ДАСКАНА́ЛЫ ЛІК,

цэлы дадатны лік, роўны суме сваіх правільных (меншых за гэты лік) дзельнікаў. Напр., 6 =1+2+3; 28 = 1+2+4+7+14. Цотныя Д.л. вылічваюцца па формуле 2​p−1∙(2​p−1) (Эўклід; 3 ст. да н.э.) пры ўмове, што лікі р і (2​p-1) простыя; ніводнага няцотнага Д.л. не знойдзена.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЯХАТЫ́Н,

помнік архітэктуры 12 ст. ў Туркменістане; караван-сарай. За 170 км на ПнУ ад г. Чарджоў, на шляху г. Мерв—Харэзм. Квадратны ў плане аб’ём з унутр. 4-тэрасным дваром і галерэяй па перыметры перакрыты разнастайнымі варыянтамі скляпенняў у інтэр’ерах. Сцены змураваны з сырцу і абліцаваны абпаленай цэглай. Гал. і дваровы фасады ўпрыгожаны геам. і эпіграфічным арнаментам.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРЭ́Ц,

вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Брэст—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км ад горада і чыг. ст. Лунінец, 250 км ад Брэста. 1399 ж., 418 двароў (1997). Цэх па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 6, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

установа, якая вядзе метэаралагічныя і гідралагічныя назіранні за станам надвор’я, рэжымам водных аб’ектаў. Падзяляюцца на мацерыковыя, марскія, рачныя, азёрныя і балотныя. Назіранні праводзяць па адзінай праграме ў дакладна вызначаныя тэрміны. На Беларусі гідраметэаралагічныя станцыі дзейнічаюць у гарадах Вілейка, Полацк, курортным пас. Нарач (азёрная), пас. Палескі Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. (балотная). Гл. таксама Гідралагічная станцыя.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ШЧАНКА (Людміла Фёдараўна) (н. 14.2.1945, в. Сяргееўка, Прыморскі край, Расія),

бел. вучоны ў галіне масаперадачы. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1993). Жонка М.А.Глушчанкі. Скончыла Кузбаскі політэхн. ін-т (1971). З 1978 у Магілёўскім тэхнал. ін-це, з 1980 у Гродзенскім с.-г. ін-це. Навук. даследаванні па распрацоўцы і канструяванні абсталявання для інтэнсіфікацыі тэхнал. працэсаў харч. вытворчасцей.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ШЧАНКА (Мікалай Аляксеевіч) (н. 21.8.1937, г. Джанкой, Украіна),

бел. вучоны ў галіне электратэхналогіі. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1991). Скончыў Севастопальскі прыборабудаўнічы ін-т (1977). З 1978 у Магілёўскім тэхнал. ін-це, з 1980 у Гродзенскім с.-г. ін-це. Навук. даследаванні па распрацоўцы і канструяванні абсталявання для атрымання электраактываванага паветра і электрааэрацыі раствораў у працэсах біятэхналогіі.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЧАНКА (Міхаіл Герасімавіч) (н. 20.4.1943, в. Плешчыцы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Канд. тэхн. Навук (1971), праф. (1992). Скончыў БСГА (1965), дзе і працуе. Навук. працы па вільгацезабяспечанасці і арашэнні зямель, утылізацыі жывёлагадоўчых сцёкаў, дажджавальных прыстасаваннях і інш.

Тв.:

Орошение сточными водами. М., 1988 (разам з У.​І.​Жалязкам);

Оросительные мелиорации. Мн., 1989.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАГАМЕ́ТНАСЦЬ (ад гома... + гаметы),

характарыстыка арганізма (або групы арганізмаў), які мае ў храмасомным наборы пару або некалькі пар гамалагічных палавых храмасом і ўтварае аднолькавыя па наборы храмасом гаметы. Пол, прадстаўлены такімі асобінамі, наз. гомагаметным. У млекакормячых, рыб і некат. відаў раслін (каноплі, хмель, шчаўе) гомагаметнасць характэрна для жан. полу, у птушак, матылькоў і некат. відаў суніц — для мужчынскага.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАГЕНА́Т,

аднародная суспензія здробненай да субклетачных элементаў біял. тканкі. Атрымліваюць шляхам неабарачальнай дэзінтэграцыі яе структуры звычайна з дапамогай спец. прыстасавання — гомагенізатара. Шляхам дыферэнцыяльнага цэнтрыфугавання і інш. метадаў з гомагенату выдзяляюць субклетачныя мікраскапічныя структуры (арганелы) і некат. макрамалекулы (бялкі, нуклеінавыя к-ты, ліпіды і інш.). Гомагенат выкарыстоўваюць таксама для вывучэння біяхім. рэакцый па-за арганізмам.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАСТРА́Т (Hērostratos, г. Эфес, Малая Азія, цяпер Турцыя),

грэк, які спаліў у 356 да н.э. храм Артэміды Эфескай (прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету), каб абяссмерціць сваё імя. Паводле падання, храм згарэў у ноч нараджэння Аляксандра Македонскага. Герастрат быў забіты. Па рашэнні жыхароў іанійскіх гарадоў імя Герастрата было аддадзена вечнаму забыццю; стала сімвалам ганебна набытай славы.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)