МАКРАЛІ́ТЫ (ад макра... + грэч. lithos камень),

буйныя (у адрозненне ад дробных мікралітаў) прылады працы, якія выраблялі з крэменю ў эпоху палеаліту. Матэрыялам для М. служылі вял. (8—20 см) крамянёвыя абломкі, пліткі, жаўлакі або нуклеусы, што апрацоўваліся спосабам грубага аббівання, нанясення буйной рэтушы. Сярод М. вылучаюць сякерападобныя прылады, цёслы, адбойнікі, грубыя скоблі і скрабкі, разцы, шырокія нажы, трохгранныя прылады тыпу пік. Вытворчасць М. панавала і ў эпоху мезаліту ў некат. абласцях Еўропы (Францыя, Паўн. Германія, паўд.-ўсх. і зах. Беларусь, паўн.-ўсх. Украіна, а таксама вярхоўі Дняпра і Волгі).

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГАЛО́ПАЛІС [ад грэч. megas (megalu) вялікі + polis горад; паходзіць ад назвы стараж.-грэч. горада Мегалопаль, які ўзнік ад зліцця больш як 35 паселішчаў Аркадыі],

найбуйнейшая форма рассялення, якая ўтвараецца ў выніку зліцця суседніх гарадскіх агламерацый. Звычайна М. выцягнуты ўздоўж трансп. магістралей, але суцэльнай гар. забудовы не мае; прыкладна ​9/10 яго плошчы займаюць адкрытыя прасторы. Найбольшыя М.: на Атлантычным узбярэжжы ЗША паміж Бостанам і Вашынгтонам, у Каліфорніі; на Ціхаакіянскім узбярэжжы в-ва Хонсю — ад Токіо да Осакі (Японія), у раёне ніжняга і сярэдняга Рэйна (Нідэрланды — Германія), ад Лондана да Ліверпуля (Вялікабрытанія), у раёне Вял. азёр (ЗША — Канада).

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЕРГОФ ((Meyerhof) Ота) (12.4.1884, г. Гановер, Германія —6.10.1951),

нямецкі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1949). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1909). З 1912 у Кільскім ун-це, з 1924 у Ін-це біялогіі ў Берліне-Далеме, з 1929 у Даследчым мед. ін-це ў Гейдэльбергу (заг. аддзела). У 1938 эмігрыраваў у Францыю. З 1940 праф. Пенсільванскага ун-та (ЗША). Навук. працы па хіміі і тэрмадынаміцы мышачнага скарачэння, прамежкавых ферментацыйных стадыях гліколізу і глікагенолізу. Вызначыў, што энергія жывой клеткі акумулюецца ў фосфарных сувязях. Нобелеўская прэмія 1922 (разам з А.В.Хілам).

О.Меергоф.

т. 10, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНІКО́Ў (Віктар Мікалаевіч) (н. 3.9.1948, г. Чыстапаль, Татарстан, Расія),

бел. спартсмен і трэнер (лёгкая атлетыка, бар’ерны бег). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1972). Засл. трэнер Беларусі (1991). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1973). З 1973 на трэнерскай рабоце. Чэмпіён Еўропы ў закрытым памяшканні (1976, г. Мюнхен, Германія), сярэбраны прызёр зімовага чэмпіянату Еўропы (1977, г. Сан-Себасцьян, Іспанія) у бегу на 60 м з бар’ерамі. Чэмпіён СССР у бегу на 60 м з бар’ерамі ў закрытым памяшканні (1972, 1974, 1975, 1976, 1980), у бегу на 110 м з бар’ерамі (1972, 1974, 1975, 1976).

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІ́ЦКІ (Станіслаў Мамертавіч) (13.6.1899, б. в. Шкіндзераўка, Мінскі р-н — 17.2.1972),

бел. цымбаліст. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1924 саліст-цымбаліст БДТ (часта іграў у ансамблі з І.Жыновічам), з 1926 — БДТ-2. У 1933—58 (з перапынкам) артыст Дзярж. нар. аркестра Беларусі. Яго ігра вызначалася тэхн. майстэрствам, мяккім меладычным гукам. У 1928—58 выступаў у дуэце з Х.Шмелькіным, артыстызм, веданне імі бел. муз. фальклору далі магчымасць шырока выкарыстоўваць дуэт для афармлення муз. перадач на радыё, акампанементу вядучым спевакам. Першы з бел. цымбалістаў гастраліраваў за мяжой (1927—28, Германія, Швецыя, разам з Л.​Александроўскай).

Дз.​М.​Жураўлёў.

С.М.Навіцкі.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙБЕРГ, Нейберг (Neuberg) Карл (29.7.1877, г. Гановер, Германія — 30.5.1956), нямецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай біяхіміі. Замежны чл. АН СССР (1925). Скончыў Берлінскі ун-т (1898), працаваў у ім. З 1920 у Ін-це біяхіміі ў Берліне (дырэктар). У 1938 эмігрыраваў. З 1938 у Іерусалімскім ун-це (Палесціна), у 1941—50 у Нью-Йоркскім ун-це і Бруклінскім політэхн. ін-це. Навук. працы па абмене вугляводаў, браджэнні, ферментах. Высветліў ключавое месцазнаходжанне піравінаграднай к-ты ў вугляводным абмене, адкрыў фруктоза-6-фасфат, шэраг ферментаў, распрацаваў сінтэз шэрагу цукроў і амінакіслот, схему спіртавога браджэння.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ТРА (ням. Rethra, слав. Радыгашч, Радгашч),

рэлігійны цэнтр і ўмацаванне 10—11 ст. прыбалт. зах.-слав. племя радарыяў (ратараў, ратран), якое ўваходзіла ў саюз плямён люцічаў; цяпер — гарадзішча каля г. Фельдберг (Германія). У 1068 разбурана войскамі епіскапа Бурхарда II Гальберштацкага, а ў пач. 12 ст. — імператарам Лотарам III. Звесткі аб Р. сучаснікаў-храністаў Адама Брэменскага і Цітмара Мерзебургскага пацверджаны раскопкамі ням. археолага К.​Шухарта (1922). Р. была абкружана 2 землянымі валамі з 3 вял. і 3 малымі вежамі з брамамі. У цэнтры быў драўляны храм бога сонца і агню Радагаста, ці Сварожыча. Каля храма выяўлены рэшткі 10 жылых пабудоў.

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІНЫ ((Savigny) Фрыдрых Карл фон) (21.2.1779, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 25.10.1861),

нямецкі юрыст; заснавальнік гістарычнай школы права. У 1810—42 праф. Берлінскага ун-та. У 1842—48 прускі міністр па рэформе заканадаўства. Аўтар прац па рымскім і цывільным праве. У праграмнай працы «Пра схільнасць нашага часу да заканадаўства і правазнаўства» (1814) трактаваў права як прадукт нейкага містычнага «народнага духу», які развіваецца спантанна. Выступаў супраць кадыфікацыі герм. цывільнага права, знаходзячы яе заўчаснай (лічыў, што права не зыходзіць ад дзярж. улады і таму не можа ўстанаўлівацца заканадаўцам). Задачу юрыстаў бачыў у выяўленні «свядомасці народа» і ўзгадненні з ім дзеючага заканадаўства.

т. 14, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКС ((Sachs) Юліус) (2.10.1832, г. Вроцлаў, Польшча —29.5.1897),

нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў эксперым. фізіялогіі раслін. Скончыў Пражскі ун-т. З 1861 праф. с.-г. акадэміі ў г. Попельсдорф з 1867 праф. Фрэйбургскага, з 1868 — Вюрцбургскага ун-таў (Германія). Навук. працы па пытаннях фотасінтэзу, формаўтварэння, росту і руху раслін, іх мінер. жыўленні і водным рэжыме, фізіял. паталогіі і гісторыі біялогіі. Высветліў, што крухмал утвараецца ў хларапластах у выніку засваення раслінамі вуглякіслага газу на сонечным святле, што хларапласты здольны самастойна рухацца, увёў паняцце пра «вял. перыяд росту». Склаў першую фізіял. класіфікацыю расл. тканак.

т. 14, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМАНАСЕ́КСКІ ДАГАВО́Р 1895 Заключаны паміж Японіяй і Кітаем 17 крас. ў г. Сіманасекі (Японія) у выніку паражэння Кітая ў япона-кітайскай вайне 1894—95. Паводле яго Кітай адмовіўся ад свайго сюзерэнітэту над Карэяй, перадаў Японіі а-вы Тайвань і Пэнхуледао, Ляадунскі п-аў, выплаціў Японіі кантрыбуцыю, адкрыў для яп. гандлю шэраг кіт. партоў, абавязаўся заключыць з Японіяй гандлёвы дагавор (падпісаны ў 1896, даў Японіі тыя ж прывілеі, што і еўрап. краінам). 23.4.1895 Расія, Германія і Францыя запатрабавалі ад Японіі адмовіцца ад анексіі Ляадунскага п-ва. Японія прыняла гэта патрабаванне ў абмен на павышэнне Кітаем кантрыбуцыі.

т. 14, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)