сладастраснае пачуццё, якое ўзнікае ў час палавога акта. Пры фрыкцыях у час палавой блізкасці ў партнёраў адбываецца нарастанне спецыфічных адчуванняў, што прыводзіць да макс. сексуальнага ўзбуджэння і аргазму. У залежнасці ад псіхаэмацыянальнага і фіз. стану чалавека волюст мае розныя пачуццёвыя адценні: ад вельмі прыемных і востраўзбуджальных да згладжаных, а пры некаторых захворваннях нерв. сістэмы або палавых органаў — да хваравіта-раздражняльных. Аслабляюць інтэнсіўнасць волюсту алкагольнае ап’яненне, захворванні палавой сферы, сексуальныя дысфункцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНЫ ВЫ́РАЗ,
матэматычны выраз, які складаецца з літар і лікаў, злучаных знакамі алг. дзеянняў: складання, аднімання, множання, дзялення, узвядзення ў ступень, здабывання кораня. Рацыянальны алгебраічны выраз адносна некаторых літар не змяшчае іх пад знакам кораня. Ірацыянальны алгебраічны выраз мае радыкалы, напр.,
. Цэлы алгебраічны выраз адносна некаторых літар не змяшчае дзялення на выразы з гэтымі літарамі. Калі некаторыя з літар (або ўсе) лічыць пераменнымі, то такі алгебраічны выраз наз.алгебраічнай функцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕРМЕ́ТР,
прылада для вымярэння сілы току. Уключаецца ў эл. ланцуг паслядоўна, для павелічэння межаў вымярэнняў — з шунтом (пры пастаянным току) або праз трансфарматар (пры пераменным току). Характарызуецца значэннем намінальнага току, класам дакладнасці, колькасцю фазаў (для пераменнага току) і сістэмай прыстасаванняў. Паводле прынцыпу дзеяння бываюць магнітаэл., электрадынамічныя, электрамагн., цеплавыя і інш.
Схемы ўключэння амперметра (А) у электрычны ланцуг а — з шунтам; б — праз трансфарматар току; 1 — шунт; 2 і 4 — нагрузка; 3 — трансфарматар току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКА́ЗЧЫК,
бок цывільнай справы ў судзе або спрэчкі ў гасп. судзе, якому прад’яўлена патрабаванне істца. Паводле бел. права адказчыкам можа быць грамадзянін, а таксама прадпрыемства, арг-цыя, установа, якія з’яўляюцца юрыд. асобамі; у гасп. судзе адказчыкам — толькі юрыд. асобы. Становішча адказчыка ў судзе, яго працэсуальныя правы і абавязкі прадугледжаны цывільным і гасп. працэсуальным заканадаўствамі. У крымін. працэсе магчымы ўдзел адказчыка, калі ён нясе матэрыяльную адказнасць за шкоду, прычыненую абвінавачаным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛІ́ГА,
павышэнне т-ры паветра да 0 °C і вышэй зімой ва ўстойлівы марозны перыяд. Узнікае ад прытоку паветра з больш цёплых раёнаў (гл.Адвекцыя, Цыклон) або выклікаецца мясц. награваннем паветра сонечнай радыяцыяй. Найб. характэрна для тэрыторый з кліматам, пераходным ад марскога да кантынентальнага. На Беларусі за снеж.—люты на крайнім ПдЗ бывае больш за 50 дзён з А., на ПнУ — 26—30. Працяглыя адлігі часам выклікаюць сярод зімы паводкі на рэках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя арганічныя злучэнні, якія змяшчаюць азагрупу -N=N-, звязаную з двума радыкаламі. Радыкалы бываюць аліфатычныя, араматычныя ці гетэрацыклічныя з функцыян. групамі (OH, NH2, CN) або без іх. Найпрасцейшыя азазлучэнні — азаметан CH3N=NCH3, азабензол. Для азазлучэнняў характэрна цыс- і трансізамерыя, для оксізамяшчальных — таўтамерыя. Асн. метад атрымання — азаспалучэнне. Аліфатычныя азазлучэнні выкарыстоўваюць як ініцыятары палімерызацыі і сітавінаўтваральнікі, араматычныя з OH- і NH2-групамі як сінт.азафарбавальнікі і кіслотна-асноўныя індыкатары ў аналітычнай хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАЛО́ТЛЬ (ацтэкскае літар. вадзяная цацка),
лічынка тыгравай амбістомы. Жыве ў вадаёмах Цэнтр. Амерыкі.
Даўж. 20—25 см. Здольная да размнажэння (гл.Неатэнія). Мае шчэлепы. Да сярэдзіны 19 ст. лічыўся самастойным відам (упершыню ператварэнне ў амбістому назіралі ў 1865). Страта здольнасці аксалотля да нармальнага ператварэння — вынік недастатковага развіцця шчытападобнай залозы; дабаўленне ў ежу або ін’екцыя гармону гэтай залозы прыводзіць да ператварэння аксалотля ў амбістому. Кладзе да 500 яец. Выкарыстоўваецца для доследаў у біялогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІДАРЭДУКТА́ЗЫ,
клас ферментаў, якія каталізуюць акісляльнааднаўленчыя рэакцыі. Трапляюцца ва ўсіх жывых клетках і адыгрываюць значную ролю ў забеспячэнні іх энергіяй. У залежнасці ад характару акісляльнай групы аксідарэдуктазы падзяляюць на падкласы, якія дзейнічаюць на спіртавую, альдэгідную або кетонную, этыльную і інш. групы. Акцэптарамі электронаў і пратонаў з’яўляюцца НАД, НАФД, цытахромы, хіноны і інш. злучэнні. Вядома больш за 200 аксідарэдуктазаў, найбольш значныя: дэгідрагеназы (пераносяць вадарод і электроны пры дыханні і фотасінтэзе), аксідазы, пераксідазы, гідраксідазы, аксігеназы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІ́ДЫ, вокіслы,
злучэнні хімічных элементаў з кіслародам. Солеўтваральныя аксіды ўзаемадзейнічаюць з вадой; падзяляюцца на асноўныя (напр., Na2O, CaO, FeO), кіслотныя (напр., CO2, P2O5, SO3) і амфатэрныя (напр., ZnO, Al2O3). Да нясолеўтваральных аксідаў належаць CO, NO. Атрымліваюць акісленнем ці тэрмічным раскладаннем адпаведных гідраксідаў або соляў. Пашыраны ў прыродзе: аксід вадароду (вада) стварае гідрасферу, гал. саст. частка горных парод — аксід крэмнію, аксід алюмінію, жалеза і інш. Аксіды ўтвараюць руды — асн. форму метал. карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААЛІ́ТЫ [ад аа... + літ(ы)],
шара- або эліпсападобныя мінер. ўтварэнні з вуглякіслага кальцыю, вокіслаў і сілікатаў жалеза і марганцу, кальцыту, даламіту і інш. Памер ад 0,05 да 25 мм, канцэнтрычна-шкарлупінападобнай, часам радыяльна-прамяністай і складанай будовы. Ядром аалітаў могуць быць абломкі ракавін, пясчынкі і інш. Утвараюцца ў морах, цёплых крыніцах у выніку калоідна-хім. і біяхім. працэсаў. Трапляюцца ў вапняках і як разнавіднасць жалезных рудаў. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыю, ардовіку, дэвону, юры і інш.