колькасная характарыстыка рэзанансных уласцівасцей вагальнай сістэмы. Паказвае, у колькі разоў амплітуда вымушаных ваганняў пры рэзанансе перавышае амплітуду вымушаных ваганняў удалечыні ад рэзанансу; характарызуе выбіральнасць і раздзяляльную здольнасць вагальнай сістэмы: чым большая Д., тым меншыя страты энергіі за перыяд ваганняў, тым вышэй рэзанансны водгук сістэмы (у параўнанні з нерэзанансным) і тым больш блізкія частоты можна выдзяляць паасобку.
У аснову вымярэнняў Д. (гл.Дыхтоўнасці вымяральнік) могуць быць закладзены розныя прынцыпы: Д. (Q) можна таксама выразіць як дзель рэзананснай частаты ω да шырыні рэзананснай крывой Δω(Q = ω/Δω); дзель поўнай энергіі W назапашанай у вагальнай сістэме, да сярэдняй магутнасці страт Pза перыяд ваганняў (Q = ωW/P) і інш.Напр., вагальны контур мае Д. да 100, камертон — да 104, пласцінка п’езакварцу і аб’ёмны рэзанатар ЗВЧ ваганняў — да 105.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРРАЗВЕ́ДКА,
спец. орган разведвальнай службы для аховы краіны ад пранікнення агентуры замежных разведак і для ліквідацыі іх падрыўной дзейнасці. На Беларусі контрразведвальную дзейнасць у адпаведнасці з законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» ад 3.12.1997 ажыццяўляюць органы ўпраўлення ваеннай К. КДБ Рэспублікі Беларусь. Падставамі для ажыццяўлення контрразвед. дзейнасці з’яўляюцца: наяўнасць інфармацыі аб прыметах развед. і інш. дзейнасці спец. службаў, арг-цый і асоб замежных дзяржаў, накіраванай на прычыненне ўрону бяспецы Беларусі; неабходнасць забеспячэння бяспекі аб’ектаў абароннага комплексу, транспарту, сувязі і інш.стратэг. аб’ектаў, а таксама бяспекі прыярытэтных навук. распрацовак, абароны звестак, што складаюць дзярж. тайну, і ў інш. выпадках, прадугледжаных законам. Парадак правядзення контрразвед. дзейнасці рэгламентуецца заканадаўствам. Кантроль за дзейнасцю К. ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і ўрад, нагляд за законнасцю дзейнасці — органы пракуратуры ў межах іх кампетэнцыі.
Літ.:
Хрущев К. Военной контрразведке — 80 лет // Армия. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЕО́ПСІДЫ, аднадольныя,
аднасемядольныя (Liliopsida),
клас кветкавых раслін, зародак якіх мае адну, у адрозненне ад двухдольных, семядолю. Каля 20 парадкаў, больш за 60 тыс. відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе, складаюць значную ч. травастою лугоў, стэпаў, саваннаў. На Беларусі 11 парадкаў: асакакветныя, ароннікакветныя, жабнікакветныя, касачакветныя, лілеякветныя, метлюжкакветныя, наядакветныя, рагозакветныя, сітакветныя, шальнікакветныя, ятрышнікакветныя; больш за 350 відаў. Гал. кампанент расліннага покрыва балот, лугоў і лясоў.
Пераважна травяністыя расліны. Дравяністыя Л. трапляюцца ў тропіках, радзей у субтропіках. У траў сцябло ў таўшчыню не расце. Лісце з паралельным або дугавым жылкаваннем, звычайна без чаранка і прылісткаў. Кветкі пераважна трохчленныя. Каранёвая сістэма валасніковістая, часта бывае змена падземных парасткаў (карэнішча, клубні, цыбуліны). Харч., кармавыя, тэхн., дэкар., лек. і прыпраўныя расліны.
Літ.:
Флора Европейской части СССР. Т. 1—2. Л., 1974—76;
Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МА́ЙСКАЯ НАВАЛЬНІ́ЦА»
(«Maigewitter»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Віцебскім, Гарадоцкім, Суражскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл. (у трохвугольніку Віцебск—Гарадок—Сураж) у Вял.Айч. вайну. Праводзілася 17—22.5.1943 сіламі 87-й пяхотнай, 4-й авіяпалявой дывізій, 8-й танк. брыгады, 9 ахоўных батальёнаў, батальёна СС «Мёртвая галава», паліцыі Лёзненскага і Панізоўскага (Смаленскай вобл.) р-наў. Усяго ў аперацыі ўдзельнічала больш за 20 тыс. карнікаў. Захопнікам процістаялі партыз. брыгады 1-я і 2-я Бел. імя Панамарэнкі, дыверсійная Бел. імя Леніна, 1-я Віцебская, імя А.Ф.Данукалава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола агульнай колькасцю 2,5 тыс.чал. Праціўніку ўдалося выцесніць партызан з раёнаў іх дыслакацыі. Карнікі расстралялі больш за 2400 чал., захапілі 350 кароў і коней, 150 ц збожжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ ПРЭ́МІІ МІ́РУ,
ганаровыя ўзнагароды Сусветнага Савета Міру (ССМ). Прысуджаліся ў 1949—91 выдатным дзеячам сусв. навукі і культуры за найлепшыя творы л-ры і мастацтва, навук. працы і кінафільмы, якія садзейнічалі ўмацаванню міру паміж народамі, а таксама асобным паліт. дзеячам і грамадска-паліт. арг-цыям розных краін завял. ўклад у справу ўмацавання міру. Заснаваны на 1-м Парыжска-Пражскім Сусв. кангрэсе прыхільнікаў міру ў крас. 1949. Рэгламент М.п.м. зацверджаны на 2-й сесіі Пастаяннага к-таСусв. кангрэса прыхільнікаў міру (Рым, 28—31 кастр. 1949). ССМ устанавіў (1951) тры формы прэмій: Ганаровыя міжнар. прэміі Міру, Міжнар. прэміі Міру і залатыя медалі Міру (з 1959 — залатыя медалі Міру імя Ф.Жаліо-Кюры). Сярод лаўрэатаў былі Ю.Фучык (1950, пасмяротна), Б.Бартак (1955, пасмяротна), Дз.Дз.Шастаковіч (1953), Б.Палявой (1959, 1968), І.Р.Эрэнбург (1961), Дж.Нэру (1970, пасмяротна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
тып тлумачальнага слоўніка, які змяшчае аднакарэнныя словы, што маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці (паронімы; гл.Паранімія). Напр., «Слоўнік паронімаў сучаснай рускай мовы» Ю.А.Бельчыкава і М.С.Панюшавай (1994). Паранімічны рад звычайна складаецца з 2 слоў, часам у яго ўваходзяць і 3—4 словы («давераны—даверлівы—даверны», «дублет—дуплет—дублікат—дубальт»). У бел. лексікаграфіі першая спроба стварэння П.с. — слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанні слоў; (Слоўнік паронімаў беларускай мовы)» С.М.Грабчыкава (1977; уключае больш за 1600 слоў). На аснове гэтага слоўніка ім жа складзены «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994; уключае больш за 3300 слоў). Міжмоўнае ўзаемапранікненне ў галіне аманіміі, параніміі і полісеміі адлюстравана ў слоўніку «Міжмоўныя амонімы і паронімы» Грабчыкава (1980; 550 рус.-бел. аманімічных і паранімічных пар).
Літ.:
Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПУ́ЦІН (сапр.Новых) Рыгор Яфімавіч
(1864?, 1865? ці 1872, с. Пакроўскае Яркоўскага р-на Цюменскай вобл., Расія — 30.12.1916),
фаварыт рас. імператара Мікалая II і імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Сібірскі селянін, мянушку Р. атрымаў за разгульнае жыццё. У 1904—05 набыў папулярнасць у вышэйшых колах пецярб. арыстакратыі, з 1907 пры царскім двары як «празорлівец» і цудоўны лекар-«збавіцель». Р. абяцаў малітвамі вылечыць хворага на гемафілію царэвіча Аляксея і паслаць «боскую ласку» на дзярж. справы цара. Меў неабмежаваны ўплыў на царскую сям’ю, за хабар аказваў «пратэкцыі». Паводле яго парад прызначаліся і змяняліся вышэйшыя асобы дзярж. і царк. кіравання. «Распуціншчына» моцна падарвала прэстыж самадзяржаўя напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917. Р. забіты змоўшчыкамі-манархістамі Ф.Ф.Юсупавым, У.М.Пурышкевічам і вял.кн. Дзмітрыем Паўлавічам.
Літ.:
Пуришкевич В.М. Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 3 МАЯ 1791 (Ustawa tządowa),
асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты 3.5.1791 на Чатырохгадовым сейме ў Варшаве. Абвяшчала суверэннасць Рэчы Паспалітай як унітарнай дзяржавы, ліквідавала падзел яе на Карону і ВКЛ. Але кароль захаваў і тытул вял.кн. літоўскага. У веданні ВКЛ захавалася судаводства, свой скарб, роўнае прадстаўніцтва ў сейме і яго камісіях. Месцам правядзення сеймаў вызначана Варшава, але яны маглі адбывацца раз у 3 гады ў Гродне. Канстытуцыя абвясціла нязменнасць кардынальных правоў, захавала карпаратыўнасць і адзінаўладдзе за шляхецкім саслоўем, шляхецкія правы і прэрагатывы абвяшчала непарушнымі. Грамадзянскія свабоды пашыраліся на прывілеяваныя станы шляхты, духавенства, чыноўнікаў. Адначасова рабіліся ўступкі жыхарам гарадоў дзярж. юрысдыкцыі, у ліку якіх асабістая недатыкальнасць, права набыцця зямлі, шляхецтва, заняцця адм.-судовых і царк. пасад. Дэкларавала апеку права і ўрада над феад.-залежнымі сялянамі. Абвяшчала свабоду веравызнанняў з захаваннем дзяржаўнасці за каталіцтвам. Епіскапы пераведзены на дзярж. ўтрыманне. Заканадаўчая ўлада аддадзена 2-палатнаму сейму (палата дэпутатаў і сенат), выканаўчая — каралю і радзе з 6 міністраў, падсправаздачных сейму. Міністраў назначаў кароль. Палата дэпутатаў складалася з 204 паслоў (з іх 24 з дарадчым голасам прадстаўлялі гарады), выбраных на 2 гады на мясц. сейміках. Выбарчы голас атрымалі асобы шляхецкага стану з 19 гадоў, якія мелі гадавы даход больш за 100 злотых і былі запісаны ў земскія кнігі. Сенат складаўся з 132 саноўнікаў, у т. л. караля. Ён быў пазбаўлены права заканадаўчай ініцыятывы, але меў права адкладальнага вета. Ліквідавана права ліберум вета (liberam veto), усе пастановы сейма павінны былі прымацца большасцю галасоў, уведзена спадчыннасць трона. Выканаўчай адміністрацыяй на мясц. узроўні былі парадкавыя камісіі, якія выбіраліся мясц. сеймікамі. Земскія і гродскія суды аб’ядноўваліся ў зямянскія суды, Пажыццёвасць пасад скасоўвалася і змянялася іх выбарнасцю. Канстытуцыя абвяшчалася нязменнай на 25 гадоў. Перагледзець яе мог толькі канстытуцыйны сейм. Была першай у Еўропе і другой у свеце (пасля ЗША) Канстытуцыяй, зафіксаванай пісьмова. Скасавана Гродзенскім сеймам 1793 у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Łojek J. Upadek Konstytucji 3 maja. Wrocław, 1976;
Skowronek J. Wielka chwila narodowych dziejów: Konstytucja 3 maja i reformy Sejmu Cztemletniego. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ХТЭНШТЭЙН (Liechtenstein),
Княства Ліхтэнштэйн (Fürstentum Liechtenstein), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, паміж Швейцарыяй і Аўстрыяй. Падзяляецца на 2 акругі (11 камун). Пл. 157 км². Нас. 31,4 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Вадуц. Афіц. мова — нямецкая. Нац. свята — Дзень нараджэння бацькі правячага князя (15 жн.).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1921. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — ландтагу, 25 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць князю і створанаму пры ім ураду, які складаецца з 5 асоб.
Прырода. Л. знаходзіцца ў Альпах у бас. Верх. Рэйна. На ПдУ — масіў Рэтыкон (г. Граўшпіц, выш. 2599 м), на З — даліна р. Рэйн. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ў даліне Рэйна ад 0 °C да -5 °C, ліп. каля 18 °C. Ападкаў каля 700—1200 ммза год. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Каля 20% тэрыторыі пад лесам (елка, дуб, бук), каля 40% — пад альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 87,5% складаюць ліхтэнштэйнцы — народ блізкі да суседніх груп аўстрыйцаў, швейцарцаў і немцаў. Жывуць таксама швейцарцы, аўстрыйцы, італьянцы, туркі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 80%. Сярэднегадавы прырост 1%. Сярэдняя шчыльнасць 200 чал. на 1 км², большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне Рэйна. У гарадах і гар. пасёлках жыве больш за 80% насельніцтва, у т. л. ў Вадуцы 5,1 тыс.ж. (1997). У прам-сці, гандлі і буд-ве занята 45% працаздольных, у сельскай і лясной гаспадарцы, садоўніцтве і рыбалоўстве — 2%, у абслуговых галінах — 53%. Больш за 6 тыс.чал. штодзённа прыязджаюць на працу ў Л. з Швейцарыі і Аўстрыі.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Л. насялялі кельты, у 15 ст. да н.э. яе заваявалі рымляне, якіх у 3 ст.н.э. выцеснілі адсюль алеманы (швабы). У 12 ст. тут узнікла феад. ўладанне Шэленберг, у 14 ст. — графства Вадуц, што ўвайшлі ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі», потым сталі пратэктаратам імперыі Габсбургаў. У 1699 Шэленберг, у 1712 Вадуц прададзены аднаму з прыбліжаных аўстр. імператара з роду Ліхтэнштэйн. Датай утварэння дзяржавы лічыцца 15.8.1719, калі аб’яднаныя Шэленберг і Вадуц атрымалі статус княства. З 1806 Л. у складзе Рэйнскага саюза, у 1815—66 у Герм. саюзе. У 1868 урад распусціў армію (80 чал.) і абвясціў пастаянны нейтралітэт (захоўваўся і ў час 1-й і 2-й сусв. войнаў). У 1876—1918 Л. эканамічна цесна звязаны з Аўстра-Венгрыяй (агульная мытная і падатковая прастора). 5.10.1921 прынята сучасная канстытуцыя. З 1923 у эканам. і валютным саюзе з Швейцарыяй. У 1950—60-я г. актывізавалася прамысл. развіццё. З 1989 (фактычна з 1984) князь Л. — Ганс Адам II. На плебісцыце 1992 большасць выбаршчыкаў выказалася за ўступленне Л. ў еўрап.эканам. прастору. Дзейнічаюць партыя Айч. саюз, Прагрэс.грамадз. (бюргерская) партыя, экалагічная партыя Свабодны спіс (усе 3 партыі прадстаўлены ў парламенце), прафс. аб’яднанне Саюз працоўных і інш. Л. — чл. Савета Еўропы (з 1978), ААН (з 1990), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. Л. — індустр. краіна, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. — 23 тыс.дол. (1996). Найб. развіта прам-сць экспартнага кірунку. Прамысл. прадпрыемствы — пераважна філіялы швейц. фірм. Вытв-сць электраэнергіі 150 млн.кВтгадз (1997), у асн. на ГЭС. Развіта разнастайнае машынабудаванне (2/3прамысл. прадукцыі), у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае прыладабудаванне, вытв-сць кацельнага абсталявання, штампаваных дэталей, высокатэхнал. металаапрацоўка, вытв-сць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Ёсць асобныя прадпрыемствы тэкст., хім., фармацэўтычнай, гарбарнай, керамічнай, металаапр., дрэваапр. прам-сці. Сусветна вядомы выраб фарфоравых зубных пратэзаў. Найб. прадпрыемствы: прэсавых і штампаваных вырабаў (Эшэн), выліч. машын (Маўрэн), маш.-буд.з-ды (Бальцэрс, Шан, Вадуц). Ёсць вытв-сць фарбаў, лакаў і бялізны. Развіты вінаробства, піваварэнне, сыраробства. Здаўна развіта вытв-сць кафляных плітак і маст. керамікі (Нендэльн). У сельскай гаспадарцы пераважае дробнасялянскае землеўладанне (да 4—5 га). Пад ворывам каля 4 тыс.га, пад пашай каля 6,3 тыс.га. Гал. галіна — жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Земляробства пераважна ў даліне Рэйна. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, тытунь, кармавыя культуры, агародніну. Пладаводства і вінаградарства. Пчалярства. Многія сяляне сумяшчаюць заняткі сельскай гаспадаркай з працай у прам-сці і абслугоўваннем турыстаў. У сувязі з нізкім падаткам на капітал і адсутнасцю падатку на прыбытак Л. выбраны месцам рэгістрацыі больш як 40 тыс. замежных кампаній. Яны даюць трэць паступленняў у бюджэт краіны. Важнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца банкаўская і фін. справа, замежны турызм (86 тыс.чал. у 1995), санаторныя паслугі і выпуск паштовых марак. Асн. від транспарту — аўтамабільны. У краіне 250 км асфальтаваных аўтадарог, 14,8 тыс. легкавых і 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. Тэр. Л. перасякае чыг. Вена—Парыж (18,5 км на тэр. краіны). У 1994 экспарт склаў 2,14 млрд.дол., імпарт — 852 млн. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, трансп. сродкі, сыравіна. Асн. знешнегандл. партнёр — Швейцарыя, з якой Л. у грашовай і мытнай уніі (15% экспарту, больш за 75% імпарту). Больш за 40% экспарту ідзе ў краіны Еўропы. Грашовая адзінка — швейцарскі франк.
Літ.:
Печников Б.А. Лихтенштейн — княжество на Рейне. М., 1986.
Ю.В.Бярэзіна (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Ліхтэнштэйна.Тыповы ландшафт у Ліхтэнштэйне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДАКО́ВІЧЫ,
вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Гнілка. Цэнтр Ляснянскага с/с і калгаса. За 12 км на ПнУ ад Круглага, 77 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Талачын. 291 ж., 112 двароў (1997).
Вядомы зпач. 16 ст. як вёска кн. І.Горскага па мянушцы Дуда (адсюль назва). З 16 ст. належала Храптовічам, Гарнастаям, Камарам, кляштару дамініканцаў (да 1832) і інш.З 17 ст. мястэчка. З 1772 у Рас. імперыі, у Магілёўскай губ., з 1861 у Магілёўскім пав. У 1909 сяло, 446 ж., 50 двароў. З 1924 вёска ў Круглянскім, у 1931—35 у Талачынскім, у 1959—66 у Бялыніцкім р-нах. З 1964 цэнтр сельсавета. У 1971—329 ж., 101 двор.
Комплекс «школа-сад», клуб, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (19 ст.).