МСЦІ́ЖСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

рукапісны помнік 13—14 ст. Напісаны царк.-слав. мовай уставам у 2 слупкі, па 24 радкі ў слупку, на 187 пергаментных аркушах. Уключае пачаткі тэкстаў евангелляў ад Іаана, Матфея, Лукі, чытанні ад Марка, Лукі і Іаана (уперамежку), саборнік (паказальнік евангельскіх чытанняў па святах). На палях зроблены надпісы 16 ст.: зачыны асобных евангелляў і інш. У М.е. змешчаны 1 застаўка і каля 350 ініцыялаў, выкананых пераважна ў тэраталагічным стылі. Асобныя ініцыялы маюць жанравы характар. На адным з іх (літара «В») адлюстраваны селянін з рыдлёўкай — адна з першых у бел. мастацтве выяў працы. Аздобы выкананы 4 колерамі: сінім, чырвоным, зялёным, жоўтым. На сярэбраных пласцінках скуранога пераплёту выгравіраваны выявы евангелістаў і Хрыста на крыжы. На 1-й і апошняй старонках у 16 ст. зроблены запісы пра тое, што мінскі бурмістр Васіль Лах ахвяраваў гэты экзэмпляр царкве св. Юр’я ў Мсціжы (Барысаўскі р-н Мінскай вобл.). Зберагаецца ў б-цы АН Літвы.

Літ.:

Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;

Соболевский А.И. История русского литературного языка. Л., 1980;

Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993.

У.​М.​Свяжынскі, В.​Ф.​Шматаў.

т. 10, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,

адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.​Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.

А.​Л.​Галаўнёў.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГРО́ДСКІ (Зыгмунт Вікенцьевіч) (1866, в. Зулова Уценскага пав., Літва —25.3.1937),

бел. паэт і культурны дзеяч. Праводзіў культ.-асв. работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы бел. пісьменнікаў, у т. л. Ф.​Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 перавыдаў гэты зборнік. У 1901 зняволены ў пецярбургскі астрог. Удзельнічаў у бел. адраджэнскім руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы». У 1920-я г. на ўласныя сродкі засн. «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання, у т. л. «Гутаркі і песенькі» У.​Сыракомлі (1929). Аўтар напісанай на бел. фалькл.-этнагр. матэрыяле п’есы «На каляды» (з падзагалоўкам «Народны абразок з ваколіц Зулова з 1876 года», на бел. і польск. мовах; пастаўлена ў Вільні ў 1936). Вядомы яго верш «На памяць зычліваму для сям’і» (1900, на смерць Багушэвіча) і верш-прамова «Пастароньцесь, мае братцы...», зачытаная Н. у 1912 у фальварку Барэйкаўшчына (каля Вільні) на адкрыцці помніка У.​Сыракомлю. Аўтар успамінаў пра Багушэвіча. Творы Н. зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы і Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.

Літ.:

Рагойша В. Зыгмунт Нагродскі і яго вершы // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982.

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,

помнікі старажытнарускага летапісання 12—17 ст., складзеныя ў Ноўгарадзе Вялікім. Вядома 5 асобных летапісных помнікаў, якія захаваліся ў шматлікіх спісах. З іх найб. стараж. і каштоўныя — Наўгародскі 1-ы (звесткі даведзены да 1-й пал. 14 ст.) і Наўгародскі 4-ы (звесткі да 2-й пал. 15 ст.) летапісы. Вылучаюцца змястоўнасцю, дакумент. дакладнасцю і лаканічнасцю, дэмакратычнасцю мовы і стылю. Адлюстроўваюць грамадска-паліт. і культ. жыццё Ноўгарада, яго сувязі з Псковам, Полацкам, Кіевам, Масквою, ВКЛ, Лівоніяй і інш. гарадамі і землямі. Падзеі апісаны ў пагадовай форме і асветлены з пазіцый агульнанар. патрыятызму. Н.л. адкрываюцца «Аповесцю мінулых гадоў» і змяшчаюць апрача арыгінальных мясц. звестак каштоўны гіст.-дакумент. і літ. матэрыял пра мінулае Русі, запазычаны з інш. стараж.-рус. крыніц. Летапісы багатыя звесткамі па гісторыі Беларусі і ВКЛ, асабліва Наўгародскі 4-ы летапіс, які паслужыў адной з асн. крыніц 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. На падставе Н.л. складзена агульнарус. частка летапіснага зборніка 1-й пал. 16 ст., што захоўваўся і дапаўняўся гіст. запісамі ў Супраслі (гл. Супрасльскі рукапіс). У 15—17 ст. на бел. землях бытавалі і інш. летапісныя кампіляцыі наўгародскага паходжання (напр. Аўрамкі летапіс).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШКАЛА́ЕВА-АПІЁК (Тамара Іванаўна) (н. 18.3.1943, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). У 1966—74 працавала ў Гродзенскім абл. драм. т-ры. З 1975 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. роляў. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца тонкім пранікненнем у псіхалогію характару, яркім тэмпераментам, жаночай пяшчотай і мужнасцю, спалучэннем глыбокіх пачуццяў з мяккім лірызмам. Сярод роляў: у Гродзенскім т-ры — Надзя («Трыбунал» А.​Макаёнка), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.​Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Наташа («104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага), Турандот («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы), Кацярына («Навальніца» А.​Астроўскага), Алена Тальберг («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана) і інш; у т-ры імя Я.​Купалы — Наталля Мікалаеўна і Тамара Паўлаўна («Пагарэльцы» і «Верачка» Макаёнка), Вера («Радавыя» А.​Дударава), Каця («Эшалон» М.​Рошчына), Шындзіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.​Гельмана), сакратарка («Святая святых» І.​Друцэ), Яна («Віват, імператар!» Э.​Іанеска), Ала Кастрова («Курыца» М.​Каляды), маці Гаральда («Гаральд і Мод» К.​Хігінса, Ж.​К.​Кар’ера), генеральша Крахоткіна («Вечны Фама» У.​Бутрамеева паводле Ф.​Дастаеўскага) і інш.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРЫ́ (сапр. Нурутдзінаў) Закі Шарафутдзінавіч

(н. 24.12.1921, в. Татарскія Цюкі Буінскага р-на, Татарстан — 18.2.1994),

татарскі пісьменнік. Засл. работнік культуры Расіі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Удзельнік партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. У 1944—46 на сав. рабоце ў Оршы. Друкуецца з 1936. У зб-ках паэзіі «Вершы» (1946), «Шлях славы» (1949), «Узыходжанне» (1956), «Святло душы» (1957), «Спяваюць закаханыя» (1960), «Гэта наша кніга» (1967), «Гады і дарогі» (1971), «Новыя сцежкі» (1975), «Прыходзіць і адыходзіць вясна» (1978), і інш. паэтызацыя гераізму і мужнасці народа ў Вял. Айч. вайну, мірнай стваральнай працы. Зб. апавяданняў «І мёртвыя помсцілі» (1962) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Пераклаў на тат. мову кн. вершаў Я.​Коласа «Шляхі» (1962), зб. «Беларускія паэты» (1968), асобныя вершы Я.​Купалы, творчасці якога прысвяціў шэраг артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі М.​Аўрамчык, Э.​Валасевіч, В.​Жук, Х.​Жычка, В.​Зуёнак, І.​Калеснік, К.​Камейша, М.​Маляўка, У.​Паўлаў, Ю.​Свірка, М.​Танк.

Тв.:

Бел. пер. — Радасць сустрэч. Мн., 1973;

Рус. пер. — Тополиный берег. М., 1960;

Улыбка. М., 1969;

Навстречу дружбе. М., 1976;

Озаренность. М., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Джэймс) (н. 10.7.1918, г. Уайт-Хілс, Аўстралія),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну ваен. журналіст. У 1944—45 наведаў СССР. Літ. дзейнасць пачаў з нарысаў і замалёвак. Аўтар раманаў антыфаш. «Справа гонару» (1942), «Марскі арол» (1944), філас.-прыгодніцкага «Паляўнічы» (1950), антыкалан. «Героі пустынных гарызонтаў» (1954), «Не хачу, каб ён паміраў» (1957), «Апошні выгнаннік» (1961), сац.-псіхал. «Мой брат Том. Гісторыя аднаго кахання» (1966), дылогій «Дыпламат» (1949, Залаты медаль міру 1953) і «Горы і зброя» (1974), «Вязень чужой краіны» (1962) і «Небяспечная гульня» (1966), п’есы «Сорак дзевяты штат» (1946, створана ў традыцыі Б.​Шоу), аповесці «Апошні позірк» (1977, пра Э.​Хемінгуэя і Ф.​С.​Фіцджэральда), рамана-памфлета «Бывай, Антыамерыка!» (1979) і інш. Яго творы адметныя актуальнасцю праблематыкі, сюжэтнай адкрытасцю, спалучэннем дакумент. пачатку з лірызмам і філасафічнасцю. На бел. мову раман О. «Паляўнічы» пераклаў М.​Валошка. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1973.

Тв.:

Бел. пер. — Паляўнічы. Мн., 1996;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1986;

Подлинная история плеваки Мак-Фи. М., 1992.

Літ.:

Балашов П.С. Джеймс Олдридж. 2 изд. М., 1977.

Е.​А.​Лявонава.

Дж.Олдрыдж.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ДЗІН (Аляксандр Львовіч) (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),

расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-р слав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.​Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел. нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел. навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).

Тв.:

Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;

Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;

Язык как творчество. Харьков, 1913;

Славянский мир. М., 1915;

Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.

М.​І.​Пратасевіч.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯВО́Й (сапр. Кампаў) Барыс Мікалаевіч

(17.3.1908, Масква — 12.7.1981),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў прамысловы тэхнікум у Цверы (1926). З 1928 журналіст. У Вял. Айч. вайну карэспандэнт «Правды». З 1962 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1927. У «Аповесці пра сапраўднага чалавека» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; аднайм. опера С.​Пракоф’ева і фільм, 1948; прататып гал. героя — лётчык А.П.Марэсьеў), раманах «Золата» (1949—50, аднайм. фільм, 1970), «Доктар Вера» (1966, аднайм. фільм, 1968), кнігах апавяданняў «Мы — савецкія людзі» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), нарысаў «Ад Белгарада да Карпат» (1944) і інш. — падзеі Вял. Айч. вайны. Аўтар аповесці «Гарачы цэх» (1939), цыкла біягр. аповесцей (асобнае выд. 1977), раманаў «Глыбокі тыл» (1958), «На дзікім беразе...» (1962, аднайм. фільм, 1966), зб. апавяданняў «Сілуэты» (1974), дзённікаў ваен. карэспандэнта (у т. л. «У рэшце рэшт. Нюрнбергскія дзённікі», ч. 1—2, 1968; «Гэтыя чатыры гады», т. 1—2, 1974), падарожных нататак «Амерыканскія дзённікі» (1956), «Саянскія запісы» (1964), п’ес, успамінаў і інш. Многія яго творы інсцэніраваны. На бел. мову «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» пераклаў А.​Стаховіч (1951).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1981—86;

Повесть о настоящем человеке. Мн., 1987.

Літ.:

Железнова Н.Л. Настоящие люди Бориса Полевого. М., 1978.

Б.М.Палявой.

т. 12, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ЧАСЦІ́Ц,

уласцівасць мікрааб’ектаў, якая абумоўлена іх спінам і характарызуе ступень сіметрыі або асіметрыі часціц у прасторы.

Часціца з ненулявой масай спакою і спінам s можа знаходзіцца ў адным з 2s + 1 квантавых станаў, якія адпавядаюць рознай арыентацыі спіна адносна зададзенага напрамку. Палярызацыйны стан часціц ёсць суперпазіцыя ўсіх квантавых станаў. Калі каэфіцыенты суперпазіцыі вядомыя, то часціца цалкам палярызавана (чысты стан). Напр., фатон, які мае спін s = 1 і нулявую масу спакою, характарызуецца 2 спінавымі станамі (паралельна і антыпаралельна выбранаму напрамку). Аднолькавасць уласцівасцей часціц па ўсіх напрамках азначае яе бясспінавасць (s = 0) і немагчымасць палярызацыі. Часціцы са спінам 1 (ці больш) маюць дадатковую характарыстыку — выстраенасць, якая сведчыць пра адсутнасць сферычнай сіметрыі і вінтавой восі ў прасторы. Выяўленне незахавання прасторавай цотнасці (1956—57) у слабых узаемадзеяннях дало магчымасць атрымаць палярызаваныя часціцы і ядры ў рэакцыях распадаў. Прадказана натуральная П.ч. у пучку электронаў і пазітронаў пры руху ў магн. полі. Эксперыменты з палярызаванымі пучкамі часціц выкарыстоўваюцца для праверкі сіметрыі фундаментальных узаемадзеянняў, вызначэння спектраскапічных характарыстык ядз. узроўняў, вымярэння магн. дыпольных і эл. квадрупольных момантаў узбуджаных станаў ядра, для праверкі ядз. мадэляў і ўстанаўлення механізмаў ядз. працэсаў.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)