ВЕРЛЕ́Н ((Verlaine) Поль) (30.3.1844, г. Мец, Францыя — 8.1.1896),
французскі паэт. Імпрэсіяніст, адзін з заснавальнікаў сімвалізму. Паэзіі Верлена ўласцівыя настроі «канца веку», шматпланавасць вобразаў, увага да колеравых і пачуццёвых нюансаў і паўтонаў, музычнасць і меладычнасць, вытанчаны гукапіс, навацыі ў рытме і рыфме. Аўтар паэт. зб-каў «Сатурнічныя вершы» (1866), «Сяброўкі» (1868), «Галантныя святы» (1869), «Добрая песня» (1870), «Рамансы без слоў» (1874), «Мудрасць» (1881), «Далёкае і блізкае» (1884, у т. л. паэма «Пераможаныя»), «Каханне» (1888), «Паралельна» (1889), «Прысвячэнні», «Жанчыны» (абодва 1890), «Шчасце», «Песні для яе» (абодва 1891), «Элегіі» (1893), «Эпіграмы» (1894), «Інвектывы» (1896), «Бібліясанеты» (выд 1913), верша-маніфеста «Мастацтва паэзіі» (1874, выд. 1882), аўтабіяграфіі «Споведзь» (1895). Кнігу «Праклятыя паэты» (1884) склалі літ.-крытычныя нарысы пра Т.Карб’ера, С.Малармэ, А.Рэмбо і інш., а таксама аўтабіягр. «Бедны Леліян». На бел. мову творы Верлена перакладалі М.Багдановіч (22 вершы), Ю.Гаўрук, С.Ліхадзіеўскі, А.Лойка і інш.
Тв.:
Бел.пер. — У месяцавым ззянні: Выбранае. Мн., 1974;
Рус.пер. — Стихи. СПб., 1908;
Лирика. М., 1969.
Літ.:
Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;
Великовский С.И. В скрещенье лучей: Групповой портрет с Полем Элюаром. М., 1987;
Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;
Лявонава Е.А. Нерэалістычныя плыні ў замежнай літаратуры другой паловы XIX — пачатку XX ст.: (імпрэсіянізм, сімвалізм) // Бел. мова і літ. 1996. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК,
лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або перакладае толькі тую лексіку, якой адрозніваюцца слоўнікавыя склады 2 блізкароднасных моў або слоўнікі адной і той жа мовы. Першыя Д.с. бел. мовы — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870) і рукапісны «Беларускі слоўнік» С.Мядзведскага (1910), якія перакладалі на рус. мову тыя бел. словы, што лексічна і семантычна адрозніваліся ад адпаведных рус.слоў. Падобны двухмоўны Д.с. — слоўнікавы дадатак «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» да практычнага дапаможніка «Беларуская мова для небеларусаў» А.А.Крывіцкага, А.Я.Міхневіча, А.І.Паддужнага (1973).
Існуюць і інш. разнавіднасці Д.с.: дыферэнцыяльна-дыялектныя або абласныя даведнікі (у адрозненне ад поўных дыялектных слоўнікаў уключаюць толькі тыя дыялектызмы, якімі дадзеная гаворка або група гаворак адрозніваюцца ад слоўнікавага складу літ. мовы, напр., «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» М.В.Шатэрніка, 1929, «Слоўнік Гродзенскай вобласці» Т.П.Сцяшковіч, 1983); дыялектныя даведнікі, што ўводзяць у навук. ўжытак упершыню лексікаграфічна зафіксаваныя лексічныя і фразеалагічныя адзінкі, якія адсутнічалі ў папярэдніх рэгіянальных слоўніках (напр., «З народнай фразеалогіі: Дыферэнцыяльны слоўнік» І.Я.Лепешава, 1991). Асобныя даследчыкі (Крывіцкі, Г.А.Цыхун) вылучаюць змяшаны (дыферэнцыяльна поўны) тып дыялектнага слоўніка.
Літ.:
Норман Б.Ю. Гипотеза Сэпира-Уорфа и белорусско-русский дифференциально-семантический словарь // Актуальные проблемы лексикологии. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСКА́Д (франц. cascade),
1) у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры — сістэма вадаспадаў, якія ствараюцца вадаёмамі, размешчанымі на розных узроўнях. У паркавых кампазіцыях дэкар. вырашэнне К. узбагачаецца арх. элементамі (паркавыя К. на італьян. вілах 16—18 ст., у Петрадварцы і інш.) і прыроднымі формамі з натуральнага каменю. Штучныя К. набываюць маляўнічасць і дэкаратыўнасць у спалучэнні з кветкамі, дэкар.-лісцевымі раслінамі. На Беларусі ў выглядзе дэкар. К. аформлены вадаскід на вадасховішчы «Крыніца» пад Мінскам, шэраг К. створаны на Сляпянскай воднай сістэме.
2) К. узмацнення — радыётэхнічная прылада, якая мае ўзмацняльны элемент (напр., электронную лямпу, паўправадніковую прыладу), ланцугі нагрузкі і сувязі з папярэднімі і наступнымі К. Звычайна ўзмацняльнік мае некалькі К., злучаных паслядоўна.
3) К. электрамашынны — агрэгат з дзвюх ці больш эл. машын, звязаных паміж сабой механічна і электрычна ці толькі электрычна. Выкарыстоўваецца для плаўнага рэгулявання частаты вярчэння эл. рухавіка ў электрапрыводах сярэдняй і вял. магутнасці.
4) К. гідраэлектрастанцый — сукупнасць гідраэлектрастанцый, размешчаных паслядоўна ўздоўж цячэння ракі. Дазваляе паўней выкарыстоўваць энергет. рэсурсы ракі, павысіць ступень рэгулявання сцёку і інш. 5) У пераносным сэнсе — імклівы, нястрымны паток чаго-н., напр., слоў, гукаў і інш.
А.В.Сычова (у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры).
Фантан «Каскад» у г. Петрадварэц Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЛО́СЫ»
(«Kłosy», «Каласы»),
навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выходзіў у 1865—90 у Варшаве на польск. мове 1 раз у тыдзень. Рэдактар К.Вуйціцкі (да 1875), А.Пяткевіч (А.Плуг, з 1879 гал. рэдактар). Змяшчаў матэрыялы па л-ры, гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве, а таксама нататкі з падарожжаў, успаміны, біягр. нарысы, тэатр. і муз. агляды, пераклады маст. твораў, мясц. і замежную карэспандэнцыю. Выданне вызначалася высокім графічным і маст. узроўнем (мастакі М.Э.Андрыёлі, С.Віткевіч, Ф.Кастшэўскі, Н.Орда, Ю.Фалат і інш.).
У часопісе апублікаваны працы пра Беларусь Вуйціцкага «Яўстах граф Тышкевіч» (1865), М.Камінскага «Танцы народа Павілля» (1866), В.Поля «На азёрах» (1869), З.Шчэры «Экскурсія ў Пінск і на Піншчыну» і А.Плуга «Руіны замка ў Міры» (абедзве 1877) і «Аляксандр Ходзька» (1881), В.Каратымскага «Ігнат Дамейка» (1877), З.Глогера «Земляробчыя абрады» (1879) і «Колькі слоў пра народныя і нацыянальныя песні» (1881), Э.Хлапіцкага «Апавяданні з вандроўкі па краі» (1887), В.Бютнера «Перажыткі язычніцтва на Палессі» (1890) і інш., маст. творы А.Э.Адынца, Э.Ажэшкі, Ю.Крашэўскага, Я.Лучыны, М.Радзевіча, У.Сыракомлі і інш. У 1890 зліты з час. «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»).
Літ.:
Szyndler B. Tygodnik ilustrowany «Kłosy» (1865—1890). Wrocław, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯСЛО́ЎЕ,
дадатак аўтара ці інш. асобы да літаратурнага твора або кнігі, дзе прыводзіцца інфармацыя, звязаная са зместам твора (кнігі), гісторыя яго напісання і г.д. Аўтарскае П. не мае самаст.літ. значэння, злучана з творам ідэйнай сувяззю; з’яўляецца ч. твора, элементам яго архітэктонікі. Пашыраны таксама П. да аўтарскага тэксту ад інш. асобы (крытыка, складальніка, рэдактара). Такое П. аналагічнае ўступнаму артыкулу ці прадмове, калі з’яўляецца свайго роду каментарыем да твора пісьменніка. У адрозненне ад эпілога П. не з’яўляецца працягам фабулы ці сюжэта твора. На Беларусі вядомы з часоў Кіеўскай Русі; змяшчаліся ў стараж. рукапісных кнігах у выглядзе сціслых звестак пра перапісчыка, час і месца напісання кнігі. Пазней такія звесткі пашырыліся, у іх выяўляліся пачуцці радасці з прычыны завяршэння кнігі, часам давалася ацэнка пэўным князю, каралю, цару, пры якім твор быў перапісаны (напр., «Пахвала Вітаўту» ў кн.слоў Ісаака Сірына). Традыцыю рукапісных кніг працягваў Ф.Скарына ў сваіх друкаваных выданнях, дзе змяшчаў паведамленні пра месца, час надрукавання, пра перакладчыка-друкара. Да твораў маст. л-ры П. пішуцца рэдка, звычайна ў сувязі з неабходнасцю выказацца перад чытачом (П. Я.Маўра да рамана «Амок», У.Караткевіча да рамана «Каласы пад сярпом тваім», А.Лойкі да рамана-эсэ «Як агонь, як вада...»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎУСТА́Ў,
тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.
А.М.Булыка.
Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАХВАЛА́ ВІ́ТАЎТУ», «Похвала о великом князи Витовте», «Сказание о великом князи Витовте»,
помнік бел. літаратуры 15 ст.; адзін з першых твораў бел. свецкай панегірычнай (гл.Панегірык) прозы. Напісана невядомым аўтарам ў канцы 1420-х г. у Смаленску. Вядома ў 4 рэдакцыях: 1-я (1428) — прыватны дзелавы запіс-пасляслоўе, змешчаны ў кнізе слоў Ісаака Сірына (што перапісана ў Смаленску); 2-я (летапісная, каля 1430) — асобны твор панегірычнага жанру, напісаны на аснове папярэдняй як своеасаблівае ідэйна-маст. завяршэнне 1-га бел.-літоўскага летапіснага зводу, захавалася ў асобных спісах Беларуска-літоўскага летапісу 1446; 3-я (новая, 1-я пал. 16 ст.) — аб’яднаны скарочаны тэкст летапіснай «П.В.» з уступнай часткай т.зв.Смаленскай хронікі, збераглася ў спісах кароткай (гл.Красінскага летапіс) і пашыранай (гл.Альшэўскі летапіс) рэдакцыях 2-га бел.-літ. летапіснага зводу — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»; 4-я (рус. скарочаная, 16 ст.) змешчана ў розных гіст. зборніках, што бытавалі ў Расіі ў 16—18 ст. У творы ўслаўляецца вял.кн. Вітаўт як мудры і ўсемагутны валадар, гаспадар ВКЛ, які карыстаецца высокім міжнар. аўтарытэтам, ідэалагічна абгрунтоўваецца аб’яднаўчая палітыка князя на ўсх.-слав. землях. Напісана на падставе сапр.гіст. фактаў урачыста-ўзнёслым стылем з выкарыстаннем стараж.-рус.літ. традыцый, кніжных выразаў і зваротаў, без рытарычнай шматслоўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. assimilatio прыпадабненне),
зліццё, засваенне. 1) У этналогіі засваенне адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет іншага народа (які сацыяльна больш развіты ці дэмаграфічна пераважае) да поўнага зліцця з ім. У выніку асіміляцыі мяняецца этнічная самасвядомасць асіміляванага народа. Натуральная асіміляцыя адбываецца пры непасрэдных кантактах этнічных груп, абумоўленых агульнасцю іх паліт., сацыяльнага, гасп. і культурнага жыцця, пашырэннем міжэтнічных шлюбаў. Прымусовая асіміляцыя звычайна ажыццяўляецца з дапамогай дыскрымінацыі.
2) У мовазнаўстве прыпадабненне аднатыпных (галосных ці зычных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў. Бывае поўная (адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: «насенне» — з «насеньйе», «шшытак» — пры напісанні «сшытак») і няпоўная [(гукі прыпадабняюцца толькі па якой-н. адной або некалькіх прыкметах, але не ўсіх, напрыклад, «каска» — пры напісанні «казка» (па глухасці-звонкасці), «сьмецце» — пры напісанні «смецце» (па цвёрдасці-мяккасці), «бяссільны» — пры пісьме «бяссільны» (па глухасці-звонкасці і цвёрдасці-мяккасці)]. Асіміляцыя наз. прагрэсіўнай, калі наступны гук прыпадабняецца да папярэдняга, і рэгрэсіўнай, калі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага (больш уласціва бел. мове). У выніку асіміляцыі ў бел. мове ўзніклі падоўжаныя зычныя. Частковае прыпадабненне галосных і зычных наз.акамадацыяй.
3) У біялогіі тое, што анабалізм.
4) У геалогіі працэс паглынання і перапрацоўкі (расплаўленне або растварэнне) магмай асадкавых або метамарфічных парод. Адбываецца каля кантактаў інтрузіўных целаў у бакавых (умяшчальных) пародах або на глыбіні пры абрушэнні ў расплаўленую магму цвёрдых парод скляпення. Асіміляцыя абумоўлівае разнастайнасць магматычных парод, можа быць прычынай дыферэнцыяцыі магмы, важным фактарам металагеніі. Асіміляцыі спрыяе кантрастнасць саставу магмы і ўмяшчальных парод, пераграванне магмы і наяўнасць у ёй лятучых кампанентаў. Значна пашырана пры ўтварэнні габра і дыярытаў у краявых частках гранітных інтрузій на кантакце з вапнякамі і асн. горнымі пародамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬ (Уладзімір Іванавіч) (22.11.1801, г. Луганск, Украіна — 4.10.1872),
рускі лексікограф, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН. Скончыў мед.ф-т Дэрпцкага ун-та (Тарту, 1829), быў ваен. урачом. Даследаваў мову і побыт рус. народа. Аўтар прац «Пра гаворкі рускай мовы» (1852), «Прыказкі рускага народа» (1861—62, частку працы Д. бел. фалькларыст І.І.Насовіч змясціў у сваім «Зборніку беларускіх прыказак», 1867), «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» (т. 1—4, 1863—66; больш за 200 тыс.слоў і 30 тыс. прыказак і прымавак; за яго атрымаў званне ганаровага акадэміка Пецярб.АН). У слоўніку шмат бел.нар. лексікі. Складаў слоўнікі бел. і ўкр. моў. Апрацоўваў казкі («Рускія казкі», 1832, «Быліцы і небыліцы», кн. 1—4, 1833—39), пісаў этнагр. нарысы («Падалянка», «Цыганка», «Балгарка», «Уральскі казак» і інш.), апавяданні і аповесці ў духу рус.натуральнай школы (пад псеўд.Казак Луганскі).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10;
СПб., М., 1897—98;
Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 1—4. М., 1955;
Пословицы русского народа. М., 1957;
Повести. Рассказы. Очерки. Сказки. М.; Л., 1961.
Літ.:
Канкава М.В. Даль как лексикограф. Тбилиси, 1958;
Бессараб М.Я. Владимир Даль. 2 изд. М., 1972;
Булатов М.А., Порудоминский В.И. Собирал человек слова... М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́СКІ (Георгій) (у свеце Рыгор; 20.11.1717, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 13.2.1795),
украінскі і бел. царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію (1743), у 1745—55 яе выкладчык, прафесар, рэктар. З 1755 епіскап магілёўскі (беларускі). Змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя на Беларусі. У 1757 адкрыў у Магілёве пры архірэйскім доме друкарню, дзе перавыдаў скарочаны тэкст «Катэхізіса» Ф.Пракаповіча ў сваім перакладзе на «рускі дыялект». Ініцыятар адкрыцця Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1765 дамогся ад караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага абяцання вярнуць праваслаўным іх правы, манастыры, храмы, але кароль не стрымаў слова. Звяртаўся за дапамогай да рас. імператрыц Лізаветы і Кацярыны П. Пасля трох замахаў на яго жыццё ў 1768 уцёк у Расію (Смаленск), дзе заставаўся магілёўскім епіскапам у выгнанні. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) вярнуўся ў Магілёў. З 1793 архіепіскап, чл. Сінода. Садзейнічаў вяртанню уніятаў у праваслаўе. Збіраў дакументы па гісторыі правасл. царквы (карлеўскія граматы і інш.). Аўтар твораў: «Мемарыял аб крыўдах праваслаўным», «Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання», «Трактат вечнай дружбы», «Збор павучальных слоў», духоўны дзённік «Думкі», драма «Уваскрэсенне мёртвых» і інш. На доме ў Магілёве, дзе ён жыў, мемар. дошка. Ў 1993 кананізаваны.