МІКРАРАЁН,

структурная адзінка сучаснай жыллёвай забудовы буйных населеных пунктаў. У вял. гарадах разлічаны на 12—20 тыс., у сярэдніх на 6—12 тыс. жыхароў. Складаецца з комплексу жылых дамоў, паблізу якіх размяшчаюцца ўстановы культ.-быт. абслугоўвання (дзіцячыя сады, школы, крамы), спарт. пляцоўкі і зялёныя зоны. Планіроўка і забудова М. робіцца на аснове адзінай або расчлянёнай на групы жылых дамоў арх.-прасторавай арганізацыі тэр. з улікам прыродных і кліматычных умоў.

На Беларусі першыя М. пабудаваны ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. Размяшчалі іх на свабодных тэрыторыях паблізу існуючай забудовы, на ўскраінах гарадоў, а таксама на месцы забудовы, якая патрабавала рэканструкцыі. З 1970-х г. у вял. гарадах перайшлі да забудовы тэрыторый буйнымі структурнымі адзінкамі — жылымі раёнамі, у склад якіх уваходзяць М. Гэта дазволіла арганічна звязваць арх. вырашэнні з ландшафтам і трансп. камунікацыямі (Усход 1 у Мінску, Валатава ў Гомелі і інш.). Шматсекцыйныя, складанай канфігурацыі жылыя дамы ў спалучэнні з вышыннымі і малапавярховымі будынкамі культ.-быт. абслугоўвання ствараюць выразныя прасторавыя кампазіцыі. Сучасныя М. характарызуюцца большай разнастайнасцю пабудоў і іх каларыстычных вырашэнняў, добраўпарадкаванасцю тэрыторый, выкарыстаннем малых арх. форм (М. Зялёны Луг 5, Малінаўка ў Мінску, Поўдзень у Віцебску, Бабры ў Мазыры, № 12 у Салігорску і інш.).

Л.​С.​Патапаў, С.​А.​Сергачоў.

Мікрараён Бабры ў Мазыры.
Мікрараён Зялёны Луг 5 у Мінску.

т. 10, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́МАНТ І́МПУЛЬСУ,

фізічная велічыня, якая характарызуе меру вярчальнага руху цела (сістэмы цел) адносна пункта або восі. Паняцце «М.і.» дастасавальнае таксама да эл.-магн., гравітацыйнага і інш. фізічных палёў. Выкарыстоўваецца пры рашэнні многіх задач механікі, фізікі і тэхнікі.

М.і. матэрыяльнага пункта з імпульсамі r адносна цэнтра (полюса) O роўны вектарнаму здабытку: L = r × p , дзе r — радыус-вектар пункта, праведзены з цэнтра O. Для сістэмы n такіх пунктаў L = i=1 n ri × pi і адносна восі вярчэння выражаецца таксама праз вуглавую скорасць ω і момант інерцыі I дадзенай сістэмы (напр., цвёрдага цела) адносна гэтай восі: L = I ω . Змены М.і. сістэмы цел адбываюцца пад уздзеяннем толькі знешніх сіл і залежаць ад іх моманту M (гл. Момант сілы). З 2-га закону Ньютана (гл. Ньютана законы механікі) вынікае dL / dt = M . Калі M = 0 будзе пастаянным і мае месца закон захавання М.і. (гл. Захавання законы). Роўнасць M = 0 мае таксама месца пры руху пункта (цела) ў полі цэнтральных сіл, пры гэтым яго рух падпарадкоўваецца закону плошчаў (гл. Кеплера законы), што выкарыстоўваецца ў нябеснай механіцы, тэорыі руху ШСЗ, касм. лятальных апаратаў і інш. Большасці элементарных часціц уласцівы ўласны, унутраны М.і. (гл. Спін). Адзінка М.і. ў СІкілаграм-метр у квадраце за секунду.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1945 у чэшскіх землях,

узброенае антыфашысцкае нац.-вызв. паўстанне ў маі 1945 пад кіраўніцтвам Чэш. нац. савета (ЧНС, створаны ў крас. 1945 з прадстаўнікоў усіх груп руху Супраціўлення). Планавалася на 7 мая, але ўжо 1 мая ў шэрагу нас. пунктаў пачалося стыхійнае выступленне жыхароў. 5 мая цэнтрам барацьбы стала Прага: гараджане раззброілі і блакіравалі часці герм. арміі, захапілі склады з ваен. тэхнікай і ўзбраеннем, занялі цэнтр. тэлеф. станцыю, пошту, пачалі ўзводзіць барыкады. У гэты дзень было абвешчана, што ў чэш. землях улада перайшла да ЧНС як прадстаўніка ўрада Нац. фронту (створаны ў крас. 1945 у г. Кошыцы). 6 мая ням.-фаш. камандаванне пачало наступленне на Прагу, у шэрагу раёнаў горада завязаліся баі. 6—7 мая на бок паўстанцаў перайшлі «ўласаўцы» (гл. ў арт. Руская вызваленчая народная армія). Ваен.тэхн. перавага дазволіла акупантам пацясніць паўстанцаў, якія папрасілі дапамогі ў сав. войск. Каб зменшыць колькасць ахвяр і выратаваць Прагу ад разбурэння, сав. камандаванне раней прызначанага тэрміну пачало Пражскую аперацыю 1945. 9—10 мая Прага была вызвалена. У П.п. актыўны ўдзел прымалі эмігранты з Беларусі, у т. л. М.​І.​Забэйда-Суміцкі.

Літ.:

Движение Сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы, 1939—1945. М., 1995;

Поп И.И. Чехословакия—Советский Союз, 1941—1947 гг. М., 1990.

І.​В.​Перапечка.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧА-ДАРО́ЖНАЕ І КАМУНА́ЛЬНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,

галіна машынабудавання і металаапрацоўкі. Уключае прадпрыемствы па выпуску буд.-дарожнай, пагрузачнай, меліярац. тэхнікі, абсталявання для прам-сці буд. матэрыялаў і камунальнай гаспадаркі. Выпускае буд.-дарожныя машыны для падрыхтоўчых работ (дрэвавальныя, кустарэзныя і інш.), земляных (экскаватары, скрэперы, бульдозеры, грэйдэры), для ўшчыльнення палатна дарог (каткі), а таксама жвіраўкладчыкі, гудранатары, бітумавозы, асфальта- і бетонаўкладчыкі і інш., камунальныя машыны для догляду дарог і іх рамонту, сан. ачысткі і прыбірання тэрыторыі населеных пунктаў (падмятальна-ўборачныя, палівальна-мыйныя, снегаачышчальнікі і снегапагрузчыкі і інш.), для прыбірання памяшканняў грамадскага прызначэння (пыласосы, мыйныя і інш.), машыны і абсталяванне для пральняў і хімчыстак (машыны і прылады меншых габарытаў для прыбірання жылля, мыцця і чысткі адзення адносяцца да бытавых машын і прылад), пагрузачна-разгрузачнае абсталяванне для складоў, тэлескапічныя лесвіцы, аварыйна-рамонтныя машыны для водаправодных, каналізацыйных, газавых, цеплавых і эл. сетак, меліярацыйныя машыны, тэхнал. абсталяванне для вырабу буд. матэрыялаў і аддзелачна-буд. работ і інш.

Першыя машыны для гар. гаспадаркі створаны ў 2-й пал. 19 ст. Значнае развіццё будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне атрымала ў пач. 20 ст. ў сувязі з пашырэннем аўтамаб. транспарту і буд-вам метро. Рост дарожнай сеткі выклікаў развіццё дарожнага машынабудавання: з’явілася магчымасць шырока выкарыстоўваць аўтамабілі, трактары, лакаматывы і інш. рухомы чыг. састаў, а таксама электраэнергію і хім. прадукцыю. Першыя ў Расіі машыны для ўборкі і сан. ачысткі населеных пунктаў (Масква, Ленінград) і першыя пральныя і прасавальныя машыны (Перм і інш.) выпушчаны ў 1930-я г. Як самаст. спецыялізаваная галіна прам-сці аформілася ў б. СССР у 1965. На Беларусі да Вял. Айч. вайны выпускаліся тарфяныя машыны (Гомель), каменедрабілкі і тачкі (Мінск).

У сучасным будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне ствараюцца даўгавечныя маламетала- і малаэнергаёмістыя машыны, з аўтам. і праграмным кіраваннем, выкарыстаннем новых матэрыялаў. Найб. развіта будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне ў краінах з высокім узроўнем эканомікі: ЗША (вядучыя кампаніі ФМК, «Дрэсер індастрыз», «Амерыкэн Стандарт»), Японіі («Камацу»), Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Расіі і інш.

На Беларусі будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне пачало хутка развівацца ў 1950-я г. Прадпрыемствы галіны выпускаюць ліфты пасажырскія, бульдозеры, экскаватары, скрэперы, пагрузчыкі, снегаачышчальнікі, абсталяванне для механізацыі пад’ёмна-трансп. і пагрузачна-разгрузачных работ, для ачысткі камунальных водаправодаў і каналізацыі, машыны для буд-ва і ўтрымання меліярац. сістэм, для гар. і камунальнай гаспадаркі, для прам-сці буд. матэрыялаў. У 1993 гэтую прадукцыю выпускала больш за 30 прадпрыемстваў і вытв. аб’яднанняў. Найб. з іх: канцэрн «Амкадор», магілёўскае ВА «Стромаўталінія», ВА «Будмаш» (Мінск), Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Беларускі экскаватарны завод, Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын ВА «Белкамунмаш» і інш. У 1993 выпушчана 264 скрэперы, 106 экскаватараў, 74 бульдозеры, у 1994 — 2,6 тыс. ліфтаў, 76,9 тыс. пральных машын і інш.

У.​М.​Зайцаў.

Да арт. Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне: франтальныя аднакаўшовыя пнеўмакалёсныя пагрузчыкі акцыянернага таварыства «Амкадор».

т. 3, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ РАЁН,

на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,4 тыс. км². Нас. 37,6 тыс. чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Вілейка, 409 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Альковіцкі, Асіпавіцкі, Вязынскі, Даўгінаўскі, Жарскі, Іжскі, Ільянскі, Касцяневіцкі, Куранецкі, Любанскі, Нарачанскі, Рабунскі, Хаценчыцкі.

Раён размешчаны ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, на крайнім ПдУ — частка Мінскага ўзвышша. Паверхня плоская або слабахвалістая, пераважаюць выш. 150—180 м, найвыш. пункт 257,4 м (каля в. Хаценчыцы). Карысныя выкапні: гліны, торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 611 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Рака Вілія з прытокамі Нарач, Спорня, Сэрвач, Ілія. Вілейскае вадасховішча, з якога пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма. На ПнЗвоз. Вішнеўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 42% тэр. раёна; лясы пераважна хваёвыя і яловыя.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 100,4 тыс. га, з іх асушана 33 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 18 калгасаў і 6 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Зверагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, агародніну, з тэхнічных — лён і цукр. буракі. Прадпрыемствы дрэваапр. (леса- і піламатэрыялы, тара і інш.), камбікормавай, шкляной (бутэлькі) і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Полацк—Мінск і аўтадарогі Маладзечна—Вілейка—Мядзел—Нарач, Смаргонь—Вілейка, Маладзечна—Вілейка—Докшыцы. У раёне 18 сярэдніх, 13 базавых і 11 пач. школ, с.-г. тэхнікум (в. Ілья), 25 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 59 б-к, 9 бальніц, 37 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: званіца канца 18 — пач. 19 ст. і касцёл пач. 20 ст. ў в. Альковічы; парк, закладзены ў 1793, у в. Асцюковічы; сядзіба 2-й пал. 19 ст. і царква пач. 20 ст. ў в. Вязынь; Станіславаўскі касцёл сярэдзіны 19 ст. і Троіцкая царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Даўгінава; вадзяны млын пач. 20 ст. ў в. Іжа; гасцініца канца 19 — пач. 20 ст., Ільінская царква пач. 20 ст. і касцёл канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Ілья; царква 19 ст. ў в. Кастыкі; капліца канца 18 ст. і Петрапаўлаўская царква (1868) у в. Касута; касцёл Маці Божай сярэдзіны 18 ст. ў в. Касцяневічы; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Куранец; Мікалаеўская царква 2-й пал. 18 ст. ў в. Латыгаль; царква канца 19 ст. ў в. Мільча; царква 2-й пал. 19 ст. ў в.Нарач; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Рабунь; капліцы сярэдзіны 18 ст. і 19 ст. і Успенская царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Ручыца; Успенская царква канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Спягла. Выдаецца газ. «Шлях перамогі».

С.​І.​Сідор.

т. 4, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАЦЭ́ВІЦКІ РАЁН,

на Пн Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 3 тыс. км². Нас. 66,6 тыс. чал. (1997), гарадскога 40,8%. Сярэдняя шчыльнасць 22 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Івацэвічы; г. Косава і г.п. Целяханы, 111 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 18 сельсаветаў: Аброўскі, Амяльнянскі, Быценскі, Волькаўскі, Выганашчанскі, Дабромысленскі, Даманаўскі, Жытлінскі, Квасевіцкі, Козіцкі. Косаўскі, Любішчыцкі, Мілейкаўскі, Падстарынскі, Рэчкаўскі, Святавольскі, Стайкаўскі, Яглевіцкі.

Паўночная ч. раёна размешчана на схілах Слонімскага ўзвышша і Баранавіцкай раўніне, паўднёвая — у Прыпяцкім Палессі. Паверхня плоскаўзгорыстая на Пн і нізінная на Пд, 95% тэр. на выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 203 м (каля в. Мілейкі). Карысныя выкапні: торф, гліна, мел, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -5,5 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. На ПнУ працякае р. Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда (з прытокам Бусяж), на ПдЗр. Жыгулянка, на ПдУ — вярхоўі р. Вісліца. Азёры: Выганашчанскае, Бабровіцкае. Вулькаўскае і Сомінскае; вадасховішчы: Даманаўскае, Аброва, Чамялынскае, Гошча. Буйнейшыя асушальныя каналы: Агінскі, Аброўскі, Восьмы, Дняпроўска-Нёманскі, Рудня. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (43,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22%) і дзярнова падзолістыя (17,6%). Пад лесам 46% тэрыторыі. Найб. лясістасць на Пд. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 7,8% тэр., найб. Сухое, Заялоўе. Заказнікі рэсп. значэння: гідралагічны Выганашчанскае, біялагічны Спораўскі; заказнікі мясц. значэння: эксперым лесапаляўнічая гаспадарка Целяханская нац. парку Белавежская пушча, Грыўда-Уроч, Вял. Ямінец. Помнікі прыроды: парк Грудопаль (в. Дабромысль), Чыстая Дуброва (в. Кушняры), насаджэнне карэльскай бярозы ва ўрочышчы Церабеж.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 124,2 тыс. га, з іх асушаных 50,6 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 24 калгасы, саўгас, доследная база «Майск». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, лён. Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, ільноапрацоўчай, харч., тарфяной і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і шаша Мінск—Брэст, аўтадарогі на Пінск, Ружаны, Слонім, Бярозу; магістральныя газаправоды, у т. л. Таржок—Івацэвічы. У раёне 30 сярэдніх, 12 базавых, 8 пач., 6 муз. школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 38 дашкольных устаноў, 51 клуб, 52 б-кі, 5 бальніц, 6 амбулаторый, 39 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: цэрквы Міхайлаўская (1860) у в. Аброва; Юр’еўская (1790) у в. Альба; Успенская (1779) у в. Бусяж; Успенская (2-я пал. 17 ст.) і касцёл (канец 19 ст.) у в. Быцень; Ільінская (2-я пал. 18 ст.) са званіцай (1885) у в. Бялавічы; царква (19 ст.) у в. Вулька-Аброўская; Прачысценская (1925) у в. Глінная; Крыжаўзвіжанская (1838) у в. Гошчава; Мікалаеўская (1874) у в. Дабромысль; Юр’еўская (пач. 20 ст.) у в. Едчыкі; Ганны (1845) у в. Любішчыцы; царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Міронім; паштовая станцыя (1840) у в. Няхачава. Вылаецца газ. «Івацэвіцкі веснік».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНІНЕ́ЦКІ РАЁН.

На У Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 14.8.1979). Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 82,9 тыс. чал. (1998), гарадскога 47,8%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Лунінец. Уваходзяць рабочы пас. Мікашэвічы, 80 сельскіх нас. пунктаў; 11 сельсаветаў: Багданаўскі, Бастынскі, Вулькаўскі, Гарадоцкі, Дварэцкі, Дзятлавіцкі, Лахвенскі, Лунінскі, Радзігераўскі, Сінкевіцкі, Чучавіцкі; Мікашэвіцкі пасялковы Савет. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 88% нас. пражываюць на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі.

Тэр. раёна размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, нахілена ў бок даліны р. Прыпяць. 70% тэрыторыі — ніжэй за 140 м, найвыш. пункт 150 м (за 6 км на Пд ад в. Малыя Чучавічы). Карысныя выкапні: граніт (буд. камень), пясок, гліна, суглінак, каалін, торф, сапрапель. Сярэдняя т-ра студз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі — Прыпяць з прытокамі Случ (з Валхвой), Лань, Смердзь, Цна, Бобрык. Азёры: Белае, Чорнае, Вулька. Вадасховішчы Велута і Собельскае. Найб. меліярац. каналы: Валчанскі, Вулькаўскі, Глухая Лань, Лунінецкі, Мікашэвіцкі канал, Сітніцкі. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (35,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (24,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,3%). Пад лесам 40% тэрыторыі, з іх 19% — штучныя насаджэнні. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя; трапляюцца яловыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. На ПнУ і З — суцэльны лясны масіў. Пад балотам 14,6% тэрыторыі, з іх асушана 78,1 тыс. га. Найб. балотны масіў Грычын. Заказнікі рэсп. значэння: біял. — Борскі (частка), Вусце Лані, Лунінскі, Нізоўе Случы; ландшафтны — Белае; мясцовыя гідралагічныя заказнікі Дзятлавічы, Ліпскае, Флярова-Грамада, частка Ястрабель. Помнік прыроды рэсп. значэння — 2 дубы (400 гадоў) у в. Кажан-Гарадок.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 91,5 тыс. га, з іх асушаных 63,3 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 13 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірунак сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (буд. камень, зборны жалезабетон, Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод — абліцовачныя пліты), харч., хім. (з-д «Палімер» у в. Сінкевічы), дрэваапрацоўчай, лесанарыхтоўчай (АТ «Лунінецлес») і лясной прам-сці; Палеская доследна-меліярац. станцыя ў пас. Палескі. Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Брэст—Гомель і Рыга—Львоў, аўтадарогі Гомель—Брэст, Лунінец—Пінск, Лунінец—Ганцавічы, Мікашэвічы—Салігорск. У раёне 29 сярэдніх, 13 базавых, 2 пач., 6 муз., спарт. школы, школа-сад, 3 навуч.-вытв. камбінаты, 2 СПТВ, 37 дашкольных устаноў, 40 дамоў культуры і клубаў, 46 б-к, 2 бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер, паліклініка, 11 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў, Лахвенскі касцёватуберкулёзны санаторый. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (1851) у в. Вял. Чучавічы, Праабражэнская (1823) у в. Дзятлавічы, Мікалаеўская (1818) у в. Кажан-Гарадок, Прачысценская (1880-я г.) у в. Лахва, Барысаглебская (1824) у в. Лунін, Георгіеўская (канец 17 — пач. 18 ст.) у в. Сінкевічы, Праабражэнская (1910) у в. Язвінкі, лазня (1905) у пас. Палескі. Выдаецца газ. «Лунінецкія навіны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТРЫКАЎСКІ РАЁН.

Размешчаны на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 43,1 тыс. чал. (2000), гарадскога 36,4%. Сярэдняя шчыльн. 15 чал. на 1 км. Цэнтр — г. Петрыкаў. Уключае г.п. Капаткевічы, 125 сельскіх населеных пунктаў, Капаткевіцкі пасялковы Савет, 16 сельсаветаў: Бабуніцкі, Галубіцкі. Грабаўскі, Камаровіцкі, Капцэвіцкі, Колкаўскі, Конкавіцкі, Лучыцкі, Ляскавіцкі, Муляраўскі, Мышанскі, Навасёлкаўскі, Петрыкаўскі, Пціцкі, Снядзінскі і Чалюшчавіцкі.

Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся, паверхня плоская, забалочаная, 95% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 185 м (каля в. Чалюшчавічы). Уздоўж рэк пясчаныя дзюны і грады. Карысныя выкапні: калійная соль, нафта, буры вугаль, торф, пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -6 °C, ліп. 18,5 °C Ападкаў 554 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Пціч, Бобрык, Трэмля, Убарць. Воз. Дзікае. Меліярац. каналы: Міхедава-Грабаўскі, Лукіч, Курыціцкі, Галоўчыцкі. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,1%), тарфяна-балотныя (26,9%), поймавыя (алювіяльныя, 19,1%), дзярнова-падзолістыя (13,2%). Пад лесам 56,3% тэр. раёна, у т. л. штучныя хваёвыя насаджэнні (18%). Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя. Пад балотамі 4% тэрыторыі. На тэр. раёна ч. нац. парку Прыпяцкі; біял. заказнікі мясц. значэння: Камаровіцкі, Бобрыкаўскі, Возера Белеў; ахоўныя тарфянікі: Глухі Мох, Снапішча-1, Маркаў Мох, Ліпнікі (частка), Варанецкі Мох, Слабадское, Бажылаў Гул, Касішча, Тапіла. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — геал. агаленне Дарашэвічы, мясц. значэння — паркі: Дарашэвічы, І.​Шклярэўскага, дубровы ў Капаткевіцкім, Петрыкаўскім, Кашэвіцкім лясніцтвах.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 89,6 тыс. га, з іх асушаных 45,2 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 10 калгасаў, 12 саўгасаў, 9 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод), буд. матэрыялаў (керамзіт, сценавыя блокі, цэгла, сталярныя вырабы і інш.), дрэваапр. (мэбля, сувеніры), камбікормавай, харч. (цэльнамалочныя прадукты, сухое і абястлушчанае малако, масла, казеін, кансервы), кааператыўнай (каўбасныя, хлебабулачныя, кандытарскія, макаронныя вырабы, кісель) прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Гомель—Брэст, аўтадарога Гомель—Кобрын. У раёне 23 сярэднія, 9 базавых, 9 пач., у т. л. школа-садок, 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Капаткевіцкая дапаможная школа для дзяцей з недахопамі разумовага і фіз. развіцця, Петрыкаўская школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, СПТВ, 2 навучальна-вытв. камбінаты, 2 цэнтры пазашкольнай працы, 2 дамы рамёстваў, клуб «Юны марак», 27 дашкольных устаноў, 50 клубаў, 49 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 8 амбулаторый, 37 фельч.-ак. пунктаў, Пціцкі дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр. Музей В.​І.​Талаша ў в. Навасёлкі. Помнікі архітэктуры: Успенская царква (1642) у в. Кашэвічы, паркі (19 — пач. 20 ст.) у вёсках Брынёў, Дарашэвічы, Лучыцы, свіран (19 — пач. 20 ст.) у в. Людзвіноў. Мемарыяльны комплекс «Загінуўшым і жывым» (1975) у в. Навасёлкі ў гонар партызан і на ўшанаванне памяці 520 землякоў, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Выдаецца газ. «Петрыкаўскія навіны».

Г.​П.​Вяракса, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 12, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫ́НЦЫПЫ МЕХА́НІКІ,

матэматычныя суадносіны, якія вылучаюць сапраўдны рух ці стан мех. сістэмы з усіх кінематычна магчымых (не забароненых накладзенымі на сістэму сувязі). Выражаюцца роўнасцямі, куды ўваходзяць варыяцыі каардынат, скарасцей і паскарэнняў пунктаў сістэмы (гл. Варыяцыйнае злічэнне). Даюць магчымасць атрымаць ураўненні і заканамернасці руху (або стану раўнавагі) сістэмы з аднаго агульнага палажэння і вызначыць пэўныя фіз. ўласцівасці, што характарызуюць сапраўдны рух (або ўмовы раўнавагі) сістэмы. Выкарыстоўваюцца ў механіцы суцэльных асяроддзяў, тэрмадынаміцы, эл.-дынаміцы, квантавай механіцы, тэорыі адноснасці і інш.

Варыяцыйныя прынцыпы механікі падзяляюцца на дыферэнцыяльныя і інтэгральныя. Дыферэнцыяльныя характарызуюць уласцівасці сапраўднага руху сістэмы ў кожны момант часу. Прыдатныя да сістэм з любымі галаномнымі і негаланомнымі сувязямі (гл. Сувязі механічныя). Найб. агульны прынцып статыкі несвабодных мех. сістэм — прынцып віртуальных (магчымых) перамяшчэнняў: для раўнавагі мех. сістэмы з ідэальнымі сувязямі сума элементарных работ усіх актыўных сіл пры розных магчымых перамяшчэннях роўная нулю ( k = 1 n F δ rk = 0 ) . Інтэгральныя варыяцыйныя прынцыпы механікі характарызуюць уласцівасці руху сістэмы за канечны прамежак часу і сцвярджаюць, што на сапраўдных траекторыях руху (у параўнанні з магчымымі) пэўныя фіз. велічыні (напр., энергія) дасягаюць экстрэмальных значэнняў (гл. Найменшага дзеяння прынцып). Матэматычна запісваюцца як роўнасць нулю варыяцыі функцыянала ад некаторай функцыі, якая характарызуе энергію сістэмы. Складаюць метадалагічную аснову для пабудовы матэм. мадэлей сістэм у эл.-дынаміцы, робататэхніцы, механіцы машын.

Літ.:

Маркеев А.П. Теоретическая механика. М., 1990;

Полак Л.С. Вариационные принципы механики. М., 1960.

А.​У.​Чыгараў.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел геаметрыі, у якім уласцівасці геаметрычных аб’ектаў (пунктаў, ліній, паверхняў) даследуюцца сродкамі алгебры на падставе метаду каардынат (праз вывучэнне ўласцівасцяў ураўненняў, графікамі якіх гэтыя аб’екты з’яўляюцца).

Узнікненне метаду каардынат звязана з развіццём у 17 ст. астраноміі, механікі, тэхнікі. Асновы аналітычнай геаметрыі заклалі Р.​Дэкарт (1637) і П.​Ферма (1629); далейшае развіццё звязана з працамі Г.​Лейбніца, І.​Ньютана, Л.​Эйлера, Ж.​Лагранжа, Г.​Монжа, С.​Лакруа і інш. Асн. задача аналітычнай геаметрыі на плоскасці — даследаванне ліній 1-га (прамыя) і 2-га (эліпс, гіпербала, парабала) парадку, якія ў дэкартавых каардынатах вызначаюцца алг. ўраўненнямі адпаведна 1-й і 2-й ступені. Аналітычная геаметрыя ў прасторы даследуе паверхні 1-га (плоскасці) і 2-га (эліпсоід, гіпербалоід, парабалоід, конус, цыліндр) парадку, якія вызначаюцца алг. ўраўненнямі адносна дэкартавых каардынат адпаведна 1-й і 2-й ступені.

Метад даследавання і класіфікацый ліній і паверхняў прадугледжвае адшуканне такой прамавугольнай сістэмы каардынат, у якой адпаведнае ўраўненне набывае найб. просты выгляд. Метадамі аналітычнай геаметрыі карыстаюцца ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, тэхніцы і інш. На Беларусі значны ўклад у развіццё аналітычнай геаметрыі зрабілі У.​К.​Дыдырка («Цыркулярныя крывыя 3-га парадку» — 1-я на Беларусі матэм. манаграфія, 1928) і І.​К.​Богаяўленскі («Аналітычная геаметрыя» — 1-ы беларускамоўны падручнік па вышэйшай матэматыцы, 1932).

Літ.:

Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Линейная алгебра и аналитическая геометрия. 2 изд. Мн., 1976.

А.​А.​Гусак.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)