ГОМАГЕНІ́ЗАЦЫЯ (ад грэч. homogenēs аднародны),

у металургіі стварэнне ў сплавах аднароднай (гамагеннай) структуры або аднароднага хім. саставу. Робіцца гомагенізавальным (дыфузійным) адпалам звычайна пры т-ры 1000—1200 °C і працяглай вытрымцы, калі знікаюць канцэнтрацыйныя мікранеаднароднасці ў сплавах (утвараюцца пры нераўнаважнай крышталізацыі, дыфузійнай металізацыі і інш.). Гомагенізацыя паляпшае тэхнал. пластычнасць сплаваў, павышае стабільнасць і памяншае анізатрапію мех. уласцівасцей.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎЖНІ́К,

у цывільным працэсе бок абавязацельства (дэбітор), які павінен выканаць на карысць другога боку (крэдытора) пэўнае дзеянне або ўстрымацца ад такога дзеяння. Д. могуць выступаць асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, г.зн. праваздольныя грамадзяне, юрыд. асобы і сама дзяржава. Калі ў абавязацельстве бяруць удзел некалькі Д., кожны з іх павінен выканаць абавязацельства ў роўнай долі з іншымі.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЫМІНА́НТ [ад лац. discriminans (discriminantis) які распазнае, раздзяляе] алгебраічнага ўраўнення, выраз, які складаецца з каэфіцыентаў ураўнення і ператвараецца ў нуль у тым і толькі ў тым выпадку, калі сярод каранёў ураўнення ёсць роўныя. Напр., Д. квадратнага ўраўнення x​2 + px + q = 0 роўны p​2−4q, кубічнага ўраўнення x​3 + px + q = 0 роўны −4p​3−27q​2.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХРАІ́ЗМ (ад грэч. dichroos двухколерны),

розная афарбоўка аднавосевых крышталёў, якім характэрна падвойнае праменепераламленне, пры праходжанні святла ўздоўж аптычнай восі і перпендыкулярна да яе. Напр., крышталь апатыту, які асветлены белым святлом, будзе светла-жоўтым, калі глядзець уздоўж восі, і зялёным — упоперак да яе; пры інш. напрамках назірання крышталь афарбаваны ў які-н. прамежкавы колер. Гл. таксама Плеахраізм.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Веньямін Леанідавіч) (24.4.1923, в. Дабрышчава Камсамольскага р-на Іванаўскай вобл., Расія — 20.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1942. Разведчык асобнай разведроты сяржант З. 20.7.1944 у баі каля воз. Дрысвяты, прыкрываючы адыход разведчыкаў, быў цяжка паранены. Калі гітлераўцы акружылі яго, гранатай падарваў сябе і ворагаў.

В.Л.Зайцаў.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНСАЛІ́ЗМ (ад позналац. commensalis сатрапезнік),

сатрапезніцтва, форма сімбіёзу, пры якой адзін з партнёраў сістэмы (каменсал) ускладае на другога (гаспадара) рэгуляцыю сваіх адносін са знешнім асяроддзем, але не мае з ім фізіял. сувязей. Звычайна гэта ўзаемаадносіны паміж 2 відамі ці арганізмамі, калі адзін з іх корміцца за кошт другога і не прычыняе яму шкоды. Гл. таксама Мутуалізм.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. copulatio злучэнне),

палавы акт у жывёл, якія маюць капулятыўныя органы, а таксама злучэнне пры палавым размнажэнні 2 асобін, у якіх адсутнічаюць капулятыўныя органы (напр., гатэрыі, дажджавыя чэрві). Да К. адносяць працэс зліцця 2 палавых клетак (ці асобін), якія знешне не адрозніваюцца (ізагаметы). Калі мужчынская гамета рэзка адрозніваецца ад жаночай, то працэс іх зліцця наз. апладненнем.

т. 8, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЫ́ ТЭАРЭ́МА інтэгральная,

адна з асн. тэарэм тэорыі аналітычных функцый. Калі функцыя 𝑓(z) — адназначная аналітычная функцыя ў некаторай вобласці камплекснай плоскасці, то інтэграл ад яе ўздоўж любой замкнутай спрамляльнай крывой, размешчанай у гэтай вобласці, роўны нулю. Апублікавана А.Кашы ў 1825, поўнасцю даказана франц. матэматыкам Э.​Гурса ў 1884. Выражае адну з асн. характарыстычных уласцівасцей аналітычных функцый.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНЫ ФУНКЦЫЯНА́Л,

абагульненне паняцця лінейнай формы на лінейныя прасторы Л.ф. f на лінейнай наміраванай прасторы E наз. лікавая функцыя f(x), якая вызначана для ўсіх x з E і мае ўласцівасці неперарыўнасці і лінейнасці. Сукупнасць усіх Л.ф. дадзенай прасторы пераўтвараецца ў лінейную нарміраваную прастору, калі вызначыць натуральным чынам складанне Л.ф. і іх множанне на лікі. Гл. таксама Функцыянальны аналіз.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТА́НЬ-ПЕЛЕ́ (Montagne Pelée),

Мон-Пеле, дзеючы вулкан у паўн. ч. в-ва Марцініка (Вест-Індыя). Выш. 1397 м. Складзены з базальтаў, андэзітаў і дацытаў. Вядомы катастрафічным вывяржэннем у 1902, калі быў знішчаны г. Сен-П’ер з нас. 26 тыс. ж. Па гэтым вывяржэнні падобныя вулканы адносяць да пелейскага тыпу. Больш слаба дзейнічаў у 1929—32.

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)