частка слоўнікавага складу мовы, якая мала ўжываецца ў жывым штодзённым маўленні, але зразумелая ўсім, хто валодае гэтай мовай. Проціпастаўляецца актыўнай лексіцы. Уключае ўстарэлыя словы (гістарызмы і архаізмы), што выйшлі або выходзяць з ужытку, і неалагізмы, якімі толькі пачынаюць карыстацца. У працэсе развіцця грамадства і мовы словы могуць пераходзіць з Пл. ў актыўную і наадварот. Ад Пл. мовы неабходна адрозніваць П.л. асобнага носьбіта мовы, якая залежыць ад яго прафесіі, адукацыі, сац. асяроддзя і інш. Кожнай гіст. эпосе характэрна свая актыўная і П.л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́ЧНАЯ ЛІ́НІЯ,
комплекс узаемна звязаных машын, механізмаў, абсталявання, размешчаных у адпаведнасці з паслядоўнасцю (патокам) аперацый тэхнал. працэсу і прызначаных для вырабу пэўнай прадукцыі з зададзеным рытмам (тэмпам). Служаць тэхн. асновай паточнай вытв-сці (напр., паточнага будаўніцтва).
На кожным рабочым месцы выконваюцца пэўныя аперацыі апрацоўкі адной або некалькіх падобных загатовак, якія перадаюцца з аднаго рабочага месца на другое ў асн.канвеерамі. У П.л. ўключаюць пазіцыянеры, маніпулятары, трансп. і тэхнал.прамысловыя робаты. П.л. забяспечваюць неперарыўнасць тэхнал. працэсу, магчымасць яго механізацыі і аўтаматызацыі. Пашыраны на прадпрыемствах з масавай і серыйнай вытв-сцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЫ́М, Пелымская дзяржава,
аб’яднанне плямён угра-фінскага народа мансі (вагулаў) на ч.тэр. сучасных Свярдлоўскай вобл. і Ханты-Мансійскай аўт. акругі Расіі ў сярэдзіне 15 — канцы 16 ст. Уключала плямёны, што жылі па рэках Пелым, Сосьва, Лозьва, Конда і Таўда. Кіравалася мясц. родавай арыстакратыяй («князцамі»), Плямёны П. былі васаламі Рас. дзяржавы і Сібірскага ханства, перыядычна рабілі набегі на рус. паселішчы Прыуралля. У 1580—90-я г. П. канчаткова далучаны да Расіі, на месцы яго сталіцы пры ўпадзенні р. Пелым у Таўду ў 1593 засн. расійскі г. Пелым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАСНАРО́ТЫЯ (Protostomia),
падраздзел двухбакова-сіметрычных беспазваночных жывёл, у якіх ротавая адтуліна ўтвараецца на месцы першаснага рота (бластапора) або яго пярэдняй часткі, анальная — на заднім канцы цела. Уключае імшанак, кольчатых чарвей, круглых чарвей, малюскаў, немертын, мечаногіх, плоскіх чарвей, фаранід, членістаногіх, аніхафор, калючагаловых. Проціпастаўляюцца другаснаротым, у якіх ротавая адтуліна ўтвараецца незалежна ад першаснага рота.
Шкілет вонкавы (кутыкула, хіцін ці ракавіна); пярэдняя і задняя кішкі развіваюцца праз прагінанне эктадэрмы; нерв. сістэма прадстаўлена нерв. ствалом і гангліямі (нерв. вузламі), выдзяляльная — нефрыдыямі. Драбленне яйца спіральнае (калі не зменена другасна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТЫНЕ́ЦІ, Петынелі (Petinetti, Petinelli) Гаэтана, танцоўшчык, педагог і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Працаваў у Неапалі. У 1774—79 разам з братам Ладавіка П. ў прыдворным т-ры і тэатр. школе А.Тызенгаўза ў Гродне. Быў пастаноўшчыкам балетаў «Квартэт дудароў», «Другі балет пекараў», «Сялянскі балет» (у апошнім выступалі яго вучні). З 1779 па запрашэнні К.С.Радзівіла працаваў танцорам і балетмайстрам Нясвіжскага т-ра (разам з А.Лойкам і Ф.Каселі ў 1784 удзельнічаў у падрыхтоўцы балетаў «Арфей у пекле» і, магчыма, «Пігмаліён»). Пакінуў Нясвіж у 1786.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФАГО́РА ТЭАРЭ́МА,
тэарэма элементарнай геаметрыі, што вызначае сувязь паміж даўжынямі старон прамавугольнага трохвугольніка: квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў. Правільная і тэарэма, адваротнай П.т.: калі квадрат стараны трохвугольніка роўны суме квадратаў дзвюх інш.яго старон, тады гэты трохвугольнік прамавугольны.
Мяркуюць, што П.т. была вядома да Піфагора, але яму прыпісваюць доказ гэтай тэарэмы ў агульным выглядае. У першапачатковай форме вызначала суадносіны паміж адпаведнымі плошчамі: квадрат, пабудаваны на гіпатэнузе, роўнавялікі суме квадратаў пабудаваных на катэтах. У матэм. запісе: c2 = a2 + b2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́НЦІ ((Ponti) Джо) (Джавані; 18.11.1891, г. Мілан, Італія — 16.9.1979),
італьянскі архітэктар, дызайнер. Скончыў Міланскі політэхн.ін-т (1921), у 1936—72 выкладаў у ім. Асн. ідэя П. — існаванне «супермастацтва», якое аб’ядноўвае ўсе віды чалавечай дзейнасці ў стварэнні штучнага навакольнага асяроддзя. Яго дызайнерскія распрацоўкі адметныя тэхн. і эксплуатацыйнай эканамічнасцю, лаканізмам знешняга вырашэння. Як архітэктар зазнаў уплыў неакласіцызму і некат. палажэнні функцыяналізму (канторскі будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане, 1955—59, з арх. А.Раселі і П.Л.Нерві). Вядомы таксама як жывапісец-манументаліст, графік, кераміст, мастак т-ра і кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАГРЭ́С-ВУЛКА́Н»,
акцыянернае таварыства, створанае на базе Пінскай запалкавай фабрыкі «Прагрэс-Вулкан», існавала ў 1909—14. Праўленне знаходзілася ў Пінску. Акцыянерны капітал, унесены ўладальнікам ф-кі аўстрыйскім падданым пінскім купцом 1-й гільдыі І.А.Гальперыным і членамі яго сям’і, складаў 300 тыс.руб. У акц.т-ва ўвайшлі таксама лесапільныя з-ды, якія належалі Гальперыну. У 1909 на прадпрыемствах акц.т-ва працавала 680 чал. Ліквідавана напярэдадні 1-й сусв. вайны з-за нізкіх эканам. паказчыкаў. Прадпрыемствы перайшлі ва ўласнасць І.А.Гальперына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКЦЫ́ЙНЫ АПАРА́Т, праектар,
оптыкамеханічная прылада для праектавання з павелічэннем на экран відарысаў плоскіх арыгіналаў; чарцяжоў, рысункаў, фотакопій і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя.
П.а. для праектавання празрыстых арыгіналаў наз.дыяскопамі, непразрыстых арыгіналаў у адбітым святле — эпіскопамі, празрыстых і непразрыстых — эпідыяскопамі. Аптычная частка П.а. складаецца з асвятляльнай сістэмы (крыніцы святла і кандэнсара) і праекцыйнага аб’ектыва. Мех. частка служыць для размяшчэння арыгінала адносна аптычнай часткі, яго змены і інш. Выкарыстоўваюць у кінематаграфіі, чарцёжнай справе, у час лекцый, дакладаў і інш.Гл. таксама Кінапраекцыйны апарат, Фатаграфічны павелічальнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСКРЫ́ПЦЫІ (лац. proscriptio аб’ява),
у Старажытным Рыме спіс асоб, публічна аб’яўленых па-за законам. За выдачу ці за забойства ўнесенага ў П. назначалася ўзнагарода, у т. л. рабам, за ўкрывальніцтва — пакаранне смерцю; маёмасць ахвяр П канфіскоўвалася, нашчадкі пазбаўляліся пачэсных правоў і маёмасці. П. вынайдзены правадыром аптыматаў Л.К.Сулай для расправы з прыхільнікамі Г.Марыя (82—81 да н.э.), выкарыстоўваліся ім і яго набліжанымі для ўласнага ўзбагачэння і каб паквітацца з паліт. праціўнікамі. У яшчэ большых памерах, чым пры Суле, П былі аб’яўлены ў 43 да н.э. ў час 2-га трыумвірату.