ВІ́ЦЕБСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ,

помнік архітэктуры 1930-х г. Пабудаваны ў Віцебску ў 1932—35 (арх. С.Прэзьма) як жылы дом для вядучых спецыялістаў горада. Дамы такога тыпу ў СССР (усяго 66, з іх 3 у БССР) ствараліся па спец. праектах, якія прадугледжвалі павелічэнне плошчы пакояў, палепшанае абсталяванне быт. памяшканняў. У кампазіцыі будынка выкарыстаны прыём вылучэння вуглавой павярховай часткі, якой проціпастаўляецца прадаўгаваты 4-павярховы аб’ём. Выразнасць фасадаў дасягаецца рытмічнай групоўкай акон, балконаў з глухімі агароджамі, лоджый, эркераў.

А.А.Воінаў.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,

капіравальна-фрэзерны станок з інструментам для гравіравання. Выявы з аб’ектаў (мадэлей барэльефаў, інш. аб’ёмных арыгіналаў, літар, узораў, малюнкаў) выразаюць на мяккім метале, камені, дрэве спец. рэжучым інструментам (штыхелем, фрэзай), які вядзе апрацоўку ў адпаведнасці з сігналамі ад абваднога штыфта (датчыка). Штыфт рухаецца па капіры і падае сігналы ў сістэму сачэння (механічную, гідраўлічную або электрычную), што кіруе інструментам. У металаапрацоўцы гравіравальныя станкі выразаюць клеймы, надпісы, лічбы на дэталях, у паліграфіі робяць цынкаграфскія клішэ (фотагравіравальнай машынай).

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ШЫН Пётр Дзмітрыевіч (15.1.1906, г. Вольск Саратаўскай вобл., Расія — 1993, расійскі вучоны ў галіне авіяц. тэхнікі. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1962). Двойчы Герой Сац. Працы (1958, 1981). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (МАІ; 1932). З 1948 у МАІ, у 1951—91 нам. гал. канструктара, гал. канструктар-кіраўнік спец. КБ «Факел». Асн. навук. працы па аэрадынаміцы, трываласці і канструкцыі лятальных апаратаў. Распрацаваў новыя метады канструявання і тэхналогіі працэсаў вырабу лятальных апаратаў. Ленінская прэмія 1963, Дзярж. прэмія СССР 1965.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖА́ЛА,

калючая частка джалячага апарату самак перапончатакрылых насякомых; відазменены яйцаклад (страціў функцыю адкладкі яец і ператварыўся ў орган абароны і нападзення). У спакоі Дж. знаходзіцца ўнутры канцавога сегмента брушка, пры неабходнасці высоўваецца і ўтыкаецца ў цела ахвяры. У Дж. ёсць канал, па якім у ранку паступае ядавітая вадкасць са спец. залоз. Дж. пчалы вышчарбленае, часам застаецца ў ахвяры і пчала гіне. Дж. таксама ёсць у скарпіёнаў — іголка з унутр. пратокай ядавітай залозы. Дж. памылкова наз. язык змей.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ДЗІ ЦУСІ́Н,

інфарм. агенцтва Японіі, другое (пасля Кіода Цусін) па велічыні і значэнні. Засн. ў 1945 у Токіо на акцыянерных пачатках. Распаўсюджвае ўнутр. (эканам., паліт., спарт.) і міжнар. інфармацыю ўласных карэспандэнтаў і замежных агенцтваў. Абменьваецца інфармацыяй з Рэйтэр, ЮПІ, АФП, ІТАР—ТАСС, Сіньхуа і інш. агенцтвамі. Абслугоўвае 124 японскія і 28 замежных газетных выдавецтваў, радыё- і тэлестанцый (1992). Выдае 2 штотыднёвікі, інфарм. бюлетэні на спец. тэмы. Мае 80 аддзяленняў у краіне і 25 за яе межамі (1992).

Т.А.Меляшкевіч.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМАРО́ЖВАННЕ ХАРЧО́ВЫХ ПРАДУ́КТАЎ,

спосаб кансервавання, які заключаецца ў хуткім ахаладжэнні прадукту да т-ры значна ніжэйшай за т-ру замярзання яго сокаў. Робяць пры т-ры каля -20 °C у маразільных камерах халадзільнікаў ці ў спец. хуткамаразільных апаратах.

Пры замарожванні вада ўтварае шмат дробных крышталікаў лёду, якія мала мяняюць структуру тканак прадуктаў, практычна поўнасцю спыняецца жыццядзейнасць мікрафлоры і актыўнасць ферментаў, таму прадукты доўгі час (пры ўмове, што т-ра ўвесь час застаецца аднолькава нізкай) захоўваюць свае харч. якасці.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,

ваеннае фарміраванне, якое складаецца з некалькіх часцей або злучэнняў меншага складу, звычайна розных родаў войск (сіл), спец. войск (службаў), а таксама часцей (падраздзяленняў) забеспячэння і абслугоўвання. Існуюць З.в. пастаяннай і непастаяннай (часовай) арганізацыі. У залежнасці ад складу і задач, якія належыць вырашаць, адрозніваюць аператыўныя (напр., авіяносныя ўдарныя злучэнні ў ВМС ЗША), аператыўна-тактычныя (армейскія, стралк., механізаваныя, танк., кавалерыйскія і інш. карпусы, часам эскадры надводных караблёў), у гады 2-й сусв. вайны тактычныя (розныя дывізіі, брыгады і інш.).

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮКО́ВІЧ (Сяргей Сцяпанавіч) (н. 12.12.1923, г.п. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1955), праф. (1984). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1975). Скончыў БПІ (1949). З 1949 у БПА (у 1979—84 прарэктар). Навук. працы па тэхналогіі машына- і прыладабудавання, метралогіі і стандартызацыі, навук.-метадычным забеспячэнні праектавання і вытв-сці спец. тэхнал. абсталявання. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Точность обработки глубоких отверстий. Мн., 1978 (разам з Э.М.Дзечкам, У.І.Далговым).

Б.Дз.Далгатовіч.

т. 8, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НКУРС (ад лац. concursus збег, сутыкненне),

1) спаборніцтва для выяўлення найлепшых з ліку ўдзельнікаў, прадстаўленых работ, маст. твораў і інш. 2) Парадак заяўкі і задавальнення патрабаванняў, якія прад’яўлены крэдыторамі неплацежаздольнаму даўжніку. У цывільным праве — публічнае абяцанне юрыд. асоб або грамадзянінам спец. узнагароды (прэміі) за лепшае выкананне пэўнай работы. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь гэта абавязвае таго, хто абвясціў К., выплаціць абяцаную ўзнагароду асобе, работа якой будзе прызнана лепшай. Парадак правядзення К., яго ўмовы і вынікі рэгламентуюцца заканадаўствам.

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАТАЛЯ́РЫЯ (Crotalaria),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 500 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках пераважна Афрыкі. К. сітнікавая (C. juncea, індыйскія каноплі, індыйская пянька) культывуецца ў Паўд.-Усх. і Сярэдняй Азіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Закаўказзі. Стараж. прадзільная культура.

К. сітнікавая — аднагадовая травяністая расліна выш. да 2,5 м. Лісце суцэльнае. Кветкі буйныя, жоўтыя. Плод — моцна ўздуты, густа апушаны боб. Сцёблы выкарыстоўваюць для вырабу вяровак, канатаў, рыбалоўных сетак, ветразяў, радна, спец. сартоў паперы. Сідэральная культура.

У.П.Пярэднеў.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)