курганны могільнік крывічоў каля в. Рудня Полацкага р-на Віцебскай вобл. Датуецца 9—10 ст. Каля 70 насыпаў, выш. 0,8—2,5 м, дыям. 6—10 м, у асн. круглыя, ёсць чатырохвугольныя і падоўжаныя. Пахавальны абрад — трупаспаленне, у адным — трупапалажэнне. У некат. курганах па некалькі пахаванняў. Перапаленыя косці змяшчаліся пад курганом ці ў яго насыпе. Знойдзены ляпныя гаршкі (частка падпраўлена на ганчарным крузе), жал. нажы, шкляныя пацеркі, сярэбраныя шыйныя грыўні, бронзавыя спіралькі, спражкі, пярсцёнкі, бразготкі, гліняныя прасліцы, касцяная галоўка каня з арнаментам і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫГАРЫ́ЗМ (франц. rigorisme ад лац. rigor суровасць, строгасць),
няўхільнае прытрымліванне пэўнага прынцыпу ў дзеяннях, паводзінах і думках. Выключае кампрамісы, улік інш. прынцыпаў, прыстасаванне да канкрэтных абставін, часта звязаны з аскетызмам, фанатызмам. Як этычны прынцып сфармуляваны І.Кантам у яго вучэнні пра абавязак, паводле якога маральнымі ўчынкамі прызнаюцца толькі здзейсненыя паводле матываў абавязку; учынкі, здзейсненыя паводле інш. матываў (напр., схільнасцей), не прызнаюцца маральнымі, нават калі не супярэчаць абавязку. Супраць кантаўскага Р. выступаў Ф.Шылер, які лічыў, што гэты прынцып накіраваны на заглушэнне асабістых схільнасцей і пажаданняў і прыводзіць да абмежаванасці чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л,
1) надзвычайны суд у Францыі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99. Створаны як часовы трыбунал у жн. 1792, рэарганізаваны ў сак. 1793. Назву атрымаў пры якабінцах, калі стаў адным з органаў якабінскай дыктатуры. Яго рашэнні не падлягалі апеляцыі і касацыі; адзінай мерай пакарання была смяротная кара. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 Р.т. — орган контррэвалюцыйнага тэрору. Скасаваны ў 1795.
2) Органы правасуддзя ў першыя гады савецкай улады. Створаны паводле Дэкрэта аб судзе ад 22.11.1917 для барацьбы з контррэвалюцыяй, сабатажам і інш. небяспечнымі злачынствамі. Скасаваны ў 1922.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕ́РВЫ ВЫТВО́РЧЫЯ,
унутраныя магчымасці прадпрыемства (аб’яднання) больш эфектыўна выкарыстоўваць свае матэрыяльныя, фін., тэхн., энергет. і прац. рэсурсы з мэтай павелічэння аб’ёму вытв-сці прадукцыі, паляпшэння яе якасці і росту ўнутранага вытв. накаплення. Звязаны з рэжымам эканоміі наяўных рэсурсаў, скарачэннем іх страт. Для выяўлення Р.в. робіцца тэхніка-эканам. аналіз вытворча-гасп. дзейнасці прадпрыемства (аб’яднання) ці яго падраздзяленняў. Вынікі аналізу абагульняюцца і параўноўваюцца з вынікамі дзейнасці інш. падраздзяленняў (прадпрыемстваў), выяўляюцца прычыны, якія стрымліваюць рост эфектыўнасці вытв-сці. Паводле аналізу распрацоўваюцца арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па выкарыстанні выяўленых рэзерваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙТЫНГ (англ. rating ацэнка, клас, разрад),
1) індывідуальны лікавы паказчык (каэф.) дасягненняў шахматыста (шашыста), які мяняецца ў залежнасці ад яго вынікаў на спаборніцтвах. З 1970 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (за аснову падліку Р. прынята сістэма амер. шахматыста А.Эла) выкарыстоўваецца пры прысваенні міжнар. званняў, напр., гросмайстра (мінім. Р. у жанчын — 2300, у мужчын — 2450). Найб. Р. дасягнуў Г.Каспараў — 2812 (1991).
2) Ступень папулярнасці вядомых дзеячаў (у галінах палітыкі, культуры, грамадскай дзейнасці), арганізацый і інш., якая вызначаецца шляхам вывучэння грамадскай думкі (вынікі галасавання, сацыялагічных апытанняў, анкет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙХШТЭЙН ((Reichstein) Тадэвуш) (20.7.1897, г. Улацлавак, Польшча — 1996),
швейцарскі хімік і біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў Цюрыху (1921). З 1934 праф., з 1938 заг. кафедры Базельскага ун-та. Навук. працы па пытаннях будовы і ўласцівасцей гетэрацыклічных рэчываў, цукроў, вітамінаў (аскарбінавай і пантатэнавай к-т), стэроідаў (гармонаў кары наднырачнікаў), сардэчных (расл.) гліказідаў. Сінтэзаваў аскарбінавую к-ту (вітамін С), вылучыў картызон і высветліў ягохім. будову. Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Ф.Хенчам, Э.К.Кендалам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУПЕРА́ЦЫЯ (лац. recuperatio вяртанне, атрыманне зноў),
1) у цеплатэхніцы — выкарыстанне часткі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва для падагравання паветра, газу ці сілкавальнай вады катлоў. Адбываецца ў рэкуператарах.
2) У электратэхніцы — вяртанне эл. энергіі ў сілкавальную сетку пры тармажэнні эл. машыны. Часцей адбываецца пры тармажэнні электрарухавікоў, што дзейнічаюць пры гэтым у генератарным рэжыме.
3) У хіміі — улоўліванне ці вылучэнне з выкарыстаных сумесей арган. растваральнікаў для паўторнага іх выкарыстання. Для гэтага выкарыстоўваюць, напр., кандэнсацыю пары растваральніку ці паглынанне яго вадкім або цвёрдым сарбентам (гл.Сорбцыя) з наступнай дэсорбцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЛЕЯ—ДЖЫ́НСА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
закон размеркавання энергіі ў спектры абсалютна чорнага цела ў залежнасці ад т-ры. Тэарэтычна выведзены Дж.У.Рэлеем (1900) на падставе класічных уяўленняў аб раўнамерным размеркаванні энергіі па ступенях свабоды і незалежна ад яго Дж.Х.Джынсам (1905—09) метадамі статыстычнай механікі. Паводле закону шчыльнасць энергіі выпрамянення
, дзе v — частата выпрамянення, c — скорасць святла ў вакууме, k — Больцмана пастаянная, T — абс.т-ра. Гэты закон — гранічны выпадак Планка закону выпрамянення для малых частот (вял. даўжынь хваль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
сукупнасць метадаў даследавання атамнай структуры па рэнтгенаўскіх спектрах выпрамянення і паглынання. Для атрымання рэнтгенаўскіх спектраў доследнае рэчыва бамбардзіруюць электронамі ў рэнтгенаўскай трубцы або ўзбуджаюць яго флуарэсцэнцыю пад дзеяннем рэнтгенаўскага выпрамянення.
Рэнтгенаўскія спектры выпрамянення даследуюць па залежнасці інтэнсіўнасці выпрамянення ад энергіі фатона, спектры паглынання — па залежнасці масавага каэфіцыента паглынання ад энергіі ўзбуджэння. Метады Р.с. выкарыстоўваюцца для вызначэння зараду іонаў у малекулах газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; вывучэння размеркавання валентных электронаў і свабодных дазволеных станаў па энергіях, шырыні размеркавання Фермі ў металах і сплавах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ШАТАЎ (Павел Дзмітрыевіч) (26.8.1911, в. Бегунова Цвярской вобл., Расія — 27.6.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1942 на фронце. Кулямётнае аддзяленне на чале з сяржантам Р. вызначылася 27.6.1944 у баі каля в. Абухава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. пры спробе ворага вырвацца з віцебскага«катла», дзе знішчыла большую частку яго калоны. Калі Р. застаўся адзін, то апошняй гранатай падарваў сябе і фашыстаў. У в. Уна Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. помнік.