэвалюцыі 1848—49. Распушчаны згодна з прапановай Маркса пасля інспіраванага прускімі ўладамі працэсу супраць камуністаў у г. Кёльн (Германія, 1852).

Літ.:

Союз коммунистов — предшественник I Интернационала. М., 1964;

Союз коммунистов, 1836—1849: Сб. док. М., 1977.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІРЫ́ДАЎ (Георгій) (Юрый) Васілевіч (16.12.1915, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.1.1998),

расійскі кампазітар, піяніст, муз.-грамадскі дзеяч. Нар. арт. СССР (1970). Герой Сац. Працы (1975).

Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1941). Вучань П.​Разанава, Дз.​Шастаковіча. Значнае месца ў яго творчасці займалі жанры, звязаныя са словам; гал. тэма — Радзіма; яе лёс. Наследаваў і ўвасабляў традыцыі рус. пеўчай культуры, арганічна спалучаў яе з дасягненнямі мастацтва 20 ст. Музыка вызначаецца натуральнасцю, непаўторнасцю, рытмамі, уласцівымі жывой мове. Абнавіў жанры араторыі, кантаты, раманса, песні. Сярод твораў: муз. камедыі, у т. л. «Агеньчыкі» (1951), творы для голасу, хору і арк., у т. л. «Патэтычная араторыя» (словы У.​Маякоўскага, 1959), «Курскія песні» (словы нар., 1964), арк. сюіта «Час, уперад!» (1965), «Мяцеліца» (муз. ілюстрацыі да аднайм. аповесці А.​Пушкіна, 1974), сімфонія для струн. арк. (1940), музыка для камернага арк. (1964), трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1945); фп. саната (1944), 2 партыты (1947), «Альбом п’ес для дзяцей» (1948); 3 хары з музыкі да драмы А.​Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч» (1973), для хору з суправаджэннем «Пушкінскі вянок» (1979) і інш., рамансы, песні; апрацоўка нар. песень, музыка да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў. Яго творчасць моцна паўплывала на развіццё рас. музыкі. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1968, 1980. Ленінская прэмія 1960.

Літ.:

Сохор А.Н. Георгий Свиридов. М., 1964;

Книга о Свиридове. М., 1983;

Музыкальный мир Свиридова: Ст. Исслед. М., 1989.

Э.​А.​Алейнікава.

Г.В.Свірыдаў.

т. 14, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬДЖУ́КСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА Існавала на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 11—12 ст. Засн. качавымі цюркскімі плямёнамі агузаў на чале з родам Сельджукідаў, якія ў пач. 1030-х г. знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Газневідаў. У 1038 яны паўсталі супраць Газневідаў, у 1040 сельджукскі правадыр Тагрул-бек разбіў войска газневідскага султана Масуда; да 1043 заваяваны Харасан, потым — Буідаў дзяржава. У 1055 яго войскі захапілі Багдад, пасля чаго абасідскі халіф Каім надаў правіцелю С.дз. тытул султана. Пры султане Алп-Арслане [1063—72] да С.дз. далучаны Арменія, Сірыя, Палесціна, Маверанахр, у 1071 разбіты візант. войскі ў бітве пры Манцыкерце (Маназкерце). Найб. магутнасці С.дз. дасягнула пры султане Мелік-шаху [1072—92], візірам (гал. міністрам) якога быў Нізам-аль-Мульк. Пры ім да С.дз. далучана б.ч. Малой Азіі, а Караханідаў дзяржава прымушана плаціць даніну (1089). Асновай землеўладання С.дз. была сістэма ікта (ваен. лена). Найбольшыя ікты станавіліся асобнымі княствамі, што прывяло да пераўтварэння С.дз. ў аморфнае дзярж. ўтварэнне. У 1077 адасобіўся Румскі султанат (гл. Канійскі султанат), пасля смерці Мелік-шаха адзінства С.дз. стала намінальным. Унутрыпаліт. становішча дзяржавы ўскладнялася дзейнасцю секты ісмаілітаў. Пасля 1-га крыжовага паходу (1096—99) С.дз. страціла Палесціну, прыбярэжныя тэр. М. Азіі і Сірыі. Султан Санджар [1118—57] пацярпеў паражэнне ад каракітаяў (1141), а ў 1153 узяты ў палон балхскімі агузамі. З яго смерцю (1157) С.дз. распалася на асобныя княствы, пасля чаго ў Сярэдняй Азіі і Іране пачалося ўзвышэнне харэзмшахаў.

В.​У.​Адзярыха.

т. 14, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́МВАЛ (ад грэч. symbolon знак, апазнавальная прыкмета),

універсальны вобраз, знак, які ўвасабляе пэўную ідэю. Ствараецца чалавекам у працэсе пазнання рэчаіснасці і развіцця культуры. Форма С. не мае непасрэднай сувязі з адлюстраваным ім зместам. У адрозненне ад інш. відаў знакаў С. мае пачуццёва-наглядную форму, а сувязь паміж формай і закладзеным у ёй сэнсам не з’яўляецца адвольнай. У маст. культуры С. з’яўляецца адным з гал. сродкаў выяўлення духоўных і эстэт. каштоўнасцей, аўтарскай мадэлі свету. На пэўных этапах развіцця мастацтва С. прэваліравалі ў маст. мове (напр., сярэдневяковае мастацтва, сімвалізм). У адрозненне ад алегорыі С. не мае рацыянальнай формулы, разлічанай на адназначную трактоўку. Сэнсавая струк» тура С. шматзначная і прадугледжвае актыўнае ўспрыняцце суб’ектам. Праблема С. разглядалася ўжо ў ант. філасофіі (Платон). У сярэдневяковай філасофіі навакольнае асяроддзе тлумачылася як С. сутнасці Бога (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт). Эстэт. асэнсаванне С. прапанавана тэарэтыкамі ням. рамантызму, якія проціпастаўлялі С. алегорыі (Ф.​Шэлінг, Ф.​Крэйцэр) і бачылі ў ім аснову паэт. творчасці (Ф.​Шлегель). Рацыяналістычную трактоўку С. прапанаваў Г.​Гегель, які разглядаў С. пераважна ў якасці знака. Прыхільнікі псіхааналізу трактуюць С. як форму выяўлення псіхапаталагічнага сімптому асобы (З.​Фрэйд) ці ўстойлівых форм калектыўнага бессвядомага — архетыпаў (К.​Г.​Юнг). Ням. філосаф Э.​Касірэр пашырыў змест паняцця С. і разглядаў у якасці сімвалічных усе формы дзейнасці чалавека (мову, рэлігію, мастацтва і навуку).

В.​М.​Пешкаў.

т. 14, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў і сродкаў даследавання складаных, шматузроўневых сістэм, аб’ектаў, працэсаў, якія даюць магчымасць рыхтаваць і абгрунтоўваць рашэнні па складаных праблемах паліт., ваен., сац., эканам., навук. і тэхн. характару. Асновай С.а. лічаць агульную тэорыю сістэм і сістэмны падыход. Працэс С.а. складаецца з пастаноўкі праблемы, вызначэння мэты і крытэрыяў ацэнкі; структурнага аналізу доследнай сістэмы; распрацоўкі канцэпцыі развіцця сістэмы; падрыхтоўкі магчымых варыянтаў; непасрэднага аналізу выбраных варыянтаў і іх вынікаў. Гал. працэдура С.а. — пабудова абагульненай мадэлі (ці мадэляў), якая адлюстроўвае ўсе фактары і ўзаемасувязі рэальнай сітуацыі. Атрыманая мадэль даследуецца з мэтай высвятлення блізкасці выніку пэўнага альтэрнатыўнага варыянта да жаданага, параўнальных затрат рэсурсаў па кожным варыянце, ступені ўспрымальнасці мадэлі да непажаданых знешніх уздзеянняў. Абапіраецца на шэраг матэм. метадаў і сучасных метадаў кіравання. Выкарыстоўваецца ў праграмаванні і перспектыўным планаванні, пры рашэнні задач праектавання аўтаматызаваных сістэм кіравання, праектаванні і рэканструкцыі гарадоў і інш. У 1972 у Лаксенбургу (Аўстрыя) створаны Міжнар. ін-т прыкладнога С.а., у рабоце якога ўдзельнічаюць 12 краін. Ін-т працуе над праблемамі, якія патрабуюць міжнар. супрацоўніцтва (ахова навакольнага асяроддзя, асваенне рэсурсаў сусв. акіяна, карыстанне пагранічнымі воднымі басейнамі і інш.).

Літ.:

Клиланд Д., Кинг В. Системный анализ и целевое управление: Пер. с англ. М., 1974;

Диалектика и системный анализ. М., 1986;

Перегудов Ф.И., Тарасенко Ф.П. Введение в системный анализ. М., 1989;

Философия и методология науки. М., 1996.

М.​В.​Тараткевіч.

т. 14, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАНДЭРБЕ́Г [Scanderbeg, Skenderbeu; сапр. Кастрыёці (Kastrioti) Георг, каля 1405—17.1.1468],

кіраўнік вызв. барацьбы алб. народа супраць асманскіх заваёўнікаў, нац. герой Албаніі. Паходзіў з княжацкага роду Кастрыёці. У дзіцячым узросце ўзяты заложнікам да тур. султана Мурада II. Служыў у тур. арміі, удзельнічаў у многіх войнах, выявіў ваен. здольнасці. За ваен. заслугі атрымаў тытул бея і ў гонар Аляксандра Македонскага названы Іскандэрам (адсюль С. — скажонае Іскандэр-бей). Спакваля рыхтаваўся да барацьбы супраць тур. султана, кантактаваў з яго ўнутр. і знешнімі праціўнікамі, вёў перагаворы з Я.​Хуньядзі. Пасля пераможнай для венг. арміі бітвы з тур. войскамі каля Ніша (3.11.1443) С. з атрадам у 300 вершнікаў пакінуў тур. лагер і прыбыў у Дыбру. Абапіраючыся на свабодных сялян, пачаў паход, накіраваны на выгнанне турак з алб. зямель. Неўзабаве ён заняў Крую, 28 ліст. абвешчаны галавой княства Кастрыёці. Выгнаў тур. гарнізоны з шэрагу крэпасцей і ўсталяваў незалежную ад туркаў уладу на частцы тэр. краіны. У 1444 засн. лігу алб. князёў і стаў яе кіраўніком, стварыў і ўзначаліў рэгулярную армію. На працягу 24 гадоў адбіваў спробы тур. захопнікаў аднавіць сваю ўладу на алб. землях (разгром тур. арміі ў 1444, 1457, абарона Круі ў 1450, 1466—67). У Албаніі ўстаноўлены ордэн С., яго імем названа гал. плошча ў Тыране, дзе яму ўстаноўлены помнік. На Беларусі імя С. вядома з помніка перакладной л-ры пач. 17 ст. — «Аповесць пра Скандэрбега».

Скандэрбег.

т. 14, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЕ́ЛЛЕ,

комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл. Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.

Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц. бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.

Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

Л.​А.​Малаш.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕНГА́ГЕН (København),

горад, сталіца Даніі. Знаходзіцца на ПнУ в-ва Зеландыя, часткова на в-ве Амагер. Адм. ц. амта Капенгаген. 466 тыс. ж., у агламерацыі Вял. Капенгаген 1339 тыс. ж. (1992). Порт у праліве Эрэсун. Міжнар. аэрапорт Каструп. Аўтамаб. і чыг. паромамі звязаны з гарадамі Мальмё, Хельсінгбарг і Ландскруна (Швецыя). Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. У К. выпускаецца каля 40% прамысл. прадукцыі краіны. Пераважаюць машынабудаванне (у т. л. вытв-сць суднаў, дызеляў, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае) і металаапрацоўка. Развіты харчасмакавая, фарфоравая (з 18 ст., Каралеўская ф-ка фарфору), хім. прам-сць. Метрапалітэн. Цэнтр міжнар. турызму. Ваенна-марская база.

Упершыню згадваецца ў 1043 як вёска Хаўн, каля якой у 1167 пабудаваны замак (з 1170 наз. К.). З 1254 горад. У 1186—1416 (з перапынкамі) уладанне епіскапаў. Як каралеўскі горад (з 1416) меў шмат прывілеяў, з 1443 каралеўская рэзідэнцыя і сталіца Даніі.

Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст. У 1658 і 1659 абложаны шведамі; моцна разбураны паводкай 1728 і пажарам 1795, бамбардзіроўкай брыт. флотам у 1807. У выніку паражэння Даніі ў вайне 1813—14 горад заняпаў. Пасля рэканструкцыі (з 2-й пал. 19 ст.) значны прамысл. цэнтр. У 1940—45 пад ням.-фаш. акупацыяй.

У старой ч. К. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі. Гал. помнікі: у стылі дацкага рэнесансу — палац Росенбарг (1606—34) і будынак біржы (1619—25, арх. абодвух браты Стэнвінкель); барочныя палац Шарлотэнбарг (1672—77, арх. Л.​Хавен, цяпер будынак Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў) і палацавы комплекс Амаліенбарг (будаваўся з 1750, арх. Н.​Эйтвед), палац-парламент Крысціянсбарг (1733—40, арх. Э.​Д.​Хёйсер, адноўлены пасля пажару арх. Х.​К.​Хансенам у 1800—20, Т.​Ёргенсенам у 1907—22 у псеўдабарочных формах); класіцыстычны Музей Торвальдсена (1839—48, арх. Г.​Бінесбёль, мастак І.​Зоне); ратуша ў стылі нац. рамантызму (1892—1905, арх. М.​Нюрап) і інш. Развіваецца ў 5 асн. кірунках у выглядзе рукі з растапыранымі пальцамі («далонь» — стары горад, «пальцы» — новыя раёны), паміж імі зялёныя насаджэнні. Сярод збудаванняў 20 ст.: царква Грунтвіга (1921—40, арх. П.​В.​Енсен-Клінт і К.​Клінт), аэравакзал з гасцініцай «Роял» (1959—61, арх. А Якабсен) і інш. Сімвал горада — скульптура «Маленькая русалачка».

У К. знаходзяцца Дацкія каралеўскія акадэмія навук і л-ры (з 1742), акадэмія тэхн. навук, акадэмія прыгожых мастацтваў, акадэмія музыкі, шматлікія ВНУ, у т. л. Капенгагенскі універсітэт (з 1479), вышэйшыя эканам. і с.-г. школы. Бібліятэкі: Нац. (Каралеўская; з 17 ст.), ун-та (з 1482), Муніцыпальная і Публічная. Музеі: Нац., Каралеўскі марскі, гар., маст. і дэкар. мастацтва, заал., гісторыі тэатра, гісторыі музыкі, Торвальдсена, кінамузей, Новая гліптатэка Карлсберга (зборы ант. мастацтва, дацкі і франц. жывапіс) і інш. Тэатры: Нар., «Новы», «Ню Скала», «Гладсакстэатр» і інш. Паркі, у т. л. Каралеўскі (з 17 ст.), бат. сад (з 1874), заал. сад, лунапарк Цівалі.

Панарама Капенгагена.
Да арт. Капенгаген. Будынак біржы. Арх. браты Стэнвінкель. 1619—25.
Да арт. Капенгаген. Скульптура «Маленькая русалачка».

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СЛА (Oslo),

горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс. ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл,тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв. акадэмія навук і л-ры. Дзярж. акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).

Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн. ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.

На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. з гал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.​Х.​Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.​Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.​Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.​В.​Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сярод арх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац. т-р (1891—99, арх. Х.​Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац. рамантыкі (1933—50, арх. А.​Арнеберг, М.​Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.​Крога, Мунка, А.​Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.​Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.​Вергелану (1881, Б.​Бергсліен), Н.​Абелю (1908), К.​Колет, Р.​Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.

Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.​Арнеберг, М.​Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Осла. Горад і порт.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫГА́Н (Ян) (Іван Аляксеевіч; 16.11.1905, в. Труханавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 18.9.1992),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Вучыўся ў Слуцкім с.-г. тэхнікуме, БДУ (1928—32). У 1924—27 працаваў у слуцкай акруговай газ. «Вясковы будаўнік», заг. Нар. дома ў Расонах, у газ. «Чырвоная Полаччына», у 1933—36 у газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Кемераўскую вобл. У 1946 вызвалены, працаваў на прамысл. прадпрыемстве ў г. Фергана (1946—48), у Эстоніі (1948—49). У 1949 зноў арыштаваны і высланы ў Сібір. Рэабілітаваны ў 1954. З 1955 працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі, з 1959 у час. «Полымя», у 1967—75 заг. рэдакцыі ў «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі». У 1975—85 адказны сакратар К-та па Дзярж. прэміях Беларусі ў галіне л-ры, мастацтва і архітэктуры. Літ. дзейнасць пачаў у 1924 з вершаў. Быў чл. літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Літаратурна-мастацкая камуна». Першае апавяданне «Таіса» (1927) напісана пад уплывам прыгодніцка-рамант. тэндэнцый, характэрных маладнякоўскай прозе. Аповесць «Затока ў бурах» (1929) — гіст. і псіхал. праўдзівы малюнак з жыцця бел. народа ў часы 1-й сусв. вайны і пазней. С. — адзін з пачынальнікаў бел. нарыса: «Новая зямля» (1929), зб-кі «Шугае сонца» (1930), «Недапісаны профіль» (1932). Зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1935) — сведчанне пашырэння ідэйна-тэматычных даляглядаў пісьменніка, замацаванне прынцыпу аўтабіяграфізму як гал. структурнага кампанента сюжэта, вытоку лірызму, сродку выяўлення асабістай далучанасці да сучаснасці. У зб-ках «Апавяданні» (1956), «Наталя» (1957), «Няпрошаная сляза» (1958), «Скажы адно слова» (1961) тэма захавання і памнажэння духоўных набыткаў чалавека. Памяць як гал. сувязны гісторыі вызначае змест і сюжэтна-кампазіцыйны лад кніг «Свая аповесць» (1964) і «Кругі» (1969) — уклад пісьменніка ў развіццё сучаснай маст.-дакумент. «спавядальнай» прозы. У зб-ках маст.-дакумент. артыкулаў і мемуараў «Ранішнія росы» (1965), «Некалькі хвілін чужога жыцця» (1979) постаці выдатных дзеячаў бел. л-ры, мастацтва і культуры ў злітнасці з эпохай і індывідуальнымі адметнасцямі. Лексічнае багацце, выкарыстанне скарбаў роднай мовы, інтанацыйная разнастайнасць фразы — характэрныя адзнакі стылю пісьменніка. Пісаў эсэ, маргіналіі, літ.-крытычныя арт. па пытаннях культуры творчасці, мовы. На бел. мову пераклаў раманы «Энергія» Ф.​Гладкова, «Тры вымярэнні» Н.​Агнёва, «Цусіма» А.​Новікава-Прыбоя, «Выбранае» І.​Буніна (1958), «Сустрэча з мінулым» К.​Федзіна (1978), паасобныя творы А.​Астроўскага, І.​Бабеля, М.​Булгакава, М.​Горкага, А.​Ганчара, Ю.​Яноўскага, Э.​Крустэна, Л.​Промет, Ф.​Тугласа, А.​Упіта, Р.​Ралана і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у стварэнні Бел. Сав. Энцыклапедыі.

Тв.:

Выбр тв. Т. 1—2. Мн., 1975;

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1985.

Літ.:

Сабаленка Р. Пад дажджом і сонцам. Мн., 1966;

Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968;

Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976;

Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;

Жураўлёў В.П. Структура твора. Мн., 1978;

Смолкін М. Кругі жыцця: Літ. партрэт Янкі Скрыгана // Полымя. 1975. №11;

Васілевіч А. «Некалькі хвілін чужога жыцця...» // Там жа. 1980. №11;

Лялько Х. Тварыць хараство // Маладосць. 1985. №11.

А.​Ф.​Лысенка.

Я.Скрыган.

т. 14, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)