ПРЭВЕНТЫ́ЎНАЯ ВАЙНА́ (франц. préventif ад лац. praevenio апярэджваю, папярэджваю),
вайна, пачатая для апярэджвання праціўніка з прычыны пагрозы нападу з яго боку. Часта пачынаецца і па фальшывай прычыне. Прыкладам такіх войн з’яўляюцца пачатак савецка-фінляндскай вайны 1939—40, 2-й сусв. вайны 1939—45. З 1980-х г. тэрмін П.в. трансфармуецца ў паняцце «прэвентыўны ўдар» і выкарыстоўваецца для дэкларацыі магчымасці нанясення прэвентыўных ракетна-ядз. і інш. удараў па патэнцыяльным агрэсары. У 2-й пал. 20 ст. большасць войн пачыналася з нанясення прэвентыўных удараў. Гл. таксама Маланкавая вайна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́ТАР (лац. praetor ад praeitor які ідзе наперадзе, стаіць на чале),
урадавая пасада ў Стараж. Рыме і саюзных лац. і італійскіх гарадах. З 367 да н.э. вёў судовыя справы, замяшчаў консула пры яго адсутнасці. Выбіраўся з патрыцыяў, з 337 да н.э. і з плебеяў на 1 год. З 242 да н.э. ўведзены пасады П. па справах паміж рым. грамадзянамі і П. па справах іншаземцаў. З утварэннем рымскіх правінцый П. кіравалі імі пасля заканчэння тэрміну службы. У час імперыі П. — вышэйшыя службовыя асобы ў гарадах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭТО́РЫУС ((Pretorius) Андрыес Вільхельмус Якобус) (27.11.1798, каля Храф-Рэйнета, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 23.7.1853),
бурскі ваен. і паліт. дзеяч у час перасялення бураў (афрыканераў) з Капскай калоніі на Пн ад р. Аранжавая. Узначаліў бураў у 1838 пасля гібелі іх лідэра П.Рэтыфа. У снеж. 1838 камандаваў атрадамі бураў, якія перамаглі зулусаў у бітве на р. Інкоме. У студз. 1852 падпісаў з англічанамі Сандрыверскую канвенцыю, паводле якой тыя прызнавалі незалежнасць бураў на Пн ад р. Вааль, дзе ў 1856 была створана Паўд.-Афр. Рэспубліка (гл.Трансвааль). Ад яго імя паходзіць назва г.Прэторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБЦЭ́ВІЧ (Аляксандр Маркавіч) (14.3.1898, в. Буда-Лазавая Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.4.1961),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў школу камсаставу Чырв. Арміі (1920). З 1916 у арміі, у 1918—24 у Чырв. Арміі. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. У Вял.Айч. вайну з 1941 камандзір роты асобнай мотастралк. брыгады. З ліп. 1942 камандзір дыверсійнага партыз. спецатрада НКДББССР «Храбрацы», які на тэр. Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей правёў 218 дыверсій. У 1945—52 працаваў у КДББССР. Яго імем названа вуліца ў г.п. Кіраўск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГУ́ЛЯ (Іван Лявонцьевіч) (27.9.1895, в. Ачукевічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.7.1944),
генерал-маёр (1943). Скончыў Вышэйшую аб’яднаную ваен. школу (1923), курсы «Выстрал» (1928) і ўдасканалення вышэйшага нач. саставу (1930). З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял.Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., Паўн.-Зах., Бранскім, 1-м Бел. франтах: нач. штаба танк. брыгады, камандзір брыгады, дывізіі, корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, Курскай бітвы, вызвалення Украіны і Беларусі. Памёр ад ран. Яго імем названа вуліца ў г. Баранавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁШНІК, райковы верш,
від народнага верша (гл.Народнае вершаскладанне). Назва паходзіць ад райка. Р. выкарыстоўваўся вандроўнымі артыстамі, мядзведнікамі, валачобнікамі і каляднікамі ў тэкстах для батлейкі. Рытм Р. заснаваны на паўтарэнні вершаваных радкоў як пэўных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў, звязаных паміж сабой сумежнай рыфмоўкай. Колькасць складоў у радках неаднолькавая, няма ўпарадкаванасці ў размяшчэнні націскаў. З нар. творчасці перайшоў у л-ру. У бел. паэзіі ўжываўся ў ананімных творах, да яго звярталіся Цётка (верш «Ласы»), М.Чарот (паэма «Босыя на вогнішчы»). У сучаснай бел. паэзіі амаль не выкарыстоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗБО́Й,
адно са злачынстваў супраць уласнасці. Уяўляе сабой напад з мэтай непасрэднага авалодання маёмасцю з выкарыстаннем насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, або з пагрозай яго ўжывання. Самая небяспечная з гвалтоўных форм крадзяжу. У крымінальным праве Рэспублікі Беларусь найб. небяспечнымі лічацца Р. з пранікненнем у жыллё, а таксама здзейснены паўторна або групай асоб, у т. л. арганізаванай групай, або з мэтай завалодання маёмасцю ў буйных ці асабліва буйных памерах, або з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Як правіла, караецца пазбаўленнем волі на доўгія тэрміны з канфіскацыяй маёмасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЛА,
старажытная ворыўная прылада, папярэдніца сахі і плуга. Пашырана ва ўсіх земляробчых народаў. Складалася з рабочай часткі — ральніка, на канец якога насаджваўся жал. наральнік, градыля (дышля) і ручак для кіравання. Паводле канструкцыі падзяляліся на Р. з полазам і без яго, прама- і крываградзільнае, якія ў сваю чаргу мелі шэраг варыянтаў. Ва Усх. Еўропе Р. паявілася ў 1-й пал. 1-га тыс.н.э. Самае стараж. на Беларусі Р. знойдзена каля в. Капланавічы Клецкага р-на Мінскай вобл., якое належала плямёнам зарубінецкай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́ШКА (Мікалай Васілевіч) (13.10.1913, в. Дусаеўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 30.6.1944),
Герой Сав. Саюза (1944). З 1935 у Чырв. Арміі. У Вял.Айч. вайну на Паўн.-Зах., 2-м Бел. франтах. Нам. камандзіра зенітнага артыл. палка маёр Р. вызначыўся 30.6.1944 у час абароны чыг. моста і пераправы цераз р. Бярэзіна каля в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., дзе з яго ўдзелам зенітны полк адбіў некалькі контратак ворага; у баі Р. замяніў камандзіра кулямётнай роты і знішчыў каля 200 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі. На радзіме Р. пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЗІ́НСКІ ((Rudziíski) Вітальд) (н. 14.3.1913, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія),
польскі кампазітар, музыказнавец, муз. крытык, педагог. Скончыў Кансерваторыю імя М.Карловіча ў Вільні (1937; кл. кампазіцыі Т.Шалігоўскага). Выкладаў у кансерваторыях Вільні, Лодзі, з 1957 у Акадэміі музыкі ў Варшаве (з 1965 праф.). Яго творчасці ўласціва выкарыстанне польск. муз. фальклору, вобразнасць муз. мовы. Сярод твораў оперы, у т. л. «Адпраўленне грэчаскіх паслоў» (1962), «Мужыкі» (1972), араторыі, арк. творы, камерна-інстр. ансамблі, музыка для драм.т-ра і кіно і інш. Аўтар прац пра творчасць С.Манюшкі, Б.Бартака і інш.