АВАНГА́РД (ад аван... + франц. garde варта),

1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв. вайны не выкарыстоўваецца.

2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕВЯТА́ЕЎ (Міхаіл Пятровіч) (н. 8.7.1917, г.п. Тарбеева, Мардовія),

Герой Сав. Саюза (15.8.1957). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1940). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 у дзеючай арміі. Камандзір звяна 104-га знішчальнага авіяпалка ст. лейт. Дз. у паветр. баях збіў некалькі варожых самалётаў. 13.7.1944 у няроўным паветр. баі збіты, трапіў у палон. 8.2.1945 група сав. ваеннапалонных (10 чал.) з канцлагера на воз. Узедом (Германія) захапіла на ням. аэрадроме бамбардзіроўшчык. Самалёт, які пілатаваў Дз., праз 2 гадз быў у размяшчэнні сав. войск. З 1945 у запасе, з 1946 працаваў у Казанскім рачным порце капітанам, капітанам-настаўнікам пасаж. суднаў на падводных крылах.

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

цэнтральныя органы кіравання Рэспублікі Беларусь. якія ажыццяўляюць функцыі міжгаліновага кіравання, у асобных выпадках галіновае кіраванне нар.-гасп. і сац.-культ. комплексамі. Яны маюць права выдаваць нарматыўныя акты, абавязковыя для выканання ўсімі мін-вамі, ведамствамі і арг-цыямі. Уваходзяць у склад Урада — СМ Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (дадатку ад 14.1.1997) утвораны Дз.к.Р.Б.: па друку; па авіяцыі; па справах моладзі; мытны; падатковы; пагран. войск; па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі; па энергазберажэнні і энергет. наглядзе; па архівах і справаводстве; патэнтны; па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі; па гідраметэаралогіі; вышэйшы атэстацыйны; па навуцы і тэхналогіях; па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

т. 6, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЗДЭНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,

адно з узбр. выступленняў на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі, прынятай 27.3.1849 Франкфурцкім парламентам. Адбылося 3—9.5.1849 у г. Дрэздэн як рэакцыя гараджан на адмову саксонскага караля Фрыдрыха Аўгуста прызнаць канстытуцыю. Каля 12 тыс. паўстанцаў (рабочыя, муніцыпальная гвардыя і інш., у т. л. кампазітар Р.​Вагнер) пад кіраўніцтвам левых радыкалаў С.​Чырнера, С.​Борна і рас. эмігранта М.​А.​Бакуніна ўзялі штурмам цэйхгаўз і стварылі барыкады ў старой ч. горада. Ліквідавана вял. сіламі саксонскіх войск з дапамогай прускіх часцей; многія ўдзельнікі паўстання былі прыгавораны ваен. судамі да пакарання смерцю (пазней памілаваны).

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ДСТАН ((Gladstone) Уільям Юарт) (29.12.1809, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 19.5.1898),

брытанскі дзярж. дзеяч. У 1832 выбраны ў парламент ад партыі торы. Быў міністрам гандлю (1843—45), калоній (1845—47), фінансаў (1952—55, 1859—66). З 1867 лідэр Ліберальнай партыі. У 1868—74 прэм’ер-міністр. Яго ўрад рэфармаваў пач. адукацыю, легалізаваў прафсаюзы, увёў тайнае галасаванне на выбарах. З 1874 узначальваў апазіцыю. У 1880—85 на чале ўрада, які ў 1882 паслаў англ. войскі для захопу Егіпта, жорстка падаўляў нац.-вызв. рух у Ірландыі. Разгром брыт. войск у Судане і ўскладненні ў Ірландыі прывялі да падзення яго ўрада. У 1886 і ў 1892—94 зноў узначальваў урад.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Юрый Сцяпанавіч) (н. 3.2.1922, г. Вялікі Усцюг Валагодскай вобл., Расія),

ваенны дзеяч, журналіст. Ген.-лейт. (1981). Скончыў Пушкінскае танк. вучылішча (1942), Акадэмію бранятанк. і механіз. войск (1957). У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт. франтах, камандзір танка і ўзвода танкаў. У 1957—74 служыў у БВА, камандзір батальёна, палка, дывізіі, нам. камандуючага 7-й танк. арміі. У 1974—77 ваен. саветнік на Кубе. У 1977—83 нам. камандуючага Прыволжскай ваен. акругі. З 1983 у адстаўцы, жыве ў Мінску. Аўтар публікацый на ваен.-патрыят. тэматыку, брашур «Салдацкая доблесць і воінскі абавязак», «Баявы летапіс беларускіх палкоў» (абедзве 1994), «Творцы ратнай славы» (1995) і інш.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКА́ЗНЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у в. Іказнь Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на паўд.-ўсх. краі вострава Замак на воз. Іказнь. Закладзены ў 1504 браслаўскім старостам Я.​Сапегам. У 1515 асаджаны войскамі рус. ваявод. Польскі гісторык А.​Гваньіні ў 2-й пал. 16 ст. адзначаў, што «Іказнь — замак мураваны і места драўлянае... ад Браслава ў 2 мілях ляжыць». У Лівонскую вайну 1558—83 у І.з. размяшчаўся значны гарнізон наёмных войск. У 1654 замак узяты рус. войскамі, у 1655 тут знаходзіліся атрады шведаў. Разбураны ў Паўн. вайну 1700—21.

Іказненскі замак. Малюнак з карты пач. 17 ст.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭНДА́НЦКАЯ СЛУ́ЖБА,

ва ўзбр сілах многіх дзяржаў служба тылу, якая ажыццяўляе забеспячэнне войск харчамі, фуражом, рэчавай і абозна-гасп. маёмасцю, займаецца кватэрным і быт. абслугоўваннем. Узнікла ў 17 ст. ў Францыі, дзе ўпершыню паявіліся армейскія інтэнданты. У Расіі вядзе гісторыю ад створаных Пятром I у 1700 Правіянцкага і Асобага прыказаў. Ва ўзбр. сілах СССР існавала ў 1940—55 і 1958—59. Пасля яе скасавання службы, да кампетэнцыі якіх адносілася харч., рэчавае і кватэрна-эксплуатацыйнае забеспячэнне, сталі самастойнымі. Такая ж структура гэтых службаў захавалася і ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь. У арміях некаторых дзяржаў (Аўстрыя, Іспанія) І.с. існавала і ў 1980-я г.

т. 7, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАЧКО́Ў (Эдуард Ашэравіч) (н. 1933, г. Гомель),

бел. кампазітар, ваенны дырыжор. Засл. дз. культуры Беларусі (1968), засл. дз. маст. Расіі (1985). Скончыў Маскоўскі ін-т ваен. дырыжораў (1957), Бел. кансерваторыю (1967, клас А.Багатырова). У 1969—87 ваен. дырыжор Групы сав. войск у Чэхаславакіі, у Хабараўску. Для яго творчасці характэрна апора на класічныя традыцыі. Сярод твораў: оперы для дзяцей, муз. камедыі і казкі; вак.-сімф. (у т. л. араторыя «Не! Nein! No passaran!», 1984; кантата «Акварэлі», 1976), камерна інстр. і камерна-вак. творы; хар. сюіта «Поры года» (1980) і канцэрт на нар. словы (1988); духавая музыка; песні; апрацоўкі бел. нар. песень і інш.

т. 7, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГЕР РЫ́МСКІ від палявога ўмацавання стараж.-рым. войска, яго апорны пункт пры вядзенні баявых дзеянняў. Вядомы з 3—2 ст. да н.э. Будаваўся пасля кожнага дзённага пераходу, пры асадзе крэпасцей ці для працяглага размяшчэння войск (пастаянны лагер). Меў выгляд квадрата або прамавугольніка з 4 варотамі. Вакол часовага лагера рабілі роў і земляны вал з плеценымі шчытамі наверсе; пастаянны лагер умацоўвалі больш глыбокім ровам і высокім валам з частаколам, драўлянымі, радзей мураванымі вежамі. Унутры лагера ставілі роўнымі лініямі палаткі, у пастаянных лагерах — казармы. Многія пастаянныя лагеры з часам ператварыліся ў крэпасці, вакол якіх выраслі гарады. Вопыт Л.р. пазней перанялі інш. народы (гл. Лагер).

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)