ІНВА́ЗІЯ (ад лац. invasio напад),

пранікненне ў арганізм чалавека, жывёлы і расліны паразітаў жывёльнага паходжання (прасцейшых, кляшчоў, гельмінтаў). Яны трапляюць праз скуру (актыўная І.), плацэнту (унутрычэраўная І.), заносяцца з ядой, вадой (пасіўная І.); здольныя паразітаваць за кошт арганізма гаспадара. Пры ўзаемадзеянні ўзнікаюць пэўныя сімптомы, іншы раз са смяротным зыходам (узаемадзеянне бывае і адносна няшкодным). Інвазійныя працэсы жывёл і чалавека вывучае паразіталогія, раслін — фітапаталогія. Гл. таксама Інвазійныя хваробы.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЬША́НЬ,

горы ў Кітаі, на Пн вял. лукавіны р. Хуанхэ. Даўж. 650 км. Выш. за 2187 м. Шэраг кулісападобных глыбавых хрыбтоў са спадзістымі паўн. і стромкімі паўд. схіламі. Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў. Радовішчы каменнага вугалю, жалеза. На верхніх частках паўд. схілаў горныя стэпы, па цяснінах хвойнікі і бярозавыя гаі, па далінах рэк зараснікі лаўралістай таполі. На паўн. схілах участкі мяшаных лясоў, паўпустыні.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЯ́О (Callao),

горад у Перу, на ўзбярэжжы Ціхага ак. За 14 км ад Лімы, з якой практычна зліўся. У адм. адносінах утварае правінцыю пл. 73,8 км². Засн. ў 1537. 684,1 тыс. ж. (1993). Гал. рыбалоўны і знешнегандл. порт (каля 75% імпарту і 25% экспарту). Буйны прамысл. і культ. цэнтр. Прам-сць: каляровая металургія, тэкст., хім., рыбаперапр., суднабуд. (рыбалоўныя судны). Нац. тэхн. ун-т. Ваенна-гіст. музей.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́НАВА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка (ручаём злучана з возерам), за 32 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,47 км², даўж. каля 1,1 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 10,8 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, у верхняй ч. разараныя, на У пад хмызняком. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі.

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПУАС (Kapuas),

рака ў Інданезіі, на З в-ва Калімантан. Даўж. 1040 км, пл. басейна 97 тыс. км². Вытокі ў хр. Бовен-Капуас, цячэ пераважна па забалочанай раўніне, упадае ў Паўд.-Кітайскае м., утварае дэльту. Мнагаводная, сярэдні гадавы расход вады больш за 5000 м³/с. Суднаходная на 900 км ад вусця (асн. трансп. шлях ва ўнутр. раёны вострава), сплаўная. Рыбалоўства. У дэльце — порт Пантыянак.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЦЮГА́НСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). За 1,3 км на Пд ад в. Ладыга Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Капцюганскі Лес. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,7 м, шыр. 3,4 м, выш. 2,2 м, у абводзе 12,4 м, аб’ём 18,6 м³, маса каля 49 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНЁВА, Святое возера. У Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна (ручаём злучана з возерам), за 28 км на ПнЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,58 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 2,86 км². Схілы катлавіны выш. да 12 м, параслі лесам, -на ПнУ да 5 м, разараныя.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́РА (Carrara),

горад у Цэнтр. Італіі, у вобласці Таскана, за 6 км ад берага Лігурыйскага м. 68 тыс. ж. (1987). Са старажытнасці вядомы кар’ерамі белага (Карарскага) мармуру; каля палавіны занятых у прам-сці працуюць на яго здабычы і апрацоўцы. Прадпрыемствы хім. і металаапр. прам-сці. Вытв-сць машын для апрацоўкі мармуру. Школа маст. апрацоўкі мармуру. Акадэмія прыгожых мастацтваў (з 1769). Арх. помнікі 12—14 ст. Музей.

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮКО́ВІЧ (Пётр Іванавіч) (16.8.1923, в. Казекі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 11.2.1982),

поўны кавалер ордэна Славы. Працаваў у калгасе. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір мінамётнага разліку сяржант К. вызначыўся: у чэрв. 1944 пры вызваленні Магілёва, у жн. 1944 пры авалоданні крэпасцю Асовец (Польшча), у сак. 1945 у баях за Гданьск і выхад да Балт. мора. Пасля вайны жыў у Оршы, працаваў на льнокамбінаце.

т. 8, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСЕНА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Larsen Shelf Ice),

адзін з найбуйнейшых шэльфавых ледавікоў у Зах. Антарктыдзе. Утварае ўсх. ледзяны бераг Антарктычнага п-ва (прыморская паласа ўсх. берага Зямлі Грэяма) даўж. больш за 800 км, шыр. каля 200 км. Пл. каля 86 тыс. км². Таўшчыня лёду 150—500 м. Круглы год блакіраваны дрэйфуючымі крыгамі Уэдэла мора. Адкрыты ў 1893 нарвежскай экспедыцыяй К.​Ларсена, названы ў яго гонар.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)