помнік архітэктуры пач. 17—18 ст. Пабудаваны ў 1603—06 у в. Камаі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. У стылявой трактоўцы касцёла спалучаны прыёмы і формы абарончага дойлідства, готыкі і рэнесансу.
Напачатку меў падоўжна-восевую кампазіцыю, быў 3-нефавы, 4 слуповы, перакрыты крыжовымі і зорчатымі скляпеннямі (захаваліся ў апсідзе). Пасля пажару ў сярэдзіне 17 ст. слупы разабраны, асн. памяшканне перакрыта драўляным люстраным скляпеннем. У 1778 да паўд. сцяны прыбудавана вял. прамавугольная ў плане капліца з крыптай, перакрытай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі.
Мураваны 2-вежавы квадратны ў плане храм з вял. паўцыркульнай апсідай, сакрысціяй і хорамі над бабінцам. Гал. фасад асн. аб’ёму завершаны трохвугольным шчытом, раскрапаваны ў верхняй частцы 4 плоскімі арачнымі нішамі з байніцамі, фланкіраваны 2 магутнымі цыліндрычнымі вежамі (выш. 16 м, дыям. 6 м) з байніцамі. Усе скляпенні касцёла размаляваны арнаментамі ў тэхніцы грызайль. Захаваліся арган 18 ст., аздоблены разнымі па дрэве гірляндамі кветак, скульпт. выявамі анёлаў і муз. інструментаў, 4 разныя драўляныя алтары. Дэкаратыўна аформлены цэнтр. 2-ярусны алтар 2-й пал. 18 ст., у аснове якога 4 калоны карынфскага ордэра. Захаваўся алтарны абраз «Маці Божая з дзіцем» (17 ст.) у сярэбраным чаканным абкладзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТЭРАТУ́РА ЛЮДО́ВА»
(«Literatura Ludowa», «Народная літаратура»),
навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс; орган Польскага этнагр.т-ва. Выходзіць на польск. мове 1 раз у 2 месяцы (у 1957—68 у Варшаве, з 1972 у Вроцлаве). Змяшчае навук. даследаванні па пытаннях фалькларыстыкі, этналогіі, культуры. Публікуе справаздачы навук. сходаў т-ва, міжнар. кангрэсаў славістаў, даследчыкаў антрапалагічных і этнагр. навук, вуснай нар. творчасці розных народаў, міжнар. фестываляў фальклору, працы замежных вучоных і інш. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы М.Гайдука «Беларускія загадкі» (1960, № 2/3), Р.Вайцяхоўскага «Песні беларускага народа ў зборы Федароўскага і польская народная песня», М.Канапацкага «Элементы фальклору татар на польска-беларуска-літоўскім сумежжы» (абедзве 1963, №1), А.Абрэмбскай-Яблонскай «Рэдакцыйная праца над рукапісамі Міхала Федароўскага» (1964, № 4/6), І.Гутарава «Беларуская фалькларыстыка (1945—1965)» (1966, № 1), Я.Саламевіча «Беларуская фалькларыстыка XIX і XX ст.» (1967, № 1/3), М.Шаховіча «Народная загадка ва ўмовах польска-беларускага культурнага сумежжа» (1991, № 1/6), З.Вуйціка «Філамацкі пераклад Карана для навагрудскіх татар» (1995, № 3) і інш. Друкуе рэцэнзіі на працы бел. і польска-бел даследчыкаў А.Аксамітава, В.Бандарчыка, М.Чурак, Я.Чачота, М.Янкоўскага і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ. мове. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшаў 42 том (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР Будынак т-ра пастаўлены ў 1886—88 паводле праекта арх. П.Камбурава і інж. У.Мільяноўскага. Сваёй трупы не меў. У 19 — пач. 20 ст. ў ім выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст.т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага. Гастраліравалі буйныя майстры сцэны В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа. М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш. У 1910—16 выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. З 1954 у будынку т-ра дзейнічае Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Будынак т-ра мае складаную кампазіцыю аб’ёмаў. Цэнтр. месца займае прамавугольная ў плане глядзельная зала з закругленай задняй сцяной. На гал. фасадзе выступаюць 2 вежападобныя чацверыковыя аб’ёмы і тамбур з тэрасай над ім пры ўваходзе, да якога вядзе 2-баковая крывалінейная ў плане лесвіца. Вакол глядзельнай залы згрупаваны вестыбюль, фае, кулуары, калідоры, службовыя памяшканні. У арх. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытай чырвонай муроўкі і белых атынкаваных дэталей псеўдарускага стылю (зубчыкі, сухарыкі, абрамленні аконных праёмаў разнастайных форм). Інтэр’ер аздоблены разьбой па дрэве.
расійскі рэжысёр, акцёр. Нар.арт. Расіі (1984). Сын С.У.Міхалкова, брат А.С.Міхалкова-Канчалоўскага. Вучыўся ў тэатр. вучылішчы імя Б.Шчукіна (1963—66). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1971). У кіно з 1961 (фільм «Хмары над Борскам»). Паставіў фільмы: «Спакойны дзень у канцы вайны» (1971), «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх» (1974), «Раба кахання» (1976), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (паводле А.Чэхава, 1977; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне; паставіў таксама ў Рымскім т-ры «Арджанціна» з удзелам М.Мастраяні, 1987), «Пяць вечароў» (паводле аднайм. п’есы А.Валодзіна, 1979), «Некалькі дзён з жыцця І.І.Абломава» (паводле рамана «Абломаў» І.Ганчарова, 1980), «Радня» (1982), «Вочы чорныя» (1987, Італія—СССР), «Урга — тэрыторыя кахання» (1991, Францыя — СССР, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кёльне), «Стомленыя сонцам» (1994, Францыя—Расія, «Оскар» 1995), «Сібірскі цырульнік» (1999) і інш. Здымаўся ў сваіх фільмах і ў фільмах інш. рэжысёраў; «Я крочу па Маскве», «Жорсткі раманс», «Прыніжаныя і зняважаныя», «Сібірыяда», «Рэвізор» і інш. Творчасць М. адметная высокім прафесіяналізмам, разнастайнасцю жанрава-стылявых вырашэнняў, майстэрскім выкарыстаннем выразных сродкаў, вастрынёй пастаноўкі маральных праблем. Аўтар кінасцэнарыяў. Старшыня Саюза кінематаграфістаў Расіі (з 1998). Дзярж. прэмія Казахстана 1978. Дзярж. прэміі Расіі 1993, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў 14—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 14—16 ст. на тэр. дзядзінца (гл. ў арт.Навагрудскія замкі). У час даследавання ў 1924 выяўлены падмурак, рэшткі сцен і падкупальных слупоў. Першапачатковы храм быў бясстоўпны, у плане амаль квадратны; з усх. боку меў невял. закругленую апсіду, з зах. — прытвор. Падмуркі выш. 2 м узведзены з валуноў на вапнава-пясчаным растворы. Сцены таўшчынёй да 1,2 м з цэглы. Рэшткі сцен усх. часткі храма пабудаваны ў вендскай, зах. сцяна і прытвор — у гатычнай тэхніках муроўкі. Па перыметры храма закладзены драўляныя брусы. У сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. храм рэканструяваны: узведзены 4 цагляныя крыжападобныя ў плане стаўпы, на якія, верагодна, апіраўся барабан з купалам; зроблены паўн.-ўсх. прытвор і набрана новая цагляная падлога, пад якой выяўлены 2 скляпы. У такім выглядзе помнік уяўляў сабой сінтэз усх.слав. дойлідства з раманскім і гатычным стылямі. У 2-й пал. 17 ст. царква перабудавана пад касцёл у стылі барока. Аб’ём падоўжаны на З, павялічана апсіда (новая даўж. будынка 34 м), надпаўд. сцяной пабудавана вежа складанай канфігурацыі; фасады дэкарыраваны фігурнымі атынкаванымі карнізамі, цягамі, нішамі і інш. Да 1775 у будынку касцёла адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. Храм існаваў да 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ВІЧ (Макар Трафімавіч) (21.8.1906, в. Караваева Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1984),
бел. пісьменнік. З 1925 працаваў у газ. «Беларуская вёска», з 1935 у час. «Полымя рэвалюцыі», з 1945 у газ. «Звязда». Друкаваўся з 1925. Зб-кіапавяд. «Зруйнаваныя межы», «Людзі вясны» (абодва 1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), аповесці «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933) пра сац. змены на вёсцы. Раман «Паўстанне» (1940) пра партыз. барацьбу ў часы герм. і польскай акупацыі Беларусі. Раман «Святло над Ліпскам» (кн. 1—2, 1949—52) пра аднаўленне пасляваен. вёскі. Аўтар аповесцей «Магістральны канал», «Цёплае дыханне» (абедзве 1947), «З табою побач» (1956—59, пра К.П.Арлоўскага), «Па воўчых сцежках» (1957), зб-каў гумарыст. апавяд. «Двайное дно» (1964), літ. пародый і памфлетаў «Наравісты Пегас» (1968), нарысаў «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963), кніжак апавяд. для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964), п’ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938), «Шалёная рысь» (1939). На бел. мову пераклаў апавяданні А.Пушкіна, А.Чэхава, аповесці М.Гогаля «Тарас Бульба» (з А.Бачылам), П.Бажова «Зялёны конік», раманы Ж.Верна «Таямнічы востраў», М.Астроўскага «Народжаныя бурай», «Як гартавалася сталь» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НА,
рака ў Іванаўскім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 2460 км². Пачынаецца каля в. Пераруб Іванаўскага р-на (паводле інш. звестак — каля в. Дубай Пінскага р-на з даўж. рэчышча 27 км), вусце ў межах г. Пінск. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: канавы Выценская, Таўкачыха, Кобельская, без назвы каля в. Хамічава (справа), рэкі Струга, Няслуха, Піліпаўка (злева). На тэр. вадазбору пад азёрамі 1% (найб. Пясчанае, Скорань, Завішчанскае), пад балотамі і забалочанымі землямі 31%, пад лесам 28%, разарана 25%. Даліна слабавыразная. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 30—40 м. У выніку каналізацыі лукавіны выпрастаны, рэчышча паглыблена на перакатах. Берагі нізкія, стромкія, выш. 1—1,5 м, складзеныя з пясчаных і тарфяністых грунтоў, месцамі насыпаныя. Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое.
Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,6 м³/с. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да 2-й пал. сакавіка. Веснавы ледаход 4 сут. Сярэдняя вышыня найб. ўзроўню веснавога разводдзя над межанным 1,8 м, воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з р. Прыпяць праз сістэму Выжаўскага і Белаазерскага каналаў. П. з’яўляецца ч.Дняпроўска-Бугскага канала. Суднаходная. У сутоках П. і Прыпяці г. Пінск (порт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЙСКІ ЗА́МАК Існаваў у 13—18 ст. як цэнтр абароны сярэдневяковага г. Прапойск (з 1945 г.Слаўгарад). Займаў выцягнутае з Пн на Пд гарадзішча (95 × 40 м) стараж. Прупоя, ці Пропошеска, якое размяшчалася на стромкім беразе Сажа, недалёка ад упадзення ў яго р. Проня. Паводле гіст. крыніц за 1564, у П.з. былі драўляныя вежы і сцены, вежа-брама і пад’ёмныя масты-«ўзводы». Звесткі пра колькасць вежаў у П.з. адсутнічаюць. Па грэбені вала, які ішоў у паўд. напрамку, над абарончым ровам размяшчаліся замкавыя гародні. З Пд і У замак прыкрываўся стромкім 20-метровым абрывам у бок Сажа. У ваен. час у П.з. быў невял. пастаянны гарнізон з 10—20 казакоў на чале з ротмістрам. Пасля разбурэнняў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П.з. быў адноўлены і не страціў свайго ваен. значэння. Інвентар за 1681 зафіксаваў замак як невял. ўмацаванне, абгароджанае «палямі». Згадваюцца «брама, драницами крытая», «форта у паркане до воды», жылыя і гасп. пабудовы (хаты белыя, піўніца, 2 свірны, сыраварня, пякарня, 3 стайні, лазня, шопа). У канцы 17 — пач. 18 ст. Прапойск страціў сваё стратэг. значэнне, аднак яшчэ ў 1780 упамінаўся «замок, окруженный полисадом». У канцы 18 ст. ў выніку праведзенай кн. А.М.Галіцыным на пляцоўцы замчышча планіроўкі зніклі абарончыя валы і рэшткі стараж. замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СД (ням. SD скарачэнне ад Sicherheitsdienst des Reichsführers SS служба бяспекі рэйхсфюрэра СС),
служба бяспекі і паліт. разведкі (шпіянажу) унутры СС, якая дзейнічала ў межах Нацыянал-сацыялісцкай партыі (НСДАП) у час дыктатуры гэтай партыі ў Германіі. Засн. ў 1931 Г.Гімлерам як служба разведкі (узначальваў Р.Гайдрых), з вер. 1932 наз. СД. Напачатку служыла для збору інфармацыі пра паліт. праціўнікаў і апазіцыянераў унутры НСДАП. З 1933 парт. ведамства з уласнай арг-цыяй на ўсёй тэр. дзяржавы па ажыццяўленні паліт. кантролю над насельніцтвам, з 1934 адзіная разведвальная служба нацысцкай партыі. У 1939 разам з паліцыяй бяспекі падпарадкавана Гал. ўпраўленню імперскай бяспекі (РСХА). Дзейнічала праз штатных і няштатных агентаў, мела архівы (картатэкі), афіц. канторы; выканаўчую ўладу ажыццяўляла гестапа. З СД рэкрутаваліся кіруючыя кадры для паліцыі бяспекі, якія дзейнічалі ў 2-ю сусв. вайну (са студз. 1943 СД узначальваў Э.Кальтэнбрунер) як кіраўнікі т. зв. айнзацгруп у акупіраваных краінах, у т. л. на Беларусі (айнзацгрупы «A» і «B»). Яны арганізоўвалі забойствы паліт. праціўнікаў фашызму, яўрэяў і інш. У падпарадкаванні Мінскага СД знаходзіўся Трасцянецкі лагер смерці. У лют. 1944 да СД перайшлі гал. функцыі органа ваен. разведкі і контрразведкі Абвера. На Нюрнбергскім працэсе пасля 2-й сусв. вайны СД прызнана злачыннай арг-цыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ПАЧА́ТКУ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
нацыянальна-вызваленчыя нар. паўстанні сербаў у 1-й чвэрці 19 ст. супраць тур. прыгнёту. 1-е сербскае паўстанне 1804—13 пачалося ў лют. 1804 у Бялградскім пашалыку (губерні) пасля забойства янычарамі (студз. 1804) каля 70 найб. папулярных у народзе сербаў. Паўстанне ўзначаліў Карагеоргій. Паўстанцы атрымалі некалькі перамог і на пач. 1807 кантралявалі ўсю тэр. Сербіі. Значную дапамогу паўстанцам аказала Расія ў час.рус.-тур. вайны 1806—12. Па патрабаванні галоўнакаманд. Малдаўскай арміяй М.І.Кутузава ў Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 быў уключаны спец.арт. аб дазволе Сербіі мець унутр. самакіраванне. Выкарыстаўшы тое, што Расія вяла вайну з Францыяй, тры тур. арміі ў 1813 разграмілі паўстанцкае войска і аднавілі ўладу султана. 2-е сербскае паўстанне 1815 фактычна стала працягам першага. Яно пачалося ў крас. ў Бялградскім пашалыку. Кіраўніком паўстання быў абраны ваявода Мілаш Абрэнавіч, войскі якога атрымалі шэраг перамог над туркамі. Аднак колькасная перавага тур. войск прымусіла сербаў пайсці на перагаворы з Турцыяй, і пры дыпламат. падтрымцы Расіі было заключана перамір’е. Тур. ўрад прызнаў Мілаша вярх. кнезам (князем) Сербіі, рэгламентаваў памеры падаткаў сербскіх сялян тур. памешчыкам, а права збору падаткаў султану перадаў сербам. Паўстанне стварыла ўмовы для далейшай барацьбы сербаў за ўнутр. аўтаномію, якая завяршылася ў 1830-х г. стварэннем Сербскага княства.