БА́ЦЮШКАЎ Пампей Мікалаевіч (26.6.1811, маёнтак Данілаўскае Валагодскай губ. — 1.4.1892),

рускі гісторык, дзярж. і грамадскі дзеяч, выдавец.

Брат паэта К.М.Бацюшкава. Скончыў афіцэрскае вучылішча ў Пецярбургу (1831), да 1840 служыў у арміі. З 1850 віцэ-губернатар у Коўне. У 1856—67 віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. У 1868—69 папячыцель Віленскай навуч. акругі. З 1869 член савета міністра нар. асветы. Паводле паліт. поглядаў славянафіл. Адзін з праваднікоў палітыкі русіфікацыі на Беларусі, Украіне і ў Літве. Выдаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), серыю альбомаў «Помнікі рускай даўніны ў заходніх губернях імперыі» (вып. 1—8, 1868—85), манаграфіі прафесараў Кіеўскай духоўнай акадэміі М.​І.​Пятрова, М.​І.​Гарадзецкага і І.​І.​Малышэўскага «Холмская Русь» (1887), «Валынь» (1888), «Беларусь і Літва» (1890).

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫТО́МІР»,

рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі і Украіне на пач. Вял. Айч. вайны. Пабудаваны ў 1920 у г. Гданьск. Да 24.10.1939 наз. «Pinsk» («Пінск»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—25) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі са дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Узарваны экіпажам 1.9.1941 каля в. Чэрні Кіеўскай вобл. ў сувязі з адступленнем сав. войск.

Літ.:

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАРА́ДНА»

(«Zaradna», з 1941 «Беларус»),

рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая ўдзельнічала ў абарончых баях на Беларусі і Паўн. Украіне ў пач. Вял. Айч. вайны. Пабудавана ў 1933—35 у Пінску, уваходзіла ў склад Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы. Затоплена экіпажам 19.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Паднята сав. маракамі і пасля капітальнага рамонту (да 21.2.1941) перайменавана ў «Беларус», уключана ў Пінскую ваен. флатылію. Мела на ўзбраенні 2 гарматы і кулямёт, экіпаж каля 15 чал. У чэрв. — вер. 1941 вяла баі з перадавымі часцямі вермахта ў Дняпроўска-Бугскім канале, на Прыпяці, Дзясне (участак Асцёр—Жукін у Чарнігаўскай вобл.) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Далейшы лёс карабля невядомы.

Р.​К.​Паўловіч.

Рачная кананерская лодка «Зарадна».

т. 6, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎРА (грэч. laura літар. гарадская вуліца, квартал),

назва найбольш буйных і ўплывовых правасл. мужчынскіх манастыроў. Вядомы з 4—6 ст.: Л. наз. манастыры св. Феадосія каля Іерусаліма (Палесціна), св. Афанасія на Афоне (Грэцыя). У Рас. імперыі статус Л. мелі Кіева-Пячэрская лаўра (з 1598), Троіца-Сергіева лаўра (з 1744), Аляксандра-Неўская лаўра (з 1797), Пачаеўская, цяпер у Цярнопальскай вобл. на Украіне (з 1833; у ансамблі барочны Успенскі сабор, 1771—83, арх. Г.​Гофман, класіцыстычная званіца, 1861, Троіцкі сабор, 1906, арх. А.​Шчусеў). Да 18 ст. Л. падначальваліся непасрэдна патрыярху, з 1721 — сіноду. Карыстаюцца асаблівымі правамі, колькасць манахаў у Л. не абмяжоўваецца. Кіруюць Л. намеснікі ў сане архімандрыта.

Да арт. Лаўра. Успенскі сабор Пачаеўскай лаўры ў Цярнопальскай вобл. (Украіна). 1771—83.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,

бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.​Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЯЦЕ́ЛІЦА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, характэрны 6-тактавыя перыяды. Тэмп хуткі. Упамінанні пра «М.» вядомы з пач. 17 ст. Мае шмат варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак (звычайна бойкага гумарыст. зместу, зафіксаваны ў працах М.​Федароўскага, П.​Шпілеўскага і інш.). У найб. пашыраным варыянце танца (запісаны П.​Шэйнам) выканаўцы трымаюць у руках ручнікі або паясы, часам і хустачкі. Асн. рух — крок-бег. Утвараючы розныя харэаграфічныя малюнкі, выканаўцы імітуюць мяцеліцу. На сцэне ўпершыню выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.​Манюшкі на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча (1852). Яскравыя сцэн. варыянты «М.» стварылі К.​Алексютовіч, А.​Ермалаеў (у балеце «Салавей» М.​Крошнера), А.​Апанасенка ў Дзярж. ансамблі танца Беларусі. Пашырана па ўсёй Беларусі. Падобны танец вядомы ў Расіі і на Украіне.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДЖА́НАЎ Сяргей Іосіфавіч (9.1.1924, Тбілісі — 20.7.1990),

кінарэжысёр. Нар. арт. Украіны (1990). Нар. арт. Арменіі (1990). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951). Працаваў на Украіне, у Грузіі, Арменіі. Выкарыстанне міфал. і легендарных матываў, фальклорная паэтыка, сімволіка прасторы і колеру, спалучэнне традыцый розных нац. мастацтваў у адзінай вобразнай сістэме выявіліся ў фільмах «Цені забытых продкаў» (1966, паводле твораў М.​Кацюбінскага), «Колер граната» (1969, на падставе біяграфіі і паэзіі Саят-Нава; сцэнарый П.), «Легенда пра Сурамскую крэпасць» (1984), «Ашык-Керыб» (1988, абодва з Д.​І.​Абашыдзе). Сярод інш. фільмаў: «Наталля Ужвій» (1957), «Украінская рапсодыя» (1961), «Думка» (1966), «Арабескі на тэмы Пірасмані» (1985). Аўтар арыгінальных калажаў і пластычных кампазіцый. Падвяргаўся ганенням з боку афіц. улад, двойчы быў у зняволенні па сфабрыкаваных абвінавачваннях.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́ЕЎ Іса Аляксандравіч (25.11.1903, с. Стары Батакаюрт Правабярэжнага р-на Паўн. Асеціі, Расія — 6.2.1979),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1962), Герой МНР (1971). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1922. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд., Паўд.-Зах., Сцяпным, 3-м Укр., 2-м Бел., 2-м Укр. і Забайкальскім франтах. Пад яго камандаваннем конна-механіз. група ў час Бел. аперацыі 1944 удзельнічала ў вызваленні Глуска, Слуцка, Міра, Стоўбцаў, Нясвіжа, Баранавіч, Слоніма, Брэста; вызначылася пры знішчэнні паўд.-бугскай групоўкі праціўніка на Украіне і ў Маньчжурскай аперацыі. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1941—70.

І.А.Пліеў.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЯРЭ́НКА Сямён Дзмітрыевіч (26.9.1901, с. Прохараўка Драбаўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 8.3.1962),

украінскі пісьменнік. Скончыў Залатаношскую гімназію (1919). Друкаваўся з 1918. Аўтар зб. апавяд. «Вецер з гор» (1930), аповесцей «Ціхая прыстань» (1929), «Матрос Ісай» (1930), раманаў «Бурун» (1932), «Пралог» (1936), «Радасць чалавечага існавання» (1937) і інш. Трылогія «Шлях на Кіеў» (ч. 1—3, 1937—40) пра грамадз. вайну на Украіне. У раманах «Гаспадары» (1948), «Карпаты» (1952—54) праблемы вёскі, тэма далучэння Закарпацця да Украіны. Гіст. раманы «Святаслаў» (1959), «Уладзімір» (1962) прысвечаны Кіеўскай дзяржаве 10 ст.

Тв.:

Твори Т. 1—3. Київ, 1981;

Рус. пер. — Карпаты. Т. 1—2. М., 1960;

Путь на Киев. М., 1970;

Владимир. Мн., 1990;

Святослав. Мн., 1990.

Літ.:

Гринай М.С. Семен Скляренко. Київ, 1980.

т. 14, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАМЫ́РДЗІН Віктар Сцяпанавіч (н. 9.4.1938, с. Чорнае Адгор’е Арэнбургскай вобл., Расія),

расійскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Політэхн. ін-т у г. Самара (1966), працаваў на Орскім нафтаперапрацоўчым з-дзе. З 1967 у Орскім гаркоме КПСС, з 1973 дырэктар Арэнбургскага газаперапрацоўчага з-да, з 1978 у апараце ЦК КПСС. У 1982—83 нам. міністра газавай прам-сці СССР, з 1983 нач. Усесаюзнага прамысл. аб’яднання па здабычы газу ў Цюменскай вобл., у 1985—89 міністр газавай прам-сці СССР, з 1989 старшыня праўлення Дзярж. газавага канцэрна «Газпрам». У маі—снеж. 1992 нам. старшыні, у снеж. 1992 — сак. 1998 старшыня ўрада Рас. Федэрацыі. У 1990-я г. адначасова лідэр руху «Наш дом Расія». З 2001 пасол Рас. Федэрацыі на Украіне.

т. 17, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)