сукупнасць прыродных працэсаў утварэння і пераўтварэння асадкаў і асадкавых горных парод у нетрах. Асн. фактары Л. — тэмпература, ціск, падземныя воды і арган.рэчывы. Вылучаюць 3 стадыі Л. (дыягенез, катагенез і метагенез), якім адпавядаюць аднайменныя зоны ў асадкавым чахле. Зоны Л. мяжуюць з зонамі седыментагенезу ці гіпергенезу ўверсе і зонай метамарфізму ўнізе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
рэчывы, магн. ўласцівасці якіх абумоўліваюць іх выкарыстанне ў тэхніцы. Асн. характарыстыка М.м. — намагнічанасць. Пры т-ры, ніжэйшай за т-ру магн. ўпарадкавання (гл.Кюры пункт), М.м. — ферамагнетыкі і ферымагнетыкі маюць самаадвольную намагнічанасць. Паводле комплексу магн. уласцівасцей падзяляюць на магнітамяккія матэрыялы, магнітацвёрдыя матэрыялы і матэрыялы спец. прызначэння (магнітастрыкцыйныя матэрыялы, тэрмамагнітныя матэрыялы, магнітааптычныя і ЗВЧ матэрыялы). Выкарыстоўваюць у электра- і радыётэхніцы, электроніцы, выліч. тэхніцы і інш.
Літ.:
Мишин Д.Д. Магнитные материалы. 2 изд. М., 1991;
Преображенский АА, Бишард Е.Г. Магнитные материалы и элементы. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮСКАЦЫ́ДЫ, лімацыды (ад лац. limax слімак, смоўж + caedo забіваю),
хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння малюскаў; адзін з класаў пестыцыдаў. Трапляюць у арганізм малюскаў праз скурнае покрыва або з ежай. Выкарыстоўваюцца: супраць шкоднікаў с.-г. культур (гал. чынам слімакоў) — метальдэгід (палімер ацэтальдэгіду, найб. эфектыўны), гашаная вапна і яе сумесь з тытунёвым пылам, суперфасфат, хлорысты калій, жалезны купарвас і інш.; супраць пераносчыкаў трэматадозаў (фасцыялёзаў і інш.) — ніклазамід, трыфенморф, хлорнітралід і інш. Выкарыстоўваюць метадам апыльвання ці апырсквання раслін, глебы і месцаў збірання (сховішчаў) смаўжоў, атручаных прынад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЦАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя рэчывы, якія маюць марганец у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінах колькасць марганцу складае дзесяцітысячныя — сотыя долі працэнта (у глебе — у сярэднім 0,085%), таму у кіслых глебах марганцу дастаткова, месцамі нават лішка. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца сульфат марганцу MnSO4∙5H2O — крышт. парашок белага ці светла-шэрага колеру, мае 22,5% Mn, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць звычайна на вапнавых дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глебах пад цукр. буракі, азімую пшаніцу, шматгадовыя травы, гародніну. пладовыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФЛО́РА (ад мікра... + флора),
сукупнасць відаў мікраарганізмаў, што насяляюць пэўнае асяроддзе існавання (глеба, вада, паветра, горныя пароды і інш.). Па паходжанні адрозніваюць М., што пастаянна прысутнічае, і прыўнесеную; паводле тыпу жыўлення — аўтатрофную (мікраарганізмы, якія разбураюць арган.рэчывы), алігатрофную (завяршаюць мінералізацыю арган. рэчываў) і літатрофную (пераўтвараюць мінер. злучэнні горных парод, газы). Напр., у сульфідных рудах акісленне абумоўлена тыёнавымі бактэрыямі, у рубцы жвачных жывёл — анаэробнай М., што ператраўлівае клятчатку. Скура, слізістыя абалонкі, кішэчнік, інш. органы жывёл, паверхня раслін маюць пастаянную, т. зв. нармальную М., якая метабалізуе выдзяленні з тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭФІ́РНЫЯ ЛА́КІ,
лакафарбавыя матэрыялы на аснове ненасычаных поліэфірных смол; растворы поліэфірных смол у рэакцыйназдольным арган. растваральніку (пераважна стыроле). Маюць рэчывы, што ініцыіруюць і паскараюць ацвярдзенне, дабаўкі, якія прадухіляюць інгібіраванне гэтага працэсу (напр., парафін) і інш. Наносяць пнеўматычным распыленнем ці пры дапамозе спец. лаканаліўной машыны. Пакрыцці на аснове Пл. (плёнкі таўшчынёй 10—300 мкм) вода- і цеплаўстойлівыя (т-ра эксплуатацыі ад -40 да 60 °C), добра паліруюцца. Выкарыстоўваюць Пл., а таксама шпаклёўкі і эмалі на іх аснове для атрымання ахоўна-дэкаратыўных пакрыццяў на вырабах з дрэва і драўняных матэрыялаў (напр., мэблі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. расліны, якія высяваюцца і даюць ураджай у прамежак часу, свабодны ад вырошчвання асн. культуры. Павялічваюць прадукцыйнасць угоддзяў у некалькі разоў, дазваляюць найб. поўна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы, абараняць глебу ад эрозіі. Уводзяць П.к. ў раёнах дастатковага ўвільгатнення.
Тыпы П.к.: пажніўныя — высяваюць пасля ўборкі асн. культуры (па ржышчы); паўкосныя — высяваюць пасля скошвання кармавых культур; падсяўныя — падсяваюць пад асн. культуру, зімуючыя — нарошчваюць зялёную масу ўвосень і ранняй вясной; раннія яравыя — высяваюць ранняй вясной да сяўбы асн. культуры (напр., радыска, салата, шпінат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАЛІ́НА (Ramalina),
род кусцістых лішайнікаў сям. рамалінавых. Каля 175 відаў. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя Р.: мучністая (R. farinacea), пылковая (P. pollinaria), ясянёвая (R. fraxinea). Растуць пераважна на галінах і ствалах дрэў, апрацаванай драўніне, радзей на камянях і інш. субстратах.
Слаявіна кусцістая, лопасцевая, шэра-зялёная, жаўтаватая або белая. абвіслая ці прамастойная, прымацаваная да субстрату асновай. Пладовыя целы (апатэцыі) бакавыя або канцавыя. Споры двухклетачныя. Некат. віды маюць араматычныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў парфумернай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБІ́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя сродкі, якія паскараюць апаражненне кішэчніка. Адрозніваюць С.с., якія ўздзейнічаюць пераважна на тонкі кішэчнік (рыцына), тоўсты кішэчнік (прэпараты кораня рэвеню, кары крушыны, лісця сены, міндальны і вазелінавы алей, сінт.рэчывы — фенолфталеін, ізафенін), на ўсёй працягласці кішэчніка (натрыю і магнію сульфат, карлаварская соль).
Некат. С.с. расл. і сінт. паходжання выклікаюць хім. раздражненне рэцэптараў слізістай кішэчніка, салявыя — мех. раздражненне ў выніку павелічэння аб’ёму і разбаўлення змесціва кішэчніка. Падзяляюць на паслабляльныя (вазелінавы алей), уласна слабільныя (фенолфталеін) і праносныя (салявыя). Ужываюць пры запорах, вострых атручэннях, для ачышчэння кішэчніка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫФІКА́ТАРЫ (ад грэч. plastos вылеплены + лац. facere рабіць),
1) рэчывы, што павышаюць пластычнасць і (ці) эластычнасць палімераў і матэрыялаў на іх аснове пры перапрацоўцы і эксплуатацыі. Аблягчаюць размеркаванне сыпучых інгрэдыентаў у палімернай матрыцы, зніжаюць т-ру перапрацоўкі палімерных матэрыялаў, некаторыя надаюць ім негаручасць, тэрма-, мароза-, святлоўстойлівасць і інш.спец. ўласцівасці. П., якія аблягчаюць перапрацоўку (зніжаюць т-ру цякучасці гумавых сумесей), але не паляпшаюць марозаўстойлівасць вулканізату, наз.змякчальнікамі. Працэс увядзення П. у палімер наз.пластыфікацыяй. Найб. шырока П. выкарыстоўваюць пры перапрацоўцы пластмас (каля 70% ад агульнага аб’ёму пры перапрацоўцы полівінілхларыду) і эластамераў, вырабе лакафарбавых матэрыялаў.
Асн. агульныя патрабаванні да П. — сумяшчальнасць з палімерам пры ўвядзенні значнай (да 50% па масе) колькасці П., нізкая лятучасць, адсутнасць паху і колеру, хім. інертнасць, устойлівасць да вымывання ў вадкім асяроддзі. Найб. пашыраныя П. — складаныя эфіры араматычных і аліфатычных кіслот (напр., дыбутылфталат), фосфарнай к-ты, нізкамалекулярныя поліэфіры, эпаксідаваныя алеі, змякчальнікі — нафтавае масла, парафіны, каніфоль, прадукты ўзаемадзеяння алеяў з серай (факсіты), нафтавыя бітумы (рубраксы), кумарона-індэнавыя смолы.
2) Паверхнева-актыўныя рэчывы, што дадаюць у буд. растворы і бетонныя сумесі (0,15—0,3% ад масы вяжучага матэрыялу) для надання ім пластычнасці (аблягчэння ўкладкі ў форму) і зніжэння водазмяшчэння. Найб. шырока выкарыстоўваецца сульфітна-спіртавая брага (таварная форма лігнасульфанатаў — солей лігнасульфонавых кіслот), якая паскарае працэс цвярдзення і павышае трываласць бетону.