БЁЗЭ Петэр, скульптар і гравёр па медзі 18 ст. Працаваў у кн. Радзівілаў. З яго твораў на Беларусі вядома гравіраваная пліта «Генеалагічнае дрэва роду Радзівілаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРААГРЭГА́Т,
сістэма з ветрарухавіка і машын (механізмаў), якія ад яго прыводзяцца ў рух (помпы, электрагенератары і інш.). З’яўляецца асн. (сілавой) часткай ветраэнергетычнай устаноўкі, ветрака і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНТЫ́ТУЛ (ад аван... + тытул),
першая старонка кнігі, якая папярэднічае тытульнаму лісту. На авантытуле могуць змяшчацца загаловак кнігі, назва выд-ва, яго марка, серыя і інш. звесткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕРСО́ЛД,
сітуацыя рэзкага зніжэння цэн на які-небудзь тавар у выніку паступлення яго ў вял. колькасці на рынак. Тэрмін часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНДЫЦЫ́Т,
запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв. сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
тэорыя, заснаваная на вучэнні пра наяўнасць у псіхіцы чалавека апрача індывідуальнага неўсвядомленага больш глыбокага слоя — калектыўнага неўсвядомленага. Змест калект. неўсвядомленага складаюць агульначалавечыя першавобразы — архетыпы, у якіх закладзены варыянты разумення свету і паводзін. Распрацавана ў 1910-я г.швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам. Мэтай працэсу станаўлення асобы (індывідуацыі) з’яўляецца інтэграцыя зместу калект. неўсвядомленага, імкненне да ўзаемаразумення паміж трыма ўзроўнямі псіхікі: свядомым, індывід. неўсвядомленым, калект. неўсвядомленым. Гэта бясконцы шлях у самім сабе, з адкрыццём патаемных куткоў душы, якая складаецца з супярэчнасцяў: жаночае і мужчынскае, свядомае і неўсвядомленае і інш. Розныя прычыны, найперш сац., дазваляюць рэалізоўвацца толькі аднаму члену пары, а індывідуацыя дазваляе адкрыць у сабе другі бок і прыняць яго, інакш — крызіс, хвароба, няма развіцця. Усё жыццё чалавек ідзе да адкрыцця самага гал. архетыпу — «вобраза сябе як Бога ў сабе».
Літ.:
Юнг К.Г. Психологические типы: Пер. с англ.М., 1992;
Яго ж. Проблемы души нашего времени: Пер. с англ.М., 1993;
Яго ж. Аналитическая психология: Пер. с англ.Спб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГА́РЫН (Юрый Аляксеевіч) (9.3.1934, с. Клушына Гжацкага, цяпер Гагарынскага р-на Смаленскай вобл. — 27.3.1968),
савецкі касманаўт, які ўпершыню ў гісторыі чалавецтва здзейсніў палёт у космас. Герой Сав. Саюза (1961), палкоўнік, лётчык-касманаўт СССР (1961). Скончыў авіяц. вучылішча ў Арэнбургу (1957), Ваенна-паветр.інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). Служыў лётчыкам-знішчальнікам ВПС. З 1960 у атрадзе сав. касманаўтаў, у 1961—64 яго камандзір, з 1964 нам.нач. Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. 12.4.1961 ажыццявіў палёт вакол Зямлі на караблі «Усход» працягласцю 108 мін. Загінуў у авіяц. катастрофе. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР, Вялікі залаты медаль Міжнар.авіяц. федэрацыі. Яго імя прысвоена Ваенна-паветранай акадэміі. Яго імем названы горад Гжацк Смаленскай вобл., кратэр на Месяцы і інш.
Тв.:
Дорога в космос. М., 1981;
Психология и космос. 4 изд. М., 1981 (разам з У.І.Лебедзевым).
Літ.:
Дихтярь А. Жизнь — прекрасное мгновенне. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЗО́Н, Хадсан (Hudson) Генры (каля 1550, Вялікабрытанія — 1611), англійскі мараплавец. У пошуках паўн. марскога шляху з Атлантычнага ак. ў Ціхі здзейсніў 4 плаванні ў арктычных морах, арганізаваныя лонданскімі і амстэрдамскімі купцамі, якія шукалі новыя шляхі ў Кітай і Індыю. У 1607 імкнуўся прайсці ў Ціхі ак. праз Паўн. полюс, падняўся да 80°23 паўн. ш., адкрыў в-аў Ян-Маен. У 1608 няўдала спрабаваў знайсці праход паміж а-вамі Шпіцберген і Новая Зямля. У 1609 накіраваўся ў Баранцава м., а адтуль да берагоў Паўн. Амерыкі для пошукаў Паўн.-Зах. праходу, абследаваў частку ўзбярэжжа мацерыка, адкрыў вусце ракі (пазней названа яго імем) і падняўся па ёй на 250 км. У 1610 прайшоў на З пралівам паміж Лабрадорам і Бафінава Зямлёй і адкрыў вял. заліў (пазней названы яго імем). У ягопаўд.ч. (зал. Джэймс) карабель Гудзона зазімаваў. У чэрв. 1611 на зваротным шляху каманда ўзбунтавалася. Гудзон з сынам і 7 маракамі былі высаджаны з карабля ў шлюпку і прапалі без вестак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕНЬ (? — каля 1316),
вялікі князь ВКЛ (каля 1295—1316). Звесткі пра паходжанне супярэчлівыя. Паводле адных крыніц, ён родам з Жамойціі, другія называюць яго сынам Трайдзеня, трэція выводзяць яго з роду смаленскіх князёў. Бел. гісторыкі 19 ст. М.В.Без-Карніловіч і А.Кіркор лічылі яго сынам полацкага князя Гердзеня. На думку храніста 14 ст. П.Дусбурга, Віцень — сын Лютувера, які атаясамліваецца з Будзівідам. Бацька або брат Гедзіміна. Змагаўся за адзінства дзяржавы, ваяваў супраць палякаў у 1291, 1293, 1296, 1306, 1307. Вёў барацьбу з крыжакамі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. У 1298 заключыў саюз з Рыгай, што дало магчымасць адбіць крыжацкі наступ на Жамойцію. Як і Трайдзень, сяліў прусаў, якія ўцяклі ад ням. заваёўнікаў, на Гарадзеншчыне. У 1294 задушыў паўстанне жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюзу з крыжакамі. Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, уключыў у ВКЛБерасцейскую зямлю (1315). Загінуў ад удару перуна.