КАРАНЦІ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ, канвенцыйныя хваробы (ад лац. conventio дагавор, пагадненне),

інфекцыйныя хваробы, што характарызуюцца вял. заразлівасцю і высокай смяротнасцю і ў адносінах да якіх выкарыстоўваюцца дзеянні Міжнар. каранціну ці міжнар. сан. канвенцый. Да К.х. адносяцца: воспа натуральная, жоўтая ліхаманка, халера, чума (да 1979). Гл. таксама Санітарная ахова, Санітарная ахова граніц.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТЭНТЫ́ЧНЫ ТЭКСТ (ад грэч. authentikos сапраўдны),

дакладны, заснаваны на першакрыніцы тэкст якога-небудзь дакумента, твора (складзены, як правіла, на інш. мове). У міжнар. праве — тэкст міжнар. дагавора, які дзяржавы — удзельніцы дагавору разглядаюць як асноўны, дакладны тэкст арыгінала. Калі дагавор складаецца на некалькіх мовах, то ўсе тэксты на гэтых мовах абвяшчаюцца аўтэнтычнымі.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ІНДЫ́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.

Гандлёвае пагадненне 1953, падпісана 2 снеж. ў Маскве. Прадугледжвала развіццё і пашырэнне сав.-інд. гандлю на аснове роўнасці і ўзаемнай карысці, устанаўлівала рэжым узаемнага найб. спрыяння ў гандлі, усталявала парадак узаемных разлікаў (у інд. рупіях). Заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Індыі ў эканам. галінах. Пагадненне 1960 пра культурнае, навуковае і тэхнічнае супрацоўніцтва, падпісана 12 лют. ў Дэлі. Пашырала сав.-інд. супрацоўніцтва на сферы навукі і культуры. Дагавор 1971 аб міры, дружбе і супрацоўніцтве, падпісаны 9 жн. ў Дэлі. Паводле яго кожны бок абавязваўся паважаць незалежнасць, суверэнітэт і тэр. цэласнасць адзін аднаго, падтрымліваць рэгулярныя кантакты па важных міжнар. праблемах, якія закраналі іх інтарэсы, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах, накіраваных супраць аднаго з бакоў. Дагавор пацвердзіў імкненне бакоў да ўмацавання і пашырэння супрацоўніцтва ў галінах транспарту, гандлю, эканомікі, навукі, тэхнікі, развіцця кантактаў у сферах культуры, адукацыі, аховы здароўя і інш.

т. 14, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІСІ́ЙНЫ ГА́НДАЛЬ,

форма гандлю, у аснову якога пакладзены дагавор камісіі, заключаны паміж гандл. прадпрыемствамі і асобнымі грамадзянамі. Яго аб’ектамі могуць быць прадукты харчавання (ажыццяўляюць гандаль, напр., крамы спажывецкай кааперацыі і інш.), нехарчовыя тавары, у т. л. зробленыя ў парадку індывід. прац. дзейнасці, і прадукцыя вытв.-тэхн. прызначэння. За продаж тавараў прадпрыемствы К.г. бяруць камісійны збор.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКЕ́ЙСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,

візантыйская дзяржава ў М.​Азіі ў 1204—61, якая ўзнікла пасля захопу Канстанцінопаля крыжаносцамі. Сталіца — г. Нікея (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Першым правіцелем быў Феодар I Ласкарыс [1204—22] з тытулам дэспата, з 1208 — імператара. Н.і. вызначылася ў барацьбе з Лацінскай імперыяй, туркамі-сельджукамі і Трапезундскай імперыяй. У 1214 Феодар I адваяваў частку чарнаморскага ўзбярэжжа ў Трапезундскай дынастыі і падпісаў Німфейскі дагавор, які замацаваў межы паміж Н.і. і Лац. імперыяй. Н.і. гандлявала з Генуяй, Канійскім султанатам, Руссю. Нікейскі імператар Іаан III Дука Ватац адваяваў у лацінян іх уладанні ў М.​Азіі, у 1235 замацаваўся ў Фракіі, у 1246 захапіў Фесалонікі. Імператар Міхаіл VIII Палеалог [1258—61] у 1259 разбіў каля Пелагоніі войска антынікейскай кааліцыі (Эпірская дзяржава, Сіцылійскае каралеўства, Ахейскае княства, каралеўства Сербія). У 1261 Н.і. падпісала Німфейскі дагавор з Генуяй, паводле якога ў абмен на ваен. дапамогу супраць венецыянцаў і Лац. імперыі прадастаўляла генуэзскім купцам гандл. прывілеі. У 1261 нікейскія войскі занялі Канстанцінопаль, імператар Міхаіл VIII перанёс сюды сталіцу і аднавіў Візантыю.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́АСІКІВІ ((Paasikivi) Юха Кусці) (27.11.1870. г. Тамперэ, Фінляндыя — 14.12.1956),

дзяржаўны дзеяч Фінляндыі. Д-р юрыд. н. Скончыў Хельсінкскі ун-т (1892). У 1903—13 і 1917—18 уваходзіў у кіраўніцтва старафін. партыі. У 1918 прэм’ер-міністр. У 1920 узначальваў дэлегацыю на сав.-фін. мірных перагаворах у Тарту і 14.10.1920 падпісаў мірны дагавор паміж Фінляндыяй і РСФСР. У 1934—36 старшыня Нац. кааліцыйнай партыі. У 1936—40 пасланнік у Швецыі. 12.3.1940 ад імя Фінляндыі падпісаў мірны дагавор з СССР, якім скончана сав.-фінл. вайна 1939—40. У 1940—41 пасланнік у СССР. У 1944—46 прэм’ер-міністр, у 1946—56 прэзідэнт Фінляндыі. Садзейнічаў устанаўленню і развіццю добрасуседскіх адносін Фінляндыі з СССР, у т. л. санкцыяніраваў падпісанне сав.-фінл. дагавора аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (1948, тэрмін дзеяння прадоўжаны ў 1955). Палітыку П. прадоўжыў У.К.Кеканен, у сувязі з чым пасляваен. знешнепаліт. курс Фінляндыі на дружбу і супрацоўніцтва з СССР атрымаў назву «лініі Паасіківі — Кеканена».

т. 11, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-АФГА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ Паводле дагавора 1921 аб дружбе, падпісаным 28 лют. ў Маскве, бакі пацвердзілі незалежнасць адзін аднаго і ўсталяванне дыпламат. адносін; узаемна абавязаліся не ўступаць з трэцяй дзяржавай у ваен. ці паліт. пагадненні, якія б пашкодзілі аднаму з бакоў. Сав. бок даваў Афганістану права свабоднага і бязмытнага транзіту тавараў праз сваю тэр., абавязаўся аказаць апошняму фін. і матэрыяльную дапамогу. Дагавор 1926 аб нейтралітэце і ненападзе, падпісаны 31 жн. ў Пагмане (Афганістан), прадугледжваў неўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго; недапушчэнне на сваёй тэр. ўзбр. атрадаў і арг-цый, варожых да інш. боку; няўдзел у саюзах і пагадненнях, накіраваных супраць інш. боку; нейтралітэт у выпадку канфлікту аднаго з бакоў з трэцяй дзяржавай. Дагавор 1931 аб нейтралітэце і ўзаемным ненападзе, падпісаны 24 чэрв. ў Кабуле, пацвярджаў палажэнні дагавора 1926. Пагадненне 1946 па памежных пытаннях, падпісана 13 чэрв. ў Маскве, устанаўлівала сав.-афганскую мяжу па тальвегу (найб. глыбокай частцы) р. Амудар’я. Пагадненне 1956 пра супрацоўніцтва ў развіцці Афганістана, падпісана 28 студз. ў Кабуле, давала магчымасць афганскаму боку набыць сав. крэдыт, што дапамагло Афганістану пераадолець эканам. страты, панесеныя ім у выніку канфлікту з Пакістанам. Дагавор 1978 аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж СССР і Дэмакр. Рэспублікай Афганістан (ДРА), падпісаны 5 снеж. ў Маскве, пацвярджаў прынцыпы дагавораў 1921, 1926 і 1931; прадугледжваў узаемныя кансультацыі бакоў з мэтай забеспячэння бяспекі і незалежнасці адзін аднаго, шырокае супрацоўніцтва і аказанне СССР Афганістану дапамогі ў паліт., эканам., культурнай, ваен. і інш. галінах. Стаў фармальнай падставай для ўводу сав. войск у ДРА у снеж. 1979. Скасаваны пасля падзення рэжыму Наджыбулы ў крас. 1992.

т. 14, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЕРМА́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1826.

Падпісана паміж Расіяй і Турцыяй 7 кастр. ў г. Акерман (цяпер г. Белгарад-Днястроўскі, Украіна). Дапаўняла Бухарэсцкі мірны дагавор 1812, пашырыла ўплыў Расіі на Балканах. Турцыя прызнала размежавальную лінію на Дунаі, Расія атрымала права на свабоду гандлю на тэр. Турцыі і суднаходства ў яе водах, у Дунайскіх княствах аднаўлялася мясц. самакіраванне, вызначаліся прынцыпы будучага ладу Сербіі.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНАНСА́ЦЫЯ (ад франц. dénoncer абвяшчаць, касаваць),

адмова аднаго з бакоў міжнароднага дагавора ад яго выканання. Звычайна права Д., яе формы і тэрміны прадугледжваюцца ў самім дагаворы. Д. шматбаковых дагавораў мае сілу толькі для той дзяржавы, якая яго дэнансавала; паміж яго інш. ўдзельнікамі дагавор працягвае дзейнічаць. Д. міжнар. дагавораў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Палатай прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎ VI (Leōn) Мудры, Леў VI Філосаф (1.9.866, г. Канстанцінопаль — 11.5.912), візантыйскі імператар [886—912]. З Македонскай дынастыі. Пацярпеў шэраг паражэнняў у войнах з балгарамі (893), арабамі (907), Кіеўскай Руссю (у 911 заключыў з кіеўскім князем Алегам дагавор, які гарантаваў рускім свабоду гандлю ў Канстанцінопалі). У 887—893 выдаў заканад. зборнік Васілікі і больш за 100 заканад. пастаноў, якія дапаўнялі Кодэкс Юсцініяна.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)