мост, па якім сухапутныя дарогі прапускаюць адна над адной, ствараючы перасячэнні на розных узроўнях з незалежным рухам транспарту. Найчасцей будуюць са зборнага жалезабетону на скрыжаваннях аўтадарог і чыгунак, гар. вуліц і інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходаў. Звычайна маюць 2—4 пралёты даўж. да 30 м кожны. П. з 4 і больш пралётамі наз.эстакадай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ АХАЛО́ДЖВАННЕ,
паніжэнне т-ры зямной паверхні ў выніку прамянёвага цеплаабмену пры адмоўным радыяцыйным балансе. Назіраецца звычайна ў малавоблачныя ночы, калі выпрамяненне Зямлі значна большае за атмасфернае выпрамяненне на зямную паверхню. Р.а. спрыяе нізкая вільготнасць паветра, адсутнасць або невял. скорасць ветру, малая цеплаправоднасць глебы. З’яўляецца асн. прычынай утварэння замаразкаў і радыяцыйных туманаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ЛЬКА (галанд. balk),
канструкцыйны нясучы элемент звычайна ў выглядзе бруса. Пад нагрузкай працуе пераважна на выгін. Бэлькі вырабляюцца з жалезабетону, металу, дрэва. Шырока выкарыстоўваюцца ў буд-ве і машынабудаванні — у канструкцыях будынкаў, мастоў, эстакад, трансп. сродкаў, машын, станкоў і інш.
Бэлькі бываюць: адна- і шматпралётныя, кансольныя, разразныя (простыя) і неразразныя, з заладжанымі канцамі; прамавугольныя, таўровыя, двухтаўровыя, каробчатыя і інш.; пастаяннай і пераменнай вышыні. Жалезабетонныя бэлькі вырабляюць маналітныя, зборна-маналітныя і зборныя, а таксама папярэдне напружаныя. Металічныя бэлькі бываюць пракатныя і састаўныя (элементы іх злучаюць зваркай або кляпаннем), ёсць і біметалічныя. Драўляныя бэлькі — аднапралётныя і разразныя канструкцыі з дошак і бярвён (выкарыстоўваюцца і састаўныя). Разлік бэлек звычайна робяць на трываласць, устойлівасць і жорсткасць паводле законаў супраціўлення матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, якія працуюць на цеплавой энергіі, што вылучаецца пры спальванні гаручага газу. Выкарыстоўваюцца ў жылых і грамадскіх будынках для прыгатавання страў, награвання вады, ацяплення памяшканняў і інш.
Складаюцца звычайна з гарэлкі газавай з падвадным цеплаправодам, цеплаабменніка, сродкаў аўтаматызацыі і прыстасавання для выдалення прадуктаў згарання. Падзяляюцца на бытавыя (газавыя кухонныя пліты, праточныя і ёмістасныя воданагравальнікі), ацяпляльныя (ёмістасныя воданагравальнікі, газавыя каміны, ацяпляльныя апараты з вадзяным контурам і ацяпляльна-варачныя, ацяпляльнікі канвекцыйнага і выпраменьвальнага абагрэву; гл.Газавае ацяпленне), газавыя прылады прадпрыемстваў грамадскага харчавання (рэстаранныя пліты, страваварачныя катлы, духавыя шафы, прыстасаванні для смажання, кіпяцільнікі), прылады для спец. мэт (гарэлкі лабараторныя і інфрачырвонага выпрамянення). Характарызуюцца цеплавой нагрузкай, прадукцыйнасцю (колькасцю цеплаты, якая выкарыстоўваецца), ккдз (звычайна 56—83%). Вырабам газавых прылад на Беларусі займаецца брэсцкі з-д «Газаапарат».
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
Да арт.Газавыя прылады. Газавая пліта на прыродным газе з магчымасцю прыстасавання для свяцільнага газу і прапан-бутану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ (Caryophyllaceae),
сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.
Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКО́НАВЫЯ, учэпістапальцыя (Gekkonidae),
сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. У сусв. фауне каля 80 родаў, больш як 900 відаў. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з эацэну. Жывуць пераважна ў трапічных, субтрапічных, часткова ўмераных зонах. Большасць трымаецца на дрэвах, скалах, абрывах і інш.; селяцца ў дамах; пустынныя віды звычайна рыюць норкі. Змрокавыя і начныя жывёлы. Найб. вядомыя прадстаўнікі родаў геконы, гекончыкі і эўблефары, якія жывуць пераважна ў Закаўказзі і Крыме, у пустынях і паўпустынях Казахстана, Сярэдняй Азіі.
Даўж. 3,5—35 см. Афарбоўка шэрая або карычневая, сярод трапічных відаў — яркаафарбаваныя. Вочы вялікія, звычайна без павек, з верт. зрэнкай. Пальцы растапыраныя, знізу ўкрытыя рагавымі пласцінкамі, якія дазваляюць перамяшчацца па верт. паверхнях. Хвост ломкі, але хутка аднаўляецца (рэгенеруе). Кормяцца насякомымі, павукападобнымі, мнаганожкамі і інш. Многія выдаюць ціхія гукі. Амаль усе — яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАПЁРЫЯ (Actinopterygii, Teleostomi),
падклас касцявых рыб. Аб’ядноўвае каля 97% відаў сучасных рыб. Вядомы з верхняга сілуру — сярэдняга дэвону (каля 410—380 млн.г. назад). 5 надатр.: палеанісцыды (Palaeonisci), мнагапёры (Brachiopterygii, або Polypteri), храстковыя ганоіды (Chondrostei), касцявыя ганоіды (Holostei) і касцістыя рыбы. Паводле розных класіфікацый, 33—60 атр. (10—16 вымерлых), каля 430 сям., больш за 20 тыс. відаў. Жывуць у марскіх і прэсных водах. Рыбы Беларусі належаць да П.
Шкілет касцявы, хорда захавалася толькі ў асетрападобных. Верхнясківічны апарат рухома сучленены з чэрапам (гіястылія або амфістылія). Луска ганоідная, цыклоідная або ктэноідная, рэдка скура голая або з касцявымі пласцінкамі Спінны плаўнік звычайна I (другасна могуць быць 2—3). Хвост гетэрацэркальны ў стараж. і гомацэркальны ў больш маладых груп. Плавальны пузыр звычайна ёсць. Спіральны клапан кішэчніка і артэрыяльны конус сэрца характэрны толькі для ганоідных і ніжэйшых касцістых рыб. Многія П. — аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́НЫ, рачныя даліны,
адмоўныя, лінейна выцягнутыя формы рэльефу з агульным нахілам ад вярхоўяў да нізоўяў, утвораныя ў выніку размыўнай (эразійнай) дзейнасці цякучай вады; многія маюць тэктанічнае паходжанне. Папярочны профіль рачных Д. у залежнасці ад стадыі развіцця геал. будовы мясцовасці і інш. фактараў можа мець V-, U-, скрыне-, карытападобную і інш. формы; пачатковая форма Д. — яры і лагчыны. Д. звычайна ўключаюць рэчышча, пойму, тэрасы, схілы, каля вусця часам фарміруюцца дэльты або конусы вынасу.
Асн. працэсы ў развіцці Д. — глыбінная і бакавая эрозія, акумуляцыя адкладаў. Профіль Д. амаль заўсёды асіметрычны, што абумоўлена геал. будовай, нахілам паверхні, Карыяліса сіламі, дзеяннем грунтавых вод і інш. У плане Д. маюць клінападобную, меандрычную, пацеркападобную, прамалінейную, каленчатую форму. У вярхоўі Д. звычайна замыкаюцца схіламі, утвараючы вадазборную варонку, ледавіковы цырк (у гарах) або застаюцца адкрытымі і пераходзяць у вярхоўе суседніх Д. У адносінах да распасцірання структур і горных хрыбтоў вылучаюць падоўжныя (сінклінальныя, антыклінальныя, монаклінальныя, скідавыя Д. і Д.-грабены), папярочныя і дыяганальныя. Калі Д. праразае горны хрыбет ці ўзвышша, на ўсю шырыню ўтвараецца скразная даліна, або Д. прарыву. Паводле марфалогіі адрозніваюць горныя Д. (глыбокія і нешырокія са стромкімі схіламі) і раўнінныя Д. (звычайна шырокія, з нязначнымі нахіламі, глыбінёй і стромкасцю схілаў). Памеры залежаць ад мінулай ці сучаснай дзейнасці цякучай вады. Найб. значныя Д. пашыраны ў раёнах з вял. колькасцю ападкаў.
На Беларусі Д. займаюць каля 10% тэр. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і с.-г. культуры, да іх прымеркаваны шматлікія меліярац. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕНЕРА́ТАР (ад гідра... + генератар),
сінхронны генератар пераменнага току, які прыводзіцца ў рух гідраўлічнай турбінай. Ротар электрагенератара звычайна замацоўваецца на адным вале з рабочым колам турбіны (гл.Гідраагрэгат). Гідрагенератары бываюць: у залежнасці ад размяшчэння восі вярчэння — пераважна вертыкальныя і гарызантальныя, часам нахіленыя; ціхаходныя (да 100 аб/мін) і быстраходныя (больш за 100, часам да 1500 аб/мін); малой (да 50 МВт), сярэдняй (ад 50 да 150 МВт) і вялікай (больш за 150 МВт) магутнасці; парасонападобныя (у іх падпятнік — апорны падшыпнік — размяшчаецца пад ротарам) і падвесныя (падпятнік размяшчаецца над ротарам). У капсульных гідраагрэгатах гідрагенератар змешчаны ў спец. (звычайнагарыз.) капсулу, прыводзяцца ў рух восевымі паваротна-лопасцевымі турбінамі (магутнасць да 45 МВт, выкарыстоўваюцца на нізканапорных, гідраакумулюючых і прыліўных ГЭС). Магутнасць гідрагенератара да некалькіх соцень мегават (на Саяна-Шушанскай ГЭС устаноўлены гідрагенератар магутнасцю па 640 МВт).
Ротар гідрагенератара мае да 120 полюсаў, абмотка яго сілкуецца ад узбуджальніка — дапаможнага генератара пастаяннага току. У магутных гідрагенератах ужываюцца сістэмы ўзбуджэння з выкарыстаннем тырыстарных пераўтваральнікаў або ртутных выпрамнікаў. Адбор эл. энергіі (звычайна напружаннем ад 8,8 да 18 кв) робіцца з нерухомай часткі гідрагенератара — статара. Ахалоджванне гідрагенератара паветранае, па замкнёным цыкле з паветраахаладжальнікамі, у магутных — паветрана-вадзяное. На вял.ГЭС выкарыстоўваюць вертыкальныя гідрагенераты (скорасць вярчэння 62,5—150 аб/мін, магутнасць 50—700 МВт), на малых — вертыкальныя або гарызантальныя (100—1000 аб/мін; 0,75—25 МВт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАВА́Я ЭРО́ЗІЯ,
падмыванне водным патокам схілаў рачной даліны, якое выклікае адступанне берагоў, расшырэнне даліны і міграцыю рэчышча ракі з утварэннем меандраў. Адбываецца адначасова з глыбіннай, звычайна пераважае тады, калі базіс эрозіі высокі, профіль ракі выраўноўваецца, набліжаецца да профілю раўнавагі. На тэр. Беларусі бакавая эрозія найбольш уласціва рэкам басейнаў Прыпяці, Дняпра і вярхоўям Нёмана (гл. таксама Эрозія).