ПРАТЭ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскі бог, пастух цюленевых статкаў. Быў стары, меў вял. колькасць дзяцей (пратыдаў), вызначаўся здольнасцю прымаць выгляд розных істот, прароцкім дарам, вял. дасведчанасцю. Лічыўся таксама стараж. царом Егіпта, дзе, паводле некаторых міфаў, у яго ў час Траянскай вайны знаходзілася сапраўдная Алена, у той час як Парыс валодаў толькі яе прывідам.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГЕНЕРА́ТАР у цеплатэхніцы,

разнавіднасць цеплаабменніка, дзе перадача цеплаты ажыццяўляецца шляхам пачарговага кантакту цепланосьбітаў з аднымі і тымі ж паверхнямі апарата. Найб. пашыраны Р. уяўляе сабой камеру, запоўненую спец. цаглянай насадкай. У час кантакту з гарачым цепланосьбітам насадка награваецца, з халодным — ахалоджваецца і награвае яго. Р. з перыядычным пераключэннем цепланосьбітаў забяспечвае падагрэў паветра да 1200 °C.

т. 13, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЖЫ́М ЭКАНО́МІІ,

спосаб і характар гаспадарання, асновай якога з’яўляецца прынцып эканомнасці, мінімізацыі расходаў рэсурсаў, рэсурсазберажэння, рацыянальнай арганізацыі працы. Прадугледжвае скарачэнне страт, выдаткаў сыравіны, матэрыялаў, абсталявання, энергіі, працы, рабочага часу, выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў і інш. Важны фактар павышэння эфектыўнасці вытв-сці, асабліва ва ўмовах Беларусі, дзе дэфіцыт многіх відаў сыравіны і матэрыялаў.

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНАЛЬДСА ЛІК, Рэйнальдса крытэрый,

безразмерная фіз. велічыня, якая характарызуе цячэнне вязкай вадкасці і роўная адносінам сіл інерцыі да сіл вязкасці. Вызначаецца формулай Re = ρνl/μ, дзе ρ — шчыльнасць вадкасці, ν — характэрная скорасць (напр., скорасць патоку вадкасці), 1 — характэрны памер (напр., дыяметр трубы), μ — каэф. вязкасці вадкасці. Названы імем О.​Рэйнальдса. Гл. таксама Падобнасці тэорыя.

т. 13, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЛЕЯ ЗАКО́Н рассеяння святла. Вызначае характар пругкага рассеяння святла ў асяроддзі, памеры неаднароднасцей якога значна меншыя за даўжыню хвалі святла. Паводле Р.з. інтэнсіўнасць пругкага рассеяння святла прапарцыянальная 1/λ​4, дзе λ — даўжыня хвалі святла. З Р.з. вынікае, што блакітныя і фіялетавыя прамяні рассейваюцца мацней, чым чырвоныя, што тлумачыць блакітны колер неба. Устаноўлены Дж.У.Рэлеем (1871).

т. 14, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТУ́РН,

адзін з найстараж. рым. багоў. Атаясамліваўся са стараж.-грэч. богам Кронасам. Паводле міфаў, С. быў пазбаўлены ўлады над сусветам сваім сынам Юпітэрам, пасля чаго стаў адным з першых цароў італьян. вобласці Лацый, дзе потым узнік Рым. Лічылася, што ён навучыў сваіх падданых земляробству, вінаградарству і цывілізаванаму жыццю. У яго гонар наладжваліся штогадовыя святы — сатурналіі.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЫЛЯ́ТАР (ад лац. oscillare вагацца) гарманічны, сістэма, што выконвае механічныя (матэм. маятнік), электрамагнітныя (вагальны контур) або інш. ваганні, пры якіх патэнцыяльная энергія прапарцыянальная квадрату адхілення ад стану раўнавагі. Па ліку ступеняў свабоды адрозніваюць лінейныя, 2-, 3-мерныя і інш. Класічны асцылятар — часціца масай m, што вагаецца каля стану ўстойлівай раўнавагі, дзе яе патэнцыяльная энергія u мае мінімум. Пры гэтым пераменная сіла, што дзейнічае на часціцу, F = − ∂u ∂x = −kx , дзе k — пастаянная, x — зрушэнне ад стану раўнавагі. Пры малых зрушэннях x рух часціцы апісваецца лінейным ураўненнем гарманічнага вагання, калі зрушэнні x не малыя — нелінейным ураўненнем і асцылятар наз. ангарманічны. Квантавы асцылятар апісваецца Шродынгера ўраўненнем, у якім патэнцыяльная энергія E = − kx2 2 . Адрозненні квантавага асцылятара ад класічнага: дыскрэтны набор значэнняў энергіі і найменшая магчымая энергія не роўная нулю (гл. Нулявая энергія). Паняцце асцылятара шырока выкарыстоўваюць у тэарэт. фізіцы, у т. л. для апісання працэсаў эл.-магн. выпрамянення.

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДПАВЕ́ДНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

агульнаметадалагічны прынцып развіцця навукі, які патрабуе, каб кожная новая тэорыя, што прэтэндуе на больш глыбокае апісанне аб’ектыўнай рэальнасці на больш шырокую вобласць прымянення, чым старая, уключала апошнюю як свой асобны гранічны выпадак. Адлюстроўвае дыялектыку працэсу пазнання, пераходу ад менш поўнай да больш поўнай ісціны і пры гэтым змена адной прыродазнаўча-навук. тэорыі другой выяўляе не толькі розніцу, але і сувязь, пераемнасць паміж імі, якая можа быць выражана з матэм. дакладнасцю. Адпаведнасці прынцып сфармуляваны Н.Борам пры стварэнні першапачатковай квантавай тэорыі атама і яго спектраў (1913). Паводле адноснасці прынцыпу фіз. вынікі квантавай механікі ў гранічным выпадку вял. квантавых лікаў супадаюць з вынікамі класічнай тэорыі; квантава-мех. апісанне фіз. аб’ектаў павінна пераходзіць у класічнае пры h → 0 (h — Планка пастаянная); хвалевая оптыка — у геам. пры λ → 0, дзе λ — даўжыня хвалі; законы рэлятывісцкай механікі — у законы класічнай пры скарасцях руху v << c, дзе c — скорасць святла ў вакууме.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ШКА-БРАШКО́ЎСКАЯ (дзявочае Вярыга) Кацярына Канстанцінаўна

(3.2.1844 — 12.9.1934),

рэвалюцыянерка-народніца, адна са стваральнікаў і лідэраў партыі эсэраў. У 1873—74 чл. «Кіеўскай камуны» — гуртка ўдзельнікаў «хаджэння ў народ». Летам 1874 «хадзіла ў народ»: у Херсонскую і Падольскую губ., дзе ў вер. 1874 арыштавана. Пасля 3-гадовага зняволення засуджана па «працэсе 193-х» да 5 гадоў катаржных работ у Сібіры. У канцы 1890-х г. жыла ў Мінску, дзе разам з А.В.Бонч-Асмалоўскім, Р.А.Гершуні і інш. стварыла Рабочую партыю палітычнага вызвалення Расіі. Восенню 1901 удзельнічала ў стварэнні Баявой арг-цыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1902 — Сял. саюза партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1903 эмігрыравала ў Швейцарыю. З 1905 у Расіі, лідэр правага крыла партыі эсэраў. У 1907 арыштавана і пасля 2-гадовага зняволення саслана ў Сібір, адкуль вярнулася пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Падтрымлівала Часовы ўрад. У 1919 чл. Камуча (К-т членаў Устаноўчага сходу), эмігрыравала ў ЗША, з 1924 у Чэхаславакіі.

М.​А.​Сакалова.

т. 3, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧА́НКА (Максім Ярмалініч) (1650-я г., Магілёў — 1708),

бел. друкар і гравёр па медзі. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку, дзе ў 1678 зрабіў ілюстрацыі да кн. «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (19 падпісных медзярытаў Вашчанкі — копіі гравюр франц. мастакоў С.​Леклерка і Н.​Кашэна для парыжскага выдання 1670 кнігі П.​Рыко). З 1680-х г. працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні, якой кіраваў з 1690-х г. да 1708. Выканаў каля 30 медзярытаў для кн. «Акафісты і каноны» (1693; друкаваліся таксама ў кн. «Акафісты і каноны», 1726, і «Акафісты», 1728). Адзін з першых у бел. кірылічным кнігадрукаванні выкарыстаў тэхніку разцовага медзярыту. Многія гравюры Вашчанкі створаны пад уплывам зах.-еўрап. традыцый, вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем святлоценявой мадэліроўкі. Яго сын В.М.Вашчанка вядомы як майстар выдатных дрэварытаў.

А.​М.​Пікулік.

М.Я.Вашчанка. Ілюстрацыя да кнігі «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко». Медзярыт 1678.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)