НАРОДАНАСЕ́ЛЬНІЦТВА, насельніцтва,

сукупнасць людзей, якія жывуць на зямным шары (чалавецтва) ці ў межах канкрэтнай тэрыторыі, кантынента, краіны. У адрозненне ад універсальнага тэрміна «насельніцтва» тэрмін «Н.» часцей выкарыстоўваецца пры сац.-эканам. характарыстыцы насельніцтва. Н. характарызуюць паказчыкі: колькасць насельніцтва і яе дынаміка, інтэнсіўнасць асобных дэмаграфічных працэсаў — нараджальнасць, смяротнасць, натуральны прырост, працягласць жыцця, узростава-палавы склад і сямейнае становішча, нацыянальны склад насельніцтва, рассяленне, міграцыя насельніцтва, урбанізацыя, расавы, этн. і рэліг. склад. Паказчыкі, якія адлюстроўваюць сац.-эканам. структуру Н., — эканамічна актыўнае насельніцтва, яго прафесійны і класавы склад, занятасць. Арыенціровачна да канца эпохі палеаліту (каля 15 тыс. г. да н.э.) колькасць насельніцтва дасягала 3 млн. чал., да канца неаліту (2 тыс. г. да н.э.) — 50 млн. чал., на пач. нашай эры — 230 млн. чал., у 1650—550 млн. чал., у 1750—725, у 1850—1175, у 1900—1600, у 1950—2556, у 1980—4458 млн. чал.; па разліках ААН на 12.10.1999 у свеце налічвалася 6 млрд. чалавек.

Для найлепшага спалучэння росту насельніцтва з эканам. развіццём асобных краін і свету ў цэлым вял. значэнне мае нацыянальная дэмаграфічная палітыка (сац., эканам., юрыд. і інш. мерапрыемствы, накіраваныя на змену працэсаў узнаўлення пакаленняў, міграцыі і інш.). З краін Еўропы найбольш актыўную дэмаграфічную палітыку праводзіць Францыя. Шырокая праграма планавання велічыні сям’і ажыццяўляецца ў Японіі. Кітаі і Індыі (скарачэнне нараджальнасці і натуральнага прыросту насельніцтва). Буйнейшыя па колькасці Н. краіны (1998, млн. чал.): Кітай (1236,9), Індыя (984), ЗША (270,3), Інданезія (212,9), Бразілія (169,8), Расія (146,9), Пакістан (135,1), Бангладэш (127,6), Японія (125,9), Нігерыя (110,5). Н. зямнога шара размяшчаецца нераўнамерна — на 7% сушы жыве 70% усіх людзей, 37% сушы не заселена. Н. свету складаецца з прыкладна 2 тыс. народаў, частка з іх склалася ў нацыі, інш. ўяўляюць сабой народнасці або групы плямён. Даследаваннямі Н. займаецца навука дэмаграфія. Паводле перапісу 1999 на Беларусі Н. складае 10203,8 чал.

Літ.:

Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996;

Валентей Д.И. Проблемы народонаселения. М., 1961;

Народонаселение. Соврем. состояние науч. знания. М., 1991.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́СІЯ (Preußen),

дзяржава, потым зямля (адм. адзінка) у Германіі (да 1945). Асн. гіст. ядро П. — Брандэнбург, які аб’яднаўся ў 1618 з анклаўнай тэрыторыяй — герцагствам Прусія (у далейшым — Усходняя П.), што ўзнікла ў 1525 на ч. зямель Тэўтонскага ордэна, захопленых ім у прусаў (адсюль назва). Брандэнбургска-Пруская дзяржава ў 1701 стала каралеўствам П. (сталіца — Берлін). Кіруючую ролю ў эканам. і паліт. жыцці П. адыгрывала юнкерства. Прускія каралі з дынастыі Гогенцолернаў (Фрыдрых II, Фрыдрых Вільгельм II, Фрыдрых Вільгельм III) у 18—1-й пал. 19 ст. значна пашырылі тэр. дзяржавы, у т. л. ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. З часоў каралявання Фрыдрыха Вільгельма 1 [1713—40] аформіўся ваен.-бюракратычны лад прускай дзяржавы. У час напалеонаўскіх войнаў тут праведзены Штайна-Гардэнберга рэформы. Пасля франка-прускай вайны 1870—71 прускае юнкерства на чале з О.Бісмаркам завяршыла аб’яднанне Германіі на пруска-мілітарысцкай аснове; прускі кароль стаў і герм. імператарам. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі ліквідавана манархія, П. стала адной з герм. зямель (найбуйнейшая, у 1939 мела пл. 294 159 км², 41,8 млн. жыхароў). У 2-ю сусв. вайну фаш. ўлады аб’явілі аб уключэнні ў склад Усходняй П. паўн.-зах. раёнаў Брэсцкай і Беластоцкай абласцей Беларусі з гарадамі Гродна, Ваўкавыск і інш. (акруга Беласток); у Берліне дзейнічалі Беларускае прадстаўніцтва і Беларускі нацыянальны цэнтр, выдавалася газ. «Раніца». Пасля разгрому нацысцкай Германіі ў 2-й сусв. вайне П. падзелена на асобныя землі (1945), тэр. Усходняй П. перададзена СССР [каля ​1/3 усёй тэрыторыі з г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград), у 1946 тут створана Калінінградская вобласць] і Польшчы. У 1947 Кантрольны савет у Германіі прыняў закон № 46 аб ліквідацыі прускай дзяржавы як апоры мілітарызму і рэакцыі.

Літ.:

Лависс Э. Очерки по истории Пруссии: Пер. с фр. Калининград, 1990 [рэпр. выд.: М., 1915];

Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;

Кони Ф.А. Фридрих Великий. Ростов н/Д, 1997;

Яго ж. История Фридриха Великого. М., 1997.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦКІ,

нацыянальны парк у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Лельчыцкім р-нах Гомельскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай захавання і ўзнаўлення унікальных прыродных комплексаў Палесся, развіцця вытв.-гасп. базы рэгіёна, арганізацыі турызму і адпачынку насельніцтва. Пл. 82,4 тыс. га, у т. л. запаведная 29,2 тыс. га.

У склад парку ўвайшлі тэр. Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка і ўчастак р. Прыпяць з пойменнымі і прыпоймавымі землямі левабярэжжа. Займае ч. Палескай нізіны. Рэльеф раўнінны са шматлікімі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95% тэр. парку. Поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай ч. парку буйнейшы ў Еўропе масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў). Расліннасць Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акругі, падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Лясы займаюць 70% тэр., уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі, бярозы пушыстай і павіслай, дуба, вольхі чорнай, ясеня, асіны, граба, елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні ўзрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў). У флоры 827 відаў вышэйшых раслін, 196 імхоў, 184 лішайнікаў, 321 водарасцей, каля 1000 відаў грыбоў. Зубніца клубняносная, купальнік горны, лілея кучаравая, касач сібірскі, сліва калючая, гарлачык белы, сальвінія плывучая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 50 відаў млекакормячых, 246 птушак, 7 рэптылій, 11 амфібій, 36 рыб, больш за 2 тыс. насякомых. Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Зубр, рысь, барсук, некалькі відаў лятучых мышэй, беркут, скапа, арлан-белахвост, пугач, сыч дамавы, бусел чорны, журавель шэры, гальштучнік, кулік-сарока, бугаі малы і вялікі, марадунка, чайка і крачка малыя, чарапаха балотная і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У П. створаны 2 вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл. Адм. цэнтр П. ў г.п. Тураў.

А.​А.​Галдзянкоў.

т. 13, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАК-МІХАЙЛО́ЎСКІ Сымон Аляксандравіч (14.4.1885, в. Максімаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог. Скончыў пед. ін-т у Феадосіі (1912). У рэвалюцыю 1905—07 прапагандаваў ідэі сац. і нац. вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзярж. думу. У 1906 за распаўсюджанне с.-д. л-ры арыштаваны на 3 месяцы і зняволены ў Вілейцы. З-за праследаванняў улад вымушаны быў пераехаць у Крым. З 1914 на вайск. службе. У 1917 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, чл. яе ЦК, нам. старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар бел. школьнай падкамісіі пры Мінскай гар. думе. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 старшыня Бел. вучыцельскага хаўрусу (саюза), чл. Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1919 выкладчык Першых бел. пед. курсаў у Мінску. У час польск. акупацыі старшыня Беларускай школьнай рады Міншчыны, пазней Цэнтральнай беларускай школьнай рады, чл. Часовага бел. нац. к-та і Беларускай вайсковай камісіі. У 1920—22 заснавальнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай семінарыі, адзін з арганізатараў Таварыства беларускай школы, выкладчык Гродзенскай і Віленскай бел. гімназій. З 1922 дэпутат сейма Польшчы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У 1925 адзін з ініцыятараў стварэння і нам. старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адначасова з 1926 чл. КПЗБ. У шматлікіх артыкулах, якія друкаваліся ў газ. «Наша ніва», «Беларусь», «Звон», час. «Родны край» і інш. зах.-бел. выданнях, выступаў у абарону бел. школ, за сац. справядлівасць, супраць рабавання польск. ўладамі прыродных багаццяў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны і зняволены польск. ўладамі. з 1930 у БССР, дырэктар Бел. дзярж. сац.-гіст. музея ў Мінску. Чл. ЦВК БССР з 1931. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны на 10 гадоў па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр». У ліст. 1938 Асобай тройкай НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар. 1980. Беласток, 1980;

Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996.

У.​В.​Ляхоўскі.

С.А.Рак-Міхайлоўскі.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,

дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс. га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс. га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс. га (па 17%).

Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч. — Браслаўская града, у паўд. — Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс. га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс. га), Бяльмонт (каля 12 тыс. га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.

На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.

П.​І.​Лабанок.

т. 3, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ Ў ЮГАСЛА́ВІІ 1941—45,

узброеная барацьба народаў Югаславіі супраць ням., італьян., венг., балг. акупац. войск і мясц. калабарацыяністаў у 2-ю сусв. вайну. Вялася рознымі ваен.-паліт. сіламі краіны, адну з гал. роляў адыгрывала Кампартыя Югаславіі (КПЮ). Неўзабаве пасля нападзення Германіі, Італіі і Венгрыі на Югаславію (гл. Балканская кампанія 1941) паводле рашэння Палітбюро ЦК КПЮ у Заграбе 10.4.1941 быў створаны Ваен. к-т на чале з ген. сакратаром КПЮ І.Ціта (Броз Ціта). Ваен. к-ты пачалі дзейнічаць ва ўсіх раёнах краіны, фарміраваліся баявыя групы. У дзень нападзення Германіі на СССР (22.6.1941) КПЮ заклікала да ўзбр. барацьбы. 27.6.1941 ЦК КПЮ стварыў Гал. штаб (з 3 вер. Вярх. штаб) партыз. атрадаў. 4.7.1941 прынята рашэнне пачаць узбр. паўстанне. У канцы 1941 у Югаславіі было 80 тыс. партызан. 22.12.1941 сфарміравана першая рэгулярная вайсковая часць (1-я Пралетарская брыгада). Баявая актыўнасць руху супраціўлення прымушала акупантаў трымаць у Югаславіі значную групоўку войск (у 1941—42 было 27—32 дыв.). У ліст. 1942 створана Антыфашысцкае веча народнага вызвалення Югаславіі (агульнаюгасл. паліт. орган), пачалося фарміраванне Нар.-вызв. арміі Югаславіі (НВАЮ, вярх. галоўнакамандуючы — Ціта); да канца года створана 9 дывізій. Усяго ў краіне дзейнічала 38 брыгад і 36 партыз. атрадаў (150 тыс. чал.). У выніку баёў на рэках Нератва і Суцьеска (1943) НВАЮ вызваліла шэраг раёнаў краіны. Зах. дзяржавы, што раней падтрымлівалі югасл. эмігранцкі ўрад, устанавілі кантакт з Вярх. штабам НВАЮ. Пасля капітуляцыі Італіі (вер. 1943) актывізавалася нац.-вызв. барацьба. Ў складзе НВАЮ вялі баі сав., чэхаславацкія, венг., балг., італьян. партыз. батальёны. У ліст. 1943 створаны Нацыянальны камітэт вызвалення Югаславіі — першы нар. ўрад. Да канца 1943 вызваленыя раёны складалі каля палавіны тэр. краіны. Матэрыяльную, ваен. і інш. дапамогу югасл. нар.-вызв. руху аказваў СССР. У вер. 1944 Чырв. Армія наблізілася да граніц Югаславіі і, паводле маскоўскіх пагадненняў, прыняла ўдзел сумесна з югасл. войскам у вызваленні Бялграда (гл. Бялградская аперацыя 1944). 7.3.1945 у Бялградзе сфарміраваны ўрад Дэмакр. Федэратыўнай Югаславіі на чале з Ціта. Да 15.5.1945 югасл. армія (800 тыс. чал.) завяршыла вызваленне краіны. За час вайны ў Югаславіі загінула 1 млн. 700 тыс. яе жыхароў, у т. л. 305 тыс. байцоў і партызан.

Літ.:

Славин Г.М. Освободительная война в Югославии (1941—1945 гг.). М., 1965.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ СПА́ДЧЫНА,

прыродныя аб’екты і помнікі культуры краін і народаў свету, якія маюць унікальную каштоўнасць, з’яўляюцца здабыткам усяго чалавецтва і падлягаюць калектыўнай адказнасці за іх захаванне. У рамках Канвенцыі аб ахове культ. і прыроднай спадчыны, прынятай Ген. канферэнцыяй ЮНЕСКА (1972, дакумент набыў сілу ў 1975, калі колькасць дзяржаў-бакоў дасягнула 20), дзейнічае Камітэт С.с. з прадстаўнікоў 21 краіны. На падставе вызначаных крытэрыяў ён разглядае унікальныя культ. і прыродныя аб’екты і ўключае іх у спіс С.с. Помнікі культуры С.с. павінны адпавядаць наступным крытэрыям: складаць унікальны ансамбль; быць аб’ектам, які значна паўплываў на жыццё краіны; служыць сведчаннем зніклай цывілізацыі; ілюстраваць пэўны важны перыяд у гісторыі дзяржавы ці народа; з’яўляцца унікальным узорам традыц. ладу жыцця; звязаны з ідэямі або вераваннямі, што маюць сусв. значэнне. Прыродныя аб’екты С.с. павінны: ілюстраваць пэўны этап эвалюцыі Зямлі; наглядна адлюстроўваць сучасныя геал. працэсы; быць унікальнымі прыроднымі аб’ектамі, выключнымі сваёй прыгажосцю; з’яўляцца месцам пражывання знікаючых відаў раслін і жывёл. Шэраг помнікаў і аб’ектаў, уключаных у спіс С.с., адпавядае некалькім названым крытэрыям. Кожная дзяржава, што падпісала Канвенцыю, падае ў к-т пералік культ. і прыродных каштоўнасцей, якія маюць агульначалавечае значэнне. Гэтым яна бярэ на сябе абавязак ахоўваць названыя нац. скарбы. Калі К-т уносіць іх у спіс, у рамках Фонду С.с., заснаванага Канвенцыяй, дзяржава можа ў той ці іншай форме атрымаць дапамогу для забеспячэння захаванасці помніка ці аб’екта. Фонд фарміруецца з узносаў дзяржаў-бакоў і грашовых сум, унесеных краінамі, установамі і прыватнымі асобамі. З яго сродкаў аказваецца матэрыяльная і тэхн. дапамога краінам, якім яна патрэбна, а таксама фінансуецца падрыхтоўка спецыялістаў. Да Канвенцыі далучыліся (2000) 122 краіны, у т. л. Беларусь (з 1988). У спіс С.с. (вядзецца ў алфавітным парадку) уключаны 690 аб’ектаў (529 культурных, 138 прыродных, 23 мяшаныя), сярод іх асобныя арх. збудаванні і ансамблі — Афінскі акропаль, Ам’енскі сабор, Шартрскі сабор, Кіеўскі Сафійскі сабор; гіст. цэнтры Варшавы, Вільнюса, Рыгі, Крэмль Маскоўскі і Красная плошча (Расія); гарады — Бразілія, Венецыя і інш.; нац. паркі — Вялікага Бар’ернага Рыфа (Аўстралія), Белавежскі нацыянальны парк (Польшча) і інш. На Беларусі ў спіс С.с. ўключаны Белавежская пушча (1979) і Мірскі замкава-паркавы комплекс (2000).

Літ.:

Кисель В.П. Памятники Всемирного наследия. 2 изд. Мн., 2001.

В.​П.​Кісель.

т. 15, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́НІС, лаун-тэніс (ад англ. lawn лужок, газон + tennis, магчыма, ад франц. tenez вось вам, бярыце),

спартыўная гульня, мэта якой — пасыланне мяча ўдарамі ракеткі праз сетку на корце такім чынам, каб сапернік не змог правільна адбіць яго ў межы чужой паловы пляцоўкі. Спаборніцтвы праводзяцца адзіночныя і парныя (мужчынскія, жаночыя і змешаныя пары). Інвентар: ракетка (маса да 400 г, драўляная, метал. або пластмасавая), гумавы мяч, абклеены тканінай з ворсам (маса 57 г, дыяметр да 6,7 см).

Правобраз Т. — гульня з мячом, які перабівалі праз сетку далонню, што існавала ў 12—14 ст. у Англіі, Італіі, Францыі. Ракеткі выкарыстоўваюцца з пач. 16 ст. Сучасны Т. узнік у Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. Першыя правілы распрацаваны англічанінам У.​Уінгфілдам (1874). Назва лаун-Т. з’явілася ў 1875. Міжнар. федэрацыя Т. створана ў 1912 (Парыж). У 1896—1924 уваходзіў у праграму Алімп. гульняў. Чэмпіянатам свету сярод мужчынскіх каманд лічыцца штогодні розыгрыш Кубка Дэвіса (засн. ў 1900 амерыканцам Д.​Дэвісам). Чэмпіянатамі свету ў асабістым заліку (у мужчын і жанчын) лічацца: на травяных кортах — Уімблданскі турнір у Лондане (з 1877), на грунтавых — адкрыты чэмпіянат Францыі (Ралан Гарос) у Парыжы (з 1891). З 1970 праводзіцца неафіц. чэмпіянат свету, які складаецца з 12 папярэдніх турніраў у розных краінах (96 удзельнікаў) і фінальнага (для 8 лепшых удзельнікаў). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1968. Штогод праводзяцца спаборніцтвы (асабісты залік) на Кубак «Вял. шлема» — апошні ў сезоне турнір для 16 мацнейшых тэнісістаў па выніках 4 буйнейшых турніраў года (адкрытыя чэмпіянаты Аўстраліі, Францыі, ЗША і Уімблданскі турнір). Т. развіты ў большасці краін, найб. — у Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Францыі, Швецыі і інш.

На Беларусі Т. развіваецца з 1921 (г. Віцебск, Мінск, Магілёў і інш.). 1-ы чэмпіянат Беларусі быў уключаны ў праграму I Усебел. свята фіз. культуры (1924). Шырокае развіццё набыў з 2-й пал. 1940-х г. У розыгрышы Кубка Дэвіса нац. каманда ўдзельнічае з 1994. У 1978 у Мінску здадзены ў эксплуатацыю Палац тэніса (з 1996 — Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь). Сярод трэнераў найб. вызначыліся М.​Звераў, Г.​Краўкоў, Г.​Пятроў, А.​Эйдэльмян і інш., спартсменаў-тэнісістаў — Н.Барадзіна, Н.Зверава, С.Леанюк, В.​Барабаншчыкава, У.​Валчкоў, В.​Казакевіч, М.​Мірны, С.​Цяцерын і інш.

С.​А.​Каган.

т. 16, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРА́КТАР (ад грэч. charaktēr адзнака, асаблівасць) у псіхалогіі, сукупнасць устойлівых рыс асобы, якія характарызуюць яе адносіны да навакольнай рэчаіснасці і выяўляюцца ў яе паводзінах і ўчынках. Фізіял. аснову Х. складаюць выпрацаваныя ў працэсе жыцця і выхавання сістэмы часавых нерв. сувязей — дынамічныя стэрэатыпы, што фарміруюцца на аснове прыроджанага тыпу нерв. сістэмы (генатыпу) і ўтвараюць з ім своеасаблівы «сплаў» — фенатып. Індывід уключаны ў сістэму разнастайных узаемаадносін, якія праходзяць праз яго суб’ектыўнае светаўспрыманне і аказваюць непасрэднае ўздзеянне на яго ўласныя адносіны да грамадства, інш. людзей, да самога сябе. Пры развіцці і частым паўтарэнні такія адносіны становяцца ўстойлівымі, звыклымі для чалавека і ўтвараюць адносна пастаянныя, пэўныя рысы яго Х. (дабрыня, спагадлівасць, ветлівасць, шчырасць, сціпласць. добрасумленнасць, працавітасць або бяздушнасць, абыякавасць, грубасць, ілжывасць, лянота). Фундаментам Х. выступае воля. Людзям моцнай волі ўласцівы такія якасці Х. як цэльнасць, настойлівасць, рашучасць, мэтанакіраванасць, высокая дысцыплінаванасць; слабавольныя людзі несамастойныя, непаслядоўныя, супярэчлівыя ў сваіх паводзінах. Істотнае ўздзеянне на Х. чалавека аказваюць эмацыянальныя і інтэлектуальныя якасці яго псіхікі (цікаўнасць і разважлівасць, гонар і годнасць, практычны або тэарэт. склад розуму). Х. індывіда залежыць ад яго тэмпераменту, які звязаны з тыпам вышэйшай нерв. дзейнасці і накладвае адбітак на знешняе выяўленне пэўных рыс Х. Празмерная акцэнтацыя любых рыс Х. можа прывесці да негатыўных вынікаў, таму важна разумнае спалучэнне некат. процілеглых рыс (напр., ашчаднасці са шчодрасцю, смеласці з асцярожнасцю, самакрытычнасці з упэўненасцю ў сабе і да т.п.). Адрозніваюць 4 асн. тыпы акцэнтуіраваных Х.: узбудлівы (схільнасць да рызыкоўных дзеянняў, правапарушэнняў, алкагалізму, наркаманіі і інш.): афектыўны (хуткая змена настрою, мітуслівасць, канфліктнасць, нізкая самакрытычнасць і інш.); няўстойлівы (падазронасць, недаверлівасць, крыўдлівасць, азлобленасць і інш.); трывожны (павышаная ўражлівасць, сарамлівасць, баязлівасць, замкнёнасць, пачуццё ўласнай непаўнацэннасці). Шматлікія рысы Х. выяўляюць не толькі тыповыя спосабы паводзін чалавека, але і матывы, закладзеныя ў перакананнях, ідэалах і каштоўнасных арыентацыях асобы або звязаныя з асаблівасцямі яе этн., нац. самасвядомасці (гл. Нацыянальны характар). Х. чалавека — прадмет вывучэння характаралогіі.

Літ.:

Коломинский Я.Л. Человек среди людей. Мн., 1987;

Кречмер Э. Строение тела и характер: Пер. с нем. М., 2001;

Бурно М.Е. О характерах людей. 2 изд. М., 1998;

Лазурский А.Ф. Избранные труды по психологии. М., 1997;

Юнг К.Г. Психологические типы: Пер. с нем. Мн., 1998;

Леонгард К. Акцентуированные личности: Пер. с нем. М., 2001;

Рубинштейн С.А. Основы общей психологии. СПб. 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВЕДНАЯ СПРАВА.

Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана ўвядзенне запаведных рэжымаў на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях (ААПТ), вызначаных як участкі з унікальнымі, эталоннымі або інш. каштоўнымі прыроднымі комплексамі і аб’ектамі. Яны цалкам або часткова выключаны з гаспадарчага абароту, у адносінах да іх вызначаны асаблівы рэжым аховы і выкарыстання. Устаноўлены катэгорыі ААПТ: запаведнік, нацыянальны парк, заказнік, помнік прыроды. Запаведнікі і нац. паркі з’яўляюцца ААПТ рэсп. значэння, заказнікі і помнікі прыроды маюць статус рэсп. або мясц. значэння. У межах запаведніка вылучаюць участкі для гасп. выкарыстання, у нац. парку — зоны з розным рэжымам выкарыстання: запаведныя, рэгуляванага выкарыстання, рэкрэацыйныя, гаспадарчыя і інш. У заказніку ахова прыродных аб’ектаў спалучаецца з абмежаваным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў. Заказнікі падзяляюць на ландшафтныя, біялагічныя, водна-балотныя, гідралагічныя, геалагічныя і палеанталагічныя.

У 1925 на тэр. Беларусі створаны першы запаведнік — Бярэзінскі. На 1.1.2004 сістэма ААПТ Рэспублікі Беларусь уключае 1476 аб’ектаў агульнай плошчай 1629,4 тыс. га (7,8% тэр. Беларусі). ААПТ рэсп. значэння ўключаюць 439 аб’ектаў агульнай плошчай 1261,8 тыс. га. На тэр. Беларусі функцыянуюць Бярэзінскі біясферны запаведнік; 4 нац. паркі — Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі, Прыпяцкі; 97 рэсп. заказнікаў (27 ландшафтных, 52 біялагічныя і 18 гідралагічных); 337 помнікаў прыроды рэсп. значэння. У межах ААПТ экасістэмы рачных далін і поймаў буйных рэк 23 аб’екты агульнай плошчай 394,8 тыс. га (31,4%), у т. л. нац. парк Прыпяцкі, заказнікі Сярэдняя Прыпяць, Ліпічанская пушча, Днепра-Сожскі і інш.; экасістэмы лясных і адкрытых балот — 31 аб’ект агульнай плошчай 283,2 тыс. га (22,5%), у т. л. Бярэзінскі біясферны запаведнік, заказнікі Ельня, Дзікае, Альманскія балоты і інш.; векавыя лясныя экасістэмы — 32 аб’екты агульнай плошчай 273,4 тыс. га (21,7%), у т. л. нац. парк Белавежская пушча і 31 заказнік; леса-азёрныя экасістэмы — 16 аб’ектаў агульнай плошчай 306,7 тыс. га (24,4%), у т. л. нац. паркі Браслаўскія азёры і Нарачанскі, заказнікі Рычы, Доўгае, Крывое, Сялява і інш.

Многія ААПТ прызнаны на міжнар. узроўні: нац. парк Белавежская пушча — помнік прыроды сусветнай спадчыны, трансмежавы біясферны запаведнік; Бярэзінскі біясферны запаведнік — біясферны рэзерват пад эгідай ЮНЕСКА, біягенетычны запаведнік Савета Еўропы; заказнікі Альманскія балоты, Сярэдняя Прыпяць, Спораўскі, Ельня, Асвейскі, Званец — водна-балотныя ўгоддзі міжнар. значэння (Рамсарскія тэрыторыі); статус тэрыторый міжнар. значэння, важных для птушак, маюць нац. парк Прыпяцкі, заказнікі Сярэдняя Прыпяць, Прастыр, Званец, Дзікае, Выганашчанскае і інш.

Н.​А.​Юргенсон.

т. 18, кн. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)